Падзячныя пісьмы аўстрыйскім лідарам за прыём беларускай дэлегацыі ў Вене

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў падзячныя пісьмы Федэральнаму прэзідэнту Аўстрыі Аляксандру Ван дэр Белену, Старшыні Аўстрыйскай народнай партыі Себасцьяну Курцу і Старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангу Саботку за цёплы прыём і гасціннасць, аказаныя беларускай дэлегацыі ў час афіцыйнага візіту ў Аўстрыю.

    "Высока ацэньваю атмасферу адкрытасці і ўзаемнай павагі, у якой прайшлі перагаворы ў Вене. Абмеркаванне шырокага кола тэм пацвердзіла наяўнасць значнага патэнцыялу развіцця беларуска-аўстрыйскіх адносін у розных галінах і зацікаўленасць бакоў у паглыбленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - гаворыцца ў пісьме Аляксандру Ван дэр Белену. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей дасць магчымасць краінам выйсці на якасна новы ўзровень узаемадзеяння, у першую чаргу ў гандлёва-эканамічнай сферы.

    Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Себасцьяну Курцу за змястоўную размову, якая прайшла ў традыцыйна цёплай і дружалюбнай атмасферы. Бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага парадку дня, абмяняліся меркаваннямі па актуальных міжнародных праблемах. "З задавальненнем адзначаем нязменную блізкасць нашых поглядаў на шматлікія выклікі, якія стаяць перад абедзвюма краінамі і Еўропай у цэлым, і шляхі іх вырашэння, а таксама глыбокую ўзаемную зацікаўленасць у развіцці беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне эканомікі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Спадзяюся на прадаўжэнне нашага дружалюбнага дыялогу і заўсёды буду рады вітаць Вас на беларускай зямлі".

    Кіраўнік дзяржавы таксама разлічвае на развіццё міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, і ў сувязі з гэтым ён падтрымаў ініцыятыву, выказаную Вольфгангам Саботкам, па стварэнні ў аўстрыйскім парламенце дэпутацкай групы па сувязях з Нацыянальным сходам Беларусі. "Лічу, што наш сумесны ўдзел у беларуска-аўстрыйскім эканамічным форуме пераканаўча пацвердзіў гатоўнасць палітычнага кіраўніцтва абедзвюх краін садзейнічаць пашырэнню двухбаковых дзелавых сувязей і стаў важным сігналам бізнесу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.