Перагаворы з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Валерыем Шанцавым

  • 1

Беларусь і Ніжагародская вобласць разлічваюць выйсці на ўзровень тавараабароту $1 млрд. Такая задача была пастаўлена па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Валерыем Шанцавым.

"Наша ўзаемадзеянне дае добрыя рэзультаты. Па выніках няпростага ў эканамічным плане 2016 года наш тавараабарот вырас на 7,3 працэнта і перасягнуў $0,5 млрд. Улічваючы існуючы ў бакоў патэнцыял, лічу, што ёсць усе перадумовы для нарошчвання аб'ёму ўзаемнага гандлю да ўзроўню 2012 года. У нас ужо тады было $800 млн", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

А калі ўлічваць, што па некаторых напрамках супрацоўніцтва паміж партнёрамі ажыццяўляецца не без пасрэдніцтва, то двухбаковы тавараабарот перасягае $750 млн. Бакі сышліся на думцы, што ўзровень узаемнага гандлю павінен дасягнуць $1 млрд. Гэта задача рэальная і выканальная.

Беларусь і Ніжагародская вобласць стварылі салідную базу для вытворчай кааперацыі. Напрыклад, у расійскім рэгіёне наладжана зборка беларускіх ліфтаў, адкрыты гандлёвы дом ААТ "Белшына", працуюць дылеры буйнейшых прадпрыемстваў машынабудавання: "Гомсельмаша", "Амкадора", МТЗ і МАЗ. У сваю чаргу беларускі бок актыўна запупляе металапрадукцыю, грузавыя аўтамабілі, тавары хімічнай прамысловасці.

Каб дасягнуць яшчэ большых вынікаў, бакі гатовы развіваць кааперацыю. У прыватнасці, размова ішла аб супрацоўніцтве беларускіх прадпрыемстваў з расійскай аўтамабілебудаўнічай кампаніяй "Група ГАЗ", Выксунскім металургічным, Арзамаскім машынабудаўнічым і Пешаланскім гіпсавым заводамі.

З улікам маштабных планаў вобласці па ўзвядзенні жылля і транспартнай інфраструктуры ўзаемавыгадным бачыцца прыцягненне да іх рэалізацыі беларускіх спецыялістаў, лічыць Прэзідэнт. Асабліва напярэдадні Чэмпіянату свету па футболе, пры правядзенні якога важная роля будзе адведзена Ніжагародскай вобласці. Папярэднія дамоўленасці ўжо дасягнуты.

Вельмі каштоўны вопыт, які набылі беларускія арганізацыі ў супрацоўніцтве з ніжагародскай кампаніяй "Атамбудэкспарт" пры будаўніцтве БелАЭС, можа быць запатрабаваны пры ажыццяўленні іншых энергетычных праектаў. "Для нас вельмі важна, што вы ў гэты працэс актыўна ўключылі беларусаў, там працуюць вельмі многія нашы кампаніі. Да гэтага часу ніхто не атрымаў заўваг па сваім прафесіяналізме. Значыць, мы з вамі можам будаваць атамныя станцыі па ўсім свеце, і мы будзем там запатрабаваны", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Сёння ў многіх краінах назіраецца дэфіцыт рабочай сілы. Перавага Беларусі ў тым, што тут захавалі прафесійна-тэхнічную адукацыю і вывелі на высокі ўзровень падрыхтоўку па рабочых спецыяльнасцях. "Да нас ужо звяртаюцца іншыя дзяржавы, асабліва постсавецкай прасторы, каб мы дапамаглі ім падрыхтаваць рабочыя кадры. А некаторыя (я быў нядаўна ў Туркменістане) папрасілі стварыць у іх сістэму прафтэхадукацыі, а дзе-нідзе аднавіць, - заўважыў беларускі лідар. - Таму мы рады, што нашы рабочыя, спецыялісты запатрабаваны. Мы навучыліся шмат чаму і гатовы ўдзельнічаць у любым пункце свету, разам з расіянамі будаваць такія і іншыя аб'екты".

У Беларусі таксама падтрымліваюць імкненне вашага рэгіёна нарошчваць магутнасці аграрнай галіны. "Гатовы аказаць дапамогу, як і раней, у мадэрнізацыі жывёлагадоўчых комплексаў, пастаўках сельгасмашын і агрэгатаў. Гатовы выконваць работы пад ключ, калі ў гэтым будзе неабходнасць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Цесныя сувязі склаліся паміж партнёрамі і ў гуманітарнай сферы: адукацыі, навуцы, культуры, медыцыне, спорце і турызме.

"Спадзяюся, што з боку кіраўніцтва Ніжагародскай вобласці ўсім ініцыятывам будзе аказана адпаведная падтрымка, - дадаў Прэзідэнт. - Нашы адносіны - узор для іншых краёў і рэгіёнаў. Наколькі будуць трывалыя міжрэгіянальныя сувязі, настолькі будуць моцныя і беларуска-расійскія адносіны".

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на фоне пазітыўных тэндэнцый некаторыя расійскія тэлеканалы займаюцца рознымі інсінуацыямі. Такая інфармацыйная палітыка выклікае абгрунтаваныя пытанні.

"Пачынаюць у СМІ з'яўляцца розныя меркаванні, хто каго там падмануў, што мы зноў на каленях нешта просім у Расіі і гэтак далей. Мы ні перад кім ніколі не стаялі на каленях. Вы гэта добра ведаеце, мы з вамі ні адзін дзясятак гадоў знаёмы. Асобным пісакам і гаворачым у тэлеэкранах хачу сказаць, што ў вырабах Беларусі (трактарах, аўтамабілях, усёй машынабудаўнічай або хімічнай галіны) ад 30% да 90% камплектуючых, сыравіны і матэрыялаў з Расіі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Калі фарміравалася Саюзная дзяржава, было вырашана не ламаць усталяваныя народна-гаспадарчыя сувязі. За Беларуссю засталася фінішная прамысловая вытворчасць, як гэта было і пры Савецкім Саюзе, таму эканомікі дзвюх дзяржаў засталіся ўзаемазвязаны, растлумачыў Прэзідэнт.

"Сёння на прадпрыемствах Расіі, якія працуюць на фінішную вытворчасць у Беларусі (вырабляюць камплектуючыя, матэрыялы і іншае), працуе больш за 10 млн чалавек. Дапамагаючы фінішнай вытворчасці, падтрымліваючы, каб яна не спынілася, мы дапамагаем мінімум 10 млн (а тое і 15 млн) - тым людзям, якія і працуюць у Расіі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Зразумела, што, калі ёсць праблема ў Расіі, яна будзе і ў Беларусі, ды і ў іншых рэспубліках, якія завязаны на Расію. Але так, як Беларусь, ніводная рэспубліка не звязана са сферай эканомікі Расійскай Федэрацыі".

Што датычыцца выдаваемых крэдытаў для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы плацім пад 4,5-6% гадавых. Прытым спраўна заўсёды абслугоўвалі іх. Вы ведаеце, як у Амерыцы размяшчаюць грошы Расійскай Федэрацыі. Амерыканцы вам плацяць 0,5%. Усе краіны атрымліваюць пэўныя крэдыты або ад міжнародных арганізацый, або ад дзяржаў. Расія ў нас па гэтых пытаннях не займае першае месца, на ім - Кітайская Народная Рэспубліка. Яна прадаставіла нам крэдытную лінію каля $15 млрд пад рэалізуемыя ў Беларусі праекты, мы яе да гэтага часу не выбралі. Самае галоўнае - яны нас не папракаюць у тым, што дапамагаюць нам".

Прэзідэнт падкрэсліў, што расійскае кіраўніцтва стратэгічна падыходзіць да адносін Беларусі і гэта не гульня ў адны вароты. "Гэта сапраўды кампраміс, які быў дасягнуты. Не, трэба лыжку дзёгцю кінуць у бочку мёду. Вось гэтым асобныя і займаюцца, ў тым ліку, як мне сёння далажылі, і ваш былы любімы канал ТБЦ", - канстатаваў ён.

Любяць пакрытыкаваць у Расіі і наладжванне адносін паміж Беларуссю і Еўропай, нібыта краіна вырашыла развярнуцца на Захад. "Мы на Захадзе нікому не патрэбны. Там такога дабра, як Беларусь, хапае і без яе. А як мяне любяць на Захадзе, вы помніце з тых часоў. Нічога тут не змянілася. Мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, вымушаны праводзіць такую палітыку, каб захаваць краіну, бяспеку, суверэнітэт, незалежнасць і стабільнасць, каб людзям нармальна жылося. Мы не можам сварыцца ні з Расіяй, ні з Захадам. Наш лёс такі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ў расіян у Беларусі не ўзнікае ніякіх праблем як з пункту гледжання бяспекі, так і вядзення бізнесу. Не ў прыклад гэтаму развіваюцца падзеі ва Украіне.

"Вось гэта адказ тым крытыкам, якія любяць запусціць камень у агарод Беларусі", - дадаў ён.

Даходзіць да таго, што часам краіну могуць абвінаваціць нават у нейкай русафобіі. "Тое, што мы беларускую мову не забываем, так і павінна быць. Гэта добра, што ў беларусаў ёсць свая мова. Чаго нас у гэтым папракаць? Хоць у нас пераважная большасць людзей размаўляюць на рускай мове, і ў быце ў нас мова руская. Але падкрэсліваю - гэта не расійская мова. Гэта наша агульная з вамі мова, якую мы стваралі гадамі. Яна ўдасканальваецца, развіваецца як жывая тканіна. І мы разам з вамі нямала ўклалі ва ўдасканаленне гэтай мовы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ніколі ад яе не адмовімся. Але ёсць у нас свая нацыянальная беларуская мова, родная мова беларусаў. Яе ведаюць і многія беларусы, якія жывуць за межамі нашай краіны. Таму тут усё нармальна і ўсё пад кантролем".

У сваю чаргу Валерый Шанцаў звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца галоўным партнёрам Ніжагародскай вобласці. А гэта сведчыць шмат аб чым: рэгіён супрацоўнічае са 143 краінамі. "Ніхто больш не мае з намі такіх цесных гандлёвых, эканамічных сувязей", - падкрэсліў ён.