Сустрэча з дакладчыкам па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ Андрэа Рыгоні

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным прадаўжэнне дыялогу з еўрапейскімі структурамі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 23 сакавіка на сустрэчы з дакладчыкам па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні.

"Мы па ўсіх пытаннях, якія ў вас выклікаюць хваляванне і ў нас у Беларусі, вядзём дыялог. На сённяшні дзень мы не сядзім кожны за сваёй агароджай, а размаўляем. Гэта ўжо вялікая справа. У дыялогу, я думаю, нараджаецца ісціна. З цягам часу гэта ісціна будзе і ў нашых адносінах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вельмі важна, што вы разумееце, у якой сітуацыі знаходзіцца Беларусь сёння і наколькі складана часам нават на прынцыпах развітой дэмакратыі Еўрапейскага саюза ў Беларусі дзейнічаць. Усё гэта не так проста", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што Еўропа ва ўмовах сваёй цяперашняй палітычнай сістэмы жыве ўжо некалькі стагоддзяў. "А мы яшчэ вельмі маладыя, каб працаваць на вашым узроўні. Трэба разумець, што ў кожнай дзяржавы ёсць свая спецыфіка, таму ўсялякія пытанні палітыкі, дыпламатыі, дэмакратыі трэба ўсё ж такі праламляць праз тую спецыфіку, у якой знаходзіцца тая ці іншая дзяржава, у тым ліку наша", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў дыпламату за канструктыўную пазіцыю адносна Беларусі і яго імкненне ўнесці пазітыў у развіццё ўзаемадзеяння краіны з еўрапейскімі структурамі. "Такіх палітыкаў сёння мала. Кожны мае нейкія мэты. Вы маеце высакародную мэту. Вы садзейнічаеце збліжэнню пазіцый нават самых антаганістычных сіл, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нягледзячы на рознагалоссі па пэўных палітычных пытаннях, якія існуюць паміж намі і Еўрасаюзам, усё ж такі вы стараліся надаць нашым адносінам пазітыўную дынаміку".

У сваю чаргу Андрэа Рыгоні падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэцца. Паводле яго слоў, гэта паказвае не толькі адкрытасць Беларусі да дыялогу, але і вельмі цёплае і пазітыўнае стаўленне краіны да працэсу развіцця адносін з Саветам Еўропы і Еўропай у цэлым.