Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
15 мая 2020 года

Рабочая паездка ў Віцебскі раён

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 15 мая рабочую паездку ў Віцебскі раён.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём інтэграцыйных структур у АПК рэгіёна. Прэзідэнт, у прыватнасці, наведаў сельгасарганізацыі, якія ўваходзяць у структуру ААТ "Малако". Яму далажылі аб іх рабоце, падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці. Размова таксама ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, аб ходзе веснавых палявых работ.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў пазітыўныя змяненні ў гаспадаранні на зямлі Віцебскай вобласці. Ён меў магчымасць ацаніць стан спраў ужо з верталёта. "Вядома, гэта лапікі, нікуды не дзенемся, - такая контурнасць палёў. Але бачна, што лепш. Калі падрыхтуецеся да ўборкі як належыць, убераце, то будзеце мець збожжа і корм. Проста патрэбна арганізацыя. Нельга спыняцца ні ў якім разе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Пакуль абстаноўка добра складваецца. Аснова для добрай работы сёння створана", - пацвердзіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, які курыруе Віцебскую вобласць.

"Але гэта толькі пачатак", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Наведваючы арганізацыі ААТ "Малако" і ведучы размову аб развіцці ў рэгіёне інтэграцыйных структур у АПК, Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымка і грошы будуць выдзяляцца перш за ўсё пад перспектыўныя праекты і напрамкі і калі будзе бачны гаспадарскі падыход да справы. "Будзе вынік - будуць грошы. Я не магу ўкладваць грошы ў прадпрыемствы, якія ніякай надзеі не падаюць", - адзначыў ён.

Наведваючы адну з ферм, Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў убачанае, адзначыўшы добрыя ўмовы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. "Малайцы, бачна адразу. І галоўнае, што талкова, па тэхналогіі. Вось гэтым шляхам трэба ісці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб прынятым рашэнні ствараць у рэгіёне інтэграцыйныя структуры, Прэзідэнт выказаў меркаванне, што яно было своечасовым і ішло ад жыцця. "Напэўна, мы намацалі зямную форму - інтэграцыйную структуру. Дзякуючы вам усім намацалі. Мая справа ўжо была прааналізаваць і сказаць так або не. Я бачу, што гэта зямное. Ад зямлі: ідуць кармы, потым малако, мяса - на перапрацоўку, перапрацаваў, прадаў, грашовыя патокі пайшлі туды, адкуль прыйшлі малако, мяса. Гэта нармальна. І так мы можам за пяць гадоў Віцебскую вобласць адрадзіць", - адзначыў ён.

Аляксандру Лукашэнку паказалі розную сельскагаспадарчую тэхніку, якая вырабляецца на прадпрыемствах рэгіёна. Затым Кіраўнік дзяржавы наведаў рабатызаваны комплекс па вытворчасці малака, дзе выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама правёў нараду ў Віцебскім раёне. Ён адзначыў, што вопыт Віцебскай вобласці па стварэнні інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы неабходна ў будучым пашыраць і на іншыя рэгіёны краіны.

"Віцебскай вобласці адступаць няма куды. Да вас павінны прыязджаць потым і вучыцца, як арганізоўваць такія інтэграцыйныя структуры і выцягваць стратныя прадпрыемствы адзіным ланцугом", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў рэгіёне створаны сем інтэграцыйных структур, у якіх стратныя нізкарэнтабельныя гаспадаркі далучаны да мяса- і малакаперапрацоўчых вытворчасцей. "Думка была простая, зямная, калі мы прымалі рашэнне па інтэграцыйных структурах: ёсць зямля, ёсць людзі, дапаможам з тэхнікай", - адзначыў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, сэнс работы такіх структур у тым, каб ад гаспадарак атрымаць мяса і малако, перапрацаваць прадукцыю на галаўным прадпрыемстве холдынга і атрыманыя грашовыя сродкі ўкласці ў развіццё гаспадарак. "У Віцебскай вобласці будучы год, калі нам давядзецца працаваць пасля прэзідэнцкіх выбараў, або два, або ўсю пяцігодку мы будзем працаваць менавіта ў такой форме і такім стылі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з дзейнасцю адной з інтэграцыйных структур Віцебскага раёна, ён ацаніў убачанае наступным чынам: "Гэта тое, якой павінна быць уся Віцебская вобласць, але толькі па якасці, па тэхналогіі, па аддачы, эфектыўнасці яшчэ вышэйшай, чым тут".

Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяліць узроўню аснашчанасці прадпрыемстваў. "Галаўныя прадпрыемствы (інтэгратары), мясакамбінаты павінны быць тэхналагічна самымі перадавымі, каб маглі вырабляць з сыравіны, якую вяскоўцы паставілі, самую шыкоўную прадукцыю, на якую будзе добры попыт", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці забяспечыць высокую якасць прадукцыі - тады яна будзе карыстацца попытам як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. "Мы заўсёды ў свеце знойдзем, куды прадаць прадукты харчавання. Таму аб'ёмы малака і мяса можна нарошчваць. Але з малака і мяса трэба рабіць такую прадукцыю, якую ў вас будуць ірваць з рукамі і нагамі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.



Разам з тым Кіраўнік дзяржавы перасцярог: развіццё аграхолдынгаў не павінна ісці на шкоду сялянскім гаспадаркам.

Прэзідэнт даручыў вопыт Віцебскай вобласці па стварэнні інтэграцыйных структур пры неабходнасці распаўсюджваць і на іншыя рэгіёны краіны. "Не трэба думаць, што ў нас толькі ў Віцебскай вобласці такое становішча. І ў Магілёўскай, і ў Мінскай вобласці можна ствараць такія інтэграцыйныя структуры: стратныя гаспадаркі як сыравінную зону далучаць да мяса- або малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, - сказаў ён. - Хоць па адной інтэграцыйнай структуры трэба ствараць. Яны ў любой, нават Гродзенскай, вобласці ў якіх-небудзь раёнах будуць патрэбны".

У якасці новага фармату выязных мерапрыемстваў Прэзідэнт мае намер у будучым прадоўжыць наведванні прадпрыемстваў інтэграцыйных структур, каб на месцы аналізаваць стан спраў.

"Рэалізуем гэта, пераможам, будзе толк, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ўжо мы ў Віцебскай вобласці зможам падняць сельскую гаспадарку... Прывесці ў парадак, каб людзі тут працавалі і радаваліся, каб моладзь сюды ішла, а моладзь пойдзе".

Прэзідэнт адзначыў, што пандэмія і істэрыя вакол яе ў тым ліку памянялі свядомасць людзей. "Яны зразумелі, што трэба трымацца за зямлю, - сказаў ён. - Людзі робяць пераацэнку сваіх дзеянняў і жыццёвых асноў, і гэта на карысць сельскай гаспадарцы".

Губернатар Мікалай Шарстнёў на нарадзе далажыў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці, адзначыўшы, што ў цэлым па выніках першага квартала дынаміка дадатная. Кіраўнік дзяржавы таксама заслухаў даклад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко аб сітуацыі ў вёсцы. Абмяркоўваліся як ход веснавых палявых работ, разлікі на ўраджай, так і экспарт сельгаспрадукцыі, насычэнне ўнутранага рынку.

Што датычыцца экспарту, Аляксандр Лукашэнка арыентуе галіну на пошук найлепшых цэнавых умоў на сусветным рынку. "Галоўнае - прадаць па добрай цане, а не проста выпхнуць тавар за мяжу", - сказаў ён.

Міністр далажыў, што па выніках работы за чатыры месяцы ва ўсіх катэгорыях гаспадарак адзначаецца рост вытворчасці. За тры месяцы бягучага года забяспечаны прырост экспарту амаль 10% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. "Мы захавалі за першы квартал тэмп росту, які быў па студзені-лютым. Крыху запаволенне экспарту па красавіку, але яно нязначнае. Вышэй за 100%", - заявіў Іван Крупко.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на пасевы бульбы. "Я хачу падкрэсліць. Гэта было даручэнне міністру. У гэтым годзе, мне здаецца, бульба будзе ў цане. Таму я папрасіў, каб сабралі ўсё, што ў нас засталося, і пасеялі бульбу. Трэба пасеяць пабольш. Гэта будзе выратаванне. Паглядзіце, калі ў гаспадарках ёсць насенне, няхай 50-70 га, можа, нават 20 га. Калі па тэхналогіі будзеце гэта абслугоўваць, атрымаеце хоць невялікую, але жывую капейку. Да вас прыедуць на поле і забяруць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што бульба будзе асабліва запатрабавана на рынках сумежных дзяржаў, у першую чаргу Расіі і Украіны.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падкрэсліў важнасць сельскагаспадарчай галіны ў цяперашніх умовах: "Калі ў нас будзе што прадаць, мы заўсёды прададзім, і па добрай цане. Нашы вяскоўцы гэта заслужылі. Усё ж такі мы нямала ўкладвалі працы і грошай у сельскую гаспадарку. А цяпер з рукамі, нагамі ў нас яго (харчаванне. - Заўвага) забяруць. Таму добра, што мы своечасова пасеялі. І зіма была нармальная, і пасевы добрыя. Трэба проста не прамаргаць, трэба на гэтым у бягучы год зарабіць грошы".

У цэлым было даложана, што ніякай насцярожанасці ў плане рэалізацыі прадукцыі на экспарт няма. "Усё ў рабоце, ёсць кантракты, яны рэалізуюцца", - сказаў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Таксама стабільна забяспечваюцца пастаўкі прадукцыі на ўнутраны рынак.

На нарадзе таксама абмяркоўваліся існуючыя плошчы пасеваў розных культур. Напрыклад, аграрыі разлічваюць, што ў гэтым годзе ўдасца істотна прыбавіць у аб'ёмах збожжа, гарантавана забяспечыўшы дзяржзаказ.

Кіраўнік дзяржавы асобна акцэнтаваў увагу на вырошчванні і нарыхтоўцы кармоў для патрэб жывёлагадоўлі. "Якасныя кармы трэба рыхтаваць на месцы ў кожнай гаспадарцы", - падкрэсліў ён.

Яшчэ адна тэма, якая была ўзнята на нарадзе, датычылася забяспечанасці гаспадарак палівам пад патрэбы сельгасработ. "Не павінна быць ніякага вузкага месца па паліве. Сёння нафта танная - бяры, колькі хочаш. Я вас папярэджваў: у вас павінны быць свабодныя ёмістасці, каб быў запас і ў калгасах, саўгасах, раённых базах. Тут не павінна быць ніякіх пытанняў", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся забяспечанасцю ўборачнай тэхнікай, у прыватнасці камбайнамі, паколькі калі будзе добры ўраджай, то неабходна яго аператыўна ўбіраць з палёў, калі настане час. У гэтым плане дадзены неабходныя даручэнні па забеспячэнні дадатковай вытворчасці і пастаўкі. "Трэба напружыцца, маючы на ўвазе, што будзе попыт на прадукты харчавання", - сказаў ён.

Акрамя таго, на нарадзе падрабязна абмяркоўвалася тэма забяспечанасці кадрамі структур АПК. Размова ішла як аб падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, так і аб замацаванні маладых кадраў на месцах у рэгіёнах.


Тэгі:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць