Наведванне Спаса-Праабражэнскага Валаамскага мужчынскага манастыра

  • 30

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 17 ліпеня наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі мужчынскі манастыр, размешчаны на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі.

Пасля прыбыцця ў манастыр прэзідэнтаў сустракалі свяшчэннаслужыцелі, у размове з імі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Першае, што я сказаў яму (Уладзіміру Пуціну. - Заўвага): рады, што я першы раз прыеду сюды ў акружэнні свайго сябра".

Кіраўнікі дзяржаў агледзелі тэрыторыю манастыра і наведалі асноўны храм. Там яны падышлі да мошчаў Сергія і Германа - заснавальнікаў Валаама, мошчаў Анціпа Валаамскага, абраза Валаамскай Божай Маці. Каля абраза прэзідэнты і сын Кіраўніка беларускай дзяржавы Мікалай Лукашэнка запалілі свечкі.

Затым лідары краін агледзелі скіт у імя Усіх Святых, царкву Смаленскага абраза Божай Маці на тэрыторыі Смаленскага скіта, наведалі капліцу, асвячоную ў гонар сям'і цара Мікалая II. Прэзідэнты таксама наведалі востраў Светлы, а затым пабывалі на тэрыторыі Свята-Уладзімірскага скіта, дзе размешчана Уладзімірская царква, азнаёміліся з экспазіцыяй манастырскага музея.

Па дарозе з Валаама ў Санкт-Пецярбург кіраўнікі дзяржаў наведалі яшчэ адзін вядомы манастыр - Канеўскі Раства-Багародзічны мужчынскі манастыр, размешчаны на востраве Канявец. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пакланіліся мошчам Арсенія Канеўскага, які з'яўляецца заснавальнікам манастыра, запалілі свечку, агледзелі верхні храм Раства-Багародзічнага сабора.

Сёння кіраўнікі дзяржаў сустракаліся ў нефармальнай абстаноўцы, а 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу пройдзе цэнтральнае мерапрыемства VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у якім прымуць удзел і прэзідэнты. Акрамя таго, запланаваны час для двухбаковых перагавораў кіраўнікоў дзяржаў. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы.