Сустрэча са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам

  • 1

Высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін павінен падцягнуць і эканамічнае супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 красавіка на сустрэчы са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін краіны дасягнулі высокай інтэнсіўнасці ўзаемных візітаў. Літаральна на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з шэрагам грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў Кітая, у тым ліку з міністрам грамадскай бяспекі, генеральным пракурорам, сакратаром Камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань. "Актыўныя кантакты чарговы раз падкрэсліваюць асаблівы ўзровень адносін паміж нашымі краінамі - давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - заявіў ён.

Беларусь таксама зацікаўлена ў прадаўжэнні сустрэч на вышэйшым узроўні і ў рамках шматбаковых фарматаў. "Перадайце ад мяне падзяку майму добраму сябру Сі Цзіньпіну за запрашэнне на міжнародны форум "Адзін пояс, адзін шлях". Упэўнены, ён стане знакавай падзеяй не толькі для Кітая, але і ўсёй планеты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У апошнія дні Чжан Дэцзян паспеў правесці ў Беларусі нямала афіцыйных сустрэч - усе яны былі прадметнымі і змястоўнымі. "Думаю, вы заўважылі, што прыярытэтная ўвага ў ходзе перагавораў удзяляецца пытанням эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння. Гэта не дзіўна. Мы чакаем, што высокі ўзровень нашых палітычных адносін падцягне за сабой і эканоміку, перш за ўсё Беларусі да тых тэмпаў і вышынь, якіх дасягнулі вы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння ў інвестыцыйнай, гандлёвай і фінансавай сферах. У прыватнасці, размова ішла аб далейшым станаўленні Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Галоўнае ў гэтым пытанні - прыцягненне інвестараў. "Мы ствараем магутную інфраструктуру і прадастаўляем сур'ёзныя прэферэнцыі. Важна, каб усё гэта дало вынік у выглядзе прыходу высокіх тэхналогій, стварэння экспартна арыентаваных вытворчасцей з гарантаваным рынкам збыту", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час Старшыня КНР Сі Цзіньпін, наведваючы індустрыяльны парк, назваў яго "жамчужынай Шаўковага шляху". "Мы не можам разам з вамі ствараць там прадпрыемствы і эканоміку мінулага. Туды трэба прыцягнуць для работы самыя перадавыя кампаніі сусветнага ўзроўню з эканомікай заўтрашняга дня. У адваротным выпадку прадпрыемствы не змогуць канкурыраваць на еўрапейскім рынку, ды і на рынку постсавецкай прасторы, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Аб гэтым дамаўляліся першапачаткова. І мы з таварышам Сі Цзіньпінам прытрымліваемся да гэтага часу такой палітыкі і практыкі".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што яго непакоіць незбалансаванасць двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Кітаем. "Вельмі прасіў бы вас удзяліць сур'ёзную, пільную ўвагу гэтаму пытанню як у рамках работы беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, так і на ўзроўні кіраўнікоў урадаў дзвюх краін, парламентарыяў", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным актывізаваць супрацоўніцтва ў фінансавай сферы. "Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні кітайскіх кампаній у банкаўскі сектар. Ёсць папярэднія дамоўленасці па выхадзе China CITIC Bank на беларускі рынак. Цяпер патрэбны дазвол кампетэнтных органаў Кітая, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Акрамя таго, мы зацікаўлены размясціць беларускія аблігацыі на вашым фінансавым рынку. Неабходны адпаведныя даручэнні для аператыўнага праходжання працэдур у Народным банку Кітая".

Бакі абмеркавалі шэраг іншых канкрэтных праектаў, якія маюць для Беларусі прынцыповае значэнне. "Яны будуць іміджавымі праектамі для Кітайскай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Еўропы. Калі вы палічыце патрэбным нас падтрымаць, беларускі народ ніколі гэта не забудзе і будзе вам вельмі ўдзячны", - заявіў Прэзідэнт.

Было адзначана, што перспектыўным з'яўляецца супрацоўніцтва і па іншых напрамках. Напрыклад, у сферы турызму. "Вы самі пераканаліся ў прыгажосці Беларусі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Тут ёсць што паглядзець, ёсць дзе адпачыць. Мы вельмі спадзяёмся, што грамадзяне вялікага Кітая, наведаўшы нашу цудоўную краіну, знойдуць тут магчымасць адпачыць".

У сваю чаргу Чжан Дэцзян падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за цёплы прыём, падкрэсліўшы дружалюбнасць і гасціннасць беларускага народа. "Кітай і Беларусь заўсёды аказваюць адзін аднаму давер і дапамогу. У Кітаі задаволены развіццём двухбаковых адносін з Беларуссю, - сказаў ён. - Мы набылі ўсе рысы сталых міждзяржаўных адносін: гэта трывалая палітычная аснова, інтэграваныя эканамічныя інтарэсы, актыўныя і дынамічныя гуманітарныя сувязі, цеснае супрацоўніцтва на міжнароднай арэне".

Высокі госць заявіў, што поўнасцю падзяляе пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі па развіцці індустрыяльнага парка "Вялікага каменю". "Парк мае ўсе ўмовы для прыцягнення інвестыцый, таму мы павінны актывізаваць гэту работу, - лічыць ён. - Мы павінны прапагандаваць і рэкламаваць наш індустрыяльны парк, каб высокатэхналагічныя прадпрыемствы сталі яго рэзідэнтамі".

Бакі сышліся на думцы, што стварэнне ў Беларусі сумеснага індустрыяльнага парка стала палітычным праектам. І гэта толькі пачатак, першы крок на шляху да будучых яшчэ больш маштабных здзяйсненняў.

Пасля завяршэння перагавораў, якія прайшлі ў вельмі шчырай і адкрытай атсмасферы, Аляксандр Лукашэнка і Чжан Дэцзян падкрэслілі, што Беларусь і Кітай бачаць вялікія перспектывы для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. А значыць, неабходна дзейнічаць аператыўна і смела ісці да пастаўленых мэт.

Пасля сустрэчы кіраўнік кітайскага парламента азнаёміўся ў Палацы Незалежнасці з персанальнай выставай беларускага пейзажыста Валерыя Шкарубы. Чжан Дэцзян адзначыў высокі ўзровень работ, падкрэсліўшы іх глыбокі лірыка-філасофскі змест.