Наведванне Брэсцкай пагранічнай групы

  • 17

Беларускія пагранічнікі стаяць на варце не толькі нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны, але і рэгіянальнай, а таксама міжнароднай бяспекі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 чэрвеня ў час наведвання Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ваеннаслужачых, ветэранаў і курсантаў са знамянальным юбілеем, які прайшоў, - 100-годдзем утварэння органаў пагранічнай службы Беларусі.

"Створаныя ва ўмовах грамадзянскай вайны і ўзброенай замежнай інтэрвенцыі пагранічныя войскі прайшлі праз шматлікія суровыя выпрабаванні, але з гонарам выканалі свой абавязак перад Радзімай. Мы з удзячнасцю і глыбокай павагай помнім усіх, хто, не шкадуючы жыцця, ахоўваў рубяжы нашай Айчыны", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што зусім хутка Беларусь адзначыць важную гістарычную дату, якую помніць кожная сям'я, - 22 чэрвеня, Дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

"Мы ніколі не забудзем, што больш як 400 застаў на ўсёй заходняй граніцы ўступілі ў бой з ворагам і ні адзін пагранічнік не адступіў без загаду, - звярнуў увагу беларускі лідар. - У нашай памяці назаўсёды захаваецца іх гераічны подзвіг, а ён здзяйсняўся літаральна на гэтых метрах роднай зямлі. Праяўленыя мужнасць, самаадданасць з'яўляюцца прыкладам для цяперашняга пакалення ваеннаслужачых і асновай іх патрыятычнага выхавання".

Асобную ўдзячнасць Кіраўнік дзяржавы выказаў ветэранам за іх ратную працу. "Каму, як не вам, ведаць, наколькі важна захаваць мір на роднай зямлі", - звярнуўся да іх Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння ў свеце па-ранейшаму трывожна і, самае страшнае, непрадказальна. Ваеннае проціборства адбываецца практычна на ўсіх кантынентах, нагнятаецца сілавое процістаянне, у тым ліку непасрэдна ля рубяжоў Беларусі.

"Прычым вы, як ніхто іншы, ведаеце, што ўзброеныя сутыкненні пачынаюцца менавіта на граніцы. Няпростая міжнародная абстаноўка, небяспека тэрарыстычных актаў вымушаюць бесперапынна падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці пагранічных органаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Для павышэння баяздольнасці і мабільнасці пагранічныя войскі аснашчаюцца найноўшымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення. Абсталёўваюцца рубяжы, будуюцца сучасныя комплексы застаў, паляпшаюцца бытавыя ўмовы для асабовага складу.

"Важна, што сёння беларускія пагранічнікі фактычна стаяць на варце не толькі нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны, але і рэгіянальнай, а таксама міжнароднай бяспекі", - заявіў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што, знаходзячыся на ключавых транзітных шляхах, якія злучаюць Поўнач і Поўдзень, Еўропу і Азію, Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам многіх дзяржаў у папярэджанні і спыненні трансгранічнай злачыннасці, нелегальнага бізнесу і іншых негатыўных працэсаў.

"Нашым ваеннаслужачым удалося значна знізіць наплыў нелегальных мігрантаў у дзяржавы Еўрасаюза. Сістэматычна на граніцы выяўляюцца асобы, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі рэгулярна выяўляюцца каналы наркатрафіка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускія пагранічнікі - носьбіты слаўных баявых традыцый, і павінны заўсёды памятаць пра гэта. "Вам не трэба гаварыць, што порах трэба трымаць сухім. Вы яго кожны дзень, кожную гадзіну, суткамі трымаеце сухім. Менавіта пагранічныя войскі - адны з нямногіх, а можа, і адзіныя, якія пастаянна знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Гэту гатоўнасць неабходна падтрымліваць на належным узроўні і ўсебакова павышаць сваё майстэрства", - запатрабаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт заўважыў, што сёння, як і сто гадоў таму, забяспечыць надзейную бяспеку на граніцы без падтрымкі мясцовага насельніцтва немагчыма. Таму неабходна ўвесь час удасканальваць узаемадзеянне з жыхарамі прыгранічча. "У нас нармальныя людзі, якія заўсёды гатовы дапамагчы", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць усім, хто менавіта цяпер знаходзіцца ў пагранічным нарадзе, забяспечвае мір і спакой беларускіх грамадзян.

