Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка прыняў кадравыя рашэнні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Дрожжу Віталя Аляксандравіча - Міністрам лясной гаспадаркі;

Жаўняка Уладзіміра Рыгоравіча - намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі;

Акуловіч Ірыну Барысаўну - генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Беларускае тэлеграфнае агенцтва".

Назначаючы Віталя Дрожжу Міністрам лясной гаспадаркі, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на гэту пасаду разглядалася мноства кандыдатур, а зацягваць з назначэннем не хацелася. "Лес не можа быць безгаспадарным нават адзін тыдзень, вы гэта лепш за мяне ведаеце", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Віталь Дрожжа для кіруючага складу міністэрства чалавек новы, і ў гэтым яго перавага. "Вы не завязаны тут ні на якія кругі, ні з кім не рыбачылі і не палявалі, дамы камусьці або лазні не будавалі. Таму вы чалавек чысты, рукі ў вас чыстыя, вопыт ёсць. Дзейнічайце і не глядзіце па баках. Калі нехта вас хоча зацягнуць не туды, куды трэба, знайдзіце магчымасць мяне аб гэтым праінфармаваць. Ні ў якім разе не паддавайцеся на нейкія хітрыкі, усё павінна быць сумленна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне ўзмацняюць кантроль за работай кіраўнікоў, асабліва членаў Урада і міністраў. "Таму што некаторыя проста сталі нахабнымі. І з такімі мы разбіраемся імгненна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Хацелася б, каб вы гэту вашу добрую якасць - што вы нікому нічога не абавязаны і ні на каго не завязаны, як у нас кажуць - увасобілі ў жыццё. Лёгка вам не будзе, вы ведаеце мае адносіны да прыроды і да лесу".

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу навесці парадак у лясной галіне, каб выключыць сітуацыі, калі лес за хабар сплаўляецца на захад, а потым адтуль у краіну завозяць мэблю, вырабленую з беларускіх матэрыялаў. "Тут павінен быць дзяржаўны падыход да гэтай справы. Анфімаў (Старшыня КДК Леанід Анфімаў) сказаў, што вы чалавек дзяржаўны. Мяне гэта вельмі задавольвае. Вы павінны быць дзяржаўным чалавекам, таму што будзеце займацца вельмі дзяржаўнай сферай. Лес заўсёды будзе дзяржаўнай справай", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

У час сустрэчы таксама была ўзнята тэма лесааднаўлення. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў высаджваць у краіне больш саджанцаў на пустуючых тэрыторыях, а таксама замест высечаных дрэў. "Нам трэба не толькі аднаўляць лес, які мы высякаем і аддаём у абарот. Вы паглядзіце, колькі ў нас свабодных плошчаў, у гэтым годзе будзе вялікі попыт на гэтыя саджанцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ён сам мае намер заняцца пасадкай саджанцаў у гэтым годзе, плануе высадзіць маладыя дрэвы і Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Для гэтага яна наведае сваю малую радзіму. Да гэтай работы, лічыць Аляксандр Лукашэнка, неабходна падключыць шырокае кола людзей. "Прырода нас надзяліла тым, што мы можам у лесе ўзяць тыя дрэвы, якія загінуць, не вырастуць, і перасадзіць іх на свабодныя месцы. Гэтым таксама давядзецца займацца", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што, хоць і не быў раней асабіста знаёмы з Віталём Дрожжам, але ведае аб яго дзейнасці на апошняй пасадзе ў якасці гендырэктара нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". "Калі я прыязджаю на Браслаўскія азёры і там жыву, я заўсёды цікаўлюся, як функцыянуе гэты запаведнік, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Некалі, каб абараніць яго, мной было прынята жалезнае рашэнне, што гэта - беларускі здабытак, і мы там стварылі запаведнік, нацыянальны парк".

Пры назначэнні Уладзіміра Жаўняка намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу асучасніць сістэму ідэалагічнай работы ў краіне. "У сферы ідэалогіі нам трэба выбудоўваць добрую сістэму. І работы непасрэдна з людзьмі. І асучасніваць яе. Таму што ездзіць па працоўных калектывах і з імі весці дыялог, размаўляць - гэта вельмі важна, заўсёды з людзьмі трэба размаўляць. Але гэтага ўжо мала. Ва ўсе працоўныя калектывы не паедзеш і з дзесяццю мільёнамі не перагаворыш. А ідэалагічнай работай трэба займацца ўсім, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў. Якая гэта будзе сістэма - вам з Кіраўніком Адміністрацыі яе выбудоўваць і з вашымі падначаленымі", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што на адпаведную пасаду даволі доўга падбіралі кандыдатуру, улічваючы асаблівую спецыфіку ідэалагічнай работы. "Гэта павінны быць людзі, проста вылепленыя нейкім скульптарам. Іх шмат не бывае. Гэта адзінкі наогул. Калі ўзяць не толькі вашу адміністрацыйную работу, але і ідэалагічную. Тут патрэбны вельмі тонкі падыход", - падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да Уладзіміра Жаўняка, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы чалавек, можна сказаць, ваенны. Былых ваенных не бывае. Гэта таксама добра. Мы вельмі ўжо разглагольстваваць па розных пытаннях навучыліся замест таго, каб браць і рабіць нешта, ствараць сістэму, патрабаваць. Каб гэта было прыгожа, добра. І ўжо менш трэба размаўляць, а больш дзейнічаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць сумеснай работы па зададзеных напрамках з іншымі кіраўнікамі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, аднак адзначыў і важнасць наяўнасці ўласнага меркавання па тых ці іншых пытаннях. "У вас пасля назначэння будзе адзін начальнік - гэта Прэзідэнт. І калі вы з Кіраўніком Адміністрацыі ў нечым не згодны (хоць з ёй цяжка не згадзіцца, яна чалавек таксама абсалютна дзяржаўны), калі вам прэс-сакратар Прэзідэнта будзе на нешта намякаць, вы павінны мець сваю пазіцыю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі яны вам падказваюць тое, што падыходзіць, зыходзячы з нашага жыцця, добра, рабіце. Калі вы не згодны - зніміце трубку і скажыце. Таму што вашы памылкі, калі яны будуць, яны будуць толькі вашымі. Ні Кіраўніка Адміністрацыі, ні прэс-сакратара, ні кіраўнікоў БЕЛТА або тэлекампаній, радыё. Гэта будуць вашы памылкі. Гэта самая, напэўна, складаная пасада, самая цяжкая работа".

Прэзідэнт таксама расказаў, што ад пасады намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, які курыраваў бы ідэалогію, некаторы час таму спрабавалі адмовіцца і падняць адпаведны напрамак работы на ўзровень Першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі. "Але ад гэтай ідэі, шчыра кажучы, сёння і я, і Кіраўнік Адміністрацыі адмаўляемся. Нам патрэбны такі чалавек, які будзе ўмець і сам размаўляць з людзьмі, і займацца са сродкамі масавай інфармацыі, арганізоўваць іх, і іншымі пытаннямі, якія датычацца ідэалогіі нашай дзяржавы. Гэта ідэалагічная работа, гэта асноўнае", - заявіў беларускі лідар.

Як было адзначана пры назначэнні, сфера адказнасці новага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі будзе ўключаць ідэалагічную работу, СМІ і грамадскія арганізацыі. У сваю чаргу Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі прадоўжыць курыраваць такія напрамкі, як адукацыя, культура, спорт, міжнародная дзейнасць.

Перад Ірынай Акуловіч на пасадзе генеральнага дырэктара БЕЛТА Прэзідэнт паставіў задачу дасягнуць новай ступені ў развіцці інфармагенцтва. "Калі будуць якія-небудзь праблемныя пытанні і іншае, вы з Прэзідэнтам часта будзеце сутыкацца. Вы скажыце прама або праз прэс-сакратара, Кіраўніка Адміністрацыі. Але хацелася б, каб вы не проста падтрымалі той трэнд, які быў зададзены Жуком (былым генеральным дырэктарам БЕЛТА Дзмітрыем Жуком) да вас, але каб мы яшчэ на прыступку падняліся вышэй. Думаю, у вас атрымаецца. І добра, што вы прыйшлі знізу. Гэта вельмі добра. Вы гэты нерв народны адчуваеце больш востра, чым нават я, хоць сутыкаюся пастаянна з людзьмі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Не скажу, што гэта ўжо такая цяжкая ў вас ноша. Хацелася б, каб гэта быў нейкі чарговы этап, каб, шчыра вам скажу, мы паглядзелі на вашу работу тут, таму што ў Магілёве - гэта адно. А калі сюды трапляеш - зусім іншае, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш, гэта сродак масавай інфармацыі. І крытыкі будзе тут цяпер... Вы пачуеце тое, што пра сябе раней не ведалі. Гэта трэба спакойна ўспрымаць".

"Палітыку дзяржавы і Прэзідэнта вы ведаеце. Калі ідзяце на гэту пасаду, значыць, падтрымліваеце яе. І справа тут не ў Прэзідэнце, а ў той палітыцы, якую мы павінны ўжо з вамі разам з сённяшняга дня ажыццяўляць, каб захаваць краіну, яе незалежнасць і суверэнітэт. Зрабіць так, каб гэта была наша зямля, нашых дзяцей і нашых унукаў, усіх тых, хто сёння на ёй жыве", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пры вырашэнні кадравых пытанняў падкрэсліў, што галоўнае для новых кіраўнікоў - сумленнасць і прыстойнасць. "У адносінах з працоўнымі калектывамі, з іншымі. Справядліва ўсё павінна быць. Усё ў законах не прапішаш. І калі недзе не хапае заканадаўчай базы - дзейнічай па справядлівасці, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Справядлівасць вышэйшая за закон заўсёды, калі на тое пайшло. Бываюць несправядлівыя законы, а само паняцце справядлівасці (можна сказаць, філасофскае паняцце) абсалютнае. Таму зыходзіць трэба заўсёды з гэтага".