Нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД

  • 8

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць паспяховымі эканамічныя вынікі года на прасторы СНД. Такую ацэнку ён даў 26 снежня на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што тавараабарот паміж дзяржавамі СНД у 2017 годзе вырас амаль на 25%. Таксама амаль на чвэрць вырас гандаль Беларусі з краінамі Садружнасці. "Гэта вялікі поспех", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён таксама падкрэсліў, што значна прыбавіў у сферы эканомікі і створаны некалькі гадоў таму Еўразійскі эканамічны саюз. Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў будучым годзе ў ЕАЭС будзе старшынстваваць Расія, і выказаў надзею, што яна ў гэты перыяд прапануе сур'ёзныя ініцыятывы па ўмацаванні саюза. Акрамя таго, заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь выступае за своечасовае стварэнне ў ЕАЭС агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў.

"Наша сустрэча мае палітычнае адценне ў тым сэнсе, што асяродак нашых аб'яднанняў - і СНД, і ЕАЭС, і Саюзнай дзяржавы - перажывае такі адказны перыяд, - сказаў Прэзідэнт. - Палітычнае адценне звязана з тым, што ў гэтым асяродку - у Расіі - прэзідэнцкія выбары. Гэта, як і ў нашых дзяржавах, - абвастрэнне палітычнай барацьбы, што, напэўна, зразумела. Мы абсалютна ўпэўнены, што палітычная барацьба не будзе вострай і драматычнай, як некалі было ў расійскай гісторыі".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што расійскі народ зробіць правільны выбар.

Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў і шэраг актуальных міжнародных тэм. У прыватнасці, ён заклікаў не палітызаваць барацьбу з допінгам у спорце.

Гаворачы пра сітуацыю, звязаную з адхіленнем зборнай Расіі ад маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў у Рэспубліцы Карэя, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае барацьбу Расіі з допінгам. Ён яшчэ раз заявіў, што ўжыванне спартсменамі допінгу недапушчальна, аднак прыцягваць да адказнасці трэба менавіта тых, хто ў гэтым быў выкрыты. "А калі вы за руку не злавілі, то няма чаго трубіць на ўвесь свет і прымяняць такія санкцыі", - заявіў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі перад Алімпіядай у Рыа-дэ-Жанэйра па надуманай прычыне была адхілена ад спаборніцтваў зборная Беларусі па веславанні, якая з'яўляецца адной з мацнейшых у свеце. "Праз два або тры месяцы мы дабіліся ў судзе праўды, але час мінуў", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Краіна не толькі страціла медалі, але і пацярпеў яе імідж.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што трэба прыцягваць да адказнасці тых спартсменаў, якія былі выкрыты ва ўжыванні допінгу. "Не ведаеце, хто вінаваты, не трэба палітызаваць гэты працэс, паколькі гэта ўспрымаецца не інакш як палітычныя санкцыі супраць краіны", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся па тэме сітуацыі на Блізкім Усходзе. "Расія выратавала Сірыю і захавала гэту дзяржаву, у якой я, напэўна, раней за ўсіх прысутных пабываў. Квітнеючая, цудоўная, прыгожая дзяржава", - сказаў беларускі лідар. Ён выказаў меркаванне, што, калі б не ўмяшанне Расіі ў сітуацыю ў Сірыі, гэтай дзяржавы не было б наогул.

"Мы таксама салідарны з вашай пазіцыяй па Іерусаліме", - заявіў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што яму цяжка ацэньваць рашэнне Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб прызнанні Іерусаліма сталіцай Ізраіля. "Можа, за гэтым ёсць штосьці, чаго мы яшчэ не бачым, але рашэнне на першы погляд здаецца крыху дзіўным, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга разбураць мір, які дастаўся на гэтым кавалачку зямлі такой цяжкай цаной".

Паводле слоў беларускага лідара, у сітуацыі па пытанні Іерусаліма неабходна прытрымлівацца рашэнняў, якія былі прыняты Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый.