Рабочая паездка ў Бабруйск

  • 21
  • 10:36

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Бабруйск.

Прыбыўшы ў горад, Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё пацікавіўся ў губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца, як праходзіць у рэгіёне пасяўная кампанія. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на вырошчванне грэчкі. "Паглядзі, каб мы маглі вырабіць дастойную колькасць. Таму што расіяне адмовіліся з намі працаваць, як гэта было ў савецкія часы, калі мы там больш закуплялі грэчкі: там больш расце, чым у нас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама ён спытаў, як ідзе сяўба іншых культур, ці ёсць у прадпрыемстваў пытанні з наяўнасцю паліва і ўгнаенняў. Леанід Заяц адзначыў, што істотных праблем няма. "Своечасова ўсё пасеем", - заявіў ён.

"Звярніце ўвагу (гэта ўсіх датычыцца) - дэфіцыт вільгаці. У некаторыя нізкія мясціны мы не можам улезці, нават у Гомельскай вобласці. Трэба цяпер паставіць тэхніку, каб узараць гэты дзёран", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы наведаў прадпрыемства "Славянка", дзе з нядаўняга часу наладжана вытворчасць сродкаў індывідуальнай аховы. На прадпрыемстве размова ішла аб выкананні даручэнняў па павелічэнні вытворчасці і забеспячэнні ўнутранага рынку сродкамі аховы насельніцтва і медыцынскага персаналу. Прэзідэнту паказалі цэхі па вытворчасці медыцынскіх масак і бытавых павязак. Ён таксама азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці і выпускаемай прадукцыяй.

Губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц далажыў Прэзідэнту, як цяпер развіваецца эканоміка ў рэгіёне. Паводле яго слоў, намінальная заработная плата ў вобласці расце, інвестыцыі прыцягваюцца ў адпаведнасці з заданнем, а ўзровень беспрацоўя складае 0,3%. "Практычна ўсе галіны народна-гаспадарчага комплексу ў Магілёўскай вобласці спрацавалі стабільна", - заявіў ён. Разам з тым губернатар адзначыў, што асобным напрамкам, у прыватнасці будаўнічай галіне, давядзецца даганяць у другім паўгоддзі.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: патрабаванні да сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, нягледзячы на сітуацыю з каранавірусам, зніжацца не будуць, таму самазаспакойвацца не трэба. "Мы павінны выканаць тыя планы, якія перад намі стаяць", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што на працягу месяца сусветная эканоміка вернецца да работы. "Нягледзячы на смяротнасць 400-600 чалавек у суткі, Еўропа пачала адкрывацца. На працягу месяца, я ўпэўнены, сусветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расіі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць у свеце. Трэба да гэтага быць гатовымі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання прадпрыемства даручыў наладзіць экспарт ахоўных масак пасля насычэння нацыянальнага рынку. "Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампенсуем тыя расходы, якія панеслі, закупляючы маскі па ўсім свеце".

Як далажыў губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц, у яго рэгіёне штодзень расходуецца 20 тыс. ахоўных масак, а адшываецца - каля 470 тыс. "Трэба прадаваць, калі ёсць попыт. Просяць жа расіяне, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць? Трэба дапамагчы людзям, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Усе прадаюць маскі. Гэта істотны тавар. Паглядзіце на Кітайскую Народную Рэспубліку. Я думаю, яны ўжо мільярд масак прадалі. Таму трэба вырабляць і прадаваць".

Зацікаўленасць у экспарце і на "Славянцы", тут ужо выраблялі ахоўныя сродкі для Кітая. Пастаўляць прадукцыю на экспарт хочуць і іншыя прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам тых жа масак. Такія просьбы гучаць не першы раз ужо.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз удакладніў, ці сапраўды ў вобласці і краіне закрыты патрэбнасці медустаноў і аптэк у сродках індывідуальнай аховы. Яго запэўнілі, што праблем з гэтым няма, калі недзе гэтыя вырабы адсутнічаюць, то гэта кропкавыя пытанні, якія хутка вырашаюцца. За суткі ў Беларусі шыюць больш за 2 млн масак. Да вытворчасці падключаны як вялікія прадпрыемствы, так і малы бізнес, адукацыйныя і сацыяльныя ўстановы. Прычым гэта работа была арганізавана практычна з нуля - яшчэ пару месяцаў таму ў краіне выраблялі толькі 60 тыс. масак за суткі.

