Наведванне навукова-вытворчага прыватнага прадпрыемства "Адані"

  • 11
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка наведаў навукова-вытворчае прыватнае прадпрыемства "Адані", якое займаецца выпускам медыцынскай тэхнікі і сістэм бяспекі.

Прыбыўшы на "Адані", Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу пацікавіўся, адкуль пайшла назва прадпрыемства. Яму расказалі, што ADANI - гэта абрэвіятура ADvanced ANalytical Instruments (новыя аналітычныя прыборы). У пачатку свайго шляху (кампанія была створана ў 1991 годзе) прадпрыемства займалася распрацоўкай ядзерна-фізічных прыбораў для вырашэння прыкладных задач.

"Што вы новага прыдумалі?" - спытаў Прэзідэнт у заснавальніка і гендырэктара "Адані" Уладзіміра Лінёва.

Бізнесмен расказаў Кіраўніку дзяржавы, якія напрамкі асвойваюцца на прадпрыемстве, а таксама аб мадэльным радзе абсталявання. Паводле яго слоў, больш як 85% прадукцыі ідзе на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся дынамікай фінансавых паказчыкаў. Кіраўнік "Адані" адказаў, што лічбы прадаўжаюць расці.

Прадпрыемства - рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны "Мінск". Прэзідэнт пацікавіўся ўмовамі работы рэзідэнтаў СЭЗ і прэферэнцыямі, якія яны маюць. Ён падкрэсліў, што льготы ім будуць захаваны ў тым выпадку, калі будзе сур'ёзная аддача для краіны.

Цяпер рэзідэнты СЭЗ вызвалены ад выплаты падатку на прыбытак у выпадку пастаўкі прадукцыі на экспарт або продажу іншым рэзідэнтам СЭЗ. За мінулы год яны выплацілі ў бюджэт Br1,3 млрд, сфарміраваўшы 3,5% яго даходнай часткі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на прадпрыемствах, якія ён наведвае і якія не ўваходзяць у СЭЗ, часта скардзяцца на няроўныя ўмовы канкурэнцыі. Пры гэтым Прэзідэнт упэўнены, што ўклад свабодных эканамічных зон у дабрабыт краіны можа быць большы, таму плануецца ўважліва прааналізаваць Падатковы кодэкс з гэтага пункту гледжання. "Мы вернемся да Падатковага кодэкса і паглядзім, што дрэнна, што добра, - адзначыў ён. - Не таму, каб зашчаміць кагосьці. Вы бачыце, у якой сітуацыі функцыянуе дзяржава: за кожную капейку, за рынкі даводзіцца змагацца".

Аляксандр Лукашэнка настойвае на атрыманні максімальнай карысці для дзяржавы ад рэзідэнтаў СЭЗ. "Галоўнае, каб валюта паступала, і пажадана, каб яна расходавалася тут", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час наведвання Прэзідэнтам кампаніі абмяркоўвалася і тэма забяспечанасці высокакваліфікаванымі кадрамі. У прыватнасці, кіраўнік "Адані" выказаў зацікаўленасць у тым, каб за кошт кампаніі вучыць студэнтаў - калі ў далейшым яны абавязуюцца тут адпрацаваць. Пры невыкананні гэтай умовы трэба будзе кампенсаваць кошт навучання. Па такім жа прынцыпе праводзіцца мэтавы набор. Пакуль заканадаўства не дае магчымасці замацаваць такія абавязацельствы для прыватнай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы станоўча паставіўся да такой ініцыятывы работадаўца і паабяцаў садзейнічаць у яе вырашэнні.

Прэзідэнт пазітыўна ацаніў вырабленыя кампаніяй камп'ютарныя тамографы і даручыў прадоўжыць аснашчэнне медустаноў краіны гэтымі апаратамі. У мінулым годзе кампанія паставіла па заказе Міністэрства аховы здароўя сем камп'ютарных тамографаў у розныя рэгіёны краіны, выйграўшы тэндар - яна прапанавала цану ўдвая меншую, чым у замежных вытворцаў. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся характарыстыкамі навінкі і па выніку даручыў кіраўніку "Адані" ўзяць пад асабісты кантроль аснашчэнне такімі апаратамі медустаноў па ўсёй краіне. "Вазьмі на кантроль забеспячэнне медустаноў апаратамі аналагічнага класа ўласнай вытворчасці, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - ты свой, ты на месцы і гэта танней".

Як далажыў Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, цяпер абмяркоўваецца магчымасць таго, каб кампанія "Адані" ўзяла пад цэнтралізаванае сэрвіснае абслугоўванне ўсю сваю тэхніку, якая цяпер працуе ў медустановах (толькі рэнтген-апаратаў па краіне амаль 850). Гэта дасць магчымасць сэканоміць час і выключыць доўгі прастой абсталявання.

Узнімалася таксама тэма правядзення тэндарных закупак для патрэб аховы здароўя. Прэзідэнт падкрэсліў эфектыўнасць гэтай працэдуры, паколькі "спаборніцтва павінна быць". Магчымы прамыя пастаўкі, калі айчынны вытворца прапануе выгадную цану. "Але тады трэба не пра сваю кішэнь клапаціцца, а па-гаспадарску шукаць, як танней купіць якасны тавар", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама прапанаваў прыватнай кампаніі "Адані" ўзяць пад кіраўніцтва некаторыя дзяржпрадпрыемствы.


У час наведвання Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з некаторымі супрацоўнікамі кампаніі. У іх ліку аказаўся дырэктар па развіцці бізнесу медыцынскага і рэнтгеналагічнага абсталявання прадпрыемства Антоніс Джозэф (ураджэнец Шры-Ланкі, а цяпер жыхар Мінска). Ён расказаў, што прыехаў у Беларусь 23 гады таму, атрымаў медыцынскае абсталяванне, працаваў у некалькіх мінскіх клініках, а затым перайшоў на "Адані". У канцы размовы Антоніс Джозэф пажадаў беларускаму лідару здароўя, на што Прэзідэнт пажартаваў: "Мяне праз дзень то хаваюць, то каранавірус". Пры гэтым ён звярнуў увагу на меркаванне некаторых спецыялістаў, якія гавораць, што за апошні час краіны свету перажылі некалькі відаў розных вірусаў, і цяперашні каранавірус на 90% па структуры падобны да тых вядомых вірусаў.

На думку Кіраўніка дзяржавы, "узняўся гвалт і псіхоз каранавірусны", але не трэба залішне панікаваць. А вось выконваць элементарныя меры гігіены, пачынаючы з мыцця рук, вельмі важна, падкрэсліў Прэзідэнт.

Наведваючы прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі. У першую чаргу Прэзідэнт падзяліўся ўражаннямі ад вынікаў работы кампаніі. "Гэта ўзор, гэта высокі інтэлект, высокі ўзровень імпартазамяшчэння, вялікія амбіцыі - убачылі, недзе за мяжой вырабляюць: а што, мы не можам?" - ахарактарызаваў ён работу "Адані".

Кіраўнік дзяржавы назваў прадпрыемства лакаматывам інавацыйнай прадукцыі: "Хочам, каб узялі на прычэп нашы іншыя прадпрыемствы і цягнулі за сабой, а яны няхай вырабляюць камплектуючыя".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі працуюць высокатэхналагічныя прадпрыемствы, аднак нельга сказаць, што іх вельмі шмат. "Каб зрабіць жаданы намі рывок, патрэбны велізарныя інвестыцыі, вялікія грошы. І ў нас такіх грошай няма, ды і мала ў каго ў свеце ёсць. А тыя, у каго ёсць грошы, не заўсёды дадуць (на развіццё прадпрыемстваў. - Заўвага), таму што заўтра гэта будзе канкурэнт для іх", - сказаў ён.

Прэзідэнт падтрымаў выказаную кіраўніцтвам "Адані" ініцыятыву па расшырэнні вытворчасці і выдзяленне пад гэтыя патрэбы зямельнага ўчастка. "Мне спадабалася гэта вытворчасць. Гэта будучыня. Не толькі таму, што добра робяць, выкарыстоўваюць мазгі. Яны экспартам займаюцца. Па ўсім свеце працуюць, валюту ў краіну прывозяць - гэта вельмі важна. А яшчэ гэта высокатэхналагічная вытворчасць, што паднімае нас на больш высокі ўзровень развіцця", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У Аляксандра Лукашэнкі таксама пацікавіліся меркаваннем адносна развіцця ў свеце і краіне фінансава-эканамічнай сітуацыі. "Не хачу быць банальным, проста выкажу сваё меркаванне. Што датычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой уступілі. А цяпер, паколькі валацільнасць і ваганні па ўсіх напрамках вельмі высокія, спрабуем гэту нагу вярнуць на месца, - адзначыў ён. - У чым галоўнае пытанне: удасца нам назад гэту нагу вярнуць і побач паставіць або мы туды і другую нагу ўсунем?"

Паводле слоў Прэзідэнта, пакуль незразумела, наколькі моцна пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў свеце. Магчыма, у краін яшчэ атрымаецца вярнуцца да таго ўзроўню развіцця, які быў учора. "Трэба аналізаваць, што мы цяпер робім. Наперадзе пасланне Прэзідэнта народу і парламенту, таму прапрацоўваем і аналізуем некаторыя напрамкі. Магчыма, да таго часу абстаноўка дасць нам магчымасць зрабіць пэўныя адназначныя вывады", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Не абышлі бокам і тэму каранавіруса. Нядаўна стала вядома, што за апошнія дні, нягледзячы на небяспечную сітуацыю за мяжой, ад'ехалі 10 тыс. беларусаў. У цэлым апісваючы сітуацыю ў краіне, Прэзідэнт звярнуў увагу, што яна не настолькі дрэнная, "каб прымаць драконаўскія меры". Але і супакойвацца не трэба, падкрэсліў ён.

"Трэба людзей у рэшце рэшт прымусіць адказваць за сябе і тых, хто побач. Калі ты смаркаешся, кашляеш, дык не выходзь на вуліцу і не заражай іншых, заразу не разнось. У гэтым уся сутнасць. І вельмі многія дзяржавы вельмі жорсткія меры ў гэтым плане прымаюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўнік дзяржавы вельмі крытычна выказаўся пра людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы, пабываўшы ў эпідэміялагічна нестабільных краінах і ўтойваюць гэта. У якасці прыкладу ён прывёў бізнесмена, які вярнуўся з Італіі і звярнуўся да ўрачоў, калі ўжо знаходзіўся ў крытычным стане. З-за яго давялося ўзяць на кантроль больш за 300 чалавек, якіх ён патэнцыяльна мог заразіць. "Зразумела, паехаў ты за мяжу, пабываў у Германіі, Італіі і Францыі. Але прыедзь і скажы - мы цябе праверым, калі патрэбна, зробім заключэнне", - заклікаў грамадзян Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз назваў сітуацыю з каранавірусам "псіхапатыяй". "Спланавалі і зрабілі нейкі псіхічны дом, - сказаў ён. - Але я парадаваўся за нашых спецыялістаў: яны, не маючы вакцыны, не ведаючы, як лячыць, ніводнага чалавека не страцілі". Паводле яго слоў, у гэтым годзе ад пнеўманіі ў цэлым памерла значна менш людзей, чым у пачатку папярэдняга года.

Выказаў неразуменне Кіраўнік дзяржавы і ў адносінах да беларусаў, якія, нягледзячы на небяспечную сітуацыю, паехалі адпачываць за мяжу. "А цяпер яны ломяцца ў дзверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы не можам 10 тысяч за адзін дзень забраць", - канстатаваў ён. Тым не менш Прэзідэнтам пастаўлена задача дапамагчы грамадзянам, у тым ліку расійскім, вярнуцца на радзіму. "Дарэчы, расіяне на борт нашых людзей у Тайландзе не пускалі. Але, думаю, дамовімся. Гэта звычайная бязглуздзіца, гэта тупасць, глупства. Для Расіі гэта практычна нічога не каштавала, а шкоды прынясе вельмі шмат. Вось тады і будзе "інтэграцыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чарговы раз заклікаў грамадзян не панікаваць і не ламіцца ў магазіны. "У нас дастаткова прадуктаў. Расіяне калі закрылі граніцу, рэтэйлеры іх звярнуліся да нас: дайце прадукты харчавання, таму што ў нас пачынаецца дэфіцыт. Вядома, мы фарміруем партыі і адпраўляем, і цана ўжо зусім іншая", - заўважыў ён.

Пры гэтым, на думку Кіраўніка дзяржавы, сярод беларусаў няма такой "псіхапатыі", як у заходніх краінах. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што калі скончыцца перыяд вострых вірусных інфекцый, то і захваральнасць на каранавірус пойдзе на спад.

У канцы сустрэчы журналісты ўспомнілі пра анамальна цёплую зіму і ў сувязі з гэтым спыталі, як у цэлым змяненні клімату паўплываюць на сельскую гаспадарку і ці гатова краіна да кліматычных катаклізмаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што аграрны сектар эканомікі гатовы да змяненняў клімату, а сённяшняя сітуацыя проста ідэальная для пасяўной.

"Што датычыцца гэтага года, то павінен сказаць, што сітуацыя ідэальная. Чаму ідэальная? Таму што пры высокіх тэмпературах зімой ішлі дажджы, таму пры адсутнасці снегу вялікі запас вільгаці ў глебе", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, пакуль складваюцца спрыяльныя ўмовы, трэба хутчэй пасеяць раннія збожжавыя і ў цэлым арганізавана правесці веснавыя палявыя работы. Ён не выключыў, што тады ўдасца завяршыць у больш раннія тэрміны ўборку збожжавых. "Гэта значыць, пакуль усё ідэальна: і вільгаці хапае, і тэмпература нармальная", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў цэлым у краіне даволі даўно прымаюцца меры ў сувязі са змяненнем клімату. Гэта датычыцца новых відаў культур, якія раней вырошчваліся ў больш паўднёвых рэгіёнах, а цяпер - і ў нашай краіне, напрыклад, тыя ж кавуны. "Мы ўжо шмат у чым даўно перабудавалі раслінаводства, ды і жывёлагадоўлю давялося перабудоўваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.