Рабочая паездка ў Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці

  • 19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 верасня зрабіў рабочую паездку ў Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі і станам спраў у галіне вытворчасці і перапрацоўкі лёну.

Спачатку Кіраўнік дзяржавы наведаў тэрыторыю сельгаспрадпрыемства "Чарняхоўкі-Агра". Прэзідэнту ў цэлым па краіне і рэгіёне далажылі аб бягучых работах у вёсцы, ступені забяспечанасці ўгнаеннямі, нарыхтоўцы кармоў. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тэмпах пасяўной на поўначы Беларусі - Віцебскай вобласці, каб з улікам умоў надвор'я завяршыць сяўбу азімых у аптымальныя тэрміны. "Найважнейшае пытанне сёння - пасеяць. Таму да 1 кастрычніка трэба ўсё завяршыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў рацыянальна падысці да пытання ўборкі кукурузы, вызначыўшы стратэгію ў гэтым плане: што нарыхтаваць на зерне, а што на сілас, у залежнасці ад умоў і патрэбнасцей на месцах. "Трэба мець на ўвазе, што тут гібка трэба рабіць. Кукуруза ў гэтым годзе вельмі добрая. Няхай на месцы разбіраюцца губернатар, старшыня райвыканкама і кіраўнік гаспадаркі. Але самае галоўнае цяпер убраць палі, якія могуць быць падтоплены пасля дажджу, каб не страціць кукурузу", - сказаў ён.

Асобна размова ішла аб уборцы бульбы. Як далажыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько, бульба ўбрана больш як на 40% плошчаў. Ураджайнасць вышэйшая, чым у мінулым годзе, - каля 325-330 ц/га. Ідзе закладка ў стабфонды.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба імкнуцца да большай ураджайнасці па гэтай культуры, і ў краіне ёсць паспяховыя прыклады работы ў гэтым напрамку. "На маім фермерскім эксперыментальным участку палавіну ўбралі - амаль 600 ц/га. І ў добрых фермераў такая ўраджайнасць. А 300-320 ц/га ўжо мінулы этап. Трэба мець хаця б 400-450 ц/га, правільна, тэхналагічна сеяць. Я пераканаўся на сваім полі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту таксама далажылі аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці, сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці дакладнага выканання намечаных планаў: "Трэба ўсё выконваць. Шукайце дадатковыя рэзервы і рабіце. Але не на паперы".

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ў параўнанні як айчынную, так і замежную сельгастэхніку для ўборкі і драбнення зялёнай масы кукурузы. Было адзначана, што якасць айчыннай тэхнікі ў цэлым адпавядае патрэбнасцям аграрыяў. Аднак канструктары прадаўжаюць работу па ўдасканаленні асобных агрэгатаў.

Затым Прэзідэнт наведаў ААТ "Карэлічы-Лён". Яму далажылі аб вытворчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна адазваўся аб ільнаводчай галіне ў Гродзенскай вобласці ў цэлым. Ураджай з 7 тыс. га плошчы лёну перапрацоўваюць два заводы. "Яны цяпер поўнасцю мадэрнізаваныя, паспяваюць поўнасцю перапрацаваць практычна ўсю трасту, якую атрымліваюць, - сказаў ён. - Гэта значыць яму (губернатару Гродзенскай вобласці. - Заўвага) не патрэбна цяпер ніякая мадэрнізацыя па лёне, ніякая навука, каб пасеяць-убраць і гэтак далей. Ідэальная сістэма".

Аднак такая абстаноўка не ва ўсіх рэгіёнах, размова ішла ў прыватнасці пра Віцебскую вобласць. "Навошта восем заводаў на 13 тыс. га?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. Ён запатрабаваў, каб Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, члены Урада разабраліся ў сітуацыі, тым больш што размова пра аптымізацыю льняной галіны і мадэрнізацыю прадпрыемстваў ужо вядзецца не першы год. "Гэта нікуды не варта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ведаю, што такое лён. Таму вы разбярыцеся, каб дакладна разумелі".

"Думаю, чатыры заводы дастаткова. Калі маленькія ёсць, якія нармальна працуюць, няхай працуюць. Не трэба іх кранаць. Можа, і восем патрэбна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы і яшчэ раз запатрабаваў прадметна і глыбока прааналізаваць эфектыўнасць работы льнозаводаў у Віцебскай вобласці.

На заводзе ў Карэлічах Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі льнотрасты, узорамі выпускаемай прадукцыі. Асабліва было адзначана, што на прадпрыемстве наладжана безадходная вытворчасць, асвоены выпуск дадатковай рэнтабельнай прадукцыі. "Перапрацоўваць трэба ўсё так, як робіце вы: атрымліваць пелеты з кастрыцы, шпагат, вяроўкі, ільняны алей. Усё гэта трэба адрадзіць, як некалі было", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

"Як у Карэлічах, так павінна быць на ўсіх ільнозаводах па ўсёй краіне. Лепш не трэба. Вось гэта зрабіце і ўсё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паабяцаў пры неабходнасці аказаць падтрымку льнозаводам у пераабсталяванні, у тым ліку фінансавую. "Мы скапіруем гэту сістэму, калі гэта патрэбна, у іншых абласцях", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Яму таксама прадэманстравалі сельгастэхніку, вырабляемую і адноўленую на прадпрыемствах ААТ "ГроднаАблсельгастэхніка". Ужо ў ходзе размовы з работнікамі льнозавода ён станоўча ацаніў гэты вопыт. "Малайцы! Зрабілі холдынг. Старыя рамзаводы падцягнулі, сельгастэхніку паднімаеце, якія я запатрабаваў аднавіць. "Сельгастэхніка" - гэта цэнтр, дзе павінны дапамагаць людзям і гаспадаркам. Толькі па цэнах трэба глядзець, каб не адштурхнуць, - адзначыў Прэзідэнт. - Расія сёння рухавікі прывозіць - па імпарце паназакуплялі тэхнікі, а працаваць ніхто ўжо не ўмее. Яны рухавікі "мерседэсаўскія" прывезлі ў Беларусь рамантаваць".

"Гэта значыць вы ствараеце сістэмы. І гэта характэрная рыса вашага губернатара (Уладзіміра Краўцова. - Заўвага). Я даўно яго ведаю. Малайчына. Трэба заўсёды сістэмы ствараць. І ў Гродзенскай вобласці гэта ўсё ўмеюць рабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У пачатку размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства Прэзідэнт абазначыў правільнасць прынятага раней рашэння аб тым, каб захаваць і развіваць ільняную галіну ў краіне. "Раней я думаў: вось мы ўвязаліся ў гэту "вайну" па выратаванні льнаводчай галіны, а, можа, на рынку будзе непрыдатная гэта прадукцыя... Я перажываў за гэта, таму што грошай уклалі нямала. Але сёння мы перакананы ў тым, што зрабілі правільна. У Беларусі лёну быць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Каб перапрацаваць і загрузіць ільнокамбінат у Оршы, нам трэба 50-52 тыс. т валакна. Мы яго ў гэтым годзе атрымаем. І нядрэннай якасці. Вось тая планка, ніжэй за якую мы ў будучым апусціцца не павінны".

"Лён - палітычная культура. Не я ж яго выносіў на герб краіны. Таму загубіць гэту вытворчасць мы не можам. Мы можам толькі больш сур'ёзна займацца гэтым і ўжо не ісці шырокім фронтам (павялічваючы пасяўныя плошчы пад лён. - Заўвага), а інтэнсіфікаваць працэс вырошчвання і перапрацоўкі лёну", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, мэта адна - у гэтым годзе расставіць усе акцэнты і паставіць кропку ў перапрацоўцы і вырошчванні лёну. "Каб далей вы самі маглі жыць і развівацца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пакуль яшчэ айчынныя льняныя тканіны недастаткова актыўна ідуць на экспарт, у той час як лён вырошчваюць не так шмат дзяржаў. У іх ліку Францыя, Бельгія, Германія, Польшча, Расія. "Больш на поўдзень ніхто не робіць тканіны з лёну. Можа, і робяць, але купляюць сыравіну ў нас. Усё трэба перапрацоўваць у сябе, рабіць тканіны добрыя", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У пацвярджэнне якасці беларускай прадукцыі Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што на Аршанскім ільнокамбінаце робяць добрую прадукцыю з ільняной тканіны, якую ён часта дорыць высокім замежным гасцям: "Яны ахкаюць і войкаюць. Пытаюцца, дзе гэта можна купіць. Гэта сведчыць аб тым, што мы не ўмеем прадаваць свой тавар. Давядзецца вучыць тых, хто павінен гэтым займацца".

Работнікі прадпрыемства спыталі Прэзідэнта аб перспектывах выпуску беларускай прамысловасцю больш прадукцыйных машын для вырошчвання і ўборкі лёну.


"Гэта ў свой час было маё даручэнне. Калі я ўбачыў бельгійскія і іншыя машыны, зразумеў, што мы іх не ў хуткім часе вырабім. Былі выдзелены сродкі, каб іх закупіць, і іх закупілі", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы можам і самі вырабіць такія лініі, але гэта будзе вельмі дорага. Нам, каб рэнтабельна, прыбыткова было вырабляць, трэба ў вялікай колькасці іх прадаваць. Навошта нам сёння спаборнічаць з бельгійцамі, якія далёка пайшлі? Мы гэтыя лініі вырашылі купіць".

"Пачынаючы ад насення і заканчваючы валакном у вас і тканінамі ў Оршы, мы яшчэ раз па ланцужку пройдземся ў плане забеспячэння гэтых працэсаў тэхнікай", - дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца тэхнікі для сяўбы і ўборкі лёну, то Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання разам са спецыялістамі трэба будзе высветліць, чаго не хапае і як вырашыць праблему. "Нам патрэбны камбінаваны агрэгат, які адразу б і рыхтаваў глебу, і высяваў. У нас ёсць такі па сяўбе збожжавых культур. Чаму не можам прыстасаваць яго для вырошчвання лёну - можам, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Я сюды прыехаў, каб гэту тэму яшчэ раз вывучыць, усім даручэнні раздаць і каб мы на працягу года-двух маглі вырашыць праблему".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на якасць насення: "Кажуць, імпартнае ў гэтым годзе крыху лепшае, чым айчынныя сарты. Гэта мы будзем разбірацца з вучонымі. Мы з імі разбяромся канчаткова - могуць яны атрымаць такія сарты, каб былі не горшыя за імпартныя, ці не".

Цікавіла работнікаў ільнозавода і меркаванне Прэзідэнта адносна набіраючай абароты парламенцкай выбарчай кампаніі. Адна з работніц выказала меркаванне, што цяперашняя выбарчая кампанія нечым пачынае нагадваць ток-шоу, і пацікавілася, як Аляксандр Лукашэнка ставіцца да так званых праўладных кандыдатур.

"Мы выбарчую кампанію правядзём, як заўсёды, спакойна, ціха. Нягледзячы на жаданне некаторых надаць афарбоўку шоу", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, некаторыя лічаць, у тым ліку на Захадзе, што калі выбарчая кампанія праходзіць шумна, то гэта дэмакратычна. "А я лічу, што краіну расхістваць нельга", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, напрыклад, Расія можа дазволіць расхістаць сябе на пэўны перыяд. "Пахісталіся крыху, але ж труба працуе ў гэты час. І прыродны газ пампуюць на экспарт, і нафту, і золата (здабываюць. - Заўвага). У нас гэтага няма. Таму нам не трэба расхіствацца, хістаць саміх сябе і іншых. Нам трэба справай займацца. Таму што калі мы будзем хістацца год, то наступныя два-тры будуць страчаны", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён дадаў, што не хоча зрабіць дрэнна для краіны, таму беражэ яе ад расхіствання.

Што датычыцца так званых праўладных кандыдатур, Прэзідэнт адзначыў, што ніколі не ўтойваў наяўнасць людзей, якіх улада падтрымлівае, у тым ліку зыходзячы з неабходнасці фарміравання складу парламента, які прадстаўляў бы ўвесь зрэз грамадства як з пункту гледжання ўзросту, так і прафесійнай кампетэнцыі.

"Парламент прымае законы, і гэтыя людзі павінны разумець, што мы прымаем. Уявіце: прыйшлі гэтыя крыкуны, якія нічога ў жыцці не разумеюць... Якія будуць законы? Вядома, Прэзідэнт падпісвае закон, і я ніколі не прапушчу той закон, які на шкоду людзям. А ўсім жа хочацца ўсё падзяліць, нешта перабудаваць і гэтак далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ўжо было, калі саюз разваліўся, усю краіну падзялілі. І я помню, колькі сіл мне патрэбна было для таго, каб выратаваць і захаваць гэту краіну. Каб яе алігархі і чыноўнікі, якія з'яўляюцца, не падзялілі па частках і сваім дзецям не раздалі. Таму я гавару: без мяне будзеце дзяліць".

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хоць улада на месцах падтрымлівае і прапануе пэўных кандыдатаў, але выбіраць іх будуць людзі, і нельга ў гэтым плане аказваць націск. "Не трэба так рабіць: праўладны кандыдат, прынеслі ведамасці - падпісвайцеся за яго тут. Не трэба гэтага рабіць! Людзей трэба папрасіць. Калі не хоча - і не трэба. Дэпутату патрэбна 1 тыс. подпісаў, каб вылучыцца. Або партыя, працоўны калектыў яго вылучаць. Але нельга націскаць ні ў якім разе. Бо людзі на злосць зробяць наадварот", - заўважыў Прэзідэнт.

"Усё павінна быць прыгожа і дастойна. Нам патрэбны працаздольны парламент, а не крыкуны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы правядзём гэту перадвыбарную кампанію спакойна. Гэта рэпетыцыя заўтрашняй кампаніі - прэзідэнцкай. Вось там нам падкінуць перцу. А мы павінны мазгі ў рукі ўзяць і спакойна, як заўсёды беларусы гэта рабілі, зрабіць так, як патрэбна нам. А не камусьці на захадзе, усходзе, поўдні або поўначы. Мы для сваёй краіны павінны рабіць усё, каб яна захавалася і вы больш-менш нармальна жылі. І не толькі вы. Дзеці каб ведалі, што кавалак зямлі ў іх ёсць і ніхто іх бізуном хвастаць больш не будзе", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся за захаванне ў краіне мажарытарнай сістэмы выбараў у парламент: "Мне падсоўваюць ужо прапановы парламент выбіраць па партыйных спісах. Вы будзеце ведаць у лепшым выпадку пяць партый і іх кіраўнікоў. Людзі звычайна галасуюць за лідара. А там па спісе ўжо ніхто не ведае. Яны самі паставяць там дзяцей, унукаў, палюбоўніц, палюбоўнікаў. Усіх туды прапішуць. Я сказаў не. Мы пакуль не зжылі мажарытарную сістэму".

Ён лічыць, што дэпутат павінен прадстаўляць сваю акругу і весці дыялог са сваімі выбаршчыкамі. "Ад народа. У працоўныя калектывы ідзіце, агітуйце, прасіце, каб за вас прагаласавалі", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пакуль мажарытарная сістэма працуе. "Дэпутат павінен быць прывязаны да свайго выбаршчыка, сваёй акругі. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар наведаў Гродзенскую вобласць у дзень 75-годдзя ўтварэння рэгіёна. У сувязі з гэтым яшчэ адно пытанне ад работнікаў ільнозавода датычылася перспектыў развіцця вобласці.

"Гродзенская вобласць была лепшай у Савецкім Саюзе. Яна і сёння не горшая, калі ўзяць усю постсавецкую прастору", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што бачыць добрыя перспектывы па розных напрамках. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы рэгіён можа значна прыбавіць у зборы збожжавых: "Я губернатару сказаў, што 1,2 млн т збожжавых - гэта больш, чым у мінулым годзе, але гэта не ўзровень Гродзенскай вобласці. 1,5-1,7 млн т збожжавых каласавых можна мець і 300 тыс. т кукурузы - 2 млн т, калі па зерні".

Акрамя таго, як у Беларусі ў цэлым, так і ў вобласці захавалі шматгаліновыя гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, напрыклад, у Расіі ёсць гаспадаркі, дзе атрымліваюць выдатную пшаніцу, ёсць, у асноўным прыватныя, кампаніі, якія вырабляюць добрую мясную прадукцыю або вырошчваюць нядрэнныя яблыкі. "Ёсць асобныя. Але каб у комплексе - малако, мяса, лён, кукуруза, сад, як у "Прагрэс-Верцялішкі" (сельгаспрадпрыемства ў Гродзенскай вобласці. - Заўвага) - гэта адна шматгаліновая гаспадарка вырабляе ўсё. Гэтага ўжо ў Расіі, ва Украіне і іншых (краінах. - Заўвага) няма, усё знішчана. Але ж гэта было некалі. Толькі беларусы выратавалі і захавалі шматгаліновыя гаспадаркі. У Гродзенскай вобласці яны практычна ўсе такія", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым ён лічыць, што неабходна інтэнсіфікавацца і значна прыбаўляць. "Павінны быць лепшыя тэхналогіі. Як у лепшых фермераў у Польшчы, Германіі, Францыі. Мы праехалі па ўсім свеце і навучыліся гэта рабіць. Усё Гродзенская вобласць умее рабіць. Толькі трэба сёння дабаўляць. Калі так задачы ставіць перад гродзенцамі, то ў будучым годзе 15-20% калі дабавіце, героямі будзеце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.