Наведванне ААТ "Камволь"

  • 12
  • 4:57

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацэньвае вынікі праведзенай мадэрнізацыі ў ААТ "Камволь", аднак адзначае неабходнасць завяршэння пачатага і арыентуе на далейшае развіццё вытворчасці. Аб гэтым ён заявіў 8 снежня, наведваючы ў Мінску гэта прадпрыемства.

"Прыехаў, каб павіншаваць вас з заканчэннем вялікай эпапеі мадэрнізацыі "Камволя". Пачалі мы яе даўно, шмат коп'яў зламалі тут. Шчыра, і лёсаў нямала пахавалі. Усё было. Але, думаю, мы выходзім на тое, што хацелі тут атрымаць - вырабіць добрыя тканіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства.

Прэзідэнт растлумачыў, што рашэнне аб мадэрнізацыі ў ААТ "Камволь" было прынята па дзвюх прычынах. "Першая - тут працавалі і працуюць людзі. Значыць, яны павінны мець работу. Таму была пачата мадэрнізацыя гэтай вытворчасці. Па-другое, нельга было страціць школу - тое, што мы ўмеем рабіць. Я лічу, гэта злачынства, калі дзяржава ўмее нешта вырабляць, а потым гэта пахавае. Гэта дрэнны знак і дрэнны помнік для той улады", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго пакуль няма канчатковай думкі, задаволены ён гэтай работай або не. "Я некалькі разоў адкладаў наведванне вашага прадпрыемства з мэтай знаёмства з канчатковай мадэрнізацыяй. Але сёння падумаў аб тым, што, напэўна, вы яе ўжо скончылі, і час на яе паглядзець, - сказаў Прэзідэнт. - Па вашым стане разумею, што вы яшчэ не зусім задаволены гэтай вытворчасцю. Гэта правільна. Таму што мы канчаткова не зрабілі тое, што будзе праз год. Вось праз год можна будзе сказаць, што гэта сталае прадпрыемства, якое вырабляе добрыя тканіны, яны прадаюцца на сусветных рынках, і вы атрымліваеце нармальную зарплату. Мы яшчэ ў пачатку шляху".

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго радуе той факт, што цяпер не хапае людзей, каб задзейнічаць усю вытворчасць. "І тут няма ніякіх праблем, тут няма катастрофы. У нас дастаткова людзей, якія хацелі б працаваць у такой акуратнай і чыстай вытворчасці", - упэўнены ён.

"Успомніце, што было тут да таго, як... Я гэта помню. Думаю, вы тым больш. Таму створана добрая вытворчасць, якой вы і я, можа, будзем задаволены. Але гэта яшчэ будучы год", - дадаў Прэзідэнт.

Мінулы раз Кіраўнік дзяржавы наведваў ААТ "Камволь" пяць гадоў таму - у снежні 2012 года. На той момант прадпрыемства знаходзілася ў глыбокім крызісе: фінансава-эканамічная сітуацыя пагаршалася, аб'ёмы вытворчасці падалі, узровень зносу асноўнага тэхналагічнага абсталявання складаў амаль 90 працэнтаў. Больш таго, у некаторых вытворчых памяшканнях было не намнога цяплей, чым на вуліцы.

Тады такі стан спраў Аляксандр Лукашэнка назваў злачыннай безадказнасцю, пайшлі жорсткія кадравыя рашэнні. Ён паабяцаў работнікам прадпрыемства, што "Камволь" будзе адноўлены.

На працягу апошніх гадоў гэта пытанне пастаянна знаходзілася на кантролі ў Прэзідэнта. Толькі ў 2015 годзе мадэрнізацыі прадпрыемства было прысвечана дзве нарады на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы - у ліпені і снежні.

За пяць гадоў у мадэрнізацыю ААТ "Камволь" укладзена больш за $110 млн. Цяпер гэта высокатэхналагічнае прадпрыемства, якому па аснашчэнні самым сучасным абсталяваннем няма роўных на постсавецкай прасторы і нават у Еўропе.

У жніўні-лістападзе 2017 года атрымана 38,5 тыс. пагонных метраў тканін з новай калекцыі, вырабленай у супрацоўніцтве з кампаніяй Zen Led (Турцыя). Усяго распрацавана 117 узораў (больш за 220 колерамалюнкаў). Больш за 55 працэнтаў прадукцыі "Камволя" пастаўляецца на экспарт.

У 2018 годзе плануецца вырабіць 4,5 млн пагонных метраў тканіны, а ў бліжэйшым будучым чакаецца выхад прадпрыемства на праектную магутнасць - 6 млн пагонных метраў.

"Але 6 млн - гэта не мяжа, нават на гэтай вытворчасці. Мінімум 7 млн, а можа, і 8 млн - потым паглядзім - у гэтых сценах, з гэтых машын, на гэтай вытворчасці мы павінны атрымаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з калектывам "Камволя".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ходзе размовы з кіраўніцтвам турэцкай кампаніі Zen Led, з якой у "Камволя" заключана пагадненне аб перадачы тэхналогій і дылерскі кантракт, закраналася пытанне аб перспектывах павелічэння вытворчых магутнасцей для вырабу 10-12 млн паг. м тканіны ў год: "Яны мне адказалі, што на працягу 3-4 гадоў магчыма, ствараючы брэнд, выйсці на продаж 12 млн. Можа, памыліліся, няхай 10 млн. Але гэта 10 млн! А некалі мы выраблялі 20 млн. Так, гэта была не тая тканіна, зусім іншая вытворчасць. На рынку добрая тканіна патрэбна".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на сённяшні дзень аб'ём сусветнага рынку камвольных тканін складае каля 120 млн паг. м. "Хто нам перашкаджае ў гэтых 120 млн прадаваць сваіх 10-12 млн? Не трэба думаць, што цяпер 120 млн, - і 130 млн не прадаш. Не трэба. Гаворачы па-народнаму, улазь у гэтыя 120 млн. Вы павінны прадаваць больш", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы наведаў мадэрнізаваныя цэхі і ўчасткі ААТ "Камволь", азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці тканін і агледзеў выстаўку ўзораў прадукцыі прадпрыемства і вырабаў з іх. "Тое, што мне цяпер паказалі, - дастойная тканіна. І я сам сабе падумаў, больш не буду шыць з нейкай чужой тканіны касцюмы, а буду купляць тут. І ўнутранае спажыванне ў нас будзе арыентавана на вас", - сказаў ён.

Як гарантыю якасці выпускаемай прадукцыі Аляксандру Лукашэнку падарылі адрэзы тканіны для новага касцюма. "Сшыю. Абавязкова", - адзначыў Прэзідэнт.
Дарэчы, ужо ў час наведвання ААТ "Камволь" на некаторых з чыноўнікаў, якія суправаджалі Кіраўніка дзяржавы, былі дзелавыя касцюмы з тканін гэтага прадпрыемства.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў працоўнага калектыв, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць строгага выканання тэхналагічнай дысцыпліны для забеспячэння высокай якасці прадукцыі.

Прэзідэнт дадаў, што ад стану спраў на вытворчасці, укладу кожнага на сваім рабочым месцы залежыць і ўзровень зарплат, сацыяльны пакет.

"Што мы планавалі тут, дзяржава сваю ролю адыграла. Таму жывіце і працуйце. Гэта ваша народнае прадпрыемства. Яно не належыць ніякаму прыватніку, і стварыла гэта прадпрыемства ваша дзяржава", - падкрэсліў беларускі лідар.

Таксама ў час наведвання ААТ "Камволь" зайшла размова пра лёс ААТ "Сукно". Як раней, так і сёння выказваліся розныя варыянты далейшых дзеянняў - ад далучэння да "Камволя" з аб'ёмам выпускаемай прадукцыі 700-800 тыс. паг. м у год (пры цяперашніх крыху больш за 300 тыс.) да паўнацэннага адраджэння прадпрыемства на яго існуючых магутнасцях з істотным павелічэннем вытворчых магчымасцей.

Выслухаўшы прапановы, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем кіраўніцтва Zen Led адносна магчымасцей беларускага суконнага прадпрыемства і тэрмінаў, за якія можна яго мадэрнізаваць і выйсці на стабільны продаж прадукцыі. Старшыня Савета праўлення кампаніі Сабры Даган адзначыў, што на працягу двух гадоў магчыма выйсці на вытворчасць і продаж каля 4 млн паг. м суконнай тканіны. "Чаму чалавек можа прадаць 4 млн паг. м суконнай тканіны ў год, а вы мне прапануеце вырабляць у 10 разоў менш?" - задаўся пытаннем Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прадстаўнікоў дзяржорганаў.

Прэзідэнт даручыў дасканала прапрацаваць варыянты захавання ў Беларусі паўнацэннай суконнай вытворчасці.

