Стыпендыі Прэзідэнта на 2020 год назначаны 97 перспектыўным аспірантам

    Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2020 год назначаны 97 перспектыўным аспірантам. Адпаведнае распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    У ліку стыпендыятаў прадстаўнікі тэхнічных, фізіка-матэматычных, біялагічных, хімічных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых, эканамічных і гуманітарных навук.

    Усе аспіранты выконваюць дысертацыйныя работы па прыярытэтных напрамках навуковай дзейнасці. Вынікі іх даследаванняў прадстаўлены на рэспубліканскіх і міжнародных сімпозіумах і канферэнцыях, апублікаваны ў навуковых выданнях, знайшлі практычнае прымяненне ў вытворчасці, медыцынскай практыцы, сельскай гаспадарцы, адукацыйным працэсе.

    Распараджэнне накіравана на падтрымку творчай актыўнасці таленавітых маладых даследчыкаў, развіццё айчынных навуковых школ і стымуляванне падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.