Рабочая сустрэча са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай падтрымаў прапанову назначыць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 года.

Галоўнай тэмай сустрэчы сталі пытанні правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. "Для мяне галоўнае - вызначыцца з датай, фінансаваннем і праектам указа, які павінен быць падпісаны. Я думаю, што сярэдзіна лютага, можа, нават і 18-ага, як мы гэта абмяркоўвалі, будзе нармальна. Усё ж такі люты - больш спакойны месяц", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы фінансаванне выбараў, Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць беражлівага расходавання сродкаў. На яго думку, сэканоміць можна за кошт правільнага падыходу да арганізацыі ўчасткаў. "Калі гэта ўчастак у школе, значыць, трэба зрабіць узорны ўчастак у школе. Калі гэта ўчастак у клубе, значыць, зрабіць узорны ўчастак у клубе. Усё ж такі там асноўная "кухня". Мы пастараемся гэта зрабіць за кошт таго, што ў нас, у прынцыпе, усё гатова з тых выбараў, каб ні урны не выкідвалі, ні кабінкі - усё гэта ёсць на месцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на заработнай плаце членаў камісій. "Зарплата людзей, звязаных з выбарамі, - гэта святое", - заявіў ён.

"Мы сустрэнемся яшчэ з вамі і губернатарамі. Адміністрацыі Прэзідэнта я даручыў быць побач, каб арганізацыйныя меры маглі на месцы ажыццявіць: падрыхтаваць участкі і да таго падобнае. Усё ж такі гэта палітычная кампанія, і Адміністрацыя павінна сваю работу зрабіць, а Цэнтрвыбаркам павінен у адпаведнасці з законам арганізаваць выбары: бюлетэні, семінары, навучанне кіраўнікоў участковых камісій", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўлада створыць усе ўмовы для правядзення выбараў на дастойным узроўні. "Утойваць нічога не будзем. Хто гатовы ісці на выбары, няхай ідзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Усе ўзроўні ўлады будуць працаваць у тым напрамку, у якім Цэнтрвыбаркам абазначыць, як гэта і было заўсёды".