Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

  • 15

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці рэканструяванага моста цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне.

Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, адкрыццё новых значных аб'ектаў напярэдадні свята 7 лістапада ў нашай краіне ўжо стала добрай традыцыяй. Бягучы год - не выключэнне. "Думаю, моладзь падтрымае такія нашы памкненні", - лічыць Прэзідэнт. Ён адзначыў важнасць таго, што сёння пасля цяжкай работы ўводзіцца ў строй гэты важны аб'ект. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што літаральна ў снежні мінулага года мост з-за аварыйнага стану давялося закрыць, што стала надзвычайнай праблемай для жыхароў Жыткавіцкага раёна, Турава.

Арганізаваная па патрабаванні Прэзідэнта пантонная і паромная пераправы толькі часткова вырашалі цяжкасці, якія ўзніклі. "Калі я ў СМІ ўбачыў гэту праблему, я зразумеў, да чаго яна можа прывесці. Ды і прывяла. Гэта катастрофа для людзей, якія перамяшчаюцца з аднаго берага на другі на работу, па іншых прычынах. І таму ўсё, што тут рабілася, рабілася вельмі хутка. Вы ўявіце сабе, практычна за паўгода змяніць рэчышча ракі, пабудаваць пад'язныя дарогі да паромных перапраў, затым стары мост ліквідаваць, заказаць і прывезці новыя канструкцыі, устанавіць неабходнае тэхналагічнае абсталяванне і выбудаваць новы мост - гэта вельмі сур'ёзная работа", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён прызнаўся, што, калі ставілася задача ўсё завяршыць да 7 лістапада і ўсе паабяцалі, што выканаюць, сумняваўся, ці ўдасца сапраўды рэалізаваць гэту задачу. "Але вось зрабілі нават раней, проста малайцы", - пахваліў Прэзідэнт.

"Як мне дакладваюць, сціслыя тэрміны не паўплывалі на якасць. Работнікі дарожна-будаўнічай сферы не толькі вырашылі складаныя пытанні і дабіліся пастаўленых мэт, але і набылі бясцэнны вопыт, і не толькі ўзрываць масты, хоць гэта была складаная задача. Менавіта тут упершыню былі прыменены многія наватарскія ідэі і тэхналогіі. На гэты рэзультат працавалі ўсе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт шчыра падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве. "Галоўная задача дзяржавы - забяспечыць дастойную якасць жыцця сваім грамадзянам і прадаставіць ім аднолькавыя магчымасці для паўнацэннай працы незалежна ад месца жыхарства", - заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў прадставіць да ўзнагарод будаўнікоў і кіраўнікоў, якія займаліся рэканструкцыяй моста цераз раку Прыпяць.

Урачыстая цырымонія адкрыцця абноўленага моста стала сапраўдным святам для мясцовых жыхароў, бо сапраўды за вельмі кароткі прамежак часу на дзяржаўным узроўні была вырашана вельмі важная для іх праблема.

Аляксандр Лукашэнка разам з кіраўнікамі рэгіёна і транспартнага ведамства перарэзаў чырвоную стужку на мосце, тым самым даўшы старт руху транспарту. Мясцовыя жыхары цёпла падзякавалі кіраўніку дзяржавы за такі падарунак, а мясцовыя школьнікі ўручылі Аляксандру Лукашэнку макет моста.

"Гэты мост шмат чаму нас навучыў, - сказаў Прэзідэнт. - Масты аб'ядноўваюць, у гэтым іх функцыя, яны не нясуць функцыі раз'яднання або падзелу. А гэта сутнасць нашай палітыкі - аб'яднанне".

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб стане маставых збудаванняў у краіне і перспектывах іх развіцця. У прыватнасці, Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак праінфармаваў аб найбольш важных мастах на асноўных трасах, іх 32, якія трэба рэканструяваць, мадэрнізаваць, мяняць. Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць маставых збудаванняў не толькі на дарогах рэспубліканскага значэння, але і на мясцовых. "Некаторыя мясцовыя дарогі не менш важныя, чым рэспубліканскага значэння", - лічыць ён.

Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, наяўнасць развітой транспартнай інфраструктуры - вельмі важны элемент раўнамернага развіцця рэгіёнаў Беларусі. Таму цяпер праводзіцца ацэнка стану ўсіх мастоў у краіне. Пасля абследавання будзе прынята неабходнае рашэнне.

Як даручана, у першым квартале будучага года Прэзідэнту прадставяць вынікі праведзеных даследаванняў па маставых збудаваннях, тады будзе прынята канчатковае рашэнне адносна тэрмінаў выканання работ і іх фінансавання.

"Сёння мы дамовіліся аб тым, што 3-10 мастоў мы неадкладна ўключаем у работу, ствараем калектывы і пачынаем рамантаваць і мадэрнізаваць, нешта мяняць. Гэта ў дапаўненне да тых 20 мастоў, па якіх сёння ў краіне ўжо ідуць работы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Такім чынам, прыкладна 25 мастоў на працягу года мы будзем рабіць. Сродкі на гэта мы знойдзем, калі неабходна, то возьмем з усіх праграм і накіруем іх на масты".

"Усё трэба рабіць своечасова. Да новага года ўсе абследаванні будуць завершаны, і ў першым квартале трэба будзе прыняць канчатковае рашэнне. Не трэба чакаць, пакуль мост трэсне, а неабходна ўсе работы праводзіць своечасова", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў у першым квартале бягучага года прадаставіць яму дакладны план рэканструкцыі мастоў у краіне.

У ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожных арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні моста, з жыхарамі Жыткавіцкага раёна.

Кіраўнік дзяржавы лічыць сімвалічным той факт, што новы мост цераз Прыпяць адкрыўся напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён адзначыў, што гэта вялікае свята, пра яго помняць і старыя, і сярэдняе пакаленне.

"Жыццё мяняецца, мяняюцца ацэнкі - прайшло сто гадоў. Давайце ўспомнім з гісторыі тое, што неаспрэчна, - прапанаваў Прэзідэнт. - Чаму адбылася гэта рэвалюцыя ў 1917 годзе і якія ўрокі мы павінны атрымаць з гэтага свята".

"Першае - гэта свята міру. Чаму? Помніце з гісторыі, якія падзеі на тэрыторыі нашай дзяржавы, Расійскай імперыі (туды ўваходзілі многія постсавецкія рэспублікі), разгортваліся. Ішла Першая сусветная вайна, страшэнная вайна, гінулі людзі. Вайна патрабавала вельмі каласальных затрат, эканоміка была развалена, у тым ліку дзякуючы гэтай вайне. Значыць, першая прычына Кастрычніцкай рэвалюцыі - гэта вайна. І галоўны ўрок, які мы павінны атрымаць з нашай гісторыі 1917 года, - гэта мір, мір і яшчэ раз мір. Таму што вайна вядзе да вельмі цяжкіх наступстваў. І тады гэта прывяло да развалу краіны, мы страцілі частку нашай краіны, мы гэта ведаем. Да Мінска ў нас адрэзалі ў выніку вайны, калі былі заключаны пагадненні. Заходняя Украіна, Заходняя Беларусь - мы іх страцілі. Таму гэта свята, якое стукае нам у акно, да кожнага ў сэрца і гаворыць, што павінен быць мір для таго, каб людзі маглі нармальна жыць", - перакананы беларускі лідар.

Другі ўрок, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, зноў вынікае з прычын, якія спарадзілі Кастрычніцкую рэвалюцыю. "Гэта правы чалавека, пра якія мы вельмі шмат гаворым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што сустракаўся сёння з амерыканцамі. "Я ім адкрыта сказаў, што еду да вас і чаму еду, і ў нас зайшла дыскусія па тэме Кастрычніцкай рэвалюцыі (як вы разумееце, яны зусім інакш успрымаюць усё). І я ім сказаў, што прычына - гэта вайна, таму патрэбны мір. Мы вельмі доўга дэбатавалі аб правах чалавека, і я ім прывёў прыклад падзей таго часу: вось дзе сапраўды былі парушаны правы чалавека і галоўнае . Людзі ішлі незразумела на якую вайну і гінулі. Права чалавека на жыццё было разбурана, а таксама права на працу - людзі не мелі работы, кавалка хлеба. Як яны маглі жыць і карміць свае сем'і? Пра якое права на медыцынскае абслугоўванне можна было гаварыць тады, пра якое права на адукацыю можна гаварыць? Таму адна з прычын 1917 года - гэта вайна, другая прычына - разруха. І галоўны другі ўрок, які трэба атрымаць, - гэта правы чалавека. Калі ідзе вайна, калі разбурана народная гаспадарка, калі людзі не могуць працаваць, калі хто мацнейшы прыходзіць, адбірае апошняе ў слабага - няма размовы аб правах чалавека. Таму Кастрычніцкая рэвалюцыя - гэта свята міру і правоў чалавека, сапраўдных правоў чалавека", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, можна яшчэ шмат гаварыць аб прычынах і атрыманых з той рэвалюцыі ўроках. "Але я гавару гэта, каб пачулі людзі і нашы ідэолагі і прадумалі. І мы дакладна давялі гэты сігнал да нашага насельніцтва, да моладзі, што Кастрычніцкая рэвалюцыя - гэта не пераварот, як цяпер у Расіі некаторыя кажуць. Можна назваць пераваротам, але гэта не той пераварот, які яны хацелі б бачыць тады ў нашай дзяржаве. Ім усё трэба перакрэсліць і перапісаць. Вось таму мы ў свой час, напэўна, мудра зрабілі, пакінуўшы гэта свята ў нашай гісторыі, і не кідаем у яе камяні. Вы помніце, што мы не ўсё ведаем, а адсюль і не ўсё разумеем, што тады адбывалася", - заўважыў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў Кітай і народ гэтай краіны, які не забывае таго, што было ў іх гісторыі. "Таму ніколі не кідайце камяні ў сваю гісторыю. Гэта ўсё было, і забываць нельга і дрэннае, і добрае. Аказваецца, тое, што з блізкай адлегласці здавалася дрэнным, з далёкай бачыцца па-іншаму. Таму віншую з нашым добрым святам, якое штогод стукае да нас у дзверы. Беражыце мір, людзей і іх сапраўдныя правы на жыццё, на працу, на адукацыю, на ахову здароўя, на выхаванне дзяцей!" - заклікаў Прэзідэнт.