Прэзідэнт падкрэсліў: калі ў нейкіх аптэках няма масак або цана на іх моцна завышана, з імі трэба строга разабрацца. "Заўтра яны павінны быць закрыты. Ніякіх узгадненняў! Вы іх атрымалі. Я ўсіх папярэджваў: не дай бог, мы выявім якую-небудзь спекуляцыю і іншае. Таму вырашайце ў вобласці ўсё самі, ні да якога Міністэрства аховы здароўя не трэба звяртацца. Міністэрству аховы здароўя трэба лячыць людзей", - сказаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба ствараць празмерныя запасы. "Трэба запас - няхай ён будзе, але празмернасцей не павінна быць, папрападае ж", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Таксама ён нагадаў, што не трэба забываць і аб вытворчасці традыцыйнай прадукцыі на прадпрыемствах, напрыклад, адзення, калі гаварыць пра "Славянку". "Цяпер мы маскі будзем шыць, а заўтра па імпарце завозіць кашулі? Гэта нядобра. Трэба гібка сябе паводзіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.



Ён таксама адзначыў, што міжнародныя структуры акажуць Беларусі фінансавую дапамогу, грошы будуць накіраваны на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя.

"Нам вельмі моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды - менавіта пад ахову здароўя. Я хачу, каб мы, карыстаючыся момантам, убачылі слабыя месцы ў нашай ахове здароўя і падцягнулі яе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду, каб уся міжнародная дапамога - ад Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця - была накіравана на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя. "І самае галоўнае, на злобу дня: мы павінны падцягнуць інфекцыёнкі. Выратавалі іх, захавалі - вы нават у рэгіёне бачыце: сёння гэта нас ратуе. Калі "аптымізаваліся" б, як некаторыя, у нас не было б інфекцыйных бальніц, то мы мелі б тое, што сёння маюць у Заходняй Еўропе", - перакананы Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Беларусь аказалася лепш гатова да барацьбы з каранавірусам дзякуючы захаванню неабходных структур у сістэме аховы здароўя.

"Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што ўкусіць бы Лукашэнку, Беларусь - яны выбіліся са строю. Дык не трэба здзіўляцца. Усё гэта таму, што мы захавалі сістэму і прывялі яе ў парадак. І так здарылася, што мы больш-менш аказаліся гатовыя да гэтай заразы і не толькі да яе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу: з-за каранавіруса і падобных інфекцый паміраюць значна менш людзей, чым, напрыклад, ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, анкалогіі і цукровага дыябету. "З мяне ў свеце ўсе паджартоўваюць, асабліва ў Расіі (як быццам больш няма пра што гаварыць, усе сталі вялікія): вось Лукашэнка гаворыць, што ў Беларусі ад каранавіруса ніхто не памёр. Яшчэ раз паўтараю: ад каранавіруса нават у вас у Магілёўскай вобласці ніхто не памёр. Усе паміраюць ад хранічных захворванняў, а любы вірус жа б'е па слабых, у каго імунітэту няма. Вось, што я меў на ўвазе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ні ў якім разе не пераставаць лячыць іншыя захворванні і прадаўжаць планавыя медагляды грамадзян, паколькі інакш можна не заўважыць у пацыента сур'ёзную хваробу. "Сёння трэба займацца ўсімі хваробамі і ўдзяляць увагу тым, якія звязаны з дыхальнымі шляхамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу: пры неабходнасці да барацьбы з каранавірусам будуць падключаць новыя сілы - так дзейнічалі з самага пачатку. "У свой час гэтым займаліся толькі медыкі і Міністэрства аховы здароўя. Калі пайшоў рост пнеўманій, тады я і губернатараў падключыў: кожную раніцу павінен быць штаб і там урачы павінны не толькі дакладваць аб абстаноўцы. З урачоў трэба і патрабаваць, - звярнуў ён увагу губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца. - Ты павінен зберагчы людзей. І ўрачы павінны сёння адказваць за той клопат, якім мы іх акружылі. Я не ў дакор гавару. Але акружылі ж, усе людзі берагуць урачоў. Урачы павінны нам адказаць сваёй работай, як яны і робяць. Патрабаванне павінна быць з усіх".

Пра тых, хто крытыкуе Беларусь, Кіраўнік дзяржавы выказаўся і ў час сустрэчы з работнікамі прадпрыемства. "Вы не ўяўляеце, што такое ісці аднаму супраць усяго свету, супраць цячэння. Я папярэджваў і папярэджваю органы ўлады, дзяржслужачых, што ў нас прыхільнікаў у свеце, нават тых, хто спачувае, няма, - заявіў Прэзідэнт. - Калісьці я сказаў, што настане час, калі нам, палітыкам, давядзецца перад вамі адказаць: як мы жылі, працавалі, як вас абаранялі, якія меры прымалі. І тады паглядзім, што палітыкі скажуць свайму народу".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць усім краінам, якія падтрымліваюць Беларусь і прысылаюць гуманітарную дапамогу, часам нават не пытаючыся, як гэта зрабіў Узбекістан. Ён адзначыў, што беларускі бок не пакідае такія жэсты без адказу і адпраўляе адваротным рэйсам у якасці падзякі сваю прадукцыю. Так, у Кітай і Узбекістан былі накіраваны трактары "Беларус".

