Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 чэрвеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Брыля Вячаслава Станіслававіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Нігерыя і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Гана і Рэспубліцы Камерун;

Гучка Аляксандра Яўгенавіча - Старшынёй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Рагашчука Мікалая Міхайлавіча - намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Шчуплянкова Анатоля Леанідавіча - старшынёй Бялыніцкага райвыканкама;

Барташэвіча Івана Мікалаевіча - старшынёй Круглянскага райвыканкама;

Пятрушы Дзмітрыя Віктаравіча - кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска;

Шведа Аляксея Дзмітрыевіча - Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г. Стамбул (Турэцкая Рэспубліка);

Трубілы Генадзя Аляксеевіча - першым намеснікам Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі;

Смірнова Віталя Аляксеевіча - намеснікам Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі;

Бузоўскага Ігара Іванавіча - намеснікам Міністра інфармацыі;

Старавойтавай Ірыны Анатольеўны - першым намеснікам Міністра адукацыі;

Карпяка Уладзіміра Валянцінавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Белшына".

Назначаючы новага Старшыню Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Прэзідэнт сказаў: "Вы ведаеце, чым займацца і як. Прынцыповасць, сумленнасць, шчырасць. І недапушчальнасць разнастайных проціпраўных дзеянняў. Не дай бог карупцыя або яшчэ што-небудзь. На злобу дня - вы бачыце, што адбываецца ў краіне. Літасці ў гэтым нікому не будзе. Гэта датычыцца ўсяго кіруючага складу".

"Вы, напэўна, патрабаванні мае ведаеце да вас. Гэта, можна сказаць, асаблівае падраздзяленне, непасрэдна падпарадкаванае Прэзідэнту. І, напэўна, ведаеце перадгісторыю і гісторыю гэтага падпарадкавання непасрэдна Прэзідэнту. Магу нагадаць: мяне насцярожылі падзеі ў Расіі, якія прадаўжаюцца да гэтага часу, калі за нейкія $3 тыс. або $5 тыс. можна было кандыдацкую купіць, а доктарскую за $10 тыс., - табе напішуць, за руку завядуць, куды трэба, і ты атрымаеш ступень", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мяне гэта не проста насцярожыла ў свой час, а спалохала. Таму ведаючы, што вучоныя, навука - гэта будучыня нашай краіны, ды і сучаснасць... Навука - гэта вельмі важная сфера. І каб туды не трапілі выпадковыя, я заўсёды пад асаблівым кантролем трымаў гэты напрамак. І, зразумела, зыходзячы з гэтага падбіралі кіраўнікоў. Я хачу, каб вы гэта разумелі", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новага кіраўніка ВАК сур'ёзнага і прынцыповага стаўлення: "Хацелася б, каб вы як сапраўдны вучоны адпаведныя патрабаванні прад'яўлялі і да тых, хто будзе імкнуцца стаць вучоным. І падказвалі своечасова і мне, і кіраўніку Адміністрацыі тыя напрамкі, на якія мы павінны неадкладна звярнуць увагу".

Узгадняючы назначэнне на пасаду намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалая Рагашчука, які да гэтага часу працаваў старшынёй камітэта эканомікі Мінскага гарвыканкама, Прэзідэнт пацікавіўся, як ён справіцца на новай пасадзе з улікам абласной спецыфікі. У сувязі з гэтым было адзначана, што ў Мікалая Рагашчука вялікі вопыт работы на рэгіянальным узроўні, а ў аблвыканкаме ён узначаліць эканамічны напрамак.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, ці ёсць дастойная кандыдатура для таго, каб замяніць Мікалая Рагашчука на былой пасадзе. "Глядзіце, каб быў перспектыўны і моцны чалавек. Таму што, скажу вам адкрыта, да гарвыканкама ў мяне пакуль шмат пытанняў", - сказаў Прэзідэнт.

Пры ўзгадненні назначэння новых старшынь Бялыніцкага і Круглянскага райвыканкамаў Прэзідэнт даў высокую ацэнку патэнцыялу гэтых раёнаў, у першую чаргу з пункту гледжання сельскай гаспадаркі. "Глебы добрыя. Я паглядзеў увесь усход Беларусі за гэтыя выхадныя. Дай бог, каб па ўсёй краіне такое было. Гэта нават неяк мне настрой узняло. Таму што я быў у такім прыгнечаным стане пасля гэтай гарачыні - я бачыў нават тут, у цэнтры, колькі шкоды на лёгкіх глебах прынесла засуха. Ужо не кажучы пра асобныя рэгіёны Гомельскай, Брэсцкай абласцей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Але гэтыя дажджы крыху выправілі сітуацыю, а ў вас там наогул пасевы вельмі добрыя. Трэба сур'ёзна рыхтавацца, каб іх убраць. Таму што карміць будзеце ўсю краіну. Калі такое было, каб поўнач і паўночны ўсход забяспечвалі Беларусь. Ну і яшчэ поўнач Мінскай вобласці. Таму трэба звярнуць асаблівую ўвагу і падрыхтавацца да ўборкі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы ў цэлым аб перспектывах развіцця аграрнай галіны, Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адпаведныя пытанні абмяркоўваліся нядаўна на прыкладзе ствараемага холдынга "Купалаўскае" ў Шклоўскім раёне. "Размаўлялі аб тым, што нам трэба ў перспектыве зрабіць, якія крокі прыняць па рэфармаванні, завяршэнні мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Настаў такі перыяд, калі трэба нешта рабіць новае ў сельскай гаспадарцы - паказаць прыклад, куды будзем рухацца", - адзначыў ён.

Прэзідэнт таксама яшчэ раз нагадаў аб важнасці правільнай работы з кадрамі, падтрымання вытворчай дысцыпліны. "Тым, хто хоча працаваць, трэба забяспечыць усё, каб яны маглі працаваць. Не трэба баяцца, што ў нас не хапае кадраў. Трэба арганізаваць гэтыя кадры. Калі раней трэба было 10 збожжаўборачных камбайнаў, то сёння адзін камбайн з добрым механізатарам заменіць гэтыя 10, а тое і 12. Таму не трэба столькі і механізатараў, і даярак. Толькі трэба арганізаваць справу і мець добрых спецыялістаў", - лічыць беларускі лідар.

"Парадак і тэхналагічная дысцыпліна, як і вытворчая дысцыпліна наогул, - гэта пытанні нумар адзін. Стаўцеся вельмі строга да гэтых праблем. І не глядзіце па баках. Вы адказваеце за канкрэтную тэрыторыю. І там з вас запатрабуюць. У вас там няма ні прыватных, ні дзяржаўных прадпрыемстваў - у вас там ёсць кіраўнікі і людзі, якім трэба забяспечыць іх галоўныя правы - на працу, зарплату, жыццё, ахову здароўя, адукацыю і гэтак далей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.