Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 10

Праект аграхолдынга "Купалаўскае" ў Шклоўскім раёне павінен стаць новым этапам у развіцці сферы сельгасвытворчасці Беларусі. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня, наведваючы арганізацыі, якія ўваходзяць у структуру холдынга.

"Мэта адна - эфектыўная вытворчасць. У адваротным выпадку вы не выжывеце. Справа нават не ў тым, каб выжыць: мы сёння ўперліся ўжо ў нейкую нявызначанасць у сельскай гаспадарцы. Стаіць пытанне: як жыць далей, як рухацца далей, каб забяспечыць эфектыўную вытворчасць і выстаяць у канкурэнцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў свой час аналагічным этапам для сельгасвытворчасцей Беларусі было стварэнне прадпрыемстваў накшталт ААТ "Александрыйскае". З'явілася такая гаспадарка, што далей? Гэта сур'ёзнае пытанне, і тут, у "Купалаўскім", праваліць гэты праект мы не можам. Таму ўважліва падбірайце кіраўнікоў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Даручэнне па стварэнні аграхолдынга - эфектыўнага інтэграванага аб'яднання з поўным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі - Аляксандр Лукашэнка даў у лістападзе 2016 года ў час адной з рабочых паездак. Холдынг "Купалаўскае" зарэгістраваны 4 ліпеня 2017 года. У яго склад уваходзяць ТАА "Купалаўскае" - кіруючая кампанія холдынга", ЗАТ "Вялікія Славені", ААТ "Амкадор-Шклоў" і ААТ "Новагарадзішчанскае".

Прэзідэнт наведаў комплекс па адкорме БРЖ ЗАТ "Вялікія Славені". Кіраўнік дзяржавы дэталёва цікавіўся арганізацыяй работы як на гэтым сельгаспрадпрыемстве, так і ў холдынгу ў цэлым, паказчыкамі эфектыўнасці, тэхналагічнымі працэсамі, планамі па далейшым развіцці, пытаннямі закупак.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што паўсюдна неабходна браць на ўзбраенне лепшыя перадавыя тэхналогіі, арыентуючыся ў першую чаргу на эфектыўнасць. "Нам патрэбна эфектыўнасць - гэта галоўнае. Трэба арыентавацца на самыя перадавыя тэхналогіі, - сказаў ён. - Без тэхналогіі нават нічога рабіць не трэба. Канкурэнцыя вельмі жорсткая".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні выканання працоўнай дысцыпліны, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы даяркай і механізатарам. У час абмеркавання работы аграсектара ў Магілёўскай вобласці Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што рэсурсы ў арганізацый ёсць, але галоўная прычына невыканання намечаных планаў у тых ці іншых гаспадарках - гэта парушэнне тэхналогій вытворчасці сельгаспрадукцыі і нізкая выканальніцкая дысцыпліна.

"Вострая старая праблема. Тут трэба вызначацца. Майце на ўвазе, я папярэджваў у канцы мінулага года, гэта нецярпіма", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў персанальную адказнасць кіраўнікоў, у тым ліку высокага ўзроўню, за належную арганізацыю работы: "Шалёных грошай не будзе. Вам давядзецца ў "Купалаўскім" адпрацоўваць усе свае будоўлі".

Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час трэба дакладна вызначыцца з размеркаваннем у холдынгу фінансавых патокаў. "Гэта аснова любога кіравання", - падкрэсліў ён. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што непасрэдныя арганізацыі - вытворцы прадукцыі не павінны быць пакрыўджаны, а сродкі неабходна размяркоўваць справядліва. "Дакладна вызначыцеся, якая тут будзе структура. І да канца года трэба зрабіць. Павінны быць дзелавыя, практычныя, настроеныя на перспектыву прафесійныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на шэраг недапрацовак пры развіцці комплексу ў ЗАТ "Вялікія Славені". У першую чаргу гэта датычыцца знешняга выгляду і абстаноўкі ўнутры памяшканняў для ўтрымання БРЖ. "Зрабілі вельмі дрэнна", - рэзка адрэагаваў Кіраўнік дзяржавы на асобныя хібы.

Ён параіў удзяліць увагу навядзенню глянцу, каб у патэнцыяльных інвестараў першапачаткова не складвалася адмоўнае меркаванне аб перспектывах магчымых капіталаўкладанняў. "Трэба наводзіць гэты глянец. Вы павінны працаваць, як працуе фермер, прыватнік. Гэта праект (холдынг "Купалаўскае") дзяржаўнай важнасці, мы яго павінны рэалізаваць. Мы ўцягваемся ў сур'ёзны праект. Работы ідуць вельмі марудна, бессістэмна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Поўны цыкл - ад вытворчасці да продажаў

Больш дэталёва аб планах па развіцці холдынга размова ішла на нарадзе ў мясцовым сельвыканкаме з удзелам актыву раёна, кіраўніцтва вобласці і аграрнага сектара.

"Гэта новая перапрацоўка. Яна будзе сканцэнтравана, хутчэй за ўсё, у Копысі. Мы забяром гэты цэх, які я калісьці будаваў, па вытворчасці сыроў, таму што малака будзе дастаткова. Мы дабудуем малакаперапрацоўку - не толькі сыры, але і што-небудзь яшчэ, што на рынку будзе дорага каштаваць, і на гэта будзе попыт. Пабудуем невялікі мясакамбінат пад усё мяса, якое тут будзе вырабляцца, - гэта ялавічына, абавязкова свініна, - адновім комплекс, рэпрадуктар пабудуем (гэта вельмі хутка трэба рабіць). І, можа, нешта яшчэ. Але пакуль мяса, малакаперапрацоўка і свой гандаль. У Мінску магазін, у Магілёве, у Оршы, Шклове... Калі мы замкнём поўнасцю цыкл ад вытворчасці да продажаў, тады вы будзеце багатымі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы аб перспектывах.

"Я гавару гэта спакойна, таму што ўсіх працаваць мы прымусім, і пытанне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны знімецца само па сабе. Але не толькі прымушаць працаваць, - калі чалавек будзе бачыць, што ён зарабляе, што дзетак можа спакойна ў дзіцячы сад адвесці (яны там будуць накормлены за капейкі), ён шчасце не пойдзе шукаць за марамі", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Задача - прыцягнуць прыватны капітал

Прэзідэнт расказаў, што ў свой час мадэрнізацыю і развіццё вёскі шмат у чым апрабавалі на вопыце ААТ "Александрыйскае", таму што ён добра ведаў асаблівасці гэтай гаспадаркі і зямлі. "Цяпер там цудоўны комплекс. Адтуль усё пачыналася, і там мы гэта выпрабоўвалі. Сёння я думаю, што вось гэтыя залатыя землі (сельгаспрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг "Купалаўскае"), калі мы створым не проста гаспадарку, а холдынг, прыкладна як у "Александрыйскім" (шэсць гаспадарак дробных аб'ядналі), - гэта будзе новы этап", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Але асаблівасць "Александрыйскага" і "Купалаўскага" ў тым, што сюды трэба прыцягнуць прыватны капітал. За кошт бюджэту мы гэта рабіць не будзем. Інвестара пакуль няма. Але мы павінны ўсё роўна рухацца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Хочаце, давайце ўвязвацца ў гэту бойку, давайце рухацца наперад. Няма праблем сёння накарміць народ, мы яго накармілі. Сёння пытанне, як прадаць".

Што датычыцца экспарту сельгаспрадукцыі, Прэзідэнт, у прыватнасці, упамянуў магчымасці, што адкрыліся, па экспарце ў Кітай ялавічыны, мяса птушкі і малака, паступова беларускія прадпрыемствы выходзяць і на рынкі краін Афрыкі, іншых рэгіёнаў свету.

Аб магчымасці кропкавай прыватызацыі сельгаспрадпрыемстваў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за мінулыя пяцігодкі ўдалося выратаваць, аднавіць і развіць аграсектар у Беларусі, не толькі гарантаваць харчовую бяспеку краіны, але і пастаўляць значныя аб'ёмы прадуктаў харчавання на экспарт, стварыць аграгарадкі, забяспечыць неабходныя сацыяльныя ўмовы для жыцця людзей у вёсцы.

"Прайшло амаль 15 гадоў пасля таго, як была прынята праграма мадэрнізацыі нашай вёскі і АПК. Сёння паўстала пытанне, а што далей, як жыць далей. Я не прыхільнік, каб прыватызаваць калгасы і саўгасы. Але, думаю, на мяне вяскоўцы не пакрыўдзяцца, калі я буду кропкава прымаць рашэнні аб прыватызацыі - прадаваць, пускаць прыватніка ў сельскую гаспадарку, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што 20 гадоў я вам даў часу - вызначайцеся. І той, хто хоча працаваць на зямлі без "памешчыка", той сёння працуе. А хто не хоча, ну ўжо выбачайце. Дзяржава на плячах не можа вас несці або не павінна несці".

"Таму мы не супраць, каб сюды прыйшоў прыватны капітал. Але пад жалезную ўмову. І мая жалезная ўмова - каб тут не быў пакрыўджаны чалавек. Ён павінен прыходзіць на работу, тэхналагічна забяспечваць працэс, атрымліваць дастойную зарплату", - заявіў Прэзідэнт.

Аб зарплаце ў аграсектары і дысцыпліне

"Думаю, што ў будучым годзе перад губернатарамі будзе стаяць задача - яны перш за ўсё за вёску адказваюць - не Br600, а Br800 (сярэдняй зарплаты ў аграсектары). І вы да гэтага рыхтуйцеся. Гэта не значыць, што ўсім, а тым, хто працуе. Праз пару гадоў мы павінны да той жа Br1 тыс. сярэдняй зарплаты падысці і ў сельскай гаспадарцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Як бы ні было складана, нам ад гэтага нікуды не дзецца, і лепшыя гаспадаркі гэта ўжо забяспечылі. А чаму іншыя не могуць? Могуць! Толькі трэба рабіць усё правільна. Трэба тэхналагічна правільна рабіць і захоўваць дысцыпліну - ад работніка да кіраўніка гаспадаркі", - дадаў беларускі лідар.

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў у якасці адной з праблем абазначыў дэфіцыт кадраў і спецыялістаў, а таксама нізкі ўзровень адказнасці. Ён выказаў меркаванне, што змяніць сітуацыю магло б не толькі павышэнне ўзроўню зарплаты, але і яе залежнасць ад канчатковага выніку. "Не толькі надаіць, але і прадаць высакаякаснае. Гэта патрабуе змянення свядомасці многіх спецыялістаў. Трэба паказваць, што можна і трэба зарабляць грошы. Тады вырысуецца і тэхналогія, і ўсё астатняе. Над кожным не паставіш наглядчыка, каб усё рабілі па тэхналогіі", - сказаў Генадзь Лаўранкоў.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі са сказаным звярнуў увагу, што тэхналогія - гэта дыктатура. "За выкананне тэхналогіі і атрыманне выніку плацяць зарплату. Наперад зарплату за выкананне тэхналогіі не даюць. За парушэнне тэхналогіі ў асобных краінах у турму саджаюць. Я ўжо не гавару аб тым, што ўласнік прадпрыемства трымаць гэтага чалавека не будзе ніводнага дня. Таму ўгаворы... Слухайце, мы не ў савецкі час жывём, калі збіраліся на пленуме і адзін аднаго ўгаворвалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Так ва ўсім свеце. Але гэта павінна быць справядліва. Чалавека нельга зневажаць і прыцягваць да адказнасці ні за што. Гэта ўсе ведаюць. Але ў нас кіраўнікі не ўсе гэта разумеюць. Прыцягваць да адказнасці трэба па заслугах - дрэнную працу, невыкананне тэхналогій, не дай бог проціпраўныя дзеянні. Павінна быць жалезная дысцыпліна. Усё павінна быць выбудавана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці выконваецца яго даручэнне аб тым, каб пры звальненні за неадпаведнасць пасадзе або дысцыплінарныя правіннасці з кіруючых і адказных пасад чалавек не мог уладкавацца на аналагічную работу: "Ці не атрымліваецца так, што ён дзесьці кінуў заяву, пайшоў, а назаўтра працаўладкаваўся без вашага ведама? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Зрабіце так, каб ён, звольніўшыся, заўтра "ўзяў у рукі лапату" і максімум працаваў па спецыяльнасці. Калі настаўнік і здольны - ідзі ў школу працуй, калі ты ў РАНА або ў райвыканкаме не справіўся. Калі аграном - аграномам ідзі працуй".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё павінна быць аб'ектыўна і сумленна. "Вызначыцеся ў кожнай гаспадарцы на кожным прадпрыемстве з тымі людзьмі, з кім вы будзеце працаваць, давядзіце да іх канкрэтную задачу. І скажыце, што вы ім будзеце плаціць, і чым вы дапаможаце ім наогул. Гэта вашы людзі. Вы за іх несяце адказнасць", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнту ў час рабочай паездкі далажылі аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у краіне і рэгіёне, уплыве ўмоў надвор'я і мерах па захаванні ўраджаю, пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

На нарадзе адбылася грунтоўная і дзелавая размова. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся работай прадпрыемстваў як раёна, так і вобласці ў цэлым. Размова ішла аб функцыянаванні раённых абслуговых арганізацый, сацыяльнай сферы, вырашэнні жыллёвых пытанняў, стварэнні высокаэфектыўных рабочых месц, сітуацыі на розных прадпрыемствах у сельскай гаспадарцы і АПК, будаўнічым комплексе, дрэваапрацоўцы, ільняной галіне, цэментнай вытворчасці. Пры гэтым асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы рабіў не на валавых паказчыках, а на эфектыўнасці і перспектывах вытворчасці ў той ці іншай галіне. "Зона адказнасці дзяржавы - гэта нармальныя сацыяльныя ўмовы для людзей. Усё астатняе - гэта вы - вытворчасць, бізнес. Вы павінны зарабляць, прадаваць, плаціць зарплату людзям, развіваць сваю вытворчасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнай работы з людзьмі ў калектывах: "Гэта датычыцца ўсёй краіны. Адміністрацыя Прэзідэнта павінна гэтым займацца. Людзям трэба даводзіць да іх усведамлення тую абстаноўку, якая складваецца. І гэта мы павінны рабіць усе, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы старшынёй райвыканкама".