Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена прадстаўнікам архіўнай галіны, вытворчай, адукацыйнай і культурнай сфер

    Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена прадстаўнікам архіўнай галіны, вытворчай, адукацыйнай і культурнай сфер. Адпаведнае Распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Падзякі Прэзідэнта ўдастоены работнікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. У іх ліку прафесар кафедры вышэйшай матэматыкі Міхаіл Дымкоў, загадчык кафедры фізікахіміі матэрыялаў і вытворчых тэхналогій Мікалай Матвейка і першы прарэктар ВНУ Віктар Садоўскі.

    За вялікі ўклад у забеспячэнне захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду, развіццё архіўнай справы і айчыннай гістарычнай навукі Падзякі ўдастоена дзяржаўная ўстанова "Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі". Падзяка таксама аб'яўлена калектыву работнікаў ЗАТ "Галаграфічная індустрыя" за значны ўклад у развіццё галаграфічнай вытворчасці і выкананне дзяржаўных праграм у сферы ахоўных тэхналогій.

    За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё беларускай літаратуры Падзяка аб'яўлена члену праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Васілю Шырко.