Перагаворы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі Антонам Аліханавым

  • 1

Беларусь гатова да супрацоўніцтва з Калінінградскай вобласцю па ўсіх напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 лістапада на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі Антонам Аліханавым.

"Мы гатовы да супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія цікавяць Калінінградскую вобласць. У гэтым вы можаце быць упэўнены", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусь разглядае гэты рэгіён Расіі як вельмі перспектыўнага і блізкага гандлёва-эканамічнага партнёра. "Няхай абсалютныя лічбы невялікія, але ёсць куды расці. Ёсць праекты, праграмы, па якіх мы можам супрацоўнічаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, перспектыўным можа стаць паглыбленне прамысловай кааперацыі, узмацненне ўзаемадзеяння ў аграрнай, будаўнічай і транспартнай сферах. "У развіцці менавіта такіх сектараў наша краіна традыцыйна моцная. У нас і ў прамысловасці, і ў аўтамабілебудаванні, і ў станкабудаванні ёсць магчымасці для супрацоўніцтва. І ў плане будаўніцтва сельскагаспадарчых аб'ектаў, і наогул будаўніцтва. У свой час Беларусь была маяком і прыкладам у будаўнічай галіне", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер у Калінінградскай вобласці рыхтуюцца да правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 года. "Калі патрэбна дапамога, можам аказаць. І не толькі будаўніцтвам, але, як некалі мы ў Сочы рабілі, і транспартам. Мы можам пастаўляць вам і гатовыя металаканструкцыі, і цэмент, і іншыя матэрыялы для будаўніцтва", - прапанаваў ён.

Не менш перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва па развіцці лічбавай эканомікі, ІТ-індустрыі, інфарматызацыі. "Мы даўно адчулі гэты напрамак. Мы стварылі магутны ІТ-парк, дзе сёння прапісаны сусветныя кампаніі, і нечаму навучыліся. Таму, калі ласка, скарыстайцеся гэтымі магчымасцямі настолькі, наколькі вам гэта патрэбна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Таксама Беларусь гатова садзейнічаць Калінінградскай вобласці ў навуковай сферы. "Вашы вучоныя могуць проста прыязджаць сюды і працаваць, або там будзем магутныя філіялы ствараць, школы, інстытуты. Мы гэта можам зрабіць", - упэўнены Прэзідэнт.

Значны патэнцыял для развіцця ўзаемадзеяння сканцэнтраваны ў гуманітарнай сферы, адзначыў беларускі лідар. "Я ўжо не кажу пра абмен нашымі артыстамі, мастакамі, скульптарамі. Галоўнае - гэта адукацыя. Вы ў Расіі вельмі рушылі наперад у гэтым плане. Наш Міністр адукацыі нядаўна ў вас бываў, аб многім дамовіліся. Мы будзем гэтыя напрамкі таксама падтрымліваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Спадзяюся, мы будзем і далей развіваць нашы адносіны менавіта ў тым ключы, што мы людзі не чужыя, у нас адзіная айчына. Мы не дзелім Расію і Беларусь па граніцах, а спрабуем пабудаваць нешта агульнае - назвалі яго Саюзнай дзяржавай", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на асобныя пытанні, з якімі сутыкаецца як Беларусь, так і Калінінградская вобласць, а ў яе асобе Расія. "Тое, што адбываецца на граніцах з Беларуссю, - гэта люстраны адбітак граніцы з Калінінградам. Мы сутыкаемся твар у твар, лоб у лоб з актывізацыяй НАТА. Ды і ў эканоміцы, ведаеце, у гандлі кожны клапоціцца там аб сваіх інтарэсах. Не скажу, што яны нас ужо вельмі любяць - і вас, і нас, Расію і Беларусь. Таму, як бы тут не абмяркоўвалі гэтыя пытанні, не рабілі нас празаходнімі і гэтак далей, мы цудоўна разумеем, што гэта рыторыка. А канкрэтныя факты сведчаць аб тым, што нам няма на каго разлічваць. Нам, беларусам і расіянам, трэба бачыць свой інтарэс, інтарэс сваіх народаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы заўсёды можаце разлічваць на Беларусь. У цяжкую хвіліну мы заўсёды падставім плячо, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вы павінны ведаць, што ў любую хвіліну можаце знайсці падтрымку ў сваіх родных людзей тут, у Беларусі. Я хачу, каб вы так і разумелі ідэалогію нашых адносін".

Як адзначыў Прэзідэнт, Беларусь і Калінінградскую вобласць звязваюць цесныя адносіны яшчэ з савецкіх часоў. "Так склалася, што Беларусь заўсёды адказвала ў савецкія часы за Калінінградскую вобласць. Мы вельмі блізкія, нашых людзей вельмі шмат там працавала - засталіся, жывуць, - канстатаваў ён. - У сярэдзіне 1990-х я сказаў, што Калінінградскую вобласць мы ў крыўду не дадзім, беларусы заўсёды адказвалі за яе і будуць адказваць".

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што першы афіцыйны візіт Антона Аліханава ў Мінск пакіне ў яго добрае ўражанне пра Беларусь і дасць штуршок да далейшага развіцця двухбаковых адносін.