Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

  • 42
  • 3

Прэзідэнт Беларусі 14 лютага наведаў Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат і пабудаваны на яго базе завод сульфатнай беленай цэлюлозы. Тут Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, вынікамі рэалізацыі інвестыцыйнага праекта і работай новага прадпрыемства.

Рабочыя паездкі Кіраўніка дзяржавы набываюць новы фармат. Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў той ці іншы раён на мясцовыя прадпрыемствы выязджаюць кіраўнікі рэспубліканскага ўзроўню і затым трымаць справаздачу перад Прэзідэнтам. Так ужо адбылося ў Светлагорскім раёне. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў загадзя пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, як прамысловых, так і ў сферы сельскай гаспадаркі, вытворчасці прадуктаў харчавання. Чыноўнікі падрабязна інфармавалі Прэзідэнта пра ўбачанае і стан спраў у арганізацыях.

Адразу пасля прылёту Каўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся схемай, па якой на Светлагорскі ЦКК пастаўляецца драўняная сыравіна, наколькі яе дастаткова. Прэзідэнту далажылі, што патрэбнасці растуць і ёсць неабходнасць у дадатковым чыгуначным транспарце. Аляксандр Лукашэнка даў наконт гэтага неабходныя даручэнні. "Трэба зрабіць так, каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашана ў бягучым годзе", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы асабліва звярнуў увагу, што дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскі ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны, уключаючы нізкасортную драўніну.

Як далажылі Прэзідэнту, тэхналогія на прадпрыемстве дазваляе з нізкасортнай драўніны атрымліваць запатрабаваны прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Акрамя таго, гэта энерганезалежная вытворчасць.

"Гэта наша багацце (лясныя рэсурсы. - Заўвага). Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства", - падкрэсліў беларускі лідар.

Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў далажыў аб новых перспектыўных праектах у дрэваперапрацоўцы. Аляксандр Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння і развіцця вытворчасцей, арыентаваных на максімальную глыбіню перапрацоўкі і выпуск высокаліквіднага тавару. Таксама ў прыярытэце выкарыстанне айчыннай сыравіны і вытворчасць экалагічнай упакоўкі, каб знізіць аб'ёмы выкарыстання пластыку.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці вырашаны ўсе экалагічныя пытанні пры стварэнні новай вытворчасці. "Дрэнна пахнучага няма?" - спытаў ён.

Юрый Назараў запэўніў, што праблем няма. "Інакш мы не падпісалі б акт уводу (прадпрыемства. - Заўвага)", - сказаў кіраўнік канцэрна. Ён паведаміў, што завод уведзены ў эксплуатацыю, працуе і паступова выходзіць на праектную магутнасць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная задача цяпер - атрыманне большай дабаўленай вартасці выпускаемай прадукцыі.

На сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК ён адзначыў, што Беларусь не можа заставацца ўбаку ад сусветных экалагічных праблем. "Цяпер усе жывуць экалагічнымі праблемамі, таму мы не можам быць убаку, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мне далажылі, што тут дрэнна пахне, разборкі былі жорсткія. Экалогія пытанне нумар адзін. Мы не павінны ў ХХI стагоддзі ствараць вытворчасці, ад якіх самі атруцімся і дзяцей сваіх атруцім". Ён звярнуў увагу, што завод па вытворчасці цэлюлозы ў Светлагорску аснашчаны сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем. "Тут усё зроблена па высокіх стандартах, на якія толькі здольная сусветная прамысловасць", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што з дзяцінства жыў у чыстай мясцовасці, таму асабіста надае пытанням экалогіі вялікую ўвагу. Ён разлічвае, што і на заводзе будуць прытрымлівацца такіх падыходаў і ў хуткім часе тэрыторыю ўпрыгожаць зялёныя насаджэнні. "Калі экалогія, калі чысціня - узровень людзей зусім іншы. А хадзіць бруднымі, запэцканымі, напіўся, забыўся - гэта не наша, гэта не Беларусь. Таму я вельмі ўважліва стаўлюся да экалагічных пытанняў", - заявіў Прэзідэнт.

"Запомніце: паветра, харчаванне і вада - найважнейшыя элементы для існавання чалавека і яго здароўя. Дадайце да гэтага рух. Ну, у вас гэтага хапае. Гэта ў чыноўнікаў менш руху, таму я сёння раніцай прачнуўся ў шэсць гадзін, да сямі выйшаў на лыжню (яна ў мяне яшчэ захавалася) і набегаўся там. Гэта зарад на цэлы дзень. Далей трэба нармальна харчавацца і дыхаць свежым паветрам - і будзеце здаровымі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць перагляду некаторых падыходаў і ўмоў, на якіх у Беларусь прыцягваюцца замежныя інвестыцыі. Прэзідэнт, у прыватнасці, звярнуў увагу на работу ва ўмовах свабодных эканамічных зон, калі дзяржава на працягу доўгага часу не атрымлівае ў казну практычна нічога ў выглядзе падаткаў. Вядома, ствараюцца дадатковыя рабочыя месцы, але гэта пытанне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ужо не так востра стаіць.

"Нам трэба арыентавацца на нешта істотнае. Калі ты хочаш сюды прыйсці працаваць, калі ласка, прыходзь і працуй, як працуюць усе прадпрыемствы - плаці падаткі, на прыбытак падатак, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Любыя рабочыя месцы павінны прыносіць прыбытак".

"Гэта стратэгічнае пытанне. Хопіць сюды цягнуць з усяго свету бізнесменаў, выхваляцца, што ў нас інвестыцыі. А ад гэтых інвестыцый краіна практычна нічога не мае. Не трэба параўноўваць з IT-паркам. Гэта супернайноўшае, на гэта кідаюцца ўсе. І каб іх тут утрымаць, вядома, гэты парк мы падтрымліваем, дапамагаем яму і іншае. Няхай працуюць", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК. У цэнтральным пункце кіравання ён цёпла пагутарыў з работнікамі завода. Адным з іх стаў егіпцянін Федзі Халіль, які ўжо каля 7 гадоў жыве з сям'ёй у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праз некалькі дзён будзе на радзіме ў гэтага работніка. "Мы цябе там успомнім. І нават Прэзідэнту аль-Сісі (Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі. - Заўвага) аб гэтым скажу. Абавязкова пра цябе раскажу", - сказаў беларускі лідар.



Кіраўнік дзяржавы арыентаваў калектыў на новы этап у развіцці вытворчасці. "Патрэбна глыбіня перапрацоўкі цэлюлозы. Нам трэба з яе рабіць адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы, мяшкі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб пастаўленай задачы па максімальным адыходзе ад выкарыстання поліэтылену, які шкодзіць экалогіі: "Таму трэба ад гэтага адыходзіць. Трэба ўсё запакоўваць - булкі, піражкі і іншае - у паперу. У нас гэтага дабра хапае. Але з гэтай цэлюлозы, значыць, трэба стварыць такую ўпакоўку і іншыя матэрыялы".

Прэзідэнт паведаміў аб прынятым рашэнні не пазней за бягучы год пабудаваць побач з заводам цэх, купіць неабходнае абсталяванне. "Яно не таннае. Напэўна, 80 млн еўра будзе каштаваць. Але мы пойдзем на гэтыя траты. Паставім машыну і будзем перапрацоўваць тут цэлюлозу. І такім чынам з 400 тыс.т, якія вы вырабіце, 300-350 тыс.т мы перапрацуем тут на месцы і паставім сваім прадпрыемствам. На экспарт застанецца 50 тыс.т", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Другім напрамкам, які таксама не варта адкладаць, Аляксандр Лукашэнка назваў вытворчасць віскознай цэлюлозы. "Вы на гэтым прадпрыемстве гэта можаце зрабіць. Патрэбна асіна, вольха, якія ў нас сёння няма куды дзяваць, прападаюць. І таму нам трэба паскорыцца. Мы яе тут перапрацуем", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што віскозная цэлюлоза будзе запатрабавана тут жа, на суседнім прадпрыемстве ў Светлагорску. Цяпер гэта сыравіна закупляецца па імпарце.

"Інакш кажучы ўсё, што вы тут вырабляеце сёння, вы вырабляеце за добрыя грошы. Гэта нармальна. Вам трэба вяртаць крэдыт, які вы ўзялі, разлічвацца з бюджэтам", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён асабліва падкрэсліў важнасць глыбокай перапрацоўкі сыравіны і атрымання высокаліквіднай гатовай прадукцыі. "Гэта зусім іншы ўзровень нашай краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, мэта яго прыезду ў тым, каб пераканацца, як было выканана даручэнне па будаўніцтве новага завода.

Што датычыцца папярэдніх праблем у супрацоўніцтве з кітайскай кампаніяй САМСЕ па стварэнні вытворчасці, Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў той факт, што айчынныя спецыялісты ў выніку самастойна справіліся з асваеннем магутнасцей прадпрыемства. "Малайцы. За гэта вам вялікі дзякуй! Гэта другая мэта майго прыезду - падзякаваць вам за тое, што вы, адмовіўшыся ад нядобрасумленнага выканаўцы, зрабілі гэта прадпрыемства самі і атрымліваеце сёння добрую прадукцыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на адно з пытанняў, Кіраўнік дзяржавы расказаў падрабязнасці нядаўніх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы. Іх форма была незвычайнай: спачатку лідары абмеркавалі актуальныя пытанні за рабочым снеданнем, пасля да іх далучыліся некаторыя члены дэлегацый. Затым бакі зрабілі невялікі перапынак, згуляўшы хакейны матч, і прадоўжылі сустрэчу ў пашыраным складзе. "Абмеркавалі ўсё, пачынаючы з сівых часоў", - яшчэ ў Сочы заявіў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб першым выніках.

Цяпер Прэзідэнт растлумачыў, што перагаворы пачаліся з агульнай гісторыі, потым бакі закранулі сучасныя пагрозы ў сваім рэгіёне і іншых частках свету, у тым ліку і сітуацыю ва Украіне. "Пацярпелі нашы людзі. Вайна абсалютна неразумная, бесталковая, братазабойчая. Гэтага быць не павінна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы ўсё абмяркоўвалі, супастаўляючы пункты гледжання. Я, вядома, акуратна выводзіў размову на тое, што разам мы многае зрабілі. Мы адстаялі нашу краіну. Я яму нагадаў, колькі загінула людзей, колькі вёсак было спалена разам з жыхарамі. Ён сказаў аб тым, што практычна 70% страт - расіяне".

Пасля абмеркавання савецкага мінулага кіраўнікі дзяржаў плаўна выйшлі на сучасныя праблемы ў нафтавай сферы. "Я нагадаў, што на тыя нафтаздабыўныя, газаздабыўныя свідравіны (у Расіі. - Заўвага) ляталі самалёты з Гомеля, Віцебска, Магілёва, ды і з Мінска. Тое, што мы свідравалі і стваралі ў савецкія часы, у адну ноч аказалася чужым. І мы сёння вымушаны купляць па сусветнай цане гэту прадукцыю, а Расія ў сябе прадае гэта за паўцаны або адну трэць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што Расія стала правапераемніцай Савецкага Саюза. Цяпер у краіне сабрана ядзерная зброя, уся замежная савецкая ўласнасць перайшла да яе. Іншыя постсавецкія рэспублікі ад гэтага нічога не атрымалі. "Усе грошы аказаліся там, і потым нас кінулі з савецкім рублём. Я ўсё гэта нагадаў, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы нямала зрабілі і нямала пацярпелі".


На яго думку, Расія сёння як правапераемніца СССР не павінна адыходзіць ад абяцанняў савецкага Урада. У прыватнасці, Прэзідэнт не разумее, чаму Беларусі, якая больш за ўсё пацярпела ад узрыву на Чарнобыльскай АЭС, не аказваецца падтрымка. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў расійскаму боку пастаўляць на пацярпелыя беларускія тэрыторыі газ па больш нізкай цане, чым у іншыя рэгіёны рэспублікі. "Людзі яшчэ не могуць карыстацца і драўнінай, і іншымі відамі паліва з-за гэтай бяды", - растлумачыў ён.

Першая частка перагавораў двух лідараў прадаўжалася даволі працяглы час у тым ліку і таму, што расійская дэлегацыя не змагла своечасова прыляцець у Сочы з-за дрэннага надвор'я. Аднак яе адсутнасць не перашкодзіла прадаўжэнню сустрэчы.

У пашыраным складзе на перагаворах у Сочы перш за ўсё была закранута сітуацыя, звязаная з работай Беларускай атамнай станцыі. "Вы ведаеце, што расіяне павінны былі ў 2018 годзе ўвесці першы блок, у 2019-м - другі. Але сарвалі тэрміны, а там вялікія штрафныя санкцыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Сочы Уладзімір Пуцін прапанаваў знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне, каб не пачынаць перагаворы з санкцый. Расійскі лідар таксама адзначыў, што дзяржаўны бюджэт не гатовы да гэтых выплат. "Я гавару: добрая прапанова, у мяне будзе сустрэчная. Вы сарвалі тэрміны, значыць, давайце дамовімся, што працэнт па крэдыце скароцім да таго ўзроўню, як вы будуеце ў Венгрыі, у В'етнаме (недзе каля 3%). Мы не будзем уводзіць санкцыі, і гэта якраз тое на тое і атрымаецца. І крэдыт, калі вы тэрміны сарвалі, мы пачнём выплачваць не праз два гады, а праз пяць. Лагічна? Лагічна. Неўтульна, нязручна, але вырашылі, што ў гэтым плане мы будзем дамаўляцца: іншага не дадзена. Або мы ўводзім санкцыі за пратэрміноўку (а там вялікія грошы), або яны пасоўваюцца па крэдыце. Гэта цалкам нармальна", - лічыць Прэзідэнт. Ён дадаў, што непрымання па гэтай прапанове ў расійскага боку не было.

Наступная частка перагавораў была прысвечана цэнам на газ, расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Цяпер усе папракаюць мяне ў гэтых Telegram-каналах, што Лукашэнка такі-сякі, таргуецца, хоча для сябе ўсё выцягнуць. Я нічога лішняга не хачу. Мы ў саюзе. І не толькі ў Саюзе Беларусі і Расіі, але і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Мы дамовіліся, што ў нас будзе гандаль таварамі і паслугамі без мытных пошлін. А які ж саюз, калі няма роўных умоў для людзей, прадпрыемстваў. У вас газ, дапусцім, 200 долараў, а ў такіх прадпрыемстваў у Расіі - 100 або 80. Як з імі канкурыраваць? - спытаў Прэзідэнт. - Значыць, нам даводзіцца менш паліць электрычнасці, у халадзіне працаваць, зарплату людзям меншую плаціць і гэтак далей. Вось вам і роўныя ўмовы. Вось за што я змагаюся і чаго хачу. Ні ў якім разе не танней".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у кіраўніцтве Расіі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты. Ён адзначыў, што на перагаворах з Расіяй - так было і ў Сочы - беларускі бок заўсёды патрабуе роўных умоў, таму што краіны не толькі ў Саюзнай дзяржаве, але і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. "Нічога лішняга не патрабуем, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але нам гавораць: мы розныя краіны - намёк на тое, што трэба, каб былі адной краінай. А як можна мець адну краіну з Расіяй? Вы, напэўна, чуеце: "Давайце ўключым Беларусь у склад Расіі".

Прэзідэнт перакананы, што ні беларускі, ні расійскі народы ніколі не захочуць пайсці па гэтым шляху. "Вось вы не антырасійскія людзі, а нармальныя беларусы, якія любяць, паважаюць расіян. Але пастаў перад вамі пытанне, ці хочаце вы такога аб'яднання, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі, - 120% скажуць "не", - вобразна выказаўся беларускі лідар. - І самае здзіўнае, што і расіяне мне пішуць пісьмы: "Ні ў якім выпадку не ўваходзьце ў склад Расіі". Але некаму там хочацца, каб была адна краіна, - тады будуць адзіныя цэны".

Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што ў Расіі яго папракаюць у зрыве інтэграцыі, нягледзячы на тое, што ён быў яе ініцыятарам. "А што вы разумееце пад інтэграцыяй? Я разумею: у эканоміцы інтэграцыя, гэта калі мы купляем рэсурсы ў Расіі (запасныя часткі для МТЗ, камплектуючыя для БелАЗа), робім трактары, аўтамабілі і прадаём на агульным рынку. І роўныя цэны. Вось што такое інтэграцыя. Што такое інтэграцыя на ўзроўні людзей: свабоднае перамяшчэнне, няма ніякіх граніц. Пенсіі, налічэнні - усё, як у адной краіне. Мы гэта зрабілі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.


У эканамічным плане на Беларусь у Расіі пачынаюць націскаць з розных бакоў. Нават забараняюць паказваць прадукцыю на выстаўках, адзначыў Прэзідэнт. "Ужо гавораць: уступайце ў Расію, тады мы вам паставім запчасткі, тады будуць іншыя цэны на нафту і газ. А ці будуць яшчэ? - засумняваўся ён. - Вось у чым пытанне. А не ў тым, што я не дагавораздольны".

"Сярэднія слаі ў Расіі да нас з душой. Яны прыязджаюць сюды, адпачываюць. Ім тут лепш, чым дома. Гэта найвялікшае дасягненне нашага саюзнага будаўніцтва. Навошта гнаць коней, даймаць, некуды ўключаць нас?" - задаўся пытаннем беларускі лідар.

Ён таксама пракаменціраваў канспіралагічныя тэорыі аб тым, што Уладзімір Пуцін хоча затрымацца на чале ўлады за кошт далучэння Беларусі. "Няма ў Пуціна такой мэты. А калі і была, то мы два гады таму ўмовіліся: ніякага ўваходжання Беларусі ў Расію быць не можа. Але я пажартаваў (у кожным жарце ёсць доля жарту): адзіная дзяржава магчыма - калі Расія ўступіць у склад Беларусі, калі беларускі Прэзідэнт стане Прэзідэнтам гэтай аб'яднанай дзяржавы. Не абавязкова Лукашэнка. Можа, ваш кіраўнік. А лепш за ўсё Наталля Іванаўна Качанава - першая жанчына, але надзейная будзе. Чаму мы можам туды ўступіць, а яны не? І калі б расіянам мы гэту альтэрнатыву прапанавалі, яны маглі б і не адмовіцца".

"Помніце, што ваш Прэзідэнт ніколі не стане апошнім. Пасля мяне - вы ўжо думайце, што будзеце рабіць. Але нават калі я буду жыць і не буду Прэзідэнтам, я буду змагацца за тое, каб наша Беларусь на гэтым кавалку зямлі заставалася суверэннай і незалежнай. Гэта не толькі нам - гэта нашым дзецям. Ім яшчэ жыць у гэтай краіне. Пытанне незалежнасці - гэта не толькі добра жыць. Можа, і трохі горш жыць будзем. Не будзем - не хвалюйцеся. Адышлі тыя часы. Але мы будзем жыць на сваёй зямлі, сваім розумам, мы будзем выбіраць сваіх прэзідэнтаў, фарміраваць Урад і будзем ствараць свае ўмовы для жыцця нашых людзей. Намі ніколі не будуць панукваць, мы будзем праводзіць сваю знешнюю і ўнутраную палітыку, але не на шкоду нашым суседзям і не на шкоду родным расіянам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У час перагавораў у Сочы Уладзімір Пуцін усумніўся, навошта беларускаму боку купляць нафту ў іншых краінах, калі тая яна будзе ўсё роўна даражэйшай за расійскую. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадоўжыць дыверсіфікаваць закупкі. "Каб кожны год 31 снежня ў дванаццаць гадзін ночы не стаяць на каленях, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Так быць не павінна, і так не будзе".

Ён падкрэсліў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям, тым больш калі яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане. "Мы не просім танную нафту. Мы купім па сусветнай цане і перапрацуем. І гэта выгадна для кампаній", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь прапрацоўвае пытанне паставак нафты з ЕС рэверсам па адной з ветак нафтаправода "Дружба". "Мы цяпер з Гданьска (купім у Саудаўскай Аравіі, Эміратаў, Злучаных Штатаў Амерыкі) паставім па трубе", - расказаў Прэзідэнт. Тады ўжо не Расія будзе па ім пастаўляць нафту на Захад, а Беларусь пампаваць з Еўропы.

Для паставак таксама плануюць задзейнічаць балтыйскія парты. Тут могуць аказаць садзейнічанне Злучаныя Штаты. "Я прыбалтам прапаную: мы можам купіць нафту на Балтыцы, запампаваць праз Літву або Латвію (як дамовімся), перапрацуем і забяспечым увесь прыбалтыйскі рэгіён", - раскрыў схему Наваполацкага НПЗ Кіраўнік дзяржавы. Такім жа чынам зможа працаваць і завод у Мазыры: нафта да яго паступіць праз Чорнае мора, а прадпрыемства потым забяспечыць сваёй прадукцыяй Украіну і часткова краіны Еўрасаюза.

Адказваючы на заўвагі з расійскага боку адносна дарагоўлі такіх падыходаў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час яны выдзелілі дзясяткі мільярдаў долараў на будаўніцтва Турэцкага і Паўночнага патокаў. Хоць маглі значна танней пастаўляць газ праз Украіну, нават прыняўшы дадатковыя ўмовы Кіева. Але ў Расіі заявілі, што на гэта ніколі не пойдуць з прынцыпу, і вырашылі будаваць газаправоды ў абход гэтай краіны. "Гэтак жа і я кажу "не". Мы будзем па гэтых маршрутах прапрацоўваць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты. Мы адкрыта, сумленна гаворым аб гэтай лагістыцы", - сказаў Прэзідэнт.

Па выніках перагавораў у Сочы Беларусь і Расія дамовіліся прадоўжыць работу над дарожнымі картамі па паглыбленні інтэграцыі. Аднак стварэнне палітычных і наднацыянальных органаў, аб якіх ішла размова ў апошнім дакуменце, не абмяркоўваецца, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага, - сказаў ён. - Толькі эканамічныя пытанні па інтэграцыі. Але па сапраўднай інтэграцыі, а не так, як "плявузгаюць" у сродках масавай інфармацыі ў Расіі: яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя, а інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду".

Прэзідэнт прывёў у прыклад работу над адзінымі падыходамі да падаткаабкладання: на яго думку, краіны павінны пераймаць карысны вопыт адзін аднаго, каб стварыць самы сучасны кодэкс. "Хоць падаткаабкладальная база ў нас розная: у іх ад нафты і газу, у нас ад рэальнага сектара. Розныя сістэмы, але давайце прапрацоўваць. У гэтым няма нічога дрэннага. І гэтак па ўсіх напрамках", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым перагаворы ў Сочы ён ахарактарызаваў як "строгая і шчырая размова".


У час рабочай паездкі былі закрануты і іншыя тэмы, пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Прэзідэнт адзначыў, што Гомельская вобласць у бягучым годзе павінна паказаць сваю арыентаванасць у сельскай гаспадарцы. "А ў вас для гэтага ўсё ёсць", - перакананы беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што клімат мяняецца, і неабходна з улікам гэтага выразна вызначыцца, якія культуры вырошчваць. Прыярытэт - атрыманне якасных кармавых рэсурсаў для патрэб жывёлагадоўлі. "Клімат змяніўся. Мы пераканаліся ўжо адназначна. Значыць, трэба вырошчваць тое, што вырошчвае Украіна, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Разбярыцеся ў дэталях - і неадкладна трэба рэалізоўваць".

Гэтым жа пытаннем у Прэзідэнта пацікавіліся работнікі прадпрыемства. Гаворачы аб наступствах кліматычных змяненняў для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Недзе выйграем, недзе спачатку можам прайграць, калі хутка не развернемся. Сёння ўжо абсалютна зразумела, асабліва гамяльчанам, што клімат рэзка змяніўся. Вы ўжо жывяце ў кліматычнай зоне, як раней было на поўдзень ад Кіева".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што і на сваім падворку займаецца вырошчваннем часам неўласцівых для Беларусі культур, як кавуны. Нарэшце, ёсць шмат і традыцыйных культур, як бульба, а ўраджай раздаюць людзям у розныя ўстановы. "Мы атрымалі ў гэтым годзе пад 300 т бульбы на маленькім участку. Мы таксама аддалі. У манастыр сёння-заўтра адвязуць. Аддаём людзям. Некаму насенне, паколькі гэта новыя сарты. Я асабіста нават займаюся гэтым для душы, шукаю новыя сарты", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, у жывёлагадоўлі цяпер удзяляецца вялікая ўвага авечкагадоўлі, і для гэтага ёсць прыдатныя землі з пункту гледжання кармавой базы. "Займаемся развядзеннем новых парод жывёл, каб атрымаць мяса", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што перад аграрнай сферай Гомельскай вобласці стаяць важныя задачы, і гэты год будзе вызначальным. "Або мы падымаем Гомельшчыну на патрэбны ўзровень, або будзем прымаць строгія меры ў сельскай гаспадарцы, як у Віцебскай вобласці. Але вы скаціліся вельмі сур'ёзна ў сельскай гаспадарцы. І гэта не толькі таму, што тут "чарнобыль", людзей не хапае і іншае. Слабая арганізацыя, упусцілі некаторыя пытанні", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў цяперашніх рэаліях у вёсцы не трэба шмат работнікаў. "Лішнія людзі ў вёсцы - гэта большая праблема, чым недахоп. Таму што іх трэба нечым заняць, вытворчасці нейкія адкрываць. У нас няма недахопу ў сельскай гаспадарцы. Прыйшла энерганасычаная тэхніка. Адзін трактар замяняе 10 трактароў таго перыяду, калі я працаваў у сельскай гаспадарцы. Толькі трэба гэта арганізаваць, берагчы гэты трактар", - звярнуў увагу беларускі лідар.



Работнікі прадпрыемства пасля размовы з Кіраўніком дзяржавы ўручылі яму свой падарунак. Прадстаўнікі завода перадалі Прэзідэнту пано, выразанае з беларускай беленай цэлюлозы. На карціне паказана малая радзіма Кіраўніка дзяржавы, цэнтральнае месца займае абноўлены дом, дзе Аляксандр Лукашэнка жыў са сваёй маці.

Затым Аляксандр Лукашэнка незапланавана наведаў завод жалезабетонных вырабаў і канструкцый і Светлагорскі домабудаўнічы камбінат. У час наведвання першага прадпрыемства ён запатрабаваў на рэгіянальным узроўні прыняць дадатковыя меры ў пытанні ўмацавання вытворчай дысцыпліны і недапушчэння вялікай цякучасці кадраў. Аднак гэта не азначае, што нехта кагосьці будзе сілай трымаць на вытворчасці. У ход павінны ў тым ліку пайсці меры стымулюючага характару, але на выразных і зразумелых умовах. "Што за лятучкі такія? У савецкі час такога не было... Прыйдзі, працуй, вось бытоўка, вось душавая, вось табе зарплата (не падманваю, сам не краду). Якая ёсць. Больш будзем рабіць, больш будзем зарабляць. Вось і ўся логіка", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца домабудаўнічага камбіната, то ён знаходзіцца пад працэдурай санацыі. Кіраўнік дзяржавы асабіста пабываў там і дадаткова даў неабходныя даручэнні. Абмяркоўваліся магчымыя меры па вывядзенні камбіната на ўстойлівую работу, і да гэтага ў тым ліку павінна актыўна падключыцца мясцовая ўлада. Адным з новых бліжэйшых заказаў для камбіната, як чакаецца, стане будаўніцтва новага цэха на заводзе па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК, аб чым умовіліся ў час прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

"Вялікае пытанне - гэта будаўніцтва жылля. Нам трэба вярнуцца. Гэта лакаматыў і эканомікі. Дом пабудаваў - пачынаючы ад сталяркі да люстры ўсё трэба. Таму нам трэба паглядзець, што мы можам зрабіць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.