"Вы тут займаецеся і навучаннем - у Інстытуце пагранічнай службы. І пасля таго, як вы прыйдзеце на пагранзаставу, у першую чаргу ўдзяліце асаблівую ўвагу асабоваму складу. Пастаянна вучыце падначаленых, бярыце прыклад з вашых папярэднікаў, якія зрабілі сучасную службу на граніцы прэстыжнай і пачэснай", - даў наказ маладым пагранічнікам Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы пагрангрупу, таксама азнаёміўся з работай размешчанага тут Цэнтра падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю, паглядзеў, як вядзецца баявая і агульнафізічная падрыхтоўка асабовага складу. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі сучасныя сродкі пагранічнага кантролю айчыннай вытворчасці, якія шырока запатрабаваны і за мяжой.

Як далажыў Прэзідэнту начальнік Брэсцкай пагранічнай групы Ігар Гутнік, падраздзяленне ахоўвае ўчастак граніцы працягласцю амаль 350 км. Дзяржграніца на гэтым напрамку поўнасцю дэмаркавана, абазначана на мясцовасці пагранічнымі знакамі.

"За мінулыя пяць месяцаў на ўчастку пагранічнай групы затрыманы 474 парушальнікі заканадаўства Беларусі аб Дзяржаўнай граніцы, з іх 31 парушальнік дзяржграніцы. Прадухілена спроба перамяшчэння вялікай партыі наркатычных сродкаў у пункце пропуску "Дамачава" - 410 кг гашышу на ўезд у Беларусь. Такім чынам, існуючыя сілы і сродкі даюць магчымасць Брэсцкай пагранічнай групе выканаць пастаўленыя задачы", - заявіў Ігар Гутнік.

Прэзідэнт цёпла пагутарыў з ветэранамі пагрангрупы. Яны расказалі, дзе праходзілі службу, падзяліліся ўражаннямі аб тым часе. Абмеркавалі і ўмовы цяпер, падрыхтоўку пагранічнікаў, шляхі далейшага развіцця з акцэнтам на сучасныя патрабаванні. "Вядома, не дай бог ваяваць нам. Але мы ж мужыкі. Нам трэба абараняць сваю сям'ю, краіну", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў ветэранам садзейнічанне ў вырашэнні магчымых праблем і падкрэсліў, што менавіта на іх цяпер павінна раўняцца маладое пакаленне пагранічнікаў.

Прэзідэнт таксама вітаў і выхаванцаў спецыялізаванага кадэцкага класа. "Помніце, што не кожнаму грамадзяніну краіны дадзена хадзіць па апошнім метры зямлі. Таму калі вы адважыцеся на гэта, вы будзеце тымі асаблівымі людзьмі, якім гэта права будзе прадастаўлена", - адзначыў ён.

Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў Мемарыльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", дзе ўсклаў кветкі да Вечнага агню. Там жа Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.

Адказваючы на адно з пытанняў, Прэзідэнт пракаменціраваў матэрыялы, якія з'яўляюцца ў прэсе саюзнікаў аб тым, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сепаратызмам. "Апошнім часам я адсочваю гэту тэндэнцыю, назіраю. З'яўляецца ўсё больш інфармацыі менавіта на гэту тэму. Камусьці карціць, што дзіўна - у Расіі, прыватызаваць гэту Перамогу. Як быццам не было на вайне іншых - беларусаў, украінцаў, грузін, армян, таджыкаў, турменаў... Увесь Савецкі Саюз ваяваў. Загінулі нават не сотні і не тысячы, а сотні тысяч. Мы кожнага трэцяга скалечылі і страцілі. Уся Беларусь - гэта помнік. Тысячы спаленых вёсак, ні ў чым не вінаватых людзей, старых, дзяцей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

І Брэсцкая крэпасць з'яўляецца агульнай святыняй для многіх народаў, адзначыў Прэзідэнт. "Нам дзяліць Перамогу - гэта ліць ваду на млын нашых сапернікаў і праціўнікаў. Яны рады, што мы пачалі гэту дзяльбу. І вы ведаеце, адкуль гэта дзяльба пайшла. Таму я вельмі негатыўна ўспрымаю такія заявы, што нехта гэту Перамогу заваяваў паасобку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам ужо з'яўляюцца і неадназначныя водзывы наконт правядзення ў Беларусі адпаведных свят і іх традыцый. "Я проста хачу сказаць аб гэтым, а ў Расіі і іншых краінах няхай людзі мяркуюць: акцыя "Беларусь помніць" - я нават не магу сказаць, што я, першы Прэзідэнт, ініцыіраваў гэту акцыю. У нас у Савецкім Саюзе былі гэтыя шэсці. Праўда, мы назвалі гэта ярка і выразна - "Беларусь помніць". У савецкі час тысячы ветэранаў ішлі да помніка, як мы сёння з партрэтамі загінулых, з нашымі сімваламі (была сімволіка - чырвоны сцяг з сярпом і молатам). Усе пад ім ішлі, і я гэта помню, каб ушанаваць памяць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час "нацыяналістычнага запалу" ў Беларусі ў пачатку 90-х усё гэта было забыта, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, стаўшы Прэзідэнтам, ён па просьбе ветэранаў аднавіў практыку правядзення шэсцяў і акцый. Кіраўнік дзяржавы сам рэгулярна прымаў удзел у гэтых шэсцях, калі людзі ў тым ліку ішлі з партрэтамі загінулых, нацыянальнымі чырвона-зялёнымі сцягамі і стужкамі. "Тады яшчэ і "Бессмяротнага палка" не было. Ён з'явіўся пазней. Дык нам што цяпер, перакрэсліць нашу традыцыю, выкінуць нашы чырвона-зялёныя стужкі і бегчы за некім?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі пры гэтым падкрэсліў, што сэнс і мэта абедзвюх акцый аднолькавыя - ушанаваць памяць загінулых. "Чаго тут пакутаваць? Перш трэба разабрацца, але я не думаю, што яны не разбіраюцца. У гэтым прычына іншая - усё адмесці, вось мы - героі, пераможцы. Так нельга. Перамог савецкі народ! І прыватызацыі быць не павінна", - заявіў ён.

Беларускі лідар таксама працытаваў папрок, што прагучаў у адным з інфармацыйных рэсурсаў, што ў Беларусі нібыта ёсць свая перамога - 3 ліпеня замест 9 мая. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі на Дзень Перамогі ў юбілейныя даты прынята праводзіць ваенныя парады. У астатнія гады парад праводзіцца 3 ліпеня - у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сімвалізуе і вызваленне Беларусі ў цэлым. Гэта жа дата на рэферэндуме была зацверджана ў якасці Дня Незалежнасці.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што заўсёды пры правядзенні афіцыйных святочных мерапрыемстваў на 9 Мая стараецца ўлічваць жаданне ветэранаў, іншых грамадзян мець магчымасць убачыць трансляцыю і парада на Краснай плошчы ў Маскве, каб час іх правядзення не супадаў. "Дык за што вы нас папракаеце - за тое, што мы ўсёй краінай глядзім на Краснай плошчы парад? Яны не ведаюць сітуацыі або не цікавяцца. Але, мне здаецца, знарок гэта робяць. Гэта ўсё пад выглядам прыватызаваць Перамогу. Нельга гэтага рабіць. Я гэта гавару ў гэтых сценах, дзе загінулі ўсе. Гэта аб'яднальная Перамога", - заявіў Прэзідэнт.

Яшчэ адно пытанне журналістаў датычылася карупцыйных праяў і, у прыватнасці, нядаўняга затрымання інспектара па Гродзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі, які знаходзіўся ў статусе памочніка. "Ён трапіў у поле зроку больш як паўтара года таму. Скажу шчыра, тут перш за ўсё спрацавалі дэкларацыі аб даходах. Калі вывучэнне ішло кадравае, я задаў пытанне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка. Не можа звычайны чыноўнік і яго сям'я так жыць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але падазрэнне падазрэннем, нейкія былі факты. Мы бачылі, што, паводзіў з бізнесменамі, як паніч. Некаторыя бізнесмены звязаны з чыноўнікамі, дык чыноўнік нешта ім робіць. А гэты, дапусцім, каб у Гродзенскай вобласці тытунём гандляваць, кажа: вы мне плаціце за гэта. Паводзіў сябе як злачынец, самы сапраўдны бандыт. Гэта мяне здзівіла".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі яму далажылі аб гэтым, ён звярнуў увагу на неабходнасць выяўлення выключнага факта, які пацвердзіў бы адпаведную проціпраўную дзейнасць. "Прайшоў пэўны час - 200 тыс. долараў. Нават бізнесмены здзіўляюцца. Гэта ўжо нахабнік вышэйшай ступені. У час перадачы гэтых грошай яго затрымалі з грашыма ў руках. Аперацыя рыхтавалася, яна была санкцыянавага мной", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму, вядома, непрыемна, калі высвятляецца, што людзі на высокіх пасадах займаюцца карупцыяй. "Але я ж у Пасланні народу і парламенту не тонка, а добра намякнуў. Потым дзесьці сказаў, што на волі лепш бедным, чым багатым у турме. Гэта ім быў сігнал. Гэта звярнулі ўвагу на такі факт, а ён жа не адзін. На жаль, дзясятак гэтых фактаў, - сказаў Прэзідэнт. - На днях вы пачуеце яшчэ новыя факты. Яны ўжо сядзяць там - у следчым ізалятары. Проста цяпер матэрыялы рыхтуем для таго, каб вам (СМІ) паведаміць, а вы грамадскасць азнаёмілі з гэтым".

