Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лютага разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Маркевіча Анатоля Мечыслававіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Брэсцкай вобласці;

Прыму Віталя Аляксандравіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па горадзе Мінску;

Пуставога Паўла Міхайлавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Іспанія і па сумяшчальніцтве Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Сусветнай турысцкай арганізацыі;

Чушава Уладзіміра Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча;

Свірыдава Андрэя Рыгоравіча - намеснікам Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Купчыну Алену Мікалаеўну - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Славенія, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе па сумяшчальніцтве;

Панамарова Аляксандра Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Харватыя па сумяшчальніцтве;

Есіна Руслана Алегавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аўстралійскім Саюзе і Новай Зеландыі па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Федчанкі Сяргея Аляксандравіча - старшынёй Навагрудскага райвыканкама;

Рабкаўца Віктара Мікалаевіча - старшынёй Клічаўскага райвыканкама;

Мароза Аляксандра Іванавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава - кіруючая кампанія холдынга "БелОМА";

Швеца Алега Дзмітрыевіча - намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва;

Асмолы Ірыны Іванаўны - першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Назначаючы памочнікаў Прэзідэнта і ўзгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ім трэба будзе ў поўным аб'ёме вырашаць падобныя няпростыя задачы, пра якія ён гаварыў і раней. "Два гады - гады перадвыбарныя, таму трэба паказаць людзям, што мы ўмеем вырашаць праблемы. Мы будзем здаваць экзамен у гэтым і ў наступным годзе. Пра гэта я таксама заўсёды гавару напярэдадні такіх падзей. І не трэба баяцца, што мы сапраўды будзем здаваць экзамен. Да гэтага сур'ёзна будзем рыхтавацца. І паказваць людзям сваю здольнасць кіраваць дзяржавай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытаннях эканомікі, якімі таксама давядзецца займацца новым памочнікам Прэзідэнта і кіраўнікам райвыканкамаў. "Нас палохаюць рознымі пагрозамі. Але заўсёды галоўная фундаментальная праблема ў любой дзяржаве - гэта эканоміка. Будзе добра ў эканоміцы - будзе добра ў людзей дома, перш за ўсё ў сем'ях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і назваў эканоміку пытаннем нумар адзін для ўсіх - ад Прэзідэнта да старшыні сельскага Савета.

Закранаючы сацыяльны аспект, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вельмі многае зроблена для нармальнага жыцця людзей. "Трэба прадоўжыць у гэтым напрамку, пачынаючы ад аграгарадкоў і заканчваючы горадам-героем Мінскам. Усім задачы пастаўлены Прэзідэнтам, расказана, дзе, што будаваць і як добраўпарадкоўваць вуліцы, дзе пасадзіць якое дрэва і гэтак далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Віталя Прымы, цяпер памочніка Прэзідэнта - інспектара па Мінску, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сталіцы хапае праблем. Ён даручыў "дакладна, непрадузята паглядзець на Мінск, перш за ўсё, на кадры і ўбачыць праблемы, якія трэба вырашыць". Своеасаблівым экзаменам для сталіцы стане правядзенне двух буйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемстваў - II Еўрапейскіх гульняў і лёгкаатлетычнага матчу Еўропа-ЗША.

Сяргею Федчанку, новаму старшыні Навагрудскага райвыканкама, Кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць асаблівую ўвагу на прамысловасць. "Навагрудак - гэта вельмі важны рэгіён і з гістарычнага пункту гледжання, і эканамічна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што новаму кіраўніку будзе нескладана ўнікнуць у праблемы даручанага яму раёна.

Віктар Рабкавец быў узгоднены на пасаду старшыні Клічаўскага райвыканкама. Прэзідэнт паабяцаў пабываць у Клічаве, назваўшы рэгіён няпростым. "Сустрэнемся ў гэтым годзе і паглядзім на тое, што вы там зрабілі, што можаце зрабіць, а ў чым, магчыма, трэба і дапамагчы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт абазначыў праблему дысцыпліны і парадку, з якой, паводле яго слоў, вынікаюць у тым ліку падзеі ў стаўбцоўскай школе. "Я суткі аналізую сітуацыю і ўсялякія размовы на гэту тэму: хто вінаваты. Усе мы вінаватыя, і справа не толькі і не столькі ў інтэрнэце. У нас у школах бардак, поўны бардак. Ніколі такога не было", - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў звярнуць увагу на месцы масавага збору людзей, у першую чаргу дзяцей. Што датычыцца інцыдэнту ў стаўбцоўскай школе, ён лічыць, што "трэба па поўнай спагнаць перш за ўсё са старшыні райвыканкама". "І з Міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Школа - святое месца. Як у царкву, трэба ісці ў школу", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт крытычна адазваўся аб сітуацыі ў школах. Ён запатрабаваў да яго вяртання з камандзіроўкі (у Расію. - Заўвага) далажыць, што зроблена па навядзенні парадку. "Жалезная дысцыпліна павінна быць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. "Нам трэба захаваць тую стабільнасць, якая сёння ў краіне ёсць", - дадаў ён.

"Галоўная каштоўнасць - гэта чалавечае жыццё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Уладзіміра Чушава, назначанага Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Польшчы, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дыпламату павінна быць вядома спецыфіка двухбаковых адносін. "Не скажу, што яны без праблем. Іх хапае. Але ўсе яны абсалютна вырашальныя. І для гэтага трэба зрабіць усё, таму што наступныя гады для беларуска-польскіх адносін будуць вызначальнымі на вялікую перспектыву", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы арыентаваў новага пасла на тое, каб ён даводзіў нацыянальныя інтарэсы да польскага боку. "Гэта не чужы нам народ", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што паміж беларусамі і палякамі ёсць узаемаразуменне. "Ніякіх пагроз ад нас яны няхай не чакаюць. Але гэта не значыць, што калі яны будуць бразгаць зброяй, то мы будзем спакойна на гэта глядзець. Таксама ўлічваючы нашу сумесную беларуска-расійскую групоўку на гэтым напрамку", - сказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб развіцці супрацоўніцтва з Іспаніяй, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць недастатковай работу з гэтай краінай. Паўлу Пуставому, назначанаму Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Іспаніі і па сумяшчальніцтве Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі, трэба будзе, паводле слоў Прэзідэнта, "закласці трывалы фундамент адносін". "Гэта цікавая краіна, і, думаю, што два-тры гады - і мы паўмільярда тавараабарот павінны мець", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Узгадняючы назначэнне Аляксандра Мароза генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава - кіруючая кампанія холдынга "БелОМА", Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новага кіраўніка ўжо да канца года дабіцца добрых вынікаў дзейнасці холдынга. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: "Калі трэба - гаварыце, чым дапамагчы. Прыязджайце ў Міністэрства прамысловасці, стаўце ім задачы ад майго імя. Вынік павінен быць. Гэта добрае прадпрыемства, дзе можна працаваць і атрымліваць вынікі".

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы жорстка выказаўся аб недапушчальнасці карупцыйных праяў. Як вядома, былы генеральны дырэктар гэтага холдынга не так даўно быў затрыманы. "Уся эканоміка - ад продажаў гатовай прадукцыі, ад кошту гэтай прадукцыі. Яны заніжалі кошт, наколькі я помню гэту крымінальную справу. Там заніжалі цану на ваш тавар, а розніцу дзялілі паміж спажыўцом у Расіі і частку клалі сабе ў кішэнь", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што ў калектыве зробяць належныя вывады і такія факты не паўторацца, а работа холдынга выйдзе на добры ўзровень.

Звяртаючыся да новага намесніка Кіраўніка спраў Прэзідэнта Андрэя Свірыдава, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Кіраўніцтва справамі - шматпрофільная структура, прадпрыемствы і арганізацыі якой займаюцца самымі рознымі напрамкамі дзейнасці. "У вас наперадзе разам з Кіраўніком спраў велізарная работа, - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да назначэнца. - Жалезная павінна быць дысцыпліна і вынік. Сказана лыжы зрабіць - рабіце, у вас ёсць прадпрыемства. Сказана зямлю капаць - трэба капаць і хлеб вырошчваць. Я разумею, што вы займаецеся ўсім - ад малака, кароў да турыстычных пытанняў".

"У свой час сабралі па ўсёй краіне праблемныя прадпрыемствы, і з імі трэба працаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, каб была дысцыпліна, адказнасць".

Прэзідэнт таксама заявіў: "Закручвайце гайкі як належыць і дзейнічайце".