Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
19 мая 2020 года

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета прайшло 19 мая ў рэжыме відэаканферэнцыі пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворачы аб парадку дня пасяджэння, ён адзначыў, што яго галоўным пытаннем з'яўляецца прыняцце Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. "Гэты дакумент - гэта адначасова і план дзеянняў па паглыбленні адносін, і своеасаблівы паваротны пункт на шляху аднаўлення і павышэння тэмпаў развіцця эканомік нашых краін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што падрыхтоўка дакумента ішла складана, але ў цэлым бакам удалося выйсці на ўзгодненыя рашэнні па ўсіх напрамках паглыблення інтэграцыі. У сувязі з гэтым ён падзякаваў удзельнікам за канструктыўны падыход.

Пакуль неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. "Неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. З канчатковым узаемапрымальным рашэннем мы не можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Прытым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае. Сёння мы павінны знайсці патрэбны нам усім кансэнсус", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца. "Доўгія каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых граніц і непрацуючых прадпрыемстваў які-небудзь значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўсё часцей гучаць самыя негатыўныя прагнозы экспертаў для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на бліжэйшую і аддаленую перспектыву. Адной з найбольш асаблівых праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. "Таму сёння нам вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Спадзяёмся, што Расія як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб'яднання будзе суадносіць меры, якія прымаюцца па аднаўленнні эканамічнага росту, з нашымі дамоўленасцямі ў рамках саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Затым Аляксандр Лукашэнка закрануў рэгламент мерапрыемства. Традыцыйна саміты ЕАЭС праводзяцца ў два этапы: спачатку кіраўнікі дзяржаў абмяркоўваюць пытанні ў вузкім складзе, потым да іх далучаюцца члены дэлегацый і сустрэча прадаўжаецца ўжо ў пашыраным фармаце. "Паколькі форма нашай размовы адпаведная, ёсць прапановы. Першая - правесці нашу нараду традыцыйна: вузкі склад, пашыраны, паміж імі нейкая паўза. Усё, як было. Або мы можам аб'яднаць вузкі і пашыраны склады - тым больш сакрэтаў няма - і правесці адзінае пасяджэнне, нікога не выстаўляючы за дзверы з дэлегацый", - прапанаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік расійскай дзяржавы Уладзімір Пуцін падтрымаў ідэю беларускага калегі. "Вы ў нас сёння старшыня, таму я пагаджуся з вашай прапановай", - сказаў ён.

Лідары Казахстана і Кыргызстана таксама былі не супраць. Але Касым-Жамарт Такаеў звярнуў увагу, што ў кожнага Прэзідэнта пры гэтым павінна быць магчымасць выступіць па ўсіх пытаннях. "Абсалютна з вамі згодны. Прэзідэнт мае права выступаць па ўсіх пытаннях і колькі захоча разоў. Мы ніколі не абмяжоўвалі, гэта наша традыцыя", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падтрымаў прапанову беларускага боку і Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Пасля таго як агульнае рашэнне было прынята, да трансляцыі далучыўся Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Першапачаткова ён як прадстаўнік дзяржавы - наглядальніка ў ЕАЭС павінен быў прыняць удзел толькі ў пашыранай частцы саміту.


Парадак дня пасяджэння ўключаў дзесяць пытанняў. Адным з галоўных стаў праект Стратэгічных напрамкаў эканамічнага развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года. Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў час абмеркавання і падрыхтоўкі дакумента на розных узроўнях было вельмі шмат меркаванняў. Абмяркоўваліся не толькі тыя пытанні, якія ўвайшлі ў стратэгію, але і шэраг іншых. "Тое, што ўдалося ўзгадніць, гэта кампраміс", - сказаў ён. Адзіным неўрэгуляваным заставалася пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. На гэтым пытанні ў тым ліку акцэнтавалася ўвага ў час выступленняў на саміце лідараў краін інтэграцыйнага аб'яднання.

Акрамя таго, шэраг пытанняў, якія неабходна дадаткова прапрацаваць, абазначыў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Ён таксама прапанаваў не спяшацца з прыняццем гэтага знакавага дакумента, дасканала дапрацаваць і потым прыняць. Магчыма, і ў вочным фармаце.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з існуючай сітуацыяй прапанаваў адобрыць падрыхтаваны дакумент у цэлым. "Ён не мае тэрміновых да рэалізацыі прапаноў. Гэта стратэгія. Таму спяшацца няма куды, за выключэннем пункта па прыродным газе. І тое, нават калі мы прымем у такой фармулёўцы па прыродным газе рашэнне, гэта не канкрэтнае рашэнне. За ім будуць ісці канкрэтныя перагаворы", - адзначыў беларускі лідар.

Адпаведна, было прапанавана ў цэлым адобрыць праект дакумента і адначасова адправіць на дапрацоўку, абмеркаваўшы яго ў іншым фармаце і ў іншы час. Гэтыя падыходы былі падтрыманы ўдзельнікамі пасяджэння.

Усяго ў час саміту кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнні па дзесяці пытаннях. У прыватнасці была разгледжана заяўка Кубы на атрыманне статусу краіны-наглядальніка пры ЕАЭС. Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет вырашыў, што перад гэтым неабходна правесці дадатковыя кансультацыі з Гаванай. ЕЭК таксама было даручана падрыхтаваць абгрунтаванне для прадастаўлення Кубе статусу дзяржавы-наглядальніка.

Прэзідэнты на пасяджэнні адобрылі пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС, удакладніўшы механізм фарміравання кадравага складу ЕЭК, абмеркавалі вынікі міжнароднай дзейнасці ў мінулым годзе і зацвердзілі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі краін ЕАЭС на 2020-2021 гады. У гэтым дакуменце змешчаны сумесныя і нацыянальныя каротка- і сярэднетэрміновыя меры, накіраваныя на далейшае паляпшэнне ў краінах эканамічнай сітуацыі, стрымліванне негатыўнага ўплыву і мінімізацыю эканамічных наступстваў ад знешніх шокаў, звязаных з пандэміяй каранавіруса. У прыватнасці прадугледжваецца аказанне крэдытнага садзейнічання Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, сумесная работа з Еўразійскім банкам развіцця.

На саміце была разгледжана рэалізацыя прынятай яшчэ ў 2015 годзе праграмы паэтапнай рэалізацыі кабатажных перавозак. Кіраўнікі дзяржаў даручылі ўрадам прадоўжыць рэалізацыю мерапрыемстваў, а ЕЭК - маніторыць работу ў гэтым напрамку. Прэзідэнты таксама зацвердзілі гадавую справаздачу Еўразійскай эканамічнай камісіі за 2019 год аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках і мерах, якія прымаюцца па спыненні парушэнняў агульных правіл канкурэнцыі на іх.

Наступнае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета плануецца правесці ў кастрычніку-лістападзе ў Мінску ў вочным фармаце. Гэту ініцыятыву Прэзідэнта Беларусі падтрымалі астатнія ўдзельнікі пасяджэння. "З улікам старшынства Беларусі ў ЕАЭС я вельмі разлічваю на правядзенне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - членаў ЕАЭС у вочным фармаце і прапанаваў бы яе правесці ў Мінску ў той час, калі вы зможаце прыехаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што яго ініцыятыва не выключае пры неабходнасці арганізацыю пасяджэння савета ў фармаце відэаканферэнцыі да таго, як адбудзецца вочная сустрэча.

Тэгі:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць