Падагульняючая сустрэча з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі

  • 29

Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха аль-Сісі ў Беларусь. У аэрапорце свайго егіпецкага калегу асабіста праводзіў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, што з'яўляецца знакам асаблівай дружалюбнай прыхільнасці і паспяховасці праведзенага візіту.

Перад адлётам Абдэль Фатаха аль-Сісі лідары краін правялі кароткую размову ў аэрапорце.

Прэзідэнт Егіпта адзначыў гасціннасць, аказаную ўсёй дэлегацыі на беларускай зямлі, а таксама той факт, што, нягледзячы на ранні час, Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне асабіста праводзіць яго ў аэрапорт: "Вельмі ўдзячны за такі добры жэст. Хачу асобна асабліва падзякаваць за вашу гасціннасць, цёплы прыём у ходзе візіту ў вашу цудоўную краіну".

"Я нічога надзвычайнага не зрабіў. Такая ж гасціннасць была ў адносінах да мяне ў Егіпце, - сказаў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца такога ранняга часу, як вы сказалі, дык я чалавек вясковы. І я прывык у 5 гадзін пастаянна прачынацца і пачынаць рабочы дзень. Сустрэцца перад вашым адлётам на радзіму для мяне прыемнасць, каб яшчэ раз пагаварыць, даведацца аб вашых уражаннях ад гэтага візіту. Мы - сябры. І гэтым усё сказана".

У сваю чаргу Абдэль Фатах аль-Сісі канстатаваў, што з моманту папярэдняй сустрэчы ў Егіпце ў 2017 годзе паміж лідарамі краін усталяваліся вельмі добрыя і цёплыя адносіны. "Мы знайшлі ўзаемаразуменне ў інтарэсах умацавання супрацоўніцтва і двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі на карысць народаў Егіпта і Беларусі", - адзначыў ён.

Прэзідэнт Егіпта дадаў, што яго візіт у Беларусь стаў дапаўненнем да пагадненняў і дамоўленасцей, дасягнутых у час візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Каір. "Перагаворы, якія ў нас адбыліся, адлюстроўваюць, наколькі вялікія перспектывы ёсць для развіцця двухбаковых адносін. Але яшчэ больш важна - паказваюць, наколькі вы вялікі, харызматычны, цудоўны чалавек. Для мяне заўсёды вялікая пашана і радасць з вамі сустракацца", - сказаў Абдэль Фатах аль-Сісі.

Аляксандр Лукашэнка таксама перадаў Прэзідэнту Егіпта гасцінцы: чорную ікру айчыннай вытворчасці, клубніцы і хлеб.