Нарада з кіраўніцтвам Жыткавіцкага райвыканкама і прадпрыемстваў раёна

  • 29

Жыхары Беларусі здольныя зрабіць сваю краіну сапраўды квітнеючым краем, аднак для гэтага неабходна прыкладаць намаганні і падтрымліваць выканальніцкую дысцыпліну. Эфектыўная работа органаў улады ў гэтым напрамку - галоўная ўмова захавання стабільнасці і спакою ў краіне. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка ў час нарады з кіраўніцтвам Жыткавіцкага райвыканкама і прадпрыемстваў раёна.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў свой прыезд і правядзенне нарады тым, што падобным раёнам, аддаленым ад сталіцы і абласных цэнтраў, як правіла, удзяляецца менш увагі. "У нашых абласных кіраўнікоў ёсць прывычка таптацца на месцы, вакол абласнога цэнтра. На жаль, так бывае. Ва ўсіх абласцях такі недахоп я заўважаю", - сказаў ён.

"У вас рэдкі выпадак для таго, каб непасрэдна выказаць свае нараканні, перш за ўсё сказаць аб недахопах, якія ёсць у нас у кіраўніцтве на розных узроўнях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Я разлічваю на шчырую размову", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У пачатку нарады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за мінулыя гады ў Жыткавіцкім раёне многае зроблена, аднак указаў і на шэраг сур'ёзных недаглядаў і забюракратызаванасць асобных пытанняў. "Я лічу, што людзі, якія тут жывуць, больш заслужылі ад дзяржавы. Але гэта не значыць, што не будзе строгага запатрабавання за вынікі працы", - сказаў Прэзідэнт.

"Глядзіце, каб мы не страцілі тое, што маем. І ўсё цяпер гэта залежыць ад нас. Мы можам зрабіць сваю краіну не проста на словах квітнеючай, а квітнеючым краем. Толькі трэба галаву на плячах трымаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Не будзе дысцыпліны, будзеце шукаць аб'ектыўныя прычыны, работы не атрымаецца. Хопіць хадзіць і ныць, што мы чагосьці не можам. Будзем ныць да таго часу, пакуль або не перавