Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 7

Дзяржава ў Беларусі будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 сакавіка ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна і яго гатоўнасцю да вясенне-палявых работ. Прэзідэнт заслухаў даклад аб развіцці свабоднай эканамічнай зоны "Магілёў", праводзімай у вобласці і краіне рабоце па прыцягненні ўнутраных і знешніх інвестыцый.

Было даложана, што ў развіцці эканомікі Магілёўскай вобласці адзначаюцца станоўчыя тэндэнцыі, але ёсць і праблемныя сферы. Прэзідэнт запатрабаваў строга прытрымлівацца запланаваных паказчыкаў і ні ў якім разе не зніжаць планку. "Калі вы ў гэтым годзе праваліце паказчыкі, ніхто працаваць не будзе", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт наведаў дрэваапрацоўчае прадпрыемства "Кранаспан ОСБ". Ён азнаёміўся з інвестыцыйнымі праектамі, якія ўжо былі рэалізаваны і яшчэ рыхтуюцца для рэалізацыі ў Беларусі групай кампаній "Кранаспан". Размова ідзе аб павелічэнні аб'ёмаў перапрацоўкі драўніны, вытворчасці прадукцыі і яе экспарце.

Дырэктар ЗТАА "Кранаспан ОСБ" Томаш Яньчак расказаў Кіраўніку дзяржавы аб жаданні прадпрыемства працаваць на прамых кантактах з лясгасамі і атрымліваць неабходны аб'ём драўніны як мага бліжэй да вытворчасцей, што дасць магчымасць мінімізаваць транспартныя расходы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што такое супрацоўніцтва магчыма, але інвестар павінен улічваць дзяржаўныя інтарэсы. "Паглядзіце ў Магілёўскай вобласці і суседняй. Ёсць шмат участкаў, якія мы не асвойваем. Яны (інвестар) пабудуюць дарогі, правядуць высечку, аднаўленне лесу", - даручыў Кіраўнік дзяржавы адказным чыноўнікам.

"Калі вы зарэкамендуеце сябе прыстойнымі людзьмі, мы вам будзем яшчэ больш выдзяляць у арэнду гэтыя землі. Нам гэта выгадна. Таму што лясныя ўгоддзі велізарныя. Мы ў асобных месцах не паспяваем выбіраць", - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да прадстаўнікоў кампаніі.

Размова таксама ідзе аб выкарыстанні ў лесанарыхтоўках і пры перавозцы драўніны беларускай тэхнікі.

На прадпрыемстве Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці арыентавана-стружкавых пліт і выстаўкай вырабляемай прадукцыі. Затым Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ТАА "Кранахем" і ЗТАА "Кранаспан ОСБ", адказаў на ўсе пытанні, што іх цікавілі.

"Хацелася б, каб у нас больш было такіх прадпрыемстваў. Мне з вамі лёгка размаўляць, і няхай мяне пачуюць тыя крытыкі, якія наваліліся на мяне, калі мною было прынята рашэнне па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што прымаў такое рашэнне ў тым ліку з-за неабходнасці эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя лясныя рэсурсы. А разам з развіццём дзяржаўных прадпрыемстваў вялася работа па прыцягненні замежных інвестараў. "Мэта майго візіту сюды - паглядзець, як іншаземцы ў нас працуюць і якая ад гэтага карысць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што гатовы разглядаць прапановы па арэндзе лясных масіваў для нарыхтоўкі драўніны. "Бярыце ў арэнду плошчы, спачатку патроху. Пакажыце, як вы там будзеце працаваць. Гэта дарогі, аднаўленне лесу. Калі бераце на сябе абавязацельствы, калі ласка, будзем рады працаваць і перадаваць у арэнду пэўныя лясныя ўгоддзі, - сказаў ён. - І яшчэ адна ўмова: тэхніка, якая будзе працаваць у лесе і на перавозцы, - вагоны, аўтамабілі, лесанарыхтоўка, - павінна быць беларускай. Мы ўсё гэта вырабляем. Згадзіліся. Мы будзем старацца, каб гэта тэхніка працавала эфектыўна і якасна".

