Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

  • 25
  • 6:32

Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Паважаны спадар старшыня! Паважаныя калегі!

Перш за ўсё дазвольце выказаць удзячнасць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну за гасціннасць і цудоўную арганізацыю саміту. Старшынства КНР, якое завяршаецца, мае, безумоўна, гістарычнае значэнне. Прапанаваўшы ўсім дзяржавам канцэпцыю Супольнасці адзінага лёсу, Кітайская Народная Рэспубліка за мінулы год ўнесла значны ўклад у пераадоленне ўзнікаючых перад намі новых выклікаў і пагроз у мэтах стварэння больш бяспечнага і працвітаючага свету.

На жаль, ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый супярэчнасці паміж дзяржавамі прымаюць усё больш вострую форму. Нявызначанасць стала новай "нармальнасцю".

Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур'ёзных канфліктаў з непрадказальнымі вынікамі. У гэтых абставінах Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у забеспячэнне шматбаковай бяспекі, абарону міжнародных норм і правіл, перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах.

На фоне новых хваль пратэкцыянізму ў сусветным гандлі, якія прама ці ўскосна закранаюць практычна ўсе дзяржавы, што ўдзельнічаюць у саміце, узнікае прамая пагроза ўцягвання ў гандлёвыя войны.

Таму для ўсіх нас вельмі актуальным з'яўляецца прыняцце сумесных мер, накіраваных на ўмацаванне сусветнай гандлёвай сістэмы шляхам выкарыстання магчымасцей Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы.

Менавіта практычная эканамічная кааперацыя краін - членаў ШАС з дзяржавамі-наглядальнікамі і партнёрамі, эфектыўнае выкарыстанне іх транзітных і лагістычных магчымасцей можа стаць адным з перспектыўных напрамкаў развіцця арганізацыі.

На гэтым шляху ў рамках плана сумесных дзеянняў ужо зроблены першы важны крок па стыкоўцы нацыянальных стратэгій развіцця, а таксама па спалучэнні ЕАЭС з ініцыятывай "Пояса і шляху". Беларусь як краіна-ініцыятар і прыхільнік ідэі "інтэграцыі інтэграцый" гатова садзейнічаць выяўленню новых агульных інтарэсаў і пашырэнню напрамкаў супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі.

У нашай краіне гэтым мэтам у поўнай меры адпавядае рэалізацыя праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". За ім нездарма замацавалася назва "жамчужына Шаўковага шляху".

Паспяховае развіццё парка прыцягвае да яго ўсё большую ўвагу замежных кампаній, і не толькі з Беларусі і Кітая, але і ўсяго свету, асабліва Еўрапейскага саюза.

Вылучаючы прыярытэтнасць эканамічнага вымярэння ШАС, Беларусь прапануе сваім партнёрам па арганізацыі сумесна папрацаваць над рэалізацыяй некаторых задач.

Па-першае, умацаванне харчовай бяспекі.

Пасля ўступлення ў 2017 годзе Індыі і Пакістана ў ШАС яе прастора пашырылася практычна да чвэрці тэрыторыі зямной сушы, на якой пражывае амаль палова насельніцтва свету. У гэтых умовах паўнацэнная забяспечанасць прадуктамі харчавання з'яўляецца найважнейшым фактарам далейшага працвітання ШАС і ўмацавання бяспекі ў гэтым вялікім рэгіёне.

Старшыня КНР, Прэзідэнт Пуцін, усе кіраўнікі дзяржаў тут вельмі правільна гаварылі пра бяспеку, пра стабільнасць нашай арганізацыі. Але яе ніколі не будзе, калі людзі элементарна не будуць накормлены і апрануты.

Беларусь - краіна з традыцыйна моцным і эфектыўным аграрным сектарам, высокатэхналагічнымі вытворчасцю і сельскагаспадарчым машынабудаваннем. Прапануем задзейнічаць магчымасці нашай дзяржавы па пастаўках прадукцыі ўсіх гэтых галін для ўмацавання харчовай бяспекі ШАС.

У рамках буйнога міжнароднага форуму аграрыяў "Белагра", які штогод у чэрвені, дарэчы, у гэтыя дні, праходзіць у Мінску, мы прапануем стварыць спецыялізаваную экспазіцыю "АграШАС" з запрашэннем у наступным годзе паўдзельнічаць у ёй нашых сяброў і партнёраў па арганізацыі.

Па-другое, умацаванне інфармацыйнай і кібербяспекі, а таксама развіццё ІТ-тэхналогій.

Сучасныя тэмпы развіцця тэхналогій нясуць у сабе як новыя магчымасці, так і новыя пагрозы і выклікі. Ніводная дзяржава не можа сабе дазволіць проста закрыцца або нешта забараніць у гэтай сферы. Проста не зможа.

Прапаную ўсім нам сумесна падумаць над стварэннем агульнай электроннай платформы, скажам, "ІТ-экасістэмы ШАС", якая аб'яднае ў сабе магчымасці электронных СМІ, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і шмат іншага.

Гэта дасць магчымасць узмацніць кааперацыю, павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік ва ўмовах глабальнага свету. "А таксама дапаможа нам забяспечыць бяспеку нашых краін.

Трэцяе. Умацаванне ядзернай бяспекі і выкарыстанне мірнага атама.

Беларусь цалкам падтрымлівае кантроль над мірным выкарыстаннем атамнай энергіі і раўнапраўнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва пры яе выкарыстанні ў мірных мэтах, замацаваных у Астанінскай дэкларацыі ШАС.

Развіццё супрацоўніцтва ў пытаннях умацавання ядзернай бяспекі, мірнага выкарыстання атама і даследаванняў у гэтай сферы можа стаць адным з напрамкаў, якія ўяўляюць значны ўзаемны інтарэс для краін ШАС.

На заканчэнне хачу яшчэ раз падзякаваць Кітайскай Народнай Рэспубліцы, асабіста яе Старшыні за высокі ўзровень арганізацыі саміту і гасцінны прыём. Дарэчы, узровень арганізацыі і форма нашай сённяшняй работы - гэта прыклад для ўсіх міжнародных арганізацый, як трэба працаваць, а не хадзіць па залах, забываючы аб тым, што трэба слухаць адзін аднаго.

Таксама дазвольце пажадаць поспехаў нашым калегам з Кыргызстана, якія прымаюць старшынскія паўнамоцтвы ў рамках ШАС.