Рабочая паездка ў Магілёўскую і Віцебскую вобласці

  • 25
  • 2:00

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня ў час наведвання гаспадарак у Шклоўскім і Аршанскім раёнах азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў краіне, сучаснымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі і асабіста на камбайне праінспектаваў ход жніва.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў на пшанічнае поле ААТ "Александрыйскае" на квадрацыкле і адразу адзначыў, што гэтыя месцы выбраны для наведвання не выпадкова. "Я сёння прыехаў на работу. Гэта поле Прэзідэнта. Некалі хтосьці з лёгкай рукі гэта сказаў. Гэта сапраўды маё поле, дзе я працаваў", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта поле варта ўвагі яшчэ і таму, што размешчана адразу на тэрыторыі дзвюх абласцей - Магілёўскай і Віцебскай.

Паводле слоў Прэзідэнта, на гэтым полі ён працаваў з малых год, і ў яго захаваліся некалькі яркіх успамінаў, звязаных з цяжкай земляробчай працай. "Увогуле ўражанні не зусім добрыя па тых часах, але вельмі карысныя для цяперашняга часу", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што цяпер плошча прэзідэнцкага поля складае каля паўтысячы гектараў і некаторы час таму ён прыняў рашэнне зрабіць гэта поле эксперыментальным пры вырошчванні тых ці іншых відаў сельскагаспадарчых культур. "Давайце дамовімся, што мы, паколькі я ведаю гэту глебу, гэта поле, контурнасць, паспрабуем тут эксперыментаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У бягучым годзе ён даручыў пасеяць на гэтым полі азімую пшаніцу і гібрыднае дыплоіднае жыта сартоў замежнай селекцыі, каб ацаніць іх якасць і ўраджайнасць. У выніку на абодвух участках ураджайнасць дасягае 90-100 ц/га. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў мінулыя гады ўраджайнасць на гэтым жа полі не перавышала 13-17 ц/га. Гэта з'яўляецца пацвярджэннем тэзіса аб тым, што пры выкарыстанні якаснага насення, захаванні культуры земляробства і ўсіх тэхналагічных працэсаў практычна на любой глебе можна атрымліваць высокія ўраджаі.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым пацікавіўся, як ідуць справы ў айчынных селекцыянераў. "Мне хочацца пачуць адказ, што мы маем падобнае, і ці маем. Калі не, то калі будзем мець? Мне далажылі загадзя, што па пшаніцы ў нас праблем няма. Мы навучыліся ствараць сваё насенне, і яно па ўраджайнасці і якасці не горшае за імпартнае", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб рабоце ў гэтай сферы і запэўнілі, што сярод насення айчыннай селекцыі ёсць не горшае па ўраджайнасці, чым замежнае, і нават лепшае па асобных паказчыках.

Прэзідэнт таксама заслухаў даклады аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне і асобных рэгіёнах. "Сёння 18-е чысло. Да 20-га я сказаў, што ў асноўным мы павінны ў краіне ўбраць збожжа. Гэта з маёй практыкі - 85-87%. Але спыняцца ні ў якім разе нельга. Таму штурмам прайсціся да 100%, пакуль не ўбяром усё збожжа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама акцэнтаваў увагу на сітуацыі ў паўночных раёнах Беларусі - у Віцебскай вобласці, а таксама часткова Магілёўскай і Мінскай абласцях. Там месцамі пакуль убрана толькі палавіна ўраджаю збожжавых. "Мне патрэбны цяпер тэмпы, тэмпы і тэмпы. Ніякіх апраўданняў быць не можа. Увесь час не можа быць такое надвор'е (спрыяльнае для ўборкі), - сказаў беларускі лідар. - Таму нам трэба 90-92% на панядзелак убраць. Вызначыцеся, як будзем убіраць у паўночных раёнах".

Яшчэ адной асаблівасцю гэтага перыяду Кіраўнік дзяржавы назваў неабходнасць хуткага пераходу да пасяўных работ, каб закласці аснову добрага ўраджаю на наступны год.

І чацвёртая асаблівасць - трэці ўкос траў. "У нас добрыя травы, і іх трэба ўбраць. Цяпер трэба акцэнт зрабіць на пасяўной кампаніі і ўборцы траў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Намеснік Прэм'ер-міністра Міхаіл Русы далажыў аб сітуацыі на палях па ўборцы розных культур. Збожжавыя і зернебабовыя ўбраны на 80,2% плошчаў па краіне пры сярэдняй ураджайнасці 36 ц/га. Намалочана каля 6,3 млн т. "Сёння да вечара ўжо набяром валавы збор мінулага года", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, у бягучым годзе беларускія аграрыі атрымалі добры ўраджай і па іншых культурах. У многіх выпадках паказчыкі перасягаюць мінулагоднія.

Асобнай тэмай стала забеспячэнне аграрыяў якаснай айчыннай збожжаўборачнай тэхнікай. У свой час менавіта па даручэнні Кіраўніка дзяржавы пачалася гісторыя развіцця айчыннага збожжаўборачнага камбайнабудавання. За два дзесяцігоддзі на прадпрыемстве "Гомсельмаш" створана і асвоена вытворчасць сямі базавых мадэлей збожжаўборачных камбайнаў і 38 мадыфікацый розных класаў прапускной здольнасці.

Увазе Прэзідэнта на полі быў прадстаўлены камбайн КЗС-1624-1, які займае верхнюю ступень мадэльнага рада камбайнаў "Палессе". Кіраўніку дзяржавы далажылі аб тэхнічных асаблівасцях мадэлі і вопыце яе эксплуатацыі ў палявых умовах. Аляксандр Лукашэнка даручыў канструктарам ужо да наступнай уборачнай кампаніі абнавіць мадэль, устараніўшы ўсе выяўленыя на практыцы недахопы, а таксама заняцца распрацоўкай і стварэннем яшчэ больш сучаснага камбайна, які будзе запатрабаваны ў будучым.

Потым Кіраўнік дзяржавы прапанаваў выпрабаваць камбайн у рабоце. Месца камбайнера заняў адзін з работнікаў сельгаспрадпрыемства. Побач з ім размясціўся малодшы сын Прэзідэнта Мікалай. Аляксандр Лукашэнка заняў месца на пляцоўцы каля кабіны і азнаёміўся з работай тэхнікі на хаду.

"Я хачу праверыць, які гэты камбайн у эксплуатацыі. Праверым, як ён будзе на фоне іншых працаваць, каб людзі бачылі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама падкрэсліў важную ролю тых, хто эксплуатуе непасрэдна тэхніку: калі падыходзіць да гэтага з веданнем справы, то і рэзультаты будуць вышэйшыя, а тэхніка больш захаваная. "Трэба даказаць, што на гэтым камбайне можна выдаваць рэзультаты не горшыя, чым на імпартным. Шмат што залежыць ад механізатара. Галоўнае - чалавек", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У ходзе паездкі былі і нечаканыя моманты. Прэзідэнт даў журналістам, якія суправаджалі яго, майстар-клас па ўборцы збожжавых сярпом. У своеасаблівай талацэ прынялі актыўны ўдзел кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады і іншыя чыноўнікі, у тым ліку віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы.

Паўдзельнічаць ва ўборцы збожжавых традыцыйным спосабам Кіраўнік дзяржавы прапанаваў пасля таго, як журналісты арганізавалі свой флэш-моб, надзеўшы на мерапрыемства майки з арнаментам, каб падкрэсліць нацыянальны каларыт і сувязь пакаленняў, якія стагоддзямі жылі і працавалі на беларускай зямлі, вырошчвалі збожжа на палях.

Прадстаўнікі СМІ падарылі Кіраўніку дзяржавы фатаграфію беларускага камбайна ў полі. Менавіта за работай гэтай мадэлі Прэзідэнт назіраў у час наведвання гаспадарак.

У час рабочай паездкі таксама закраналіся пытанні развіцця асобных прадпрыемстваў і галін, навядзення парадку на зямлі і ў населеных пунктах.