Пры размове з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Камволь" размова зноў зайшла аб перспектывах работы прадпрыемства і рэалізацыі вырабляемай прадукцыі. Работнікі пацікавіліся, ці магчыма замацаваць перавагу выкарыстання тканін ААТ "Камволь" на ўнутраным рынку. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дзяржава прадоўжыць аказваць падтрымку прадпрыемству. "Але майце на ўвазе: закрыцца ад продажаў турэцкіх, расійскіх, кітайскіх тканін мы не зможам. Як мінімум па дзвюх прычынах. Па-першае, з-за канкурэнцыі. Ёсць канкурэнцыя - ёсць якасць і рост. Таму вам патрэбна канкурэнцыя. Па-другое, мы - не вялікая краіна, якая кіруе светам. Цяпер такіх краін амаль няма. Калі мы закрыемся ад некага, то хутка закрыюцца і ад нас", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што перад кіраўніцтвам прадпрыемства і канцэрна "Беллегпрам" пастаўлена задача ў будучым годзе паставіць для перапрацоўкі на ўнутраным рынку 1,5 млн пагонных метраў тканін. "Пакуль у нас ёсць розныя магчымасці, каб раскруціць вас, падняць, купляць тканіны, асабліва для школьнікаў, сілавых структур. І каб звычайныя швейныя камбінаты куплялі. Галоўнае - гэта вы. Будзе якасная тканіна, тады і падтрымліваць вас лягчэй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што Беларусь - краіна з экспартна арыентаванай эканомікай. "Мы больш прадаём вырабленага, чым спажываем. Таму трэба дзейнічаць акуратна і асцярожна. Дайце якасную тканіну, а там мы разбяромся".

Таксама закраналася пытанне магчымасці прадастаўлення льгот беларускім швейным прадпрыемствам на куплю тканін ААТ "Камволь" для далейшага пашыву з яе гатовых вырабаў. І ў гэтым Прэзідэнт паабяцаў падтрымку, але ў разумных межах. "Сёння швейнай вытворчасцю займацца выгадна. Швачак у краіне не хапае. І гэта няхватка сур'ёзна падняла заработную плату. Швачка сёння атрымлівае прыстойныя грошы. Таму мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць швейную вытворчасць. Але яшчэ раз падкрэсліваю: усё гэта не бязмежна. Мы і так уклалі больш за $100 млн у вашу вытворчасць. І вы не чакайце дадатковых ільгот", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Дзяржава падставіць сваё плячо, дзе толькі магчыма. Я ж разумею: новая фактычна вытворчасць. Пакуль вы падымецеся на адпаведны ўзровень, будзем падтрымліваць. Але ў вас не павінна быць гэтых настрояў: рынак закрыць, нікога не пускаць, будзем перапрацоўваць толькі тканіны "Камволя". Не на гэта арыентуйцеся - арыентуйцеся на тое, што будзе цяжка, і ў гэтай канкурэнцыі трэба перамагчы. Для гэтага ёсць усё. Таму выкідвайце з галавы ўсё па льготах. Будуць ільготы - добра, але вы арыентуйцеся на работу ў роўных умовах", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Гучала ў час размовы і вострая сацыяльная тэматыка. У прыватнасці, у пытанні адной з работніц была акрэслена праблема п'янства.

"Цяпер, гляджу, у СМІ разгарнуліся дэбаты: забараніць, не прадаваць, пакараць. Ну калі вы хочаце жулікаў развесці, якія будуць з-пад крыса прадаваць ноччу і позна вечарам алкаголь і кішэні набіваць, гэта можна зрабіць. Забароны, як паказвае гісторыя, вынікаў яшчэ не давалі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што трэба больш увагі ўдзяляць здароваму і актыўнаму ладу жыцця на ўсіх узроўнях - ад сям'і да дзяржавы. "Для гэтага мы стварылі ідэальныя ўмовы. У найцяжэйшай сітуацыі пабудавалі столькі аб'ектаў. Сёння выдзяляем добрыя грошы для трэнераў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але гэта працяглы перыяд часу. Не думайце, што мы закрылі недзе кропку, перасталі прадаваць і дабіліся выніку. Замест гэтай кропкі дзве будуць адкрыты ў іншым месцы. Створым дэфіцыт - падгонім цану і будзем потым лавіць гэта жуллё. Таму ў мяне шмат на стале прапаноў. Я даручыў прапрацаваць іх. Сапраўды, з гэтай праблемай трэба штосьці рабіць".

"У бліжэйшы час паглядзім. Пасля Новага года вернемся да гэтай праблемы і будзем яе вырашаць зыходзячы з магчымасці. Тут нельга пераціснуць. Так, ёсць прапанова, дапусцім, закрыць і з 10 кропак адну пакінуць. Глупства. Але ёсць прапанова тую, што насупраць школы, закрыць. Правільна, няхай перанясуць яе ў іншае месца, але насупраць школы не павінны прадаваць алкаголь і тытунь. З гэтым згодны. І шмат такіх прапаноў. Будзем ісці ад жыцця", - заявіў беларускі лідар.

"Маю пазіцыю ў гэтым плане вы ведаеце. Я чалавек амаль не пітушчы. Можна сказаць, малапітушчы. Але гэта мая пазіцыя, маё меркаванне. Людзі ж жывуць па законах пэўных і ўласных уяўленнях аб жыцці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што некаторыя заяўляюць аб тым, што праблема курэння і п'янства звязана з тым, што дзяржава хоча папоўніць бюджэт. "Гэта апошнія нягоднікі і ворагі беларускай дзяржавы. Сапраўды, акцызы на алкаголь і тытунь - гэта вялікія падаткі (вы чулі, нядаўна праводзіў нараду) - ад тытуню мы атрымаем у гэтым годзе $0,5 млрд у бюджэт. Гэта пяць вашых такіх прадпрыемстваў. Калі мы толькі цяпер гэты акцыз знізім або алкаголю пачнём менш вырабляць, да нас прывязуць барматуху з Расіі, Украіны, з Захаду. Толькі адкрый - усё сюды хлыне. І акцызаў не атрымаем, і піць менш не станем. Таму гэта такія размовы, як я гавару па-народнаму, "плявузганне". Любая дзяржава ўводзіць акцызы і атрымлівае ад гэтага падаткі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму трэба знайсці ўзважанае нармальнае становішча - і там не нашкодзіць, і тут не страціць. Гэта ўсё не проста. Трэба ўсё ўзважыць і прыняць рашэнне. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, усё залежыць ад нас. Няпростая праблема. Будзем яе акуратна вырашаць, але наскокам нічога рабіць не будзем.

Спрабавалі ўжо (у мінулым). І вінаграднікі павысякалі, і яшчэ штосьці... І цяпер гераічна (я сустракаюся з прэзідэнтамі каўказскіх рэспублік, Украіны) яны адраджаюць тое, што было знішчана ў свой час. Таму тут трэба ісці акуратна, крок за крокам, вырашаючы гэту праблему. Мы яе будзем вырашаць. Гэта праблема цяжкая", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Не засталася ўбаку і сітуацыя вакол немагчымасці для расійскіх спартсменаў выступаць на Алімпіядзе ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане ў 2018 годзе пад дзяржаўным сцягам з-за рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) аб адхіленні Расіі ад Гульняў.

"Мне цяжка меркаваць і гаварыць аб тым, што адбылося. Што мы ведаем? Мы ведаем вось гэты гвалт у СМІ: пакрыўдзілі, накацілі і гэтак далей. Пакуль няма абсалютна спакойных, узважаных разважанняў. Не было, прынамсі, да таго, як Прэзідэнт Расіі (правільна, я лічу) зрабіў заяву, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Кожны спартсмен, калі ён хоча, павінен паехаць пад любым сцягам на Алімпіяду. Калі б гэта, не дай бог, здарылася з беларусамі, я зрабіў бы гэтак жа. Ты можаш, гэта тваё жыццё, едзь і паказвай рэзультат".

"Гэту праблему Расія можа вырашыць прыгожа, даказаўшы ўсяму свету, што яна - вялікая спартыўная дзяржава і ў адносінах да яе зрабілі несправядліва, калі расійскія спартсмены туды паедуць і выйграюць і ў снаўбордзе, і ў лыжных гонках, і ў біятлоне, у шорт-трэку, і ў хакеі. Вось гэта будзе самае яркае сведчанне, што да Расіі беспадстаўны прэтэнзіі", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён не прыхільнік таго падыходу, што ўся Расія фактычна "оптам" пазбаўлена ўдзелу ў Алімпіядзе. "Кожны спартсмен павінен несці сваю адказнасць", - упэўнены беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што прыцягваць да адказнасці трэба толькі тады, калі на ўзроўні дзяржавы падтрымлівалася прымяненне допінгу. "Але такой высновы МАК не зрабіў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ўпэўнены, што без Расіі сусветны спорт абяднее. Таму Расія ўсё роўна будзе ў гэтым алімпійскім і сусветным спартыўным руху. У гэтым я на 100 працэнтаў упэўнены. Усё ў руках самой Расіі і, перш за ўсё, спартсменаў Расіі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што цалкам падтрымлівае барацьбу Міжнароднага алімпійскага камітэта з допінгам. "Я заўсёды выступаў і выступаю супраць ужывання гэтых стымулятараў і допінгу ў спорце. Нам гэта не патрэбна, і спартсменам гэта таксама не патрэбна. І тут трэба вельмі жорстка да гэтага ставіцца", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.