"Я ж папярэдзіў: глядзіце, што даравання не будзе нікому. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва той, хто памочнік Прэзідэнта. Тыя, хто побач, тыя адкажуць больш, чым хто-небудзь. Як на мяне можна крыўдзіцца, калі я, назначаючы людзей, аб гэтым пастаянна іх папярэджваю. Але гэта іх лёс. Таму здзіўляцца не трэба. З усімі будзе тое ж самае, калі будзе выяўлена", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся меркаваннем, як павінна сёння будавацца работа Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Нядаўна гэта аб'яднанне правяло чарговы з'езд, і цяпер маладзёжная арганізацыя ў пошуках новых шляхоў свайго развіцця.

"Патрэбна жывая работа з моладдзю, каб не было ашуканства, фармалізму, бюракратыі, якая была ўласціва таму камсамолу, у якім я быў. Трэба больш жывой справы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мне хацелася б, каб наш "камсамол" - БРСМ - быў больш актыўным, каб усё грамадства бачыла не проста нейкія перыядычныя акцыі, але кожнага чалавека на справе".

БРСМ і іншыя грамадскія арганізацыі даюць магчымасць вылучыць здольных людзей, з якіх можна сфарміраваць кадравы рэзерв, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Цяпер такі рэзерв кадраў створаны, у тым ліку з моладдзю. Мы за імі назіраем, вядзём іх па жыцці, каб яны выраслі ў сапраўдную эліту нашага грамадства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што некаторыя могуць спытаць, навошта сёння маладзёжныя арганізацыі, час жа ўжо іншы. "Гэта структура, якую мы можам задзейнічаць у любы час, асабліва ў цяжкі перыяд", - растлумачыў беларускі лідар.

Ён прывёў у прыклад Кітай: кіраўніцтва гэтай краіны неаднаразова прызнавалася, што без галоўнай ролі камуністычнай партыі дзяржава не змагла б дабіцца такіх поспехаў.

Паводле слоў Прэзідэнта, партыя і камсамол мелі вялікае значэнне і для станаўлення Савецкага Саюза. Іх члены, напрыклад, унеслі вялікі ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. "Як бы там ні было, калі чалавек ведаў, што ён камуніст або камсамолец, ён першы ішоў у бой. Гэта што, дрэнна? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Цяжка сказаць, што было б, калі б не было тады гэтых арганізацый".

Аднак характэрныя для камсамолу недахопы не павінны быць уласцівы БРСМ, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Я асабліва не фарсірую тут падзеі, і не трэба. Цяпер жыццё такое, што трэба паступова, спакойна расціць гэту арганізацыю, загартоўваць яе. І, самае галоўнае, патрэбны жывыя справы. Трэба вызначыцца, дзе моладзь у сучасным грамадстве павінна прыкласціся, па якіх напрамках, каб бачылі, што яна чагосьці вартая", - лічыць ён.

Напрыклад, Прэзідэнт лічыць, што студэнцкі актыў разам з рэктарам і прафсаюзам павінен кіраваць працэсамі ў ВНУ. "Але кіраваць так, каб да іх ішлі нават не камсамольцы, нават не члены прафсаюза. І мы гэту ролю маладзёжнай арганізацыі будзем павышаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на паспяховыя ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у прыватнасці, на дзейнасць будаўнічых атрадаў. Так, вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат была задзейнічана пры рэканструкцыі мінскага стадыёна "Дынама", на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі. "Што ў гэтым дрэннага? Сёння ж моладзь не тое, што ў мае гады. Яны што, ведаюць, што такое фізічная, сапраўдная праца? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - І вось такія напрамкі яны павінны выпрацаваць: ад практычных спраў да ідэалагічных пытанняў".

Адміністрацыі Прэзідэнта даручана пачаць цесную работу з БРСМ, каб рэструктурызаваць дзейнасць аб'яднання, вызначыць асноўныя напрамкі яго работы. "Калі мы іх не прымаем, нехта там іх крытыкуе, яны будуць адчуваць сваю непатрэбнасць у грамадстве і самі не паднімуцца. Мы іх павінны паднімаць. Вось гэта галоўнае для сённяшняй моладзі", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

У бліжэйшы час Прэзідэнт сустрэнецца з кіраўніцтвам і найбольш актыўнымі членамі маладзёжных аб'яднанняў і іншых грамадскіх арганізацый. "Каб вызначыцца, дзе мы будзем разам працаваць, дзе яны будуць працаваць, а дзе будуць персанальна кожнага напрамку", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.