Рабочая паездка ў Слуцкі раён

  • 14

Правядзенне Года малой радзімы дасць магчымасць зрабіць Беларусь яшчэ прыгажэйшай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 лютага, наведваючы з рабочай паездкай Слуцкі раён.

У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы накіраваўся на Слуцкі дражджавы завод, які адкрыўся ў горадзе крыху больш як паўгода таму пры непасрэдным удзеле нямецкіх інвестараў. На прадпрыемстве Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай вобласці і Слуцкага раёна, рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве завода з выкарыстаннем айчыннай сыравіны.

Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі, што асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна выконваюцца. Ёсць адставанне па аб'ёмах будаўніча-мантажных работ і росце заработнай платы, аднак запланаваныя лічбы ў бягучым годзе павінны быць навярстаныя.

Кіраўнік дзяржавы дапусціў, што ў першыя месяцы новага года сярэдняя зарплата можа знізіцца, як гэта звычайна бывае пасля свят, аднак у сакавіку яна павінна быць адноўлена і далей дэманстраваць толькі рост, няхай і пакрыху. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт даручыў удзяліць падтрымцы тых слаёў насельніцтва, якія атрымліваюць нізкія зарплаты. У прыватнасці, трэба павысіць аплату настаўніцкай працы.

"Па настаўніках будзем разбірацца самым сур'ёзным чынам. Трэба за будучую пяцігодку і астатні час заработную плату настаўнікам падвойваць. Гэта не папулізм. Настаўнік у нас сёння застаўся галоўным звяном у вёсцы, у малых гарадах, раённых цэнтрах. І нават у Мінску, абласных цэнтрах наша апора - настаўнік", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, таксама неабходна дабіцца, каб наваспечаныя педагогі, атрымаўшы адукацыю, не ішлі са школы. "Я ведаю, што тэндэнцыя ўжо адваротная пайшла. Ведаю некаторых асабіста, якія пайшлі на добрую зарплату, а сёння гатовы вярнуцца назад у школу на больш нізкую. Чаму? Таму што водпускі вялікія, свабода пэўная - у школе адпрацаваў (лічы, да 15-16 гадзін асноўная нагрузка) і свабодны, не прывязаны да стала, як бухгалтар, эканаміст. Але зарплата настаўніка нізкай быць не павінна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што нізкія заработныя платы і ў работнікаў дзіцячых садоў, малодшага медыцынскага персаналу, хоць работа ў іх каласальная. "І ў культуры, сацыяльным забеспячэнні. Пакрыху іх трэба падцягваць вышэй, і за кошт іх у бягучым годзе мы павінны перасягнуць Br1 тыс. заработнай платы. Вядома, зарплата будзе расці і ў высокааплатнага, і ў сярэдняга звяна. Але мой кантроль - за гэтым слоем насельніцтва, які атрымлівае нізкую зарплату", - папярэдзіў Прэзідэнт.

"Таму за квартал мы выходзім на Br1 тыс. і крыху больш і далей пакрыху ў залежнасці ад росту эканомікі пачынаем дабаўляць заработную плату. Дзесьці сэканоміць трэба, дзесьці менш патраціць, але людзям трэба даць зарплату. Гэта і стымуляванне ўнутранага попыту, дарэмна ігнаруем яго, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Мяне радуе, што попыт з боку насельніцтва ў нас расце, але хацелася б хутчэй. Таму людзям трэба плаціць нармальную зарплату, але грошы трэба зарабіць - тут пытанняў няма".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў сур'ёзна аптымізаваць сферу адукацыі і аховы здароўя. "Каб чалавек быў нагружаны. Таму што некаторыя ў нас прыйшлі, анучай памахалі, як у народзе кажуць, дзве-тры гадзіны ў дзень (я не гавару, што ўсе, але ёсць такія) і пытаюцца: Прэзідэнт сказаў тысячу рублёў, а дзе яны? Дык на іх трэба восем гадзін працаваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што эканоміка пачынае ажываць, і людзі павінны гэта адчуць на павелічэнні заработнай платы.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб выкананні яго даручэнняў па ўдасканаленні ў Мінскай вобласці структуры пасяўных плошчаў. Было адзначана, што плошча высокапрадукцыйных сельгасугоддзяў будзе паступова павялічвацца, што ўнясе істотны ўклад у эканоміку рэгіёна. Акрамя таго, Прэзідэнта праінфармавалі аб праводзімай рабоце па загрузцы мясаперапрацоўчых камбінатаў. Прынятыя меры далі магчымасць павялічыць экспарт прадукцыі і, адпаведна, палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў.

Кіраўнік дзяржавы лічыць магчымым перадаваць у кіраванне невялікім прыватным мясаперапрацоўчым камбінатам сельгаспрадпрыемствы ў якасці сыравіннай зоны. "Не абавязкова перадаваць ва ўласнасць, аддадзім у кіраванне", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўлада не павінна ўмешвацца ў работу перададзеных прадпрыемстваў, аднак неабходна будзе па-ранейшаму кантраляваць кадры. "Кадры - гэта палітыка дзяржаўная. Кадры вырашаюць усё", - канстатаваў Прэзідэнт.

Закранаючы работу Слуцкага дражджавога завода, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія ёсць праблемы на прадпрыемстве і як хутка яно выйдзе на поўную магутнасць. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, пакуль прадпрыемства загружана на 23%, але ўжо ў наступным годзе яно стане працаваць на поўную магутнасць і будзе выпускаць 20 тыс. т дражджэй у год. "Вы павінны працаваць належным чынам. На працягу бягучага года ўсе пытанні павінны быць зняты", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што штучна ствараць умовы для паспяховай работы прадпрыемствы не будуць, паколькі ў краіне ёсць іншыя такія вытворчасці, ім таксама неабходна рэалізоўваць сваю прадукцыю. "Каб не было ўшчамлення ні аднаго, ні другога калектыву", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці дражджэй і выпускаемай прадукцыяй, паразмаўляў з дырэктарам нямецкай кампаніі, якая інвесціравала сродкі ў будаўніцтва завода.

Затым Прэзідэнт наведаў Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат. Тут яго праінфармавалі аб развіцці цукровай галіны і арганізацыі вытворчасці імпартазамяшчальнай цукразмяшчальнай прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, чаму сабекошт беларускага цукру вышэйшы за расійскі і як прадпрыемствы працуюць з новымі рынкамі. Як растлумачыў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела, расійскія вытворцы цукру знаходзяцца ў больш выгадных умовах: яны закупляюць па больш нізкіх цэнах сыравіну, па меншых тарыфах аплачваюць энергарэсурсы, маюць падатковыя прэферэнцыі. Акрамя таго, некаторыя заводы дзейнічаюць не зусім сумленнымі метадамі.

Для павелічэння продажаў ва ўмовах жорскай канкурэрцыі ў Расіі беларускія прадпрыемствы дыверсіфікавалі рынкі. Так, у 2017 годзе яны пастаўлялі белы цукар у 16 краін. Доля расійскага рынку знізілася на 23% і складае цяпер 53,7%.

У мінулым годзе сыравінныя зоны па вытворчасці цукровых буракоў былі аптымізаваны. У іх склад увайшлі 389 гаспадарак 50 раёнаў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей (для параўнання: у 2007 годзе вырошчваннем цукровых буракоў займаліся 570 гаспадарак у 57 раёнах пяці абласцей). Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вырошчванне цукровых буракоў трэба перамяшчаць туды, дзе будзе высокая рэнтабельнасць, дзе гаспадаркі зацікаўлены ў іх вытворчасці.

Прэзідэнт азнаёміўся з мадэрнізацыяй прадпрыемства, укараненнем тут прагрэсіўных тэхналогій і прадукцыяй камбіната, пасля чаго пагутарыў з працоўным калектывам.

Работнікі пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы аб перспектывах развіцця вёсак і аб тым, што яшчэ трэба зрабіць, каб моладзь не ехала за доўгім рублём у горад. На гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў, што доўгі рубель у горадзе - тэма ўстарэлая, паколькі канкурэнцыя на гарадскім рынку працы стала вельмі вялікая і зарабіць грошы не так проста. "Не трэба думаць, што ў горадзе лёгка", - заўважыў ён.

На думку Прэзідэнта, самае цікавае і камфортнае жыццё ўсё ж такі ў аграгарадках і ў такіх невялікіх гарадах, як Слуцк. А з улікам прымаемых дзяржавай намаганняў жыццё ў сельскай мясцовасці будзе станавіцца ўсё больш прывабным і камфортным, звярнуў увагу беларускі лідар.

"Мы прадаставілі льготы тым, хто адкрывае сваю вытворчасць у невялікіх гарадках, вёсках. Яны практычна падаткаў не плацяць", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. І, адпаведна, у краіне з'яўляецца ўсё больш невялікіх вытворчасцей.

"Вось гэта той шлях, калі мы на месцах у невялікіх населеных пунктах, раённых цэнтрах будзем ствараць сучасныя перапрацоўчыя, прамысловыя прадпрыемствы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Размова ідзе ў тым ліку аб прадпрыемствах, якія будуць працаваць на мясцовай прадукцыі.

Ён таксама сказаў, што створана нямала, але яшчэ больш будзе зроблена ў гэтым напрамку. Напрыклад, шэраг слуцкіх прадпрыемстваў мадэрнізаваны і вырабляе высокаканкурэнтную прадукцыю.

"Сама абстаноўка і магчымасць атрымаць добрую работу будуць садзейнічаць прызямленню людзей на месцы", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Калі будзе добрая зарплата, жыллё, то гэта стане важкім аргументам для людзей пры вырашэнні заставацца ім жыць на месцы ці ехаць у вялікі горад.

У Аляксандра Лукашэнкі таксама пацікавіліся, чаму 2018 год было вырашана аб'явіць у Беларусі Годам малой радзімы. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што кожны павінен прыкласці магчымыя намаганні для таго, каб прыўнесці штосьці новае для развіцця, добраўпарадкавання таго месца, дзе ён нарадзіўся. І няважна, ідзе размова аб населеным пункце, вуліцы або дворыку, - усюды можна штосьці зрабіць, каб гэта месца стала яшчэ лепшым. Нават калі чалавек пасадзіць некалькі дрэў, гэта ўжо будзе яго асабісты ўклад.

"Кожны за гэты год павінен штосьці зрабіць, каб яшчэ прыгажэйшай стала наша краіна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што па меры магчымасці трэба развіваць і неперспектыўныя вёскі, але асаблівы ўпор будзе зроблены на развіццё аграгарадкоў. У іх створаны і ў далейшым будуць паляпшацца ўсе неабходныя ўмовы для жыцця і побыту людзей, у тым ліку моладзі.

Будучыня менавіта за аграгарадкамі, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Мы нікуды ад гэтага не дзенемся і аграгарадкі будзем развіваць, за імі будучыня нашай беларускай вёскі", - сказаў Прэзідэнт.

На прыкладзе сваёй малой радзімы ён расказаў, што пасля таго, як там быў наведзены парадак, сітуацыя змянілася. І сёння ў цэлым у аграгарадках Беларусі людзям нараўне з работай прапануюцца дастойныя ўмовы жыцця, яны пачынаюць яшчэ больш цаніць тое месца, дзе жывуць.

Супрацоўнікі камбіната таксама папрасілі пракаменціраваць адстаўку Міністра спорту і турызму і Міністра лясной гаспадаркі - аб гэтым стала вядома напярэдадні. "Я не каменцірую свае рашэнні, але магу растлумачыць іх. Вы мае выбаршчыкі, і я абавязаны перад вамі даваць тлумачэнні. Думаю, для вас няма нічога новага ад Лукашэнкі: з першых прэзідэнцкіх выбараў я дакладна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць не можа", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў мінулым годзе папярэдзіў усіх міністраў: калі на іх прадпрыемствах выявяць карупцыю, ім давядзецца пакінуць свой партфель.

Нядаўна такія злачынствы былі выяўлены ў Палацы спорту. Яго кіраўнік браў хабары ад жадаючых арандаваць плошчы для продажу тавараў. "Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся", - раскрыў падрабязнасці Прэзідэнт.

Пасля гэтага выпадку за кіраўніком пачалі назіраць. У выніку былі зафіксаваны шматлікія выпадкі хабарніцтва. "Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сферы лясной гаспадаркі таксама была выяўлена карупцыйная схема: добрая драўніна дакументальна выдавалася за некандыцыю і незаконна ішла на экспарт. "Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністр? Што я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было збоку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў або там быў заадно з імі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Ад мяне літасці не чакайце, ніхто. Не таму што я крыважэрны, а таму што карупцыя губіць усё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што барацьба з карупцыяй у Беларусі будзе прадоўжана. І ў цэлым, паводле яго слоў, у краіне павінен быць парадак і справядлівасць.

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна ўдалося раскрыць справу аб забойстве ў 2009 годзе жыхаркі Магілёўскай вобласці. Першапачаткова злачынцу ўдалося пазбегнуць адказнасці, і доўгія гады сітуацыя не магла зрушыцца з мёртвай кропкі.

Пасля таго, як да Кіраўніка дзяржавы звярнуўся бацька забітай дзяўчыны, расследаванне аднавілася і падазронага ў хуткім часе знайшлі ў Расіі. Праваахоўнікі змаглі даказаць яго датычнасць да забойства, ён прызнаўся ва ўчыненым, і хутка яго чакае суд.

Чаму гэтага не атрымлівалася зрабіць раней - пытанне, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Як следства вялі? Як пракуратура назірала? Як суддзі судзілі? - задаў ён рытарычнае пытанне. - Учора мне адпаведныя службы далажылі: "адкапалі" ўсіх. І следчых, і міліцыю, і суддзяў, і пракурораў. Цяпер будзем з імі разбірацца".

"Парадак павінен быць. Павінна быць дысцыпліна і справядлівасць. Калі няма справядлівага грамадства, краіна існаваць не зможа, асабліва наша, славянская", - падкрэсліў беларускі лідар.

На заканчэнне работнікі прадпрыемства ўзнялі самую актуальную на гэтым тыдні тэму - выбары. У прыватнасці, іх цікавіла, ці дастаткова ў дэпутатаў паўнамоцтваў для вырашэння праблем, якія хвалююць насельніцтва.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць работы мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія прызначаны вырашаць надзённыя пытанні. "Гэта людзі, якія хутчэй могуць дастукацца да начальства, і менавіта праз мясцовага дэпутата можна хутчэй вырашыць існуючую праблему", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што менавіта дэпутаты зацвярджаюць мясцовы бюджэт, а гэта зарплаты, у тым ліку работнікаў сфер аховы здароўя, адукацыі. "Я ўсё больш і больш раённыя, гарадскія Саветы дэпутатаў нагружаю, каб яны вырашалі актуальныя пытанні разам са старшынямі рай- і гарвыканкамаў", - адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка пры гэтым звярнуў увагу, што дэпутаты працуюць на грамадскіх пачатках, не атрымліваючы зарплаты.

"Мы інстытут мясцовых Саветаў будзем умацоўваць", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яму ў свой час прапаноўвалі ліквідаваць мясцовыя Саветы, з чым ён не згадзіўся. Як паказала практыка, рашэнне іх захаваць было правільным. Паводле слоў Прэзідэнта, менавіта дэпутаты на месцах лепш за іншых ведаюць сітуацыю і могуць паўплываць на яе.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожны павінен прыняць удзел у маючых адбыцца выбарах мясцовых Саветаў і аддаць свой голас за таго, хто, на іх думку, з'яўляецца найбольш дастойным кандыдатам. "Трэба прыйсці і прагаласаваць. Ідзе палітычная кампанія, і ў ёй трэба прыняць удзел", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.