Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць

  • 9

Дзяржаве неабходна дапамагчы людзям з пошукам работы, прапанаваўшы ім магчымасць заработку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 сакавіка ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гатоўнасці і пачатку веснавых палявых работ у Беларусі і рэгіёне. Менавіта пачатую пасяўную кампанію Прэзідэнт назваў галоўнай тэмай гэтай паездкі. "Колькі па плошчах не хадзі, колькі ні прыкідвайся дармаедам або яшчэ кімсьці, збожжа трэба сеяць. Без хлеба ўсе пойдзем на плошчу", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка наведаў РСУП "Саўгас "Лідскі", дзе было даложана аб выкананні даручэнняў па арганізацыі вытворчасці высокаэфектыўнай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Прэзідэнту прадэманстравалі распрацаваныя і створаныя на беларускіх прадпрыемствах машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, лінейку плугоў, выпускаемых Мінойтаўскім рамонтным заводам, а таксама першы ў Беларусі самаходны апырсквальнік вытворчасці ААТ "Лідаграпраммаш". Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што для правядзення сельскагаспадарчых работ ёсць усе неабходныя рэсурсы, у тым ліку тэхнічныя.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць строгага захавання ўсіх тэхналагічных працэсаў па падкормцы і ўнясенні ўгнаенняў пры вырошчванні сельгаскультур.

У гэтым плане абмяркоўвалася выкарыстанне азотных угнаенняў, на якія заўсёды ёсць попыт як унутры краіны, так і за яе межамі. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць будаўніцтва ў Беларусі новай сучаснай азотнай вытворчасці, у тым ліку варыяты фінансавання і геаграфічнага размяшчэння з улікам наяўнай інфраструктуры, лагістыкі, наяўнасці прафесійных кадраў. Прыкладны кошт праекта складае $1 млрд. "Ці варта канцэнтраваць каля Гродна другую такую вытворчасць? Трэба разгрупоўваць такія рэчы па краіне, але гэта не прынцыпова, - сказаў ён. - Падумайце, дзе стварыць гэту кампактную, сучасную вытворчасць".

Знаёмячыся з сацыяльна-эканамічным развіццём Гродзенскай вобласці і сітуацыяй у сферы занятасці, Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў сваё даручэнне, дадзенае раней органам дзяржаўнай улады, разабрацца да мая з працаўладкаваннем беспрацоўных грамадзян. "Калі я гаварыў, што да 1 мая трэба, каб усе працавалі, я меў на ўвазе, што вы павінны ім прапанаваць работу", - растлумачыў Прэзідэнт. Напрыклад, цяпер настаў час веснавых палявых работ, значыць, можна сфарміраваць брыгады, якія працавалі б у сельгасарганізацыях. Разам з тым неабходна прадоўжыць стварэнне новых рабочых месц на дзеючых і ўводзімых у строй прадпрыемствах, калі ёсць неабходнасць - навучаць людзей новым спецыяльнасцям.

 "Чалавек не павінен паасобку шукаць гэту работу, хоць, вядома, гэта яго справа. Але існуючая сітуацыя, калі мы таксама недапрацоўвалі ў плане занятасці людзей, насцярожвае, і з гэтага трэба рабіць вывады. Таму я і сказаў, што да 1 мая ў асноўным трэба людзей задзейнічаць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны дапамагчы людзям знайсці работу".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб сваім патрабаванні не звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады. Калі на тым ці іншым прадпрыемстве скарачаюць некалькі чалавек, кіраўнікі вытворчасці разам з органамі ўлады павінны вырашыць, куды іх працаўладкаваць.

Прэзідэнт пацікавіўся ўзроўнем заработнай платы ў рэгіёне і яшчэ раз засяродзіў увагу на даручэнні выйсці на сярэдні ўзровень зарплаты па краіне ў эквіваленце $500. "Гэта жалезабетонна трэба зрабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы таксама цікавіўся ходам рэканструкцыі аўтамабільнай трасы Мінск - Гродна. Ён звярнуў увагу, што да работ неабходна падыходзіць разумна. "Усё павінна быць па-гаспадарску", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як далажыў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, участкі аўтадарогі будуць уводзіцца ў строй паэтапна, пачынаючы з 2018 года. У далейшым уздоўж трасы Прэзідэнт даручыў пабудаваць аб'екты прыдарожнага сэрвісу, прадаставіўшы гэтыя землі інвестарам на выгадных для іх умовах.

У Лідскім раёне Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў мясаперапрацоўчае прадпрыемства ЗТАА "Арвібелагра", створанае літоўскімі інвестарамі. Яму далажылі аб стане і новых напрамках развіцця птушкагадоўлі ў рэспубліцы, прыцягненні замежных інвестыцый для стварэння новых рабочых месц і сучасных імпартазамяшчальных тэхналогій. Прэзідэнт азнаёміўся з сучасным тэхналагічным працэсам перапрацоўкі мяса птушкі.

Паводле слоў кіраўніцтва прадпрыемства, у Беларусі створаны выдатныя ўмовы для работы і інвестар плануе далейшае пашырэнне гэтага бізнесу ў краіне.

У час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Прэзідэнт адзначыў: "Мяне вельмі хвалюе, калі мы нешта недабудавалі, недзе нешта кінулі. Гэты недабуд доўга тут існаваў - да таго часу, пакуль не прыйшлі нашы родныя людзі, з якімі мы калісьці жылі ў адной дзяржаве (няважна, што ў розных жывём цяпер). Яны ўклалі вялікія грошы і пачалі вырабляць патрэбную для краіны прадукцыю. Рынак тут вельмі вялікі".

"Такія новыя рабочыя месцы нам вельмі патрэбны. І гэта добра, што нашы родныя людзі сюды прыехалі і не лічаць, што гэта чужая краіна. Мы будзем дапамагаць вам, як дапамагаем усім тым прыватнікам, з якімі мы дамовіліся, якія прыйшлі да нас і адкрылі тут вытворчасць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнесу і прыцягнення замежных інвестараў. "У нас не "кідаюць" бізнесменаў. У Беларусі гэтага няма", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, наадварот, на рэгіянальным узроўні даводзяцца заданні па прыцягненні замежных інвестыцый, а таму ўладная вертыкаль зацікаўлена ў адпаведным працэсе. "Гэта палітыка ўжо. Вы тут не як дома, вы тут - дома", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Работнікі прадпрыемства пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі абстаноўкай у краіне ў сферы бяспекі. Было падкрэслена, што ў Беларусі не дапусцяць узнікнення канфліктнай сітуацыі па ўкраінскім варыянце. "Сітуацыя ўкраінская ў Беларусі не са мной. Не магу дапусціць, каб у Беларусі паўтарыўся ўкраінскі варыянт", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у Беларусі некаму хочацца ўчыніць заварушку. "Некаму хочацца ўзарваць абстаноўку, і яны выкарыстоўваюць нашых адмарозкаў, - заявіў Прэзідэнт. - Дайшлі да таго, што, як партызаны, ямы капалі і хавалі. Хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы, гранаты і іншае. І ўсе гавораць: гэта мы патрыятызму дзяцей вучым. З баявымі гранатамі дзяцей вучыць?"

"Свярбяць у некага рукі. Але ёсць нейкі бар'ер, які ніхто не павінен пераступіць, парушаючы закон і Канстытуцыю. І калі ўлада гэтага не ўбачыць, тады гэта будзе ланцуговая рэакцыя, яе вельмі цяжка спыніць, таму што будуць уцягнуты мільёны людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што паведамленне аб правакацыі, што рыхтавалася, паступіла ад ураджэнкі Беларусі, якая пражывае ў адной з краін Захаду. "Выехалі туды людзі, знайшлі гэту жанчыну, і яна адкрыта гаворыць: я нічога не баюся, напішу заяву, каб вы былі папярэджаны. Гэта нас падштурхнула да актыўных дзеянняў, я даручыў спецслужбам неадкладна пачаць аперацыю па распрацоўцы гэтых людзей, і мы выйшлі на цэлы арсенал зброі", - сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што фінансаванне адпаведнай проціпраўнай дзейнасці ў асноўным ажыццяўлялася праз Літву і Польшчу. "Вось яны крыўдзяцца - пачулі маю заяву ў Магілёве - Лукашэнка пра Украіну, Літву і Польшчу. Але калі гэта так?! - сказаў беларускі лідар. - Амерыканскія, нямецкія фонды давалі грошы цераз палякаў і літоўцаў - большасць там грошай заставалася, але і нашы жылі і жывуць нядрэнна, усе ў асабняках, на "Мерседэсах" раз'язджаюць".

"Чаму пішуць: мы не дармаеды. Не дармаеды - дык чаго апраўдваецеся? - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта ж яны першыя дармаеды, яны баяцца, што ім трэба выходзіць з ценю і паказаць у дэкларацыі асабняк. А дзе грошы ўзяў?"

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што тых людзей, якія, выходзячы на акцыі, хацелі вырашыць нейкія свае пытанні, проста спрабавалі выкарыстаць. Таму многія, усвядоміўшы гэта, пачалі ўжо адмаўляцца ад удзелу ў такіх маючых адбыцца мерапрыемствах. "Убачылі, нават з гэтых адмарожаных (там жа не ўсе такія), што і іх таксама хацелі выкарыстаць. А калі ўбачылі гэтыя арсеналы, кажуць: не, мы не пойдзем. Пачалі адмаўляцца ад усіх гэтых мітынгаў і дэманстрацый. Зразумелі, што ўлада не спалохалася", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што інтэрнэт з'яўляецца вялікім дасягненнем, аднак ён часам выкарыстоўваецца для ажыццяўлення укідаў і штучнага разгортвання розных тэм. "Мы ўжо сёння гаворым аб інфармацыйных войнах як адным са складнікаў гібрыдных войнаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сучасныя войны мяняюць сваю сутнасць, не абавязкова перарастаючы ў гарачую фазу. "Інфармацыйныя войны праз інтэрнэт - гэта асноўнае поле бою. Хто ўмее процістаяць у гэтай вайне, той і выжывае. Гэта вельмі важна. Павінен сказаць, што мы гэтаму навучыліся некалькі гадоў таму", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У час размовы Прэзідэнта з працоўным калектывам ЗТАА "Арвібелагра" была закранута тэма будаўніцтва ва ўрочышчы Курапаты мемарыяльнага комплексу. "Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (не Брэсцкую крэпасць) мемарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мемарыял. Можа, нешта накшталт невялікай капліцы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што недапушчальна выкарыстоўваць гэту тэму ў палітычных мэтах.

Прэзідэнт закрануў нядаўнія падзеі, звязаныя са скандалам з-за планаў па будаўніцтве побач з гэтым месцам бізнес-цэнтра. "Гэта ніякіх адносін да Курапат не мела. Але гэта палітычна пачынаюць раскручваць. Вы вось у Гродзенскай вобласці жывяце і думаеце: што гэта за ўлада, на могілках далі бізнесмену зямлю. Гэта ж для таго, каб вам паказаць "шалёную ўладу" ў Мінску. А на самай справе гэта зусім было не так. Я ніколі не дазволіў бы (тым больш кожны раз езджу на работу міма Курапат) нешта будаваць на гэтых землях", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Там будзе мемарыял. Гэта будзе агульнае месца пакланення людзям, якія там загінулі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся развіццём турыстычнай сферы ў Беларусі і запатрабаванасцю нядаўна ўведзенай магчымасці бязвізавага знаходжання для грамадзян вялікага кола дзяржаў. "Калі будзе мала пяці дзён, мы ўвядзём большы тэрмін. Нам чаго баяцца? Мы адкрытая краіна, у нас адкрытая эканоміка, і людзі павінны прыязджаць сюды адкрыта - гэта нікому не шкодзіць", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бязвізавы ўезд у Беларусь быў зроблены ў тым ліку і для прыцягнення ў краіну прадстаўнікоў бізнесу з іншых дзяржаў. "Бізнесмен павінен прыехаць, і ён доўга не будзе сядзець у краіне. Яму пяць дзён хопіць. Ён прыехаў, вырашыў свае пытанні, нешта вывучыў і паехаў. Заўтра прыехаў іншы", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры гэтым пытанні бяспекі застаюцца на кантролі. Існуе спецыяльная база людзей, уезд якім па розных абставінах забаронены.

Што датычыцца турыстычнай прывабнасці Беларусі, Прэзідэнт лічыць, што галоўны здабытак краіны - гэта яе прырода і людзі. Многія турысты імкнуцца ў Беларусь за спакоем і цішынёй, асабліва прывабліваюць іншаземцаў аграсядзібы, дзе можна спакойна адпачыць у камфортных умовах. "Захавайце гэту чысціню і дабрыню нашых беларускіх сэрцаў", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.