Сустрэча са Старшынёй Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым

  • 31

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня правёў сустрэчу са Старшынёй Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым.

"Я вітаю вас у Беларусі і ўдзячны за тое, што вы прыехалі да нас на адкрыццё важнай падзеі (II Еўрапейскія гульні. - Заўвага). І не толькі. Але і, як дамаўляліся мы з Прэзідэнтам Расіі, што вы пагледзіце на тую работу нашай сумеснай групы, якая працуе над праблемнымі пытаннямі нашых узаемаадносін, і дадзіце сваё рэзюмэ перад тым, як мы сустрэнемся з Уладзімірам Уладзіміравічам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Прэзідэнт Расіі планаваў прыехаць на закрыццё II Еўрапейскіх гульняў. "І мы сустрэнемся і пагаворым на гэту тэму і розныя іншыя. І ўжо калі ў нас будзе форум рэгіёнаў на радзіме ў вас (у сярэдзіне ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. - Заўвага), мы з ім паедзем на Валаам маліцца. І там дадаткова абмяркуем. Вось такі прыкладна быў план. Гэта намёткі толькі. Усё будзе залежаць ад таго, як будуць складвацца графікі прэзідэнтаў, перш за ўсё Прэзідэнта Расіі, таму што ў яго і "дваццатка" там…", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прыезд Дзмітрыя Мядзведзева вельмі важны ў першую чаргу з пункту гледжання абмеркавання пытанняў беларуска-расійскіх адносін. "Я з задавальненнем гатовы абмеркаваць з вамі некаторыя пытанні, якія вы палічыце патрэбным для абмеркавання менавіта цяпер, - сказаў Прэзідэнт. - Вы наш госць, блізкі, родны госць. Як Пуцін кажа, мы - адзін народ. Таму мы рады вас бачыць тут".

Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у сваю чаргу заявіў, што для прэзідэнтаў Беларусі і Расіі засталіся самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага парадку, астатнія ўжо ўзгоднены.

"Што датычыцца асноўнай тэмы майго прыезду, вы абсалютна правільна сказалі: мы цяпер знаходзімся на вельмі важным перагаворным трэку, абмяркоўваем праграму дзеянняў па выкананні нашага саюзнага дагавора, праграму інтэграцыі", - адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў.