Рабочая паездка ў Добруш

  • 31
  • 2

Пытанню імпартазамяшчэння ў Беларусі будзе ўдзелена пільная ўвага. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 лютага ў час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы".

Кіраўнік дзяржавы ў Добрушы азнаёміўся, як ідзе будаўніцтва завода па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону, які павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але аб'ект закансерваваны.

"На сённяшні дзень у чым праблема? Што засталося?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў расказаў, што завод гатовы на 90%. Засталося запусціць машыннае абсталяванне і завяршыць невялікія будаўнічыя работы.

"А навошта столькі грошай для гэтага (амаль $83 млн. - Заўвага), калі ўсё ёсць?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, палова гэтых сродкаў будзе выплачана аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая зоймецца запускам машын. Беларускія прадпрыемствы не могуць самі зрабіць гэта, паколькі ў іх няма такіх кампетэнцый: такой вытворчасці раней не было на ўсёй постсавецкай прасторы. "Аўстрыйская кампанія - лідар у гэтай сферы. Яны гарантуюць, што мы атрымаем тое, дзеля чаго будуем завод", - адзначыў Юрый Назараў.

Аўстрыйцы ў выпадку неабходнасці таксама паставяць у Добруш тэхніку. У перспектыве наладзіць вытворчасць гэтых вузлоў можна і ў Беларусі.

"Усё гэта мы павінны вырабляць у сябе, калі нам спатрэбіцца. У нас няма нафты, як у Расіі. Яны могуць купіць любыя запчасткі: ім не шкада валюты. Нам трэба валюту зарабляць, таму пажадана не вывозіць яе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур'ёзна".

Прэзідэнт на прадпрыемстве наведаў цэх дрэвападрыхтоўкі, энергацэнтр і цэх карданаробчай машыны, азнаёміўшыся з тэхнічным перааснашчэннем завода. Прычым тэматыка імпартазамяшчэння гучала на працягу ўсяго наведвання завода. На думку Кіраўніка дзяржавы, на невыкарыстоўваемых пляцоўках добрушскай фабрыкі можна было б арганізаваць вытворчасць упакоўкі з кардону, які ў хуткім часе будзе выпускацца на заводзе. На прадпрыемстве ўжо ёсць адпаведныя планы, іх дэталёва прапрацуюць у бліжэйшы час. Аднак пакуль тут, напрыклад, робяць сшыткі, а вокладкі да іх закупляюць на іншых прадпрыемствах.

"Непарадак. Усё гэта трэба рабіць у сябе. Гэта імпартазамяшчэнне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У ходзе рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў Добрушскі фарфоравы завод. Першапачаткова планавалася, што Прэзідэнт пабывае толькі на папяровай фабрыцы, але ён вырашыў азнаёміцца і са станам спраў на фарфоравым заводзе. Аляксандр Лукашэнка наведаў галоўную вытворчую пляцоўку, дзе яму расказалі аб відах выпускаемай прадукцыі і тэхналагічных працэсах.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці падтрымліваць парадак на прадпрыемстве: "Парадак на заводзе трэба падтрымліваць заўсёды. Тут працуе больш за тысячу чалавек. Так, сёння, магчыма, можна пацярпець і такую падлогу, але заўтра трэба глядзець, як давесці да розуму цэх. Увогуле, трэба правесці добры рамонт", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што прадукцыя завода заўсёды будзе запатрабавана, а значыць, прадпрыемства трэба падтрымаць. "Проста трэба абараніць свой рынак. Гэта вытворчасць заўсёды патрэбна будзе. Таму трэба вярнуцца да гэтага завода і навесці на працягу бягучага года парадак. Каб было, як у Еўропе. На гэта няшмат грошай трэба", - дадаў ён.



Ад Добрушскага фарфоравага завода Прэзідэнт атрымаў падарунак - чайны сервіз і вазу "Палацавую". Падарачны сервіз і вазу ён паабяцаў размясціць у Палацы Незалежнасці. "Будзе народ дзівіцца цяпер. Там усе падарункі", - сказаў Прэзідэнт.

У час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі Прэзідэнт паразмаўляў з журналістамі. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб сваім намеры абмеркаваць са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам работу кітайскіх падрадчыкаў, якія правалілі праекты ў Беларусі.

Падрыхтаваць спіс такіх праектаў Кіраўнік дзяржавы даручыў свайму памочніку Аляксандру Косінцу. "У мяне з Сі Цзіньпінам будзе вельмі сур'ёзная размова. Я яму ўжо неяк намякаў, а цяпер мы грунтоўна аб гэтым пагаворым. І гэтым кампаніям мала не падасца", - сказаў беларускі лідар.

Сярод праектаў, якія не былі завершаны ў Беларусі кітайскім бокам, і завод па вытворчасці кардону ў Добрушы. "Тое, што завод вельмі патрэбны і ён у найвышэйшай ступені гатоўнасці, - гэта факт. Для нас гэта чарговая навука, як трэба працаваць з іншаземцамі. Аказваецца, не ўсе яны белыя і пушыстыя. Таму ні на каго не трэба маліцца. Трэба спадзявацца толькі на сябе. А калі на кагосьці і выходзім, то трэба працаваць, як працуюць усе: няхай крыху даражэй, але гэта павінны быць фірмы з добрым імем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паставіў задачу да снежня ўжо запусціць на заводзе вытворчасць кардону. "Значыць, верасень - гэта пачатак вашага завяршэння работ, у снежні - усё, вы працуеце", - сказаў Прэзідэнт. Да гэтага часу, дадаў ён, на фабрыцы таксама трэба арганізаваць вытворчасць з кардону ўпаковачнага матэрыялу.

"Да канца года фабрыка выйдзе на работу ў нармальным рэжыме. Мы поўнасцю запусцім вытворчасць, наладзім, створым сістэму кіравання і пачнём працаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Усе работы, паводле яго слоў, у асноўным будуць завершаны беларускімі прадпрыемствамі. Запускаць абсталяванне будзе аўстрыйская кампанія.

У старых карпусах Добрушскай папяровай фабрыкі плануюць арганізаваць вытворчасць упакоўкі з новага кардону. "Мы ўмеем гэта рабіць, у нас ёсць у друкарнях кампетэнцыі, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Да канца года мы гэта пачнём рабіць ужо тут, на старых плошчах".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што, не пабываўшы на заводзе, ён не мог прыняць рашэнне аб фінансаванні завяршэння яго будаўніцтва. "Была невялікая затрымка ў сувязі з тым, што мною не быў падпісаны ўказ. А падпісваць яго я не мог, таму што не бачыў, што тут адбываецца. У цёмную я нічога не збіраўся рабіць, - заявіў ён. - Усё для таго, каб гэта прадпрыемства працавала, у нас ёсць".

Прэзідэнт дадаў, што восенню, магчыма, наведае завод і паглядзіць, як ён рыхтуецца да адкрыцця.

У час размовы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму ўзаемаадносін Беларусі і ЗША. "Я не скажу (шчыра адкажу), што амерыканцы ўжо такія ў нас вялікія сябры. Але перыяд вось гэтага холаду, калі мы глядзелі адзін на аднаго праз нейкую амбразуру, жалезабетонную тоўстую сценку, скончыўся. І нікому не трэба ў гэтым напрамку стагнаць, перажываць і рыдаць. Мы наладжваем адносіны з велізарнай імперыяй - вядучай краінай свету", - заявіў беларускі лідар.

"У Расіі заклапаціліся. А што, мы больш зрабілі з Амерыкай, чым Расія? Вы паглядзіце: яны ўзасос з імі стараюцца пацалавацца. Не атрымліваецца, праўда. Мы што, перажываем? Мы радуемся за іх, калі яны абдымаюцца і цалуюцца. Тут цэлы нейкі скандал узнялі: ах, прыехаў Дзяржсакратар! - адзначыў Прэзідэнт. - Так, прыехаў. І я не ўтойваў, я вам намякнуў, што ў нас завочна даўнія адносіны. Калі рассакрэціць усе матэрыялы, то свет нам апладзіраваць будзе. Мы з Пампеа, калі ён быў дырэктарам ЦРУ, праводзілі тут вельмі сур'ёзныя аперацыі. Яны да нас звярталіся, давалі нам інфармацыю. Мы затрымлівалі тут з ядзернымі матэрыяламі на граніцы людзей. І без іх затрымлівалі. А ў іх гэта пытанне нумар адзін".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што за гэта амерыканскі бок ацаніў Беларусь, а таксама за яе дружалюбную палітыку, прапанову падключыць ЗША да вырашэння канфлікту ў Данбасе. "Яны гэта заўважылі, ацанілі. І мне Майк (Пампеа) аб гэтым сказаў. Яны ўбачылі рэальную Беларусь. Не тую, якой нашы адмарозкі вазілі пражэкты туды і малявалі, а ўбачылі, што гэта нармальная краіна. І правоў тут хапае, і нікому жыць не перашкаджаюць", - сказаў Прэзідэнт.



Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сустракаўся за апошнія гады са многімі прадстаўнікамі ЗША высокага рангу і рознымі экспертамі, палітолагамі. Больш таго, нават ПВТ у Беларусі пачыналі ствараць з удзелам амерыканцаў.

"Але ў Расіі нашым зласліўцам няўцям акунуцца ў гэту гісторыю. Гэта значыць мы ціха, спакойна выбудоўвалі нашы адносіны", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Ён таксама расказаў гісторыю, калі ў Беларусі яшчэ былі дрэнныя адносіны з ЗША, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наведваў гэту краіну. "Там яму выказалі папрок, што з-за яго гэта дыктатура існуе ў Беларусі. І калі пасля гэтага мы з ім сустрэліся, ён мне гаворыць: слухай, ну я цябе прашу, ты з імі як-небудзь мякчэй. Я кажу: у чым мякчэй? - Не сварыся, з імі трэба наладжваць адносіны, - расказаў падрабязнасці таго дыялогу Кіраўнік дзяржавы. - Слухайце, я гэта і раблю. Хто цяпер усхваляваўся там, каму мы перайшлі дарогу?"

Гаворачы аб праведзенай у Мінску сустрэчы з Майклам Пампеа, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта быў сапраўды дружалюбны абмен меркаваннямі: "Мы абмеркавалі ўсё, што я ведаю, што яны ведаюць. Ён мне гаварыў адкрыта аб сваёй палітыцы. Я гаварыў так, як я гэта разумею. Ён разумее нашы праблемы цяпер. У тым ліку яны вельмі добра ведаюць, нават часам лепш, чым я, некаторыя пытанні ва ўзаемаадносінах з Расіяй. Ён мне сказаў: не хвалюйся, мы Беларусі дапаможам. І яго заява, што мы (ЗША. - Заўвага) па канкурэнтнай цане нафту паставім".

Кіраўнік дзяржавы расказаў і аб планах у хуткім часе сустрэцца з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Хутчэй за ўсё, 7 лютага мы сустрэнемся з Прэзідэнтам Пуціным. Я так разумею, і пра гэта яму буду гаварыць адкрыта, - нейкі момант ісціны настаў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй. - Заўвага). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар'еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе - вось у чым пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і дружалюбных адносін з брацкім народам. "Але калі вы паабяцалі за 5 гадоў (калі "Белтрансгаз" купілі) вывесці нас на ўнутрырасійскія цэны, дык вывадзіце. Навошта ж вы нас падманваеце? Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы гэта забылі", - заўважыў беларускі лідар.

"Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносін. Не хочаце - няхай скажуць нам аб гэтым. І не крычаць: "Ах, Пампеа (Дзяржсакратар ЗША. - Заўвага) прыехаў. Заўтра Трамп прыедзе... Што яны будуць рабіць?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як суверэнная і незалежная краіна вызначае, якую праводзіць знешнюю палітыку. "Ці мы гэтым нашкодзілі Расіі? Не", - дадаў ён.

"Наконт таго, куды мы глядзім, калі кагосьці з расіян гэта хвалюе, дык яны няхай паглядзяць на свайго двухгаловага арла - яны глядзяць і туды, і сюды. А мы ў цэнтры. Таму мы глядзім, што адбываецца вакол. І мы не Расія. Гэта "мядзведзь" - велізарная краіна. Ім можна глядзець на ўсход, захад, і больш нікуды, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А мы, калі толькі нешта празяваем, то нашаму арлу і галаву адкруцяць, і пахаваюць. Таму мы вакол глядзім, маніторым і жывём сваім розумам".

Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў, закрануў тэму перагавораў вакол паставак энергарэсурсаў. "Што мы просім цяпер ад расіян (яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць): калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе бяспошлінна нам паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурняў знайшлі), прадайце нам па сусветных цэнах", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што ў Расіі не згаджаюцца на такія прапановы і настойваюць яшчэ на істотнай прэміі кампаніям звыш таго за пастаўку нафты ў Беларусь. "А як вы Венгрыі, Польшчы, Захаду пастаўляеце? Без прэміі. Хіба можа так старэйшы брат ставіцца да самага блізкага народа?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт разам з тым канстатаваў, што нават у расійскіх СМІ, нягледзячы на прапаганду, з'явіліся галасы, якія кажуць, што з беларусамі так нельга.



"Прытым мы ж не просім у іх ніякіх грошай. Мы ўжо і крэдыты ім заплацілі за мінулы год, не перакрэдытоўваліся. А калі гаварыць па крэдытах, то амерыканцы ім плацяць 1,5% за тое, што яны там валюту трымаюць, а мы ім плацім ад 4% да 6%. Шчасце нам падарылі - $1 млрд штогод мы Расіі плацім. Яны ўдачна размясцілі свае грошы", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што цяпер Беларусь не просіць у Расіі крэдытаў і прапануе супрацоўніцтва. "Не, не хочацца. Хочацца, разумееце, па-візантыйску па галаве ўдарыць і нахіліць. Навошта гэта патрэбна?" - заўважыў беларускі лідар.

"Мы гатовы супрацоўнічаць. Але гэта павінна быць сумленна, празрыста і шчыра. Не просім нічога дадаткова да таго, як яны працуюць на Захадзе. Сёння $127 за 1 тыс. куб.м газу прапанавалі. Спотавыя цэны ў Еўропе - да $100 газ каштуе. Мы ж таксама бачым, што ў свеце адбываецца, і лічыць умеем. Таму не трэба крычаць, што вы нас корміце. Хто каго корміць, паказвае тавараабарот. У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй $9 млрд. Гэта значыць яны ў нас прадаюць на $9 млрд больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць. А ідзе прапаганда, пачынаюць ужо расіян настройваць супраць Бацькі Лукашэнкі і Беларусі. Навошта ім гэта патрэбна? Адышоў той час, калі крычалі, што Лукашэнка схопіць шапку Манамаха", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Таму не трэба баяцца. Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі (у мінулыя гады па развіцці двухбаковых адносін з Расіяй. - Заўвага), прытым у дастойным выглядзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў журналістам затрыманне дырэктараў цукровых заводаў.

У бліжэйшыя дні Камітэт дзяржбяспекі падрабязна раскажа пра гэту справу, адзначыў Прэзідэнт. "Такога ў Беларусі яшчэ не было, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Што зрабілі гэтыя дзялкі - яны стварылі ў Маскве "пракладку" - гандлёвы дом. Звычайная "пракладка". Паставілі туды сваіх. З заводаў па дэмпінгавых цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў".

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, які факт яго абурыў больш за ўсё: "Даўно на кантролі гэта пытанне спецслужбы вялі. Мне далажылі, што за бясцэнак прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частка па нейкай там павялічанай цане вярталася ў Беларусь. Можа, цукар нават не вывозілі ў Маскву і назад не завозілі. А дакументы ішлі туды, пераафармлялі, і тут непасрэдна з заводаў на наш рынак пастаўлялі гэты цукар з маржой. А потым гэту маржу дзялілі на хабары. Гэта што, нармальна?"

"Там папаліся і з пагонамі людзі. Сказаў: усіх пад мятлу ў камеру. Усіх. Нават вось самалёт, нельга было раней затрымаць аднаго з дзеячаў. Вярнуць сказаў самалёт з Заходняй Еўропы, пасадзіць і дастаць іх адтуль. Вярнулі самалёт, дасталі і адправілі ў следчы ізалятар. Вельмі жорсткае будзе стаўленне да гэтага", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што чатыры цукровыя заводы працуюць у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў. Прычым сучаснай Беларусі яны даставіліся ў паўразбураным стане і прадукцыю фактычна не выраблялі, адзначыў ён. "Дайшло да таго, што перад двума адказнымі кіраўнікамі паклаў наручнікі і сказаў: "Да раніцы не будзе цукру, ведаеце, што будзе". Да раніцы ва ўсіх кропках з'явіўся цукар. Гэта значыць цукар накоплівалі і перад перыядам, калі попыт на яго, стрымлівалі продажы - цэны падымаліся, і яны выкідвалі яго на рынак. Мне надакучыла хадзіць і кагосьці ўгаворваць, і я такім чынам некалі прымусіў працаваць", - нагадаў пра тыя часы Кіраўнік дзяржавы.

У далейшым быў прыняты шэраг эканамічных мер, што дало магчымасць вырошчваць у Беларусі амаль 4 млн т цукровых буракоў. Затым прадпрыемствы былі мадэрнізаваны, каб нарасціць і вытворчасць цукру. "Там папісваюць, што дырэктары - малайцы, правялі мадэрнізацыю заводаў. А грошы дзе ўзялі? Я ездзіў да Сі Цзіньпіна, прасіў грошай на гэту фабрыку. Гэтак жа і тады: прыклалі намаганні, правялі мадэрнізацыю чатырох заводаў. Зрабілі як цукерку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт заявіў, што цяперашнія дырэктары заводаў яму як дзеці, аднак недапушчальна, калі нехта нажываецца на тым, што прыналежыць не толькі працоўнаму калектыву, але і ўсяму беларускаму народу.

Была і яшчэ адна афера, дадаў Кіраўнік дзяржавы. "Там нешта з тарай звязана. Стварылі таксама нейкае сваё прадпрыемства і гэту тару для цукру ў гэтага прадпрыемства закуплялі. І там цэны таксама завышалі і дзялілі маржу. Вось паводзіны гэтых дырэктараў", - дадаў ён.

"На працягу сутак замялі ўсіх - гэта была мая жорсткая каманда. Усе далі паказанні. Ніхто іх не даймаў, не біў, пальцы ў дзверы не засоўваў - пасадзілі і сказалі: толькі праўду. Усё напісалі, з кім былі звязаны, каму вазілі, каму давалі. Правялі вобыскі - уласнасці вельмі шмат: там дзясяткі самых сучасных аўтамабіляў, кватэры дзясяткамі, асабнякі і вялізная колькасць грошай", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён раскрытыкаваў СМІ, якія выступілі ў абарону падазроных, не разабраўшыся ў гэтай справе. "Мяркуйце самі, якія яны былі добрыя. У мяне ні да кога няма асабістых прэтэнзій. Я абараняю інтарэсы дзяржавы. І ведаеце, што яшчэ проста выклікае абурэнне: калі ты там змагаешся за гэту капейку па нафце, газу, металах, яшчэ па нечым, тут спрабуем дабудаваць, каб людзі зарплату мелі, гэтыя падонкі нахабна пасярод белага дня крадуць. Ці ж гэта нармальна? Ненармальна. Таму гэта навука для ўсіх дырэктараў", - падкрэсліў беларускі лідар.



Не засталося ўбаку і пытанне аб небяспецы новага каранавіруса. "Нам варта трывожыцца. Але толькі ў адным - мыйце рукі, менш абдымайцеся з незнаёмымі людзьмі на вуліцы. Я намякаю на асабістую гігіену. Усё астатняе - за Міністэрствам аховы здароўя, - сказаў Прэзідэнт. - Усё залежыць ад нас. Гэта элементарнае. Таму трэба засцерагчы ад небяспекі сябе, сваіх дзяцей, асабліва маленькіх дзетак. А наколькі гэта магчыма, дзяржава свае абавязкі выканае. Магчымасці такія ў нас ёсць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў са станоўчага боку той факт, што ў Беларусі, у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, не ўзнікла ажыятажу і масавай скупкі ахоўных медыцынскіх масак. "Ніхто не бегае, не мітусіцца. Усяго ў нас на гэты момант дастаткова для таго, каб засцерагчы ад небяспекі нашых людзей. Калі раптам што, мы гэта ўтойваць не будзем. Ізалюем чалавека (інфіцыраванага вірусам. - Заўвага) і будзем лячыць. Не дай бог, вядома. Пакуль у нас такіх фактаў не зарэгістравана. Таму будзем жыць спакойна", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не прыніжае небяспеку новага віруса, але на гэтай праблеме нажываюцца многія кампаніі. "Не трэба людзей палохаць. Слухайце, колькі ў нас ужо было гэтых вірусаў, - адзначыў беларускі лідар. - Гвалтаваць не трэба, трэба проста ціха працаваць".

"Трэба некаму закрыць граніцу, няхай закрываюць. Мы не будзем з кітайцамі перапыняць нашы адносіны. Але і кітайцы, і нашы людзі, якія прыязджаюць з Кітая (мы аб гэтым пасла праінфармавалі), - у аэрапорце мы іх надглядаем, на каранцін бяром, абследуем. У нас спецыялістаў для гэтага дастаткова. І мы прапанавалі нашу дапамогу кітайцам. Прытым гэта не я прапанаваў. Да мяне прыйшлі спецыялісты на чале з міністрам і гавораць: Аляксандр Рыгоравіч, калі Сі Цзіньпіну патрэбна нейкая наша дапамога, спецыялістаў, мы гатовы выехаць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў цэлым трэба спакайней рэагаваць на сітуацыю.