Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 студзеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Снапкова Мікалая Генадзьевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы;

Бельскага Валерыя Іванавіча - Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Богдана Генадзя Андрэевіча - Намеснікам Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Кудрэвіча Ігара Аляксеевіча - дырэктарам Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Заранкіна Вадзіма Уладзіміравіча - старшынёй Віцебскага гарвыканкама;

Філановіча Андрэя Андрэевіча - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста;

Рымашэўскага Аляксея Іванавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў";

Сакалоўскага Дзмітрыя Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам ЗАТ "Атлант" - дырэктарам Мінскага завода халадзільнікаў;

Багатыровай Валянціны Васільеўны - рэктарам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава;

Харытончыка Дзмітрыя Іванавіча - намеснікам Міністра прамысловасці;

Буйневіча Андрэя Сяргеевіча - намеснікам Міністра прамысловасці;

Варановіч Ірыны Мікалаеўны - дырэктарам Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму;

Ліса Андрэя Іванавіча - членам Мінскага аблвыканкама.

Звяртаючыся да новага старшыні Віцебскага гарвыканкама Вадзіма Заранкіна, Прэзідэнт сказаў: "Віцебск - горад прыгожы, добры, зручны, але не просты. І не толькі таму, што там міжнародны конкурс праходзіць, а таму, што гэта, можна сказаць, чыста славянскі горад. Больш у свеце няма такіх гарадоў, як Віцебск. Узорна славянскі горад, дзе знайшлі сваё месца прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей - ад яўрэяў да рускіх, я ўжо не кажу пра беларусаў. Таму гэты горад і павінен застацца апорай вось гэтай талерантнасці і ўмення будаваць жыццё з усімі групамі розных нацыянальнасцей".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, працаваць у кіраўніцтве гэтага горада ганарова, хоць і няпроста. "Я чакаю (і так там нямала зроблена), каб мы не спынілі гэты працэс, і Віцебск быў яшчэ прыгажэйшы, - сказаў Прэзідэнт. - Мне чым падабаецца Віцебск - ён узгорысты горад. Гэта больш зручна для камунальшчыкаў, чым у Мінску. Асабліва, калі дажджы, а дажджоў там хапае і вільгаці таксама. І наогул я люблю гарады, якія размешчаны на такіх узгорках. Таму гэта прыгожы і зручны горад, і магу толькі пажадаць вам поспехаў і не спыняцца. І прынцыповасці!"

Узгадняючы Андрэя Філановіча на пасаду кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі ў Віцебскай вобласці ён нарадзіўся, то з Брэстам звязаны самы цяжкі перыяд у яго жыцці: тут ён служыў пагранічнікам. "Вельмі шмат для Брэста зрабілі да тысячагоддзя. Лічу, што мы ўсе аб'екты пабудавалі і больш-менш прывялі горад у парадак. Гэта вароты не толькі ў нашу краіну - гэта вароты ва ўсю нашу Айчыну, былы Савецкі Саюз, таму горад трэба трымаць у парадку", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Брэст вельмі адрозніваецца ад Віцебска. "У разнастайнасці і ўся прыгажосць нашай рэспублікі", - дадаў ён.

Новых кіраўнікоў Прэзідэнт папрасіў не забываць, што бягучы год вельмі сур'ёзны і складаны, таму неабходна "напружвацца да неймавернасці". Асабліва ў Віцебскай вобласці, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Віцебску будзе добры кавалак работы. Думаю, і Брэст будзе азадачаны па ўсіх напрамках", - падкрэсліў беларускі лідар.

Назначаючы Валерыя Бельскага Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Што датычыцца Вашай работы, я вельмі спадзяюся, што як чалавек адукаваны, разумны Вы справіцеся з ёю. Вельмі вялікае значэнне пры гэтым будуць мець Вашы экспертныя ацэнкі ўносімых на разгляд Прэзідэнта праектаў нарматыўных прававых актаў, заключэнняў у сферы эканомікі. Адміністрацыя Прэзідэнта - штаб палітычны. Але са штаба эканамічнага (Урада) праз Адміністрацыю Прэзідэнту паступаюць усе дакументы. І мыш не павінна прапаўзці".

"Трэба настройвацца на гэту сур'ёзную работу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама разлічвае на тое, што ў першы час дапамогу і падтрымку новаму Намесніку Кіраўніка Адміністрацыі акажа Мікалай Снапкоў, які да гэтага часу працаваў на гэтай пасадзе.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: стаяць сур'ёзныя задачы, у тым ліку планаванне маючай адбыцца пяцігодкі. "Трэба будзе планаваць, прытым вельмі сур'ёзна. Ды і ў гэтым годзе мы павінны вельмі сур'ёзна папрацаваць, каб пераадолець негатыўныя з'явы, якія ёсць у эканоміцы, асабліва звязаныя з Расіяй. Тыя страты, якія падкінулі нашы браты, мы павінны нівеліраваць за кошт іншых напрамкаў", - адзначыў беларускі лідар.



Дырэктар рэспубліканскага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Беларусьгандаль" Генадзь Богдан назначаны Намеснікам Кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі. Ігар Кудрэвіч, раней кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, назначаны дырэктарам Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней былі дапушчаны пэўныя памылкі ў кадравым назначэнні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Цяпер ён чакае значнага паляпшэння ў рабоце гэтага дзяржоргана.

Кіраўнік дзяржавы адразу ж папярэдзіў Генадзя Богдана, што яго будуць "разглядаць пад мікраскопам", паколькі той займаў вельмі адказную пасаду. "Не дай бог, там хвасты засталіся. Пастаўка ў краіну, гандаль - гэта заўсёды небяспечная справа. Таму, калі сумленна працаваў, усё будзе нармальна. Не дай бог, хвасты будуць: і мяне падставіш, і Шэймана (Кіраўнік спраў Прэзідэнта. - Заўвага), і зняславіш Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы работу Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, Прэзідэнт адзначыў, што многія пытанні замкнуты на яго ўзроўні. "Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці для розных паставак па гуманітарных пытаннях з-за мяжы карыстаецца льготамі. Гэта значыць, яны вызваляюцца ад падаткаў, ёсць іншыя прэферэнцыі. У нашай краіне ўстанавілася практыка, што такія льготы могуць прадаставіць толькі з дазволу Прэзідэнта: амаль забаронная норма, каб не хадзілі і не льгатаваліся каму трэба і каму не трэба", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

У бліжэйшы час плануецца падкарэкціраваць работу Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта будзе зроблена па другой прычыне, чаму ён замкнуў на сабе работу гэтай структуры. "Мы не маглі адмовіцца ад гуманітарнай дапамогі з-за мяжы: мы чарнобыльская рэспубліка - і чарнобыльцам дапамагалі, і дзеткам. Потым гэта гуманітарная дапамога пашырылася на спартсменаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і гэтак далей. Але што я заўважыў гадоў дваццаць таму, можа, нават больш: гуманітарнай дзейнасцю ў нас больш за ўсё займалася апазіцыя. І яны на працягу аднаго года сталі багатымі. Яны тут хадзілі па вуліцах, гвалтам крычалі. Адкуль грошы? Сталі вывучаць: а, ды гэта ж гуманітарная дапамога! І тады я ўзяў пад кантроль гэта пытанне - калі гуманітарная дапамога накіроўваецца ў краіну чарнобыльцам, яна павінна дайсці да чарнобыльцаў. І такую гуманітарную дапамогу мы вызвалялі ад падаткаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Калі грошы прыходзяць у краіну на фінансаванне палітычнай дзейнасці, то гэта ўжо не можа лічыцца гуманітарнай дапамогай, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. І гэтыя сродкі не могуць вызваляцца ад падаткаў. "Падтрымка апазіцыі і іх палітычнай дзейнасці - калі ласка, фондаў шмат. Амерыканскіх, у Германіі: Эберта, Адэнаўэра і гэтак далей. Яны павінны і аказваюць дапамогу, праўда, заўсёды непразрыста: яна ідзе праз Польшчу, Літву, чамаданамі спрабуюць завезці грошы ў Беларусь. Мы гэта спынілі. Але галоўнае, мігам нашы некаторыя "свядомыя" грамадзяне сталі багатымі 20-25 гадоў таму. Прыйшлося ўзяць пад кантроль гуманітарную дзейнасць, каб вызваляемая ад падаткаў яна дайшла да спажыўца, менавіта да тых, каму з Захаду або Усходу прызначана па дакументах. І Дэпартамент тут адыграў вельмі сур'ёзную ролю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Назначаючы паслом Беларусі ў КНР Мікалая Снапкова, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што разлічвае на сапраўдны прарыў у адносінах Беларусі з Кітаем.

"Кітай - гэта сур'ёзны прыярытэт нашай краіны. Мы ўсё больш і больш абапіраемся на дапамогу і падтрымку Кітая. Не толькі ў будаўніцтве перспектыўных прадпрыемстваў у нашай краіне, крэдытаванні, але і рынак Кітай адкрыў для нас на столькі, на колькі мы можам туды ўвайсці. І Мікалай Генадзьевіч кантраляваў, вельмі добра ведае гэты напрамак. І я, шчыра кажучы, разлічваю, што мы ажыццявім сапраўдны прарыў на працягу Вашай работы. Важны вынік", - заявіў беларускі лідар.

"Думаю, што на наступным тыдні Вы яшчэ сур'ёзна папрацуеце ў нас у Адміністрацыі. Мы з Вамі яшчэ перагаворым. Я абяцаў, што сустрэнемся. Вы выкладзеце сваю пазіцыю аб рабоце ў Кітаі. Можа, якія-небудзь пытанні да мяне будуць. Гэта значыць мы на наступным тыдні абмяркуем усе пытанні, калі Вы прааналізуеце сітуацыю на кітайскім напрамку", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што стаяць важныя задачы па развіцці адносін з дружалюбным Кітаем. "Я проста часам думаю, усё ж такі гэта шчасце для нас, што мы ў свой час правільна выбралі курс на дружбу з Кітаем, калі Кітай не быў яшчэ такім, які ён ёсць цяпер. Тады ён толькі на ногі станавіўся. Але там трэба працаваць. Упівацца сваімі поспехамі нельга. Трэба вельмі сур'ёзна працаваць", - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"КНР, Расія, Еўрапейскі саюз. Магчыма, з амерыканцамі ўдасца наладзіць адносіны. Гэта "монстры", з якімі лічаць за шчасце супрацоўнічаць любыя дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.



Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для Беларусі, як краіны з экспартна арыентаванай эканомікай, гэта вельмі важна: "Галоўнае - гэта пытанні эканомікі, развіццё гандлёва-эканамічных сувязей. Усё астатняе ў супрацоўніцтве з Кітаем, як і з іншымі краінамі - той жа Расіяй, Еўрасаюзам і ЗША, - у нас ёсць. Трэба гэты дом палітыка-дыпламатычны паставіць на трывалы фундамент, трывалую аснову знайсці".

Гаворачы пра Мікалая Снапкова і яго работу ў Адміністрацыі Прэзідэнта, Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што спачатку гэта будзе значная страта, улічваючы добрае практычнае веданне работы Урада і па іншых напрамках. "Я разумею гэта. Але выбару ў нас іншага няма. У Мікалая Генадзьевіча цудоўныя адносіны з кіраўніцтвам Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яго ведаюць усе, пачынаючы ад Сі Цзіньпіна і заканчваючы чыноўнікамі ў Міністэрстве замежных спраў", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да новага рэктара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціны Багатыровай, Прэзідэнт сказаў: "Я Вам раіць нічога не збіраюся. Вы чалавек вучоны і маё стаўленне да вучоных ведаеце: я вельмі паважаю нашых вучоных. У Вас добрая ВНУ. Калі ў Вас ёсць нейкія праблемныя пытанні майго ўзроўню, скажыце - паспрабуем вырашыць. Хоць цяпер уся краіна займаецца Віцебскай вобласцю для таго, каб нарэшце вырашыць тыя набалелыя пытанні, якія ўзнікалі гадамі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Віцебская вобласць - прыгожы, але вельмі складаны рэгіён. "Таму працуйце, дабаўляйце да таго, што ёсць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт узгадніў назначэнне новых кіраўнікоў у ЗАТ "Атлант" і на Мінскі завод колавых цягачоў. Генеральным дырэктарам ЗАТ "Атлант" - дырэктарам Мінскага завода халадзільнікаў стане Дзмітрый Сакалоўскі.

"Атлант" мяне даўно напружваў, - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. - Калі я атрымаў інфармацыю, што ў вас з фінансамі несалодка (а Вы ж займаліся фінансамі), я зразумеў, што, напэўна, з "Атлантам" трэба нешта рабіць. Я хачу, каб Вы разумелі: "Атлант" - гэта дзяржаўнае прадпрыемства, каму б вы там гэтыя акцыі ні раздавалі".

Прэзідэнт адзначыў, што яго шлях у Палац Незалежнасці ляжыць міма завода, і калі ён глядзіць на прадпрыемства, адразу ўспамінае аб усіх недахопах. "На "Атланце" я пабуду (я былому дырэктару пра гэта гаварыў), і там мы паглядзім на вашу работу", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ён не прыме размовы аб тым, што прадпрыемства не спраўляецца з праблемамі з-за вялікай канкурэнцыі на рынках, паколькі ў такіх умовах працуе ўвесь рэальны сектар эканомікі ў Беларусі. "Мы неяк канкурыравалі раней, а сёння нехта рукі апусціў, у тым ліку і на "Атланце", - вынес свой вердыкт Аляксандр Лукашэнка. - Таму думайце, як мы будзем выходзіць з існуючага становішча".

Пайшоў на павышэнне і цяперашні намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы вытворчасці Мінскага завода колавых цягачоў Аляксей Рымашэўскі. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў яго назначэнне генеральным дырэктарам МЗКЦ.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што Мінскі завод колавых цягачоў - адно з яго любімых прадпрыемстваў. У свой час яны аператыўна выканалі даручэнні Прэзідэнта па стварэнні машын, якія былі патрэбны беларускай арміі, а сёння запатрабаваны на міжнародных рынках. "Гэта значыць, патэнцыял і кампетэнцыі ў вашых людзей вельмі высокія. Я хацеў бы, каб вы захавалі іх. І я вельмі не хацеў бы, каб вы калі-небудзь унеслі мне прапановы аб прыватызацыі гэтага прадпрыемства, у тым ліку іншаземцамі, не важна, адкуль яны - з Усходу або з Захаду", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што завод трэба захаваць, і выказаў надзею, што работа дырэктара, які даўно працуе на гэтым прадпрыемстве, будзе нацэлена менавіта на гэта. "Гэта як у нас цяпер у Беларусі: узяць краіну і зрабіць залежнай або некуды там зліць. Мы ж не для гэтага, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму я спадзяюся, што ты разумееш: завод трэба захаваць".

Паводле яго слоў, МЗКЦ навучыўся канкурыраваць на міжнародных рынках і цяпер выпускае такую прадукцыю, якую здольны вырабіць яшчэ дзве-тры краіны ў свеце. "І мы павінны вытрымаць канкурэнцыю. Усё ў нас павінна быць лепш, чым у іншых. Тады купяць, - перакананы Прэзідэнт. - Вы бачыце, якая сёння ідзе вайна за энергарэсурсы. У нас такі перыяд. Таму трэба навучыцца эканоміць і жыць па сродках".