Прывітанне ўдзельнікам 8-й Міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям 8-й Міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017.

    "Гэты буйнейшы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне міжнародны форум, які 8-ы раз праходзіць у Беларусі, адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця сусветнага рынку ўзбраенняў, з'яўляючыся сведчаннем дасягненняў навуковай і канструктарскай думкі ў галіне распрацоўкі і вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння", - гаворыцца ў прывітанні.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння айчынны ваенна-прамысловы комплекс - важны сектар эканомікі. "MILEX-2017 прадастаўляе ўнікальную магчымасць шырокай грамадскасці і спецыялістам азнаёміцца з лепшымі ўзорамі прадукцыі нашых збройнікаў. Найноўшыя тэхналогіі беларускай абаронкі садзейнічаюць павышэнню яе экспартных магчымасцей на сусветным рынку ўзбраенняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён выказаў перакананне, што выстаўка паслужыць эфектыўнай пляцоўкай для экспертных стасункаў і далейшага развіцця міжнароднага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

    Прэзідэнт пажадаў арганізатарам, удзельнікам і гасцям выстаўкі рэзультатыўнай работы, плённых дзелавых кантактаў на карысць міжнароднай і нацыянальнай бяспекі.