У сваю чаргу ўладальнік групы кампаній "Кранаспан" Пітэр Кайндл заявіў, што для развіцця яго прадпрыемстваў у Беларусі былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Таму было вырашана значна павялічыць аб'ём інвестыцый. Так, першапачаткова па інвестыцыйным дагаворы кампанія абавязалася ўкласці ў вытворчасці $150 млн і стварыць 150 рабочых месц. Але ўжо ў 2017 годзе аб'ём інвестыцый павінен перасягнуць $1 млрд, а за 2010-2016 гады было створана больш за 1 тыс. рабочых месц.

"У Беларусі нас прывабліваюць матэрыялы, сыравіна, высокаадукаваныя кадры і тыя эканамічныя ўмовы, якія стварае ўрад, - яны ідэальныя. Беларусь таксама мае ідэальнае месцазнаходжанне для арганізацыі лагістыкі. Немалаважны фактар - стабільнасць у краіне", - падкрэсліў Пітэр Кайндл.

У Прэзідэнта таксама пацікавіліся, як у далейшым будзе праводзіцца работа па прыцягненні замежных інвестараў. Аб тым, якімі перавагамі ўжо цяпер могуць скарыстацца інвестары ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка расказаў на прыкладзе наведваемага прадпрыемства. "Калі яны, як ваша прадпрыемства, працуюць сумленна, я ім паабяцаў: падтрымаем яшчэ па нейкіх напрамках. І я, і члены ўрада, і міністры ўнікаюць у сітуацыю і робяць насустрач адпаведныя рухі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым створаны спрыяльныя ўмовы для інвестараў: "Я не ведаю, што яшчэ зрабіць, каб лішні раз даказаць, што тут для ўкладвання інвестыцый створаны спрыяльныя ўмовы. У нас стабільнае грамадства, ціхая, спакойная краіна. У нас улада, згадзіцеся, не горшая. Мы не раскралі краіну, не дапусцілі абвалу. Тыя ж бяспека і стабільнасць вынікаюць з дзейнасці ўлады".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі адсутнічае праблема хабарніцтва, а адзінкавыя выпадкі імгненна выяўляюцца і спыняюцца.

У пацвярджэнне Прэзідэнт прывёў свежы прыклад - намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Бягун затрыманы па падазрэнні ў атрыманні хабару ад бізнесмена за ўвод у строй аб'екта з парушэннем патрабаванняў проціпажарнай бяспекі.

Беларусь таксама прывабная для інвестараў па прычыне наяўнасці працоўных рэсурсаў, высокага ўзроўню адукацыі. Таму ў краіне створаны ўмовы для развіцця розных галін - ад дрэваапрацоўкі да ІТ-тэхналогій. "З айцішнікамі нядаўна сустракаўся. Пагледзіце: у Беларусі па ІТ-тэхналогіях будзе ўзрыў. Мы прайшлі першы этап, калі да нас прыязджалі, заказвалі ўсялякую драбязу і мы на некага працавалі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер пастаўлена задача: тут распрацоўваем праграмнае забеспячэнне, тут ствараем вытворчасць і прадаём гатовы прадукт".

У Кіраўніка дзяржавы таксама спыталі, якіх дасягненняў ён чакае ад беларускіх вучоных у Год навукі. "Я вельмі хацеў бы, каб наша навука зрабіла прарыў у лячэнні людзей, і самае галоўнае, каб мы нарэшце перамаглі гэту страшную чуму, страшную хваробу, з якой мы не можам справіцца. Калі б тут быў прарыў і мы навучыліся лячыць ракавыя пухліны, як звычайную хваробу, гэта было б шчасце, - лічыць беларускі лідар. - Яшчэ я хацеў бы, каб нашы вучоныя вынайшлі нейкую новую крыніцу энергіі, каб мы на каленях не поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубаметр газу".

