Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 23

Беларусь нічога не просіць у Расіі, толькі роўныя ўмовы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 снежня на перагаворах у Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў першую чаргу падзякаваў Уладзіміру Пуціну за запрашэнне. Ён адзначыў, што сустрэча праходзіць напярэдадні вялікай падзеі - 20-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. "За гэтыя 20 гадоў зроблена нямала. Гэта вядома. Нямала трэба яшчэ зрабіць. Мы гэта не ўтойваем. Вы заўважылі, што нашы ўрады сур'ёзна аналізавалі дагавор, глядзелі, што можна зрабіць, што мы сёння не можам рабіць. Каб лішнюю работу не выконваць. І мы з вамі да гэтага пытання звярталіся не раз і карэкціравалі дзеянні нашых груп па аналізе і выпрацоўцы некаторых планаў далейшай інтэграцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным паглядзеў расійскія тэлеканалы, інфармацыю на шэрагу Telegram-каналаў. "Усе задаюцца пытаннем у Расіі: а што Лукашэнка, з чым ён туды едзе, з чым ён прыехаў наогул? Я скажу, Уладзімір Уладзіміравіч, мы сапраўды нямала зрабілі, але мала гаворым аб тым, што зрабілі, а трэба было б", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што бакі сабраліся на сустрэчу, каб паглядзець, як ідзе работа над аналізам саюзнага дагавора і адпаведнымі пытаннямі. "Не просім нічога, не настойваем ні на чым. Мы дамовіліся даўно, развіваючы наш дагавор, - людзі і суб'екты гаспадарання павінны мець роўныя ўмовы для жыцця і работы. Роўныя ўмовы - больш нічога не трэба", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не просім, як некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту. Мы гатовы і па $200 газ купляць (цяпер цана на расійскі газ для Беларусі складае $127 за 1 тыс. куб.м. - Заўвага) і нафту купляць не па $63 за бараль. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы. Калі нашы прадпрыемствы купляюць за $200, значыць, і канкурыруючыя прадпрыемствы (у Расіі. - Заўвага) павінны мець такую ж цану. У адваротным выпадку мы проста не зададзім аснову нашых адносін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы як вучоны, кандыдат эканамічных навук разумееце гэта не горш за мяне. Вось адзіная праблема, над якой у прынцыпе працуюць нашы ўрады. Мы сабраліся для таго, каб вырашыць гэтыя пытанні".

"Дзякуй яшчэ раз, што запрасілі сюды. Праўда, тут за агароджай і мой дом (на тэрыторыі санаторыя "Беларусь", які належыць беларускаму боку. - Заўвага). Таму я, можна сказаць, у сваім доме", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваю чаргу спадзяецца, што Беларусь і Расія атрымаюць прыкметныя перавагі ад інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. "Хачу выказаць надзею на тое, што мы і далей будзем рабіць усё, каб нашы народы і краіны адчувалі сваю блізкасць, прадаўжалі збліжэнне, перш за ўсё, вядома, у сферы эканомікі, але не толькі, таксама і ў сацыяльнай сферы, што вельмі важна, а таксама атрымлівалі прыкметныя перавагі ад гэтай інтэграцыі", - сказаў ён.

Сустрэча лідараў дзвюх краін адбылася ў рэзідэнцыі Бачароў Ручай і прадаўжалася амаль пяць з паловай гадзін. На перагаворах акрамя кіраўнікоў дзяржаў прысутнічалі прэм'ер-міністры і іншыя прадстаўнікі ўрадавых дэлегацый дзвюх краін.

Наступную сустрэчу прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правядуць 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.