Перагаворы з Федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам

  • 8

Беларусь і Аўстрыя павінны нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва і перш за ўсё ў гандлі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 сакавіка на перагаворах з Федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам.

"Дазвольце мне яшчэ раз афіцыйна ў Палацы Незалежнасці, сімвале незалежнасці нашай дзяржавы, вітаць вас. Вы для нас заўсёды жаданы госць. Вы ніколі не баяліся прыязджаць у Беларусь, і мы гэта вельмі цэнім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва ёсць добрая гістарычная аснова. Аднак вынікі эканамічнага ўзаемадзеяння маглі б быць вышэйшыя: за мінулы год тавараабарот паміж краінамі склаў крыху больш за $170 млн. "Гэта менш, чым вы інвесціруеце ў нашу краіну, - заўважыў ён. - Нам трэба нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва. А яно перш за ўсё выяўляецца ў гандлі, у тавараабароце паміж нашымі краінамі".

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што карані адносін дзвюх краін ідуць яшчэ у часы Савецкага Саюза, калі вядучыя аўстрыйскія кампаніі будавалі ў Беларусі буйныя прадпрыемствы. "Гэтыя прадпрыемствы і сёння з'яўляюцца, можна сказаць, аднымі з лепшых", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы заўсёды вітаем вашы інвестыцыі ў Беларусі. Калі ў вашых буйных кампаній ёсць інтарэсы (а вы аб гэтым гаварылі), я гатовы асабіста з кіраўніком любой кампаніі, якую вы абазначыце, весці дыялог па сумеснай вытворчасці тых тавараў, якія вы палічыце патрэбнымі", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў аўстрыйскаму боку за ўклад у збліжэнне Беларусі з Еўрапейскім саюзам. "Нельга цэнтр Еўропы адхіляць ад цеснага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з нашай краінай. Мы гатовы на гэта супрацоўніцтва, але вы вельмі правільна сказалі: заўсёды трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў Себасцьяну Курцу, што ўважліва прачытаў яго артыкул у газеце Die Welt і яму спадабаўся пункт гледжання канцлера на развіццё Еўропы. "Ён смелы, рашучы. Але ў той жа час гэта пункт гледжання на развіццё Еўропы, якое сёння магчыма. З такой Еўропай, якую вы бачыце сёння і заўтра, мы гатовы супрацоўнічаць па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падтрымлівае агучаныя ў газеце прапановы Себасцьяна Курца адносна больш самастойнай дзейнасці нацыянальных урадаў у Еўрапейскім саюзе. На думку канцлера, ЕС павінен займацца ў першую чаргу знешняй палітыкай, абаронай, а не ўнутранымі справамі асобных краін. "Гэта абсалютна правільна", - лічыць Прэзідэнт.

"Але самае галоўнае, у чым я згодны з вамі, - гэта прыняцце рашэнняў. Вы часта ў былыя часы крытыкавалі нас за вельмі сур'ёзную бюракратыю. Але тое, што робіцца ў Еўрапейскім саюзе цяпер, гэта быццам з нейкай камедыі. Рашэнні ў сучасным свеце трэба прымаць вельмі хутка, і рашэнні павінны быць смелымі, аб чым вы гаворыце ў гэтым артыкуле", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што катэгарычна супраць распаду Еўрапейскага саюза і яго аслаблення. "Я зыходжу з прагматычнага пункту гледжання. Еўрапейскі саюз - гэта сёння адна з асноўных апор стабільнасці на нашай планеце. І калі гэту апору выцягнуць з-пад агульнай сістэмы, сістэме будзе вельмі складана ўтрымацца на астатніх апорах - Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, Расія. Вельмі будзе складана, усё ж такі чвэрць сусветнай вытворчасці. Таму Еўрапейскі саюз трэба захоўваць. Зразумела, Еўропу, Еўрапейскі саюз трэба мадэрнізаваць, але ні ў якім разе не ў напрамку развалу", - перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў палітычнай сферы ў беларуска-аўстрыйскіх адносінах няма ніякіх праблем. "Нашы з кіраўніцтвам Аўстрыі погляды па міжнародным парадку дня ў асноўным падобныя, мы тут не маем супярэчнасцей - ні па пытаннях развіцця нашага еўрапейскага рэгіёна, ні свету ў цэлым", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Себасцьян Курц падкрэсліў, што разлічвае на візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю на працягу наступнага паўгоддзя: "Вельмі рады таму, што на працягу наступнага паўгоддзя Вы, па ўсёй верагоднасці, зможаце наведаць Аўстрыю. І мы такім чынам крок за крокам зможам паглыбляць нашы адносіны".

Ён таксама канстатаваў, што паміж краінамі склаліся добрыя двухбаковыя адносіны. Гэта ў тым ліку выяўляецца ў эканамічным супрацоўніцтве, Аўстрыя ў ліку лідараў па аб'ёме інвестыцый у Беларусі.

Федэральны канцлер адзначыў, што выступае за далейшае выбудоўванне добрых доўгатэрміновых адносін паміж Аўстрыяй і Беларуссю. "Я вельмі добра сябе адчуваю ў вашай краіне. І мне вельмі важна, каб Аўстрыя як частка Еўрапейскага саюза магла выбудаваць добрыя доўгатэрміновыя адносіны з вашай краінай. Мне здаецца, што вы знайшлі вельмі пазітыўны, правільны шлях збліжэння з Еўрапейскім саюзам без разрыву вашых партнёрскіх адносін з Расіяй. На мой погляд, гэты падыход "і, і" значна больш плённы, чым падыход "або, або", які можа адыграць адмоўную ролю. Гэта датычыцца не толькі вашай краіны, але і іншых краін у рэгіёне", - заявіў ён.

Себасцьян Курц адзначыў важную ролю Беларусі ў пытанні мірнага ўрэгулявання ў рэгіёне: "Мы абмеркавалі пытанні палітычнага супрацоўніцтва ў гэтым рэгіёне. Хачу падзякаваць вам за тую ролю, якую вы адыгрываеце ў рэгіёне ва ўстанаўленні міру. Мы, у прыватнасці, абмяркоўвалі ўкраінскі канфлікт. І тыя мінскія пагадненні, якія тут былі дасягнуты, ваша работа па функцыянаванні кантактнай групы ўносяць вялікі ўклад у стабільнасць у рэгіёне".

Хачу яшчэ раз падкрэсліць неабходнасць пашырэння выбудоўвання нашага партнёрства. Не толькі партнёрства па лініі Аўстрыя-Беларусь, але таксама па лініях ЕС-Беларусь і ЕС-увесь рэгіён", - заявіў Себасцьян Курц.

Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што бакі ў ходзе размовы пацвердзілі высокі ўзровень і пазітыўную дынаміку развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.

"Аўстрыя нязменна з'яўляецца для Беларусі адным з важнейшых партнёраў у Еўрапейскім саюзе. Карані нашых адносін ідуць глыбока, яны знаходзяцца ў Савецкім Саюзе, - заявіў Прэзідэнт. - Мы ўдзячны кіраўніцтву Аўстрыі за гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу і падтрымку нашых намаганняў па выбудоўванні далейшых адносін з Еўрапейскім саюзам".

"Мне вельмі імпануе, што, нягледзячы на сваю маладосць, аўстрыйскі канцлер паглыблены ў гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Аўстрыі і добра валодае пытаннямі эканомікі. Гэта былі не проста палітычныя абмеркаванні або разважанні мае з канцлерам Аўстрыі, мы перш за ўсё гаварылі пра эканоміку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Аўстрыя з'яўляецца адным з вядучых інвестыцыйных партнёраў Беларусі і адыгрывае важную ролю ў мадэрнізацыі шэрага галін эканомікі краіны, у тым ліку дрэваапрацоўкі, тэлекамунікацый, банкаўскага сектара. Толькі за мінулы год Аўстрыя інвесціравала ў Беларусь каля $300 млн.

"Мы разлічваем на далейшае пашырэнне ўзаемадзеяння з Аўстрыяй па ўсіх акрэсленых і іншых перспектыўных і інавацыйных напрамкам", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што пытанні паглыблення эканамічнага супрацоўніцтва будуць прадметна разгледжаны на сустрэчы аўстрыйскай дэлегацыі з Прэм'ер-міністрам і членамі Урада Беларусі.

"Вельмі спадзяюся на прадаўжэнне нашых кантактаў і паступальнае развіццё беларуска-аўстрыйскіх адносін", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.