Сустрэча з членамі Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы

  • 13

У Беларусі зробяць усё, каб захаваць адзінства ўнутры народа і царквы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 кастрычніка на сустрэчы з членамі Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што правядзенне ў Мінску чарговага пасяджэння Свяшчэннага сінода РПЦ сведчыць аб высокай ацэнцы намаганняў дзяржавы па захаванні міру і згоды, развіцці міжканфесійнага дыялогу і падтрымцы канструктыўных ініцыятыў рэлігійных арганізацый.

"Беларусь за гады сваёй незалежнасці разам з праваслаўнай царквой прайшла доўгі і цярністы шлях умацавання духоўных асноў, набыцця грамадствам маральных, жыццёвых арыенціраў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяперашні напружаны і насычаны імклівымі пераменамі час ставіць новыя задачы і пастаянна выпрабоўвае свет на трываласць.

"XXI стагоддзе - эпоха глабальных трансфармацый. Гэта час прагрэсіўных тэхналогій з іх бязмежнымі магчымасцямі. Але гэта бязмежнасць, на жаль, становіцца крыніцай многіх пагроз і ў палітычнай, і ў духоўнай сферах. Аб гэтым мы вельмі шмат, больш за прызначаны па пратаколе час, толькі што гаварылі з патрыярхам, абмяркоўваючы гэту важнейшую праблему, - расказаў Прэзідэнт. - Мы вельмі часта бачым, што ў імя нейкай уяўнай дэмакратыі вольна або нявольна такія дзяржаўныя каштоўнасці, як абарона правоў і свабод грамадзян, падмяняюцца ўсёдазволенасцю і адмаўленнем нашых маральных асноў".

Вынікам, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, становіцца адчужэнне, абыякавасць і нецярпімасць, якія параджаюць непрыманне людзей іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў. Спрэчкі і рознагалоссі выліваюцца ва ўзаемны недавер, інфармацыйнае процістаянне, гандлёвыя войны, узброеныя сутыкненні.

"Мноства канфліктаў - гарачых, тлеючых, замарожаных - бесперапынна забіраюць чалавечыя жыцці, сеюць боль і пакуты, параджаюць агрэсію ў розных рэгіёнах, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці да Беларусі, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Аднак на пытанне, як вярнуць мір людзям, якія не па сваёй волі апынуліся ў эпіцэнтры гэтых падзей, адказу часта не бывае. А пытанне актуальнае для ўсіх і не раз станавілася прадметам дыскусій на розных, у тым ліку самых аўтарытэтных, міжнародных пляцоўках і форумах".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь помніць трагічныя ўрокі сваёй гісторыі. "Таму мы цэнім мір, бяспеку, дружбу і ўзаемаразуменне, выступаем за адкрыты дыялог, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дзяржаў і народаў. Нашы ініцыятывы, накіраваныя на абарону і захаванне традыцыйных каштоўнасцей, вядомы. Частка з іх пакладзена ў аснову дакументаў ААН, рашэнняў міжнародных і рэгіянальных арганізацый", - сказаў ён.

Візітнай карткай Беларусі як пляцоўкі для перагавораў па сітуацыі ва Украіне сталі Мінскі працэс і мінскія дамоўленасці. "Мы бліжэйшыя суседзі, брацкія, славянскія народы. І далей мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб на ўкраінскую зямлю хутчэй вярнуліся мір і згода. Раскол - гэта не пра нас, гэта не для нас. І мы зробім усё, я ўпэўнены ў гэтым. Час - самы лепшы лекар і суддзя, мы абавязкова будзем разам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванні даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе з кожным днём толькі расце. "Надышоў час звярнуцца да лепшага вопыту сусветнай гісторыі - працэсу ў Хельсінкі мінулага стагоддзя", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі ў пытаннях пераадолення рознагалоссяў у еўрапейскай і еўразійскай прасторах застанецца нязменнай. "І тут, па маім глыбокім перакананні, голас царквы - адзін з найбольш магутных і ўплывовых - павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на шляху супраціўлення разбуральным тэндэнцыям сучаснасці ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных інтарэсаў. Важнейшыя з іх - умацаванне хрысціянскіх жыццёвых арыенціраў, міжнацыянальнага міру, міжканфесійнага дыялогу і добрасуседства ўсіх рэлігій.

"Абарона інстытута сям'і, шанаванне бацькоў, любоў да людзей, выхаванне патрыятызму, павага да гісторыі, мовы і культуры, сумленная праца - гэта базавыя каштоўнасці, уласцівыя праваслаўю і каталіцтву, іўдаізму і ісламу, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з'яўляецца непахіснай асновай жыцця ў нашай краіне".

Паводле яго слоў, аб'ядноўваючыся ў духоўных і маральных арыенцірах, дзяржава і канфесіі паказваюць узор высокаарганізаванага грамадства. "Наша адзінства - лепшая абарона ад знешніх і ўнутраных пагроз. Перакананы: сумеснымі намаганнямі нам удасца знайсці новыя правільныя рашэнні па пераадоленні ўсіх выклікаў сучаснасці", - дадаў Прэзідэнт.

"Павінен вас запэўніць, як бы ні складвалася сітуацыя, мы будзем рабіць усё, каб у мірнай і спакойнай Беларусі не было ніколі антаганістычных сутыкненняў не толькі рэлігій, але, барані бог, паміж намі, праваслаўнымі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства як паміж народамі, так і ўнутры праваслаўнай царквы, да супрацоўніцтва ў пераадоленні цяжкасцей. "Мы ведаем галоўнае - наша сіла ў адзінстве. Сёння многім хацелася б нас раздзяліць па частках. Мы ведаем, што адбываецца з раздзеленымі народамі. Таму ў імя нашай светлай будучыні, адзінства нам трэба быць не толькі моцнымі - вуха востра трымаць, але і мудрымі", - падкрэсліў Прэзідэнт.