Падпісаны Указ аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 300 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян". Дакумент будзе дзейнічаць замест Указа ад 26 снежня 2017 года № 462.

    Раней існуючыя раздзельна дзве бязвізавыя зоны для турысцка-рэкрэацыйных тэрыторый Брэста і Гродна аб'ядноўваюцца ў адну бязвізавую тэрыторыю "Брэст - Гродна". У яе ўключаюцца яшчэ пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі.

    У гэтым рэгіёне тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах павялічваецца да 15 сутак для грамадзян 73 дзяржаў. Акрамя таго, будзе забяспечана магчымасць уезду яшчэ праз два дадатковыя пункты пропуску на дзяржаўнай граніцы ("Беняконі" і "Бераставіца").

    Іншаземцы змогуць перамяшчацца без віз па ўсёй тэрыторыі заходніх абласцей пры ўмове перамяшчэння ў складзе арганізаваных турыстычных груп па маршрутах, што прадугледжваюць наведванне бязвізавай тэрыторыі "Брэст - Гродна".

    Прыняцце Указа прадаўжае мэтанакіраваныя намаганні беларускай дзяржавы па развіцці трансгранічных чалавечых кантактаў, з'яўляецца сведчаннем адкрытага і дружалюбнага характару знешняй палітыкі Беларусі. Дакумент будзе садзейнічаць росту турыстычнай прывабнасці нашай краіны і ўмацаванню эканомікі прыгранічных рэгіёнаў.

    Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

    Пры гэтым захоўваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян шэрага дзяржаў на тэрмін да 30 сутак праз пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, што прадугледжана Указам ад 9 студзеня 2017 года № 8 (са змяненнямі, якія ўступілі ў сілу 24 ліпеня 2018 года).