Пакуль сітуацыю ў краіне Прэзідэнт лічыць стабільнай: сезонныя інфекцыі ідуць на спад, рэзкага росту захваральнасці каранавірусам няма. "Нам нават Вялікдзень пакуль праблем не дадаў. І гэта маленькі праменьчык, надзея, што мы пераможам, мы прарвёмся", - дадаў ён.




У час сустрэчы з работнікамі прадпрыемства "Славянка" была таксама закранута тэма пачатку заняткаў у школах. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рашэнне аб пачатку заняткаў прымалася пасля аналізу эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

"ВРВІ ў нас ужо амаль на нулі (гэта тое, на што звычайна хварэюць нашы дзеці), нават у паўночнай Віцебскай вобласці на нуль выйшлі. Што датычыцца гэтага віруса: ацэньваючы ўсё, вывучаючы меркаванні, дакладвалі мне. Я прыняў рашэнне, што трэба пачынаць хадзіць у школу і вучыцца. Я разумеў, што многія адразу дзяцей у школу не адправяць. Добра, настойваць не будзем - нельга, гэта яго дзіця, я як бацька гэта разумею, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба пакрыху на працягу тыдня ўключацца ў гэты працэс".

Пры гэтым Прэзідэнт адказаў на крытыку тым, хто папракнуў яго ў перакладванні адказнасці на бацькоў: "Я назіраю рэакцыю людзей. Людзі розныя. Некаторыя так званыя апазіцыянеры пачалі папісваць у асобных там бандыцкіх Telegram-каналах, жоўтай прэсе: вось, Лукашэнка адказнасць пераклаў на бацькоў. Слухайце, ну дзікасць поўная. Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасць. Я на сябе ўвесь гэты груз усклаў. Хаця многія гавораць, вось, прэзідэнцкія выбары... Ды не трэба наперадзе каня бегчы! Я ж Прэзідэнт пакуль, я за гэта адказваю. Ускладзі я адказнасць, не ўскладзі, вы ж усё роўна з мяне запатрабуеце. Такая практыка ў нас ужо ў краіне: хто вінаваты, не вінаваты - гэта Прэзідэнт. Таму я займаюся гэтымі пытаннямі. Я шчыра і адкрыта сказаў, што я катэгарычна супраць прадаўжэння канікулаў. Вывучылі меркаванні, хочуць на тыдзень прадоўжыць. Добра, я прадоўжыў, але сказаў, што катэгарычна супраць".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб ахоўных мерах, якія прымяняюцца ў школах. На яго думку, тыя, хто прымушае дзяцей насіць маскі, карыстацца "гаручымі антысептыкамі на этаноле" і рассаджвае па класе, проста займаюцца паказухай. Дыстанцынаванне на ўроках, лічыць ён, не дапамагае, таму што на перапынках дзеці ўсё роўна збіраюцца ў кучу. "Глупства несусветнае. Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе. Такога патрабавання не было. І калі недзе гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы лепш акно адкрыйце, праветрыце, каб было свежа. Калі там нехта "практыкуецца", хутчэй за ўсё, гэта самадзейнасць. А за тое, што міністэрства і губернатары не пракантралявалі гэта пытанне, яны адкажуць".

Прадаўжаючы школьную тэматыку, адна з работніц прадпрыемства папрасіла Прэзідэнта дапамагчы ў вырашэнні пытання па будаўніцтве ў новым сёмым мікрараёне Бабруйска школы. Паводле яе слоў, там жыве шмат маладых сем'яў, а дзяцей даводзіцца вазіць у аддаленыя ўстановы. Мэр горада таксама лічыць, што новая школа не будзе лішняй. Пакуль гэта не самая вострая патрэбнасць, але з часам пытанне будзе станавіцца ўсё больш актуальным. Кіраўнік дзяржавы даручыў губернатару Магілёўскай вобласці "па-гаспадарску паглядзець на праблему". "Каб не атрымалася: школ хапае, але з нейкага мікрараёна далёка ехаць, і мы там пабудуем, а гэта апусцее, - сказаў ён. - Але калі трэба і будаўніцтва ў перспектыве запланавана ў вашым раёне, будзем думаць, што рабіць".

У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, якім крыніцам лепш давяраць людзям ва ўмовах бясконцага патоку самай рознай інфармацыі з розных рэсурсаў, грамадзяне ж хвалююцца за сітуацыю ў краіне, таму хочуць ведаць праўду.

"Давяраць трэба таму, хто за свае словы адказвае. Выйшлі вы на нейкі з брыдкіх каналаў, якія ў Маскве пахаваліся і адтуль "плявузгаюць" у бок Беларусі, - за што яны адказваюць? Ні за што. Думаюць, мы ж іх не дастанем. Калі трэба - дастанем. Не ў гэтым сёння пытанне. Мы ж нікога не закрываем. Вы чытайце і рабіце высновы. І верце таму, з каго потым спагнаць можна", - сказаў Прэзідэнт.

"А ці трэба нам гнацца за гэтай жаўцізной. Мы ж ніколі не дагонім іх, і гэта вялізныя грошы. Таму вы ведаеце дзяржаўнае тэлебачанне, пункт гледжання дзяржавы. Вы, напэўна, аценьваеце розныя сродкі масавай інфармацыі і бачыце, каму можна верыць, каму не. Хто адкажа за гэта, а хто не. Таму вам выбіраць. Але я шчыра вам кажу, што мы ніколі не хлусілі вам і не хлусім цяпер. Я аднойчы са злосці сказаў: "Мне ж чаго гэта скрываць? Я спарадзіў гэты псіхоз ці каранавірус? Не. Вы спарадзілі ў Беларусі? Не. Нас узнагародзілі гэтым". Гэта сведчыць аб тым, што свет так глабалізаваны і так узаемазвязаны, што сёння ўжо не схаваешся нідзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што для таго, каб развеяць усе сумненні і недавер да афіцыйнай інфармацыі, у Беларусь былі запрошаны эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. "Яны да нас любові не адчуваюць. Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да каранціну, магчыма, каменданцкую гадзіну. Як спецыялісты яны кажуць: улада не маніць. Усё як ёсць, так і кажуць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.



Аляксандр Лукашэнка на прадпрыемстве таксама адказаў на пытанні журналістаў аб правядзенні рэспубліканскага суботніка: ці не плануюць пераносіць мерапрыемства і ці прыме ў ім удзел сам Прэзідэнт.

На думку Кіраўніка дзяржавы, цяпер няма падстаў для пераносу або адмены рэспубліканскага суботніка. Ён адзначыў, што людзі ўсё роўна працуюць у пятніцу, і калі яны прыйдуць на работу ў суботу, гэта ні на што не паўплывае. "Таму, калі я прымаў гэта рашэнне, я адназначна быў за суботнік. Той, хто працуе, - яны адпрацуюць. Мы, чыноўнікі, вядома, сваю зарплату таксама пералічым у фонд суботніка, таму што гэта святая справа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сам Кіраўнік дзяржавы плануе правесці суботнік у рэгіёне, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гадавіну трагедыі ён заўсёды наведвае гэтыя раёны, а цяпер заадно застанецца і на суботнік. Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што канкрэтны населены пункт яшчэ не выбраны. "Я ў гэты час некалькі дзён буду жыць на поўдні, і там мы што-небудзь знойдзем. Які-небудзь лес пасадзім", - дадаў ён.

Сабраныя ў час рэспубліканскага суботніка грошы будуць накіраваны на рамонт і мадэрнізацыю дзіцячых лагераў, добраўпарадкаванне ваенных помнікаў, расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што прапаноўвалася гэтыя сродкі ўкласці ў сістэму аховы здароўя, але гэты напрамак будзе падтрыманы за кошт міжнароднай дапамогі.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: калі сітуацыя з каранавірусам абвострыцца і будуць неабходны меры па ізаляцыі людзей, адмене масавых мерапрыемстваў, такія крокі абавязкова будуць зроблены. Пакуль у гэтым няма неабходнасці, падкрэсліў ён. "Калі ўсё будзе так, як цяпер, мы прарвёмся", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку на бабруйскім прадпрыемстве "Славянка" падарылі памятную фатаграфію і пашытую тут куртку.

На фатаграфіі - Прэзідэнт з работнікамі прадпрыемства ў свой папярэдні візіт на "Славянку", а тут Кіраўнік дзяржавы быў 20 гадоў таму. Падарунак Аляксандру Лукашэнку паднёс дырэктар прадпрыемства Тэймураз Бачарышвілі. "Калі мы былі маладымі", - пракаменціраваў здымак кіраўнік. "Вашы даручэнні для нас зразумелыя: працаваць і развівацца. І мы вас не падвядзём", - заявіў ён.

"І зарплату людзям плаціць", - нагадаў Прэзідэнт.

Тэймураз Бачарышвілі таксама вырашыў запрасіць кіраўніка дзяржавы на 100-гадовы юбілей "Славянкі", які будзе адзначацца ў 2030 годзе. "Нават калі на пенсіі буду, прыеду", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

На прадпрыемстве Кіраўніку дзяржавы таксама ўручылі куртку сваёй вытворчасці. "На наступную зіму", - сказаў дырэктар "Славянкі".