Даклад старшыні праўлення Банка развіцця Сяргея Румаса

  • 1

Грамадзяне, якія маюць права на атрыманне сямейнага капіталу, гарантавана атрымаюць гэтыя выплаты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 лютага, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, старшыню Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргея Румаса.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся бягучай дзейнасцю Банка развіцця. "Як нам удалося рэалізаваць задумы, пачынаючы ад лізінгу і заканчваючы кіраваннем сямейным капіталам? Там, па-мойму, сабралася ўжо каля паўмільярда долараў. Гэта велізарная сума, і добра, што ў свой час на гэта пайшлі. Гэта грошы, якія сёння працуюць, і яны гарантавана будуць атрыманы адрасатамі: тымі дзеткамі сёння, а заўтра дарослымі людзьмі, якія могуць траціць іх на адукацыю і іншыя рэчы. Значыць, гэта ўкладанне не ў нейкія фінціфлюшкі, а ў чалавечы капітал, у развіццё чалавека", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама спытаў, як ажыццяўляюцца іншыя праграмы Банка развіцця: па падтрымцы дзяцей, развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці. Асобна ён папрасіў далажыць аб тым, як складваецца сітуацыя на фінансавым рынку ў цэлым. "Мне важна ваш пункт гледжання ведаць", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Цікавіла Аляксандра Лукашэнку і сітуацыя ў беларускім футболе - адным з самых масавых і любімых у краіне відаў спорту. "У людзей можа з'явіцца пытанне: грошы трацім, а дзе аддача? Вы як банкір гэта вастрэй, чым я, павінны адчуваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, усе сродкі сямейнага капіталу, перададзеныя ў кіраванне Банку развіцця, укладзены ў прыбытковыя праекты. Значная частка з іх працуе ў крэдытах па буйных інфраструктурных праектах, астатнія грошы інвесціраваны ў дзяржаўныя і карпаратыўныя аблігацыі.

Закранаючы работу дрэваапрацоўчага холдынга Беларусі, Сяргей Румас адзначыў, што прадпрыемствы ўжо выйшлі на прыбытковую работу. Так, у мінулым годзе аперацыйны прыбытак холдынга склаў Br6 млн. У далейшым, выказаў упэўненасць кіраўнік банка, дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы будуць нарошчваць як аб'ёмныя, так і фінансавыя паказчыкі.

Прэзідэнт таксама быў праінфармаваны аб новых сацыяльных праектах Банка развіцця. У прыватнасці, ім запушчана праграма "Здаровы малыш", якая будзе датычыцца перааснашчэння ўсіх перынатальных цэнтраў рэспублікі сучасным абсталяваннем. У гэтым годзе абсталяванне на суму больш як $1 млн будзе пастаўлена ў Гомельскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу.