Падпісаны Указ аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ "Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў".

    Указ прадугледжвае меры, якія прызначаны стымуляваць попыт на электрамабілі, стварэнне ў краіне адпаведнай зараднай і сэрвіснай інфраструктуры.

    У прыватнасці, уладальнікі электрамабіляў вызваляюцца ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Фізічным асобам не давядзецца выплачваць ПДВ пры ўвозе ў Беларусь электрамабіляў для асабістага карыстання. Пры гэтым у іх будзе магчымасць вярнуць выплачаную пры набыцці электрамабіля суму ПДВ у межах 500 базавых велічынь. Акрамя таго, уладальнікі электратранспарту вызваляюцца да 1 студзеня 2026 года ад платы за паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах на камунальных аўтамабільных паркоўках.

    Вытворцы электрамабіляў і электразарадных станцый, а таксама арганізацыі, якія іх эксплуатуюць, атрымалі права прымяняць павышаны інвестыцыйны вылік у парадку, устаноўленым Падатковым кодэксам. Вызвалены ад ПДВ зарадныя станцыі ў выпадку іх выкарыстання ў Беларусі.

    Вытворчаму аб'яднанню "Беларуснафта" без правядзення аўкцыёну будуць прадастаўлены ў арэнду зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання электразарадных комплексаў. Пры гэтым затраты на будаўніцтва зарадных станцый могуць бязвыплатна перадавацца на баланс юрыдычнай асобы, на ўліку якой знаходзяцца гэтыя аб'екты, і ўключацца заказчыкам (забудоўшчыкам) у склад пазарэалізацыйных расходаў. Пры атрыманні згоды землекарыстальніка зямельныя ўчасткі для ўстаноўкі зарадных станцый будуць прадастаўляцца без іх выключэння з зямель агульнага карыстання.

    Раней дзеючы Указ ад 10 ліпеня 2018 года № 273 "Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў" прызнаецца страціўшым сілу.