Адказваючы на пытанне аб рэалізацыі Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", Прэзідэнт падкрэсліў: дакумент не адмянялі і не прыпынялі. "Гэта няправільна кажуць. Дэкрэт № 3 сёння працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінавата была (панакіроўвалі гэтыя "пісьмы шчасця" каму трэба і каму не трэба), - прыпыніць выплату на бягучы год. Але за гэты час мы выверым усе спісы. Крайні тэрмін - 1 кастрычніка", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод станоўчых вынікаў прымянення Дэкрэта было названа тое, што людзі пачалі больш даражыць рабочымі месцамі, узрасла колькасць зваротаў у службы занятасці. "Гэты Дэкрэт - лакмусавая паперка ў сацыяльнай сферы. Ён высвеціў вельмі многія негатыўныя пытанні. Мы ад яго адмаўляцца не будзем, але прывядзём усё ў парадак, каб людзі не крыўдзіліся", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў ліку важнейшых пытанняў, якія стаяць перад органамі ўлады, назваў цэнаўтварэнне, узровень заработнай платы ў краіне і працаўладкаванне грамадзян.

"Ні ў якім разе нельга скарачаць і звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады", - заявіў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што гэта рашэнне прадыктавана не намерам застопарыць працэс звальненняў і прыёму на работу. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ёсць і нядобрасумленныя работнікі, якія не трымаюцца за работу. "Зразумела, кіраўнік такіх людзей трымаць не будзе. І не трэба. А сёння, калі я патрабую сярэднюю зарплату Br1 тыс., ужо некаторыя падумваюць: так, дадзім Br1 тыс., але скароцім энную колькасць людзей, у тым ліку нармальных работнікаў, - адзначыў Прэзідэнт. - Вось гэтага без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады рабіць нельга".

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэта звязана з неабходнасцю працаўладкавання вызваляемых работнікаў у іншым месцы. "Нельга ў цяжкі час выкідваць людзей на вуліцу. Гэта няправільна. Няхай гэта не рыначна, але пакуль мы будзем дзейнічаць такім чынам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама адказаў на пытанне аб прычынах актывізацыі ў краіне розных апазіцыйных структур, у тым ліку прадстаўнікоў так званай пятай калоны. "Ім трэба ўзбунтаваць краіну. Мара - разбурыць уладу і скінуць Прэзідэнта. Чаму - а ён не дае дзяліць краіну, заводы не прысвоіш, прыватнай уласнасці на зямлю не ўводзіць..., - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы не хвалюйцеся, краіну мы нікому не аддадзім. Мы яе будзем трымаць разам з вамі. Самы вялікі недахоп нашай так званай пятай калоны - яны вельмі ўжо далёкія ад народа".

Прэзідэнт расказаў, што актывізацыя ў Беларусі апазіцыйных структур здарылася ў тым ліку пасля яго сустрэчы з галоўным рэдактарам газеты "Народная воля" Іосіфам Сярэдзічам, які прапанаваў сесці за агульны стол з апазіцыяй і абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў прынцыпе не адхіліў гэту ідэю, але яго прынцыповая пазіцыя заключаецца ў тым, што за такім сталом павінны прысутнічаць прадстаўнікі патрыятычнай апазіцыі, якая любіць свой народ і краіну. "З іншымі я размаўляць не буду - з правакатарамі. Калі Прэзідэнт у Палац Незалежнасці за круглы стол запускае правакатараў, што падумаюць нармальныя людзі? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Таму я паставіў умовы. І гэта ўзарвала гэту апазіцыйную клааку. Тыя, хто наверсе, зразумелі, што да Прэзідэнта яны не трапяць, а за стол сядуць іншыя. А калі іншыя, значыць, іншым будуць плаціць".

"Гэта - глыбінная прычына, чаму раптам апазіцыя так моцна ў нас узбудзілася", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што заходнія арганізацыі, якія фінансуюць апазіцыю ў Беларусі, гатовы даваць грошы ў першую чаргу пры ўмове арганізацыі беспарадкаў.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб рэзанансным факце - у Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. "Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповіч. Астатнія лагеры - ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там), - сказаў Прэзідэнт. - Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў далейшым грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб гэтым факце. Ён таксама расказаў аб тым, як праваахоўнікам удалося даведацца аб існаванні такіх планаў: "Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія, знаходзячыся за мяжой - у Еўрасаюзе, папярэдзілі нас. Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала пісьмо: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы".

Цяпер трэба дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ёсць такія людзі, якім трэба ўзарваць абстаноўку ў краіне. "Я іх называю пятай калонай. Ніякая гэта не апазіцыя", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тэма бяспекі і абароны знаходзіцца выключна ў рамках прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. "Я ўдзяляю гэтаму вельмі сур'ёзную ўвагу", - сказаў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб шэрагу сур'ёзных інцыдэнтаў, што адбыліся ў сферы адказнасці органаў пагранслужбы за апошні час. "Я за свае гады не помню такой ночы, каб было пяць вялікіх здарэнняў", - сказаў Прэзідэнт.

"Насцярожвае тое, што як толькі ў нас заварушылася пятая калона... Яны і самі клічуць, і жадаючыя з'явіліся арганізаваць нам тут заварушку, - адзначыў беларускі лідар. - Вы павінны разумець, што ў свеце такіх людзей не сотні тысяч, але тысячы ёсць, - спецыялістаў, якія ўчыняюць правакацыі. Імі, вядома ж, кіруюць спецслужбы пэўных дзяржаў".

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Украіны: "Гэтыя правакатары звычайна запатрабаваны там, дзе гарачыя кропкі. Гэта яны стралялі, заводзілі натоўп. Пачынаецца паніка, таўкатня, людзі адзін на аднаго ўзлуюцца і, як снежны камяк, пачынаецца гэта абурэнне. Тады чалавеку падсоўваюць зброю, пачынаючы ад нажа і заканчваючы стралковай. І звычайны чалавек, які нібы прыйшоў патрабаваць сваё, становіцца баевіком. Гэта цэлая тэхналогія каляровых рэвалюцый".

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што нехта палічыў, што Беларусь гатова для каляровай рэвалюцыі. "Выйшлі ў Магілёве 200 чалавек на плошчу на работу прасіцца. Калі ім прапанавалі работу, яны ўсе разбегліся. Гэта значыць, ім работа была не патрэбна. Арганізавалі людзей разам з пятай калонай, і пайшла гэта хваля па буйных гарадах", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Там (за мяжой) убачылі, што ёсць попыт на правакатараў. Цяпер следства разбярэцца. Узбуджана крымінальная справа. Яны ўсяляк спрабуюць прарвацца на нашу тэрыторыю. Гэта не адзінкавы выпадак, не ў гэтым толькі годзе. Яны пастаянна то пісталеты, то кулямёты, то гранаты завозяць унутр Беларусі, - сказаў Прэзідэнт. - Я паглядзеў гэты сюжэт - там не ўсё паказалі. Мяне насцярожыла, што знойдзены аўтамат без нумара".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта сведчыць аб тым, што такая зброя была выраблена падпольна і пры выкарыстанні было б практычна немагчыма высветліць яе паходжанне. "Значыць, гэта бандыцкая зброя. Гэта мяне больш за ўсё насцярожвае", - дадаў Прэзідэнт.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовы спыняць любую проціпраўную дзейнасць і бандытызм. "Беларусы хочуць жыць спакойна і гадаваць дзяцей. Нікому гэта вайна не патрэбна, і я яе дапусціць не магу. Трэба будзе - у першай шарэнзе пайду з усімі блізкімі і роднымі. Але краіну мы на ганьбу нікому не аддадзім", - сказаў на заканчэнне беларускі лідар.

Наведваннем названага прадпрыемства ў Магілёве рабочая паездка Кіраўніка дзяржавы не завяршылася. Ён накіраваўся ў гарадскі пасёлак Копысь, дзе асабіста пракантраляваў ход сельскагаспадарчага эксперымента, пра які гаварылася на нарадзе восенню мінулага года. Тады размова ішла аб аб'яднанні некалькіх аграгарадкоў у экспартна арыентаваны высокатэхналагічны холдынг з поўным цыклам вытворчасці.