Рабочая паездка ў Лідскі раён Гродзенскай вобласці

  • 36
  • 3:19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 17 красавіка рабочую паездку ў Лідскі раён Гродзенскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ "Шклозавод "Нёман", дзе азнаёміўся з вытворчай дзейнасцю і перспектывамі развіцця прадпрыемства. Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці і Лідскага раёна.

На прадпрыемстве Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці шклаваты і тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці хрусталю, агледзеў выстаўку вырабляемай прадукцыі, сустрэўся з працоўным калектывам.

У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі вельмі важна захаваць працоўныя калектывы на прадпрыемствах. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў аказаць фінансавую падтрымку з рэспубліканскага бюджэту і накіраваць сродкі ў вобласці, каб губернатары на месцах размеркавалі гэту падтрымку для тых суб'ектаў гаспадарання, якія ў гэтым маюць патрэбу.

"Самае галоўнае цяпер, звярніце ўвагу, перажыць гэты, як я кажу, псіхоз і захаваць працоўныя калектывы, чаго гэта ні каштавала б", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на наступным тыдні плануецца абмеркаваць эканамічныя меры падтрымкі прадпрыемстваў. Пры гэтым сродкі будуць накіраваны на месцы. "Таму што з Мінска не так бачна, што адбываецца ў Гродне або Віцебску. Губернатары настойваюць: "Мы ведаем, каго падтрымаць. Калі вы хочаце нам дапамагчы, дайце нам грошы, якія вы там дзяліць будзеце". Я абсалютна падтрымліваю гэту пазіцыю. Грошы мы аддадзім вам, а вы ўжо тут глядзіце, каму дапамагчы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што цяпер трэба нацэліць дзяржаўную падтрымку ў першую чаргу на вялікія прадпрыемствы. Пры гэтым важна захаваць працоўныя месцы для людзей. "Нам "Белавія" трэба падтрымаць. Яны ж не могуць лятаць, калі аэрапорты закрыты, - прывёў прыклад Прэзідэнт. - Яны і так малайцы - дапамагалі, паслугі аказвалі". Вялікі аб'ём работы авіякампанія правяла для вяртання на радзіму грамадзян Беларусі і іншых краін з розных рэгіёнаў свету.

Прэзідэнт запэўніў, што садзейнічанне з боку дзяржавы будзе аказана тым, хто ў цяперашняй складанай абстаноўцы і сам не сядзіць, склаўшы рукі, а шукае выйсце. "Людзі павінны разумець, што гэты няпросты час, які нам дастаўся (гэта наша бяда, не наша віна), трэба перажыць, - сказаў ён. - Людзі павінны разумець, што яны самі павінны варушыцца".

"Я гляджу: у Мінску ў нас шмат вакансій, вадзіцеляў не хапае, кур'ераў не хапае, медыцынскіх работнікаў не хапае, прычым рознага ўзроўню. Ідзіце і працуйце", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што многія з краін, якія прынялі абмежавальныя меры з-за каранавіруса, пачынаюць паступова аднаўляць работу эканомікі. Беларусі, з аднаго боку, прасцей у гэтым плане, паколькі эканамічная дзейнасць у краіне не была поўнасцю спынена, аднак ёсць і свае складанасці. "Вядома, нам складаней, чым Расіі. Яны на канікулах, а трубы працуюць. Хоць цана ўпала (на нафту. - Заўвага), але, тым не менш, валюта паступае. У нас гэтага няма", - адзначыў Прэзідэнт. Ён папярэдзіў, што дабрачыннасці з боку дзяржавы чакаць не трэба: "Грошай лішніх няма. Ніхто не раскрые мяшок і высыпаць грошы не будзе".

"Людзі павінны паклапаціцца аб сваёй сям'і, аб тым, дзе зарабіць невялікую капейку, - прадоўжыў ён. - А дзе трэба падтрымаць, вядома, падтрымаем, у залежнасці ад каштоўнасці, важнасці таго ці іншага бізнесу і, галоўнае, у залежнасці ад таго, наколькі яны самі будуць сябе ратаваць".



У час сустрэчы з працоўным калектывам Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падтрымку шклозаводу "Нёман" і заявіў аб пашырэнні вытворчасці. "Вы малайцы, што працуеце. У вас ёсць перспектыва", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт, у прыватнасці, адзначыў, што на прадпрыемстве арганізаваны выпуск шклаваты, на якую вялікі попыт на рынку, гэта імпартазамяшчальная прадукцыя. "Таму я прыняў рашэнне аб будаўніцтве яшчэ аднаго цэха тут. Грошы мы знойдзем для гэтага. Але самае галоўнае, што тая прадукцыя, якую вы будзеце вырабляць, яна патрэбна не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець і пытанне адтэрміноўкі плацяжоў па даўгавых абавязацельствах прадпрыемства. "Што датычыцца вашых даўгоў, я разгледжу праект Указа (ён у мяне на стале), наколькі вам адтэрмінаваць, каб вы маглі разлічыцца з дзяржавай. Вы ж разумееце, медыкам і ўсім трэба плаціць, і лякарствы трэба купляць - усё гэта за бюджэтныя грошы. А каб вам даўгі адтэрмінаваць, гэта трэба туды, дзе вы ўзялі, пакласці за кошт некага. Мы вас падтрымаем у гэтым плане, але майце на ўвазе, што вам трэба ўпірацца", - сказаў ён.

Кіраўніку дзяржавы ў час рабочай паездкі таксама далажылі аб праекта рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М6 Мінск - Гродна і перспектывах развіцця дарожнай інфраструктуры. Мадэрнізацыяй трасы М6 займаліся беларускія падрадныя арганізацыі холдынга "Белаўтадар". У пікавыя дні на аб'екце працавалі да 1,1 тыс. чалавек і да 550 адзінак тэхнікі. Асноўны ўчастак дарогі працягласцю 154 км рэканструявалі за 2,5 года без перапынкаў у руху па ёй. Кошт будаўніцтва склаў $219 млн.

У гэтым годзе запланавана пачаць маштабную мадэрнізацыю аўтадарогі М7 на Вільнюс, будаўніцтва моста праз раку Заходні Буг у Дамачаве (на парытэтных умовах з Польшчай), рэканструкцыю 12 першачарговых мастоў.

На неабходнасць хутчэйшай мадэрнізацыі мастоў Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу. "Гэта нават важней, чым барацьба з каранавірусам. Псіхоз павінен быць вакол мастоў. Нам трэба за кароткі прамежак часу ўсе гэтыя масты аднавіць, - сказаў ён. - Трэба абавязкова пачынаць масава працаваць". На думку Прэзідэнта, на такіх аб'ектах ёсць магчымасць задзейнічаць значную колькасць спецыялістаў, прыцягнуць будаўнікоў, каб у бягучай няпростай эканамічнай абстаноўцы забяспечыць людзей працоўнымі месцамі, заработкам.

Размова ішла таксама пра будаўніцтва дарогі з Мінска ў Смалявічы. Прэзідэнт даручыў пасля завяршэння ўзвядзення новай трасы прадоўжыць работы і давесці дарогу да Барысава. "Тут, відаць, і спыняцца не давядзецца. Трэба планаваць, каб ісці да Барысава, адразу, з колаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць эканомнага расходавання сродкаў пры рэканструкцыі дарог, праектавання іх з рацыянальным падыходам, без канструктыўных празмернасцей, а таксама безумоўнае забеспячэнне высокай якасці дарожнага пакрыцця.

Акрамя таго, у ходзе рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сітуацыі, выкліканай распаўсюджваннем каранавіруса. Ён заявіў, што ў Беларусі з ёй спраўляюцца. "Самае галоўнае - мы пакуль спраўляемся. Сёння маленькі праменьчык надзеі засвяціўся. Асабліва ў Мінску. У нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей. Самае галоўнае - не дапусцілі ўсплёску", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Краўцова, Прэзідэнт сказаў: "Па заразе, ведаю, лепш за іншыя вобласці выглядаеце. Пакуль малайцы. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. Таму што вы бачыце, што гэты COVID ператварыўся ў палітыку. Я гэтага чакаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам, у тым ліку за мяжой, выказваюцца нараканні, што ў Беларусі не змагаюцца з каранавірусам так, як усе. "У той жа час не ведаючы аб тым, як мы наогул жывём тут і як змагаемся. Асабліва нашы родныя браты на ўсходзе ўжо так заклапочаны... Таму ні ў якім выпадку расслабляцца не трэба. Не тое што сяброў, а нават тых, хто спачувае, у нас у свеце вельмі мала, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Не тым шляхам пайшлі, бачыце. Каб ісці шляхам Беларусі, трэба мець сістэму. А сістэму, нават у постсавецкіх рэспубліках, акрамя нас, разбурылі цалкам. Інфекцыйныя бальніцы знішчылі, спецыялісты раз'ехаліся, мікрабіёлагаў, вірусолагаў, эпідэміёлагаў ніхто не рыхтаваў. Цяпер пажынаюць плады. І ў нас камяні кідаюць".

Аляксандр Лукашэнка ў якасці станоўчага моманту адзначыў, што ў краіне пачалі самастойна вырабляць тэсты для выяўлення каранавіруса і яны аказаліся больш дакладнымі ў параўнанні з некаторымі замежнымі. У гэтым плане Прэзідэнт згадаў тэст-сістэмы расійскай вытворчасці, дакладнасць якіх па прызнанні саміх расійскіх урачоў складае ўсяго каля 60%.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: Беларусь паслядоўна ідзе выбраным шляхам у плане процідзеяння распаўсюджванню каранавіруса. "Гэта вельмі цяжкая і затратная работа - змагацца ачагова. Не ізалюючы людзей, не выпісваючы пропускі, калі Маскву спынілі наогул. Мы гэтым шляхам не пайшлі", - заўважыў беларускі лідар.

"Стойка, але, што дзіўна, як я пажартаваў, што трактар вылечыць, - дзякуй богу, у вёсцы ў нас ўсе жывыя-здаровыя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці займацца эканомікай. "Глядзіце эканоміку, каб у нас не абвалілася вытворчасць", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. Тое ж самае датычыцца і сельскай гаспадаркі. "Пнеўманія пройдзе, а хлеб жа патрэбны. Я нават не хвалююся за вёску. Мы спрацуем. А прамысловасць... Таму што вакол усё спынілася", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што важна разумець, што будзе пасля пандэміі: "Таму мною прынята рашэнне ні ў якім разе не закрываць краіну і не спыняць вытворчасць. Таму што спыніць проста, нават можна потым і запусціць хутка, толькі потым не будзе куды ісці са сваёй прадукцыяй. Рынкі зоймуць іншыя - больш багатыя і тыя, хто хутчэй раскруціцца".



Кіраўнік дзяржавы заклікаў звяртаць асаблівую ўвагу на захваральнасць на пнеўманіі, якая ўключае і наступствы ад заражэння каранавірусам. Паколькі прамаруджванне з лячэннем у любым выпадку можа выклікаць сур'ёзныя ўскладненні. У гэтым плане Прэзідэнт яшчэ раз выказаў удзячнасць у адрас урачоў.

Аляксандр Лукашэнка параіў не спрабаваць перанесці хваробу на нагах, займаючыся самалячэннем. У цэлым жа ў Беларусі ёсць дастаткова месцаў у лячэбных установах, добрая забяспечанасць апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, расказаў ён.

"Вы нават не ўяўляеце, наколькі я паглыблены ў гэту праблему. Не тое што кожнага загінулага, я ведаю ўсё - дзе, у якім раёне, колькі чалавек за суткі захварэла. Усе адказныя работнікі, вышэйшыя службовыя асобы працуюць у рэгіёнах, дапамагаючы ўрачам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы спраўляемся. Але вы будзьце больш асцярожнымі. Там, дзе трэба сябе паберагчы, трэба паберагчы", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб неабходнасці пачынаць вучэбны працэс у школах з наступнага тыдня. "Трэба акуратна глядзець за людзьмі і наконт адукацыі, школ і іншага, трэба пачынаць вучыцца. Але павольна, спакойна. У вёсцы няма праблем (ну і трэба ж разумець, што мы дзетак кормім і ўсе на пасяўной, куды дзяваць дзяцей). І праблем там няма. ВРВІ ўжо скончыліся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму могуць недзе займацца - няхай займаюцца. Калі ў горадзе, то тыдзень павінен пайсці на павольнае ўцягванне дзяцей да канца тыдня пасля Вялікадня ў адукацыйны працэс. Трэба паступова пачынаць вучыцца. А той тыдзень хто індывідуальна, хто ў школу прыйдзе... Але трэба раскручваць гэты працэс", - лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што па яго даручэнні ў Мінску і абласных цэнтрах з наступнага тыдня будзе паступова адноўлены адукацыйны працэс у школах. "Яны гэты тыдзень пачнуць, так сказаць, з навучання на адлегласці, індывідуальна. Але да канца тыдня яны павінны ўвайсці ў вучэбны працэс, як усе. Ім тыдзень на гэта. І будзем вучыцца ў суботу, гэта будзе вучэбны дзень. Не проста так - працоўнае навучанне, факультатывы і іншае, а поўны вучэбны дзень, таму што мы крыху адсталі (тыдзень жа прагулялі лішні). І першага чысла (1 мая. - Заўвага) таксама будзем вучыцца, а другога і трэцяга (2 і 3 мая. - Заўвага) будуць выхадныя для дзяцей у школах. Мы гэтыя два дні возьмем - і тады нам, можа, нават не спатрэбяцца адзін-два дні ў чэрвені", - заявіў Прэзідэнт.

"Нехта з бацькоў вырашыць сваё дзіця не пускаць. Што ж, я яго прымусіць не магу. Гэта ж ваша дзіця, я ведаю, што такое дзіця. Вы глядзіце самі", - звярнуўся да бацькоў Прэзідэнт. Ён расказаў, што яго малодшы сын вучыцца ў 9-м класе і актыўна рыхтуецца да экзаменаў. Нават у час дадатковых канікулаў ён прадоўжыў адукацыйны працэс. "Ён тры дні адпачыў і зноў пайшоў у школу. І я так назіраю: калі сын Прэзідэнта так імкнецца ў школу, напэўна, ён не адзін", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што доўгая адсутнасць заняткаў негатыўна ўплывае не толькі на асваенне дзецьмі вучэбнага матэрыялу, але і на паводзіны. "Калі ты прапусціў - не навярстаеш потым, гэта па-першае. Па-другое, псіхалагічна дрэнна для дзяцей. Яны прывыклі ўжо да вялікіх канікулаў, і ім уцягнуцца ў вучобу праблема. А тут яшчэ кароткая чацвёртая чвэрць, хутка чарговыя доўгія канікулы", - заўважыў Прэзідэнт.

Што датычыцца арганізацыі працэсу дыстанцыйнага навучання ў ВНУ, то зрабіць гэта прасцей, чым у школах, таму што там моладзь больш мэтанакіраваная, адказная. Некаторая занепакоенасць адносна ВНУ і школ ёсць наконт выкладчыкаў старэйшага ўзросту. У сувязі з гэтым кіраўніцтва навучальных устаноў павінна прымаць індывідуальныя рашэнні на месцах.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць аховы і забеспячэння ўсім неабходным медперсаналу. "Галоўнае - захаваць урача і забяспечыць яго аховай, пачынаючы ад маскі і заканчваючы акулярамі, рэспіратарам - усім, што неабходна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ёсць дастатковая забяспечанасць не толькі сродкамі аховы, але і медыкаментамі для лячэння пацыентаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што для падтрымкі медыкаў у цяперашніх умовах падпісаны Указ, у адпаведнасці з якім яны будуць штомесяц атрымліваць добрыя надбаўкі.

Гаворачы аб вытворчасці ахоўных сродкаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер на іх высокі попыт ва ўсім свеце, а таму ў краіне стараюцца максімальна наладзіць выпуск айчыннай прадукцыі. "Мы прадпрыемствы перабудавалі на вытворчасць масак - 2,5 млн у суткі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту на шклозаводзе падарылі хрустальнага бусла. "На самалёт падобны. Дзякуй!" - адрэагаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэты падарунак будзе размешчаны ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. "Гэта мне падарылі, зразумела. Але гэты падарунак у Палацы Незалежнасці заўсёды будзе людзям нагадваць, што ў нас ёсць такі цудоўны пасёлак (Бярозаўка, дзе размешчаны шклозавод. - Заўвага). І вы такія добрыя людзі, якія цэніце сваю краіну і хочаце жыць і працаваць у гэтай краіне", - адзначыў беларускі лідар.

"Жывіце спакойна. Не хвалюйцеся. Жыццё не падманеш. Яно ўсё роўна будзе развівацца па сваіх законах. Калі  нерваванне скончыцца, мы пагаворым на гэту тэму. У мяне ёсць шмат, што сказаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.