Прэзентацыя параднай і спартыўнай формы на II Еўрапейскія гульні 2019 года

  • 6

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку 2 кастрычніка прадэманстравалі ўзоры параднай і спартыўнай формы беларускіх атлетаў і валанцёраў на II Еўрапейскіх гульнях 2019 года.

Прэзентацыя прайшла ў Палацы Незалежнасці. Узоры формы Кіраўніку дзяржавы прадставілі Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Андрэй Асташэвіч, дызайнер Юлія Латушкіна і генеральны дырэктар прадпрыемства "Сола-Пінск" Васіль Гарагляд.

"У чым тут беларуская адметнасць?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. Распрацоўшчыкі экіпіроўкі і касцюмаў расказалі Прэзідэнту аб дызайнерскіх асаблівасцях і нюансах вытворчасці. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, пры вытворчасці формы ўлічваліся пажаданні саміх спартсменаў і патрабаванні арганізацыйнага камітэта гульняў.

Спартыўная экіпіроўка распрацавана і пашыта пінскім прадпрыемствам і складаецца з 19 найменняў. Усяго "Сола-Пінск" плануе выпусціць 500 камплектаў. Калекцыя атрымала назву "Прастора". Яе сімвал увязаны ў адзіную стылістыку лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў і ўвасабляе беларускія неабсяжныя прасторы.

Дызайнерам формы валанцёраў і ўдзельнікаў акцыі "Полымя міру", а таксама парадна-грамадзянскага адзення  беларускіх спартсменаў і ўбору ўзнагароднай групы (беларускіх прыгажунь, якія будуць уручаць медалі пераможцам) стала Юлія Латушкіна. За ідэю распрацоўкі экіпіроўкі для валанцёраў і ўдзельнікаў акцыі "Полымя міру" ўзяты стылізаваны сюжэт дрэва жыцця, у якім знайшлі адлюстраванне беларуская выцінанка і сімвалы відаў спорту. Факеланосцы, якія ўжо ў сакавіку адправяцца ў тур па гарадах і краінах, будуць ісці ў белых касцюмах, сімвалізуючы мір і чысціню намераў. Дзяўчаты з узнагароднай групы ўпрыгожаць галовы вянкамі з кветак, паколькі спаборніцтвы будуць праходзіць у час святкавання Купалля.

Аглядаючы ўсе ўзоры, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на беларускі герб на форме. "Герб павінен быць па контуры вышыты або ўшыты на касцюм, - выказаў ён заўвагу. - Каб герб быў як герб, а не плямка. Гэта важна".

Гаворачы пра спартыўную экіпіроўку, якая распрацавана прадпрыемствам "Сола-Пінск", Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яе колеры не такія яркія і насычаныя, як колеры формы ўдзельнікаў акцыі "Полымя міру", хоць апошняя таксама была пашыта на пінскай вытворчасці. "Райцеся з дызайнерамі і мастакамі, каб гэта было дастойна. Каб форма адпавядала гэтай (распрацаванай Юліяй Латушкінай) - гэта яркая форма, адразу кідаецца ў вочы. Яе можна ўзяць за ўзор па яркасці, выразнасці. Калі вы і гэтыя тканіны рабілі, тады што за праблема, зрабіце такія ж яркія", - даручыў Прэзідэнт. Кіраўнік прадпрыемства запэўніў, што форма будзе дапрацавана з улікам патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы і пажаданняў саміх спартсменаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, чаму форму для беларускіх спартсменаў і валанцёраў не змаглі распрацаваць дзяржаўныя прадпрыемствы і іх дызайнеры. Як далажылі Прэзідэнту, у конкурсе яны ўдзельнічалі, аднак не змаглі выйграць яго, таму што ўступаюць па многіх параметрах. "Значыць, гэта пытанне задайце Яфімчыку (старшыня канцэрна "Беллегпрам" Мікалай Яфімчык). Няхай мне адкажуць, чаму не змаглі канкурыраваць з прыватнымі прадпрыемствамі. І чаму ў нас адна Латушкіна выйграе гэты конкурс? Чаму няма дастойных канкурэнтаў, у Яфімчыка ў тым ліку?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што пытанне, хто будзе распрацоўваць і вырабляць форму - прыватнае прадпрыемства або дзяржаўнае, не прынцыповае. Галоўнае, каб гэтым займаліся беларускія спецыялісты, і адзенне было добрай якасці, сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.