Сустрэча са спецпрадстаўніком ПА АБСЕ Кентам Харстэдам

  • 1

Беларусь і далей будзе для АБСЕ добрай апорай у цэнтры Еўропы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 студзеня на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кентам Харстэдам.

"Што датычыцца бяспекі еўрапейскай, рэгіянальнай, вы ведаеце наша стаўленне да многіх рэчаў, тэндэнцый у Еўропе. Вы ведаеце наша стаўленне да пытанняў бяспекі, вайны і міру, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы і далей будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі. І, паверце, для АБСЕ мы будзем добрай апорай тут, у цэнтры Еўропы, і мы будзем рабіць усё, каб у нашым агульным еўрапейскім доме быў мір і парадак".

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна тэрмінова нешта рабіць, каб неяк знізіць негатыўную тэндэнцыю, якая характарызуе напружанасць у Еўропе. "Мы прапанавалі абмеркаваць у якасці варыянта, падысці да нейкага "Хельсінкі-2", каб вядучыя краіны планеты, якія ўваходзяць у АБСЕ, селі за стол перагавораў і абмеркавалі далейшыя дзеянні па зніжэнні напружанасці на еўрапейскім кантыненце", - адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што фармулёўка "Хельсінкі-2" не абавязковая, і новы перагаворны працэс можна сфармуляваць неяк інакш. Аднак ён лічыць, што менавіта "Хельсінкі-2" было б зразумелым працягам ранейшага працэсу.

Прэзідэнт таксама заявіў, што беларускі бок гатовы да абмеркавання любых праблем і пытанняў. "Я хачу яшчэ раз запэўніць вас, што мы будзем мець вельмі добрыя адносіны з арганізацыяй. Мы гатовы да абмеркавання любых праблем і пытанняў. І вы абсалютна можаце ні з кім не абмяркоўваць, не саромецца і задаваць самыя нявыгадныя, з вашага пункту гледжання, пытанні нам, мне, нашым уладам, асобным людзям, міністрам, якім вы лічыце патрэбным задаваць гэтыя пытанні. Мы будзем іх абмяркоўваць, будзем на іх рэагаваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Умова адна: мы - суверэнная незалежная краіна, і як любая іншая краіна, як і ваша родная Швецыя, мы не можам згадзіцца або дапусціць, каб нас недзе штурхалі ў спіну, пануквалі намі, павучалі нас", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым ён заўважыў, што вучыцца чаму-небудзь у Беларусі гатовы. "А вось павучаць - мы гэта ўспрымаем, як і любая іншая краіна, негатыўна", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Кенту Харстэду за разуменне, якое ён праяўляе ў адносінах да Беларусі.

У сваю чаргу Кент Харстэд заявіў аб сваім асаблівым стаўленні да Беларусі і яе народа. "Я рады зноў быць у Беларусі. Вы, напэўна, ведаеце, што я ўпершыню пабываў тут каля 25 гадоў таму. Я прыязджаў сюды ў розных якасцях. Спачатку яшчэ маладым студэнтам, потым у якасці прадстаўніка ЮНІСЕФ, а затым неаднаразова ў якасці прадстаўніка АБСЕ, - сказаў ён. - І мне чамусьці здаецца, што я і ў будучым буду сюды прыязджаць. Павінен прызнаць, што я вельмі добра стаўлюся да вашай краіны і вашага народа".

Спецпрадстаўнік падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за паспяховае правядзенне ў Мінску летняй сесіі ПА АБСЕ ў ліпені мінулага года. "Гэта было цудоўнае мерапрыемства з вельмі добрым вынікам для ўсіх нас. Я сам быў актыўна ўключаны ў гэты працэс і асабліва задаволены бачыць той факт, што Беларусь стрымала сваё слова да літары па кожным з пытанняў. Першапачаткова былі тыя, хто сумняваўся, але потым жыццё паказала, што гэта было правільнае рашэнне правесці мерапрыемства тут, у Мінску", - сказаў ён.