Нарада з пастаяннымі членамі Савета Бяспекі

  • 1

Магчымыя змяненні ў пытаннях прызыву ў армію абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі з пастаяннымі членамі Савета Бяспекі.

"Традыцыйна ў такім складзе мы збіраемся для вырашэння актуальных пытанняў забеспячэння бяспекі дзяржавы. Сёння нам трэба абмеркаваць тэму камплектавання Узброеных Сіл і іншых войскаў асабовым складам. Прасцей кажучы, размова пойдзе аб прызыве на тэрміновую службу нашай моладзі", - адзначыў у пачатку нарады Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі абарона краіны - гэта свяшчэнны абавязак грамадзяніна. "Кожны мужчына павінен умець пастаяць за сваю краіну, сваю сям'ю. І рабіць гэта ён павінен эфектыўна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Некалі практычна кожны беларус служыў у арміі. Гэта было прэстыжна, таму юнакі імкнуліся папоўніць рады Узброеных Сіл. Аднак на працягу шэрага гадоў для прызыўнікоў уводзіліся розныя адтэрміноўкі, і сёння ў нас іх больш, чым у любой іншай дзяржаве, асабліва ў суседніх".

Прэзідэнт канстатаваў, што праявіліся наступствы так званай дэмаграфічнай ямы 90-х гадоў. "І выйдзем мы з гэтай ямы толькі прыкладна да 2025 года", - сказаў ён.

За апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнікоў, якія стаяць на ўліку, скарацілася амаль у два разы, і ў мінулым годзе паказчыкі камплектавання войскаў маладым папаўненнем не былі выкананы. "Значыць, нашы юнакі не прайшлі армейскую школу, якая дае навыкі абароны Айчыны, а гэта звязана непасрэдна з нацыянальнай бяспекай Беларусі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя меры па змяненні цяперашняй сітуацыі прыняты ўжо. У мінулым годзе былі адменены адтэрміноўкі для шэрага катэгорый, у тым ліку пракурорскім работнікам і судмедэкспертам. "Даадтэрміноўваліся да таго, што людзі, якія працуюць практычна ў ваенізаваных падраздзяленнях, атрымлівалі адтэрміноўкі. Калі сілавое ведамства, дык хаця б пачатковую падрыхтоўку ў арміі трэба прайсці. Больш таго, пракуроры і судмедэксперты расследуюць крымінальныя справы, якія датычацца ваеннаслужачых. Іх цяжка будзе расследаваць, калі ты знутры не ведаеш службы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Адначасова ён заявіў, што названыя меры не прынеслі жаданага выніку, а 80% прызыўнікоў вызваляецца ад службы ў арміі для прадаўжэння адукацыі ў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што Урад падрыхтаваў праект дакумента па адпаведных пытаннях. Плануецца таксама ўвесці меры, якія садзейнічаюць павышэнню адказнасці за ўхіленне ад службы, а з іншага боку - зацікаўленасці грамадзян у выкананні воінскага абавязку.

"Сёння абмяркуем гэтыя прапановы і прымем па іх рашэнне. Але трэба мець на ўвазе, што ў адзін момант нам будзе цяжка прыняць усе рашэнні. Хоць у нас і ёсць праблема з камплектаваннем Узброеных Сіл, тым не менш яна не катастрафічная. Гэта дае нам магчымасць ісці крок за крокам, прымаючы рашэнні па дасягненні канчатковай мэты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама неабходна падумаць над абмежаваннямі, звязанымі са станам здароўя прызыўнікоў: "Прынцып тут адзін: хлопец не павінен служыць у арміі, калі ў яго сапраўды ёсць сур'ёзныя медыцынскія проціпаказанні для нясення службы".

"Калі чалавек не можа выконваць свой воінскі абавязак, ні ў якім разе яго не трэба прызываць у армію. Мы падумаем, як па-за арміяй навучыць яго карыстацца зброяй і ўмець абараняць сваю сям'ю ў цяжкай сітуацыі. Але ёсць сітуацыя, і аб гэтым многія гавораць, што па нейкіх надуманых медыцынскіх прычынах, тыпу плоскаступнёвасці, мы не прызываем у армію ваеннаслужачых. Ёсць і шмат іншых выдуманых паказанняў, па якіх мужык не павінен служыць у арміі. Трэба разабрацца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі не стаіць выбар паміж камплектаваннем арміі выключна на кантрактнай аснове або прызывам на тэрміновую службу. "Мы не раздувалі гэту праблему ніколі, у гэтым не было ніякай неабходнасці. Мы не рабілі гэта так, як рабілі былыя рэспублікі Савецкага Саюза, у тым ліку Расія. Пытанне не стаіць так: кантрактная армія або армія, заснаваная на прызыве на тэрміновую службу. Мы спакойна, без напружання, замянілі ўсіх ваеннаслужачых тэрміновай службы на кантрактнікаў там, дзе гэта патрэбна. Гэты працэс прадаўжаецца да цяперашняга часу. Я лічу, жыццё паказала, і яно яшчэ пакажа, дзе нам трэба выкарыстоўваць людзей пастаяннага складу - кантрактнікаў. А недзе павінны служыць ваеннаслужачыя тэрміновай службы", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў сваё цвёрдае перакананне ў тым, што мужчына павінен служыць у арміі. "Гэту суровую школу палова з іх, напэўна, не прайшлі. Ну і матывацыя самага высокага ўзроўню - гэта тое, што ёсць такая прафесія Радзіму абараняць. Радзіму павінны абараняць усе тыя, хто жыве на гэтай зямлі. Не дай бог канфлікт - палова з мужыкоў не ведаюць, што такое зброя. Я ўжо не гавару аб тым, што яны не ўмеюць ёй скарыстацца. Таму хаця б мужыкі. Хоць армія даўно перастала быць чыста мужчынскай. Яна ўжо мае ярка выяўлены і жаночы характар", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Тым не менш мужык спакон вякоў, зыходзячы з нашай гісторыі, і не толькі нашай, павінен абараняць сваю Айчыну, сваю сям'ю і сваю жанчыну", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння на нарадзе ў Прэзідэнта комплексна абмяркоўвалася праблематыка камплектавання ваенных падраздзяленняў асабовым складам, разглядаўся пакет прапаноў, як матываваць грамадзян да праходжання тэрміновай ваеннай службы, павысіць прэстыж армейскай службы. Цяпер у Беларусі прадастаўляецца 47 розных адтэрміновак ад праходжання тэрміновай ваеннай службы. На думку ваенных, іх колькасць можна скараціць.

Меры, якія разглядаліся на нарадзе, будуць рэалізаваны ў два этапы. Спачатку размова ідзе аб тым, каб навесці парадак на ўсіх узроўнях - ад урокаў дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школах і работы медкамісій у ваенкаматах да службы ў арміі ў цэлым. Гэта стала ключавым патрабаваннем Прэзідэнта. Адначасова будуць распрацоўвацца строгія меры барацьбы з ухілістамі. Гэту работу плануецца завяршыць да восені і далажыць аб выніках Кіраўніку дзяржавы.

У час другога этапу перагледзяць правілы прызыву на тэрміновую ваенную службу. Будуць яшчэ раз прааналізаваны прадастаўляемыя адтэрміноўкі, магчыма, ад некаторых адмовяцца. Падумаюць і над тым, як зацікавіць грамадзян у выкананні воінскага абавязку. Цяпер абмяркоўваюцца самыя розныя меры, але ў адзін момант іх ажыццяўляць не плануюць. На нарадзе падкрэслівалася, што ніякай карэннай ломкі быць не павінна, у гэтых працэсах неабходны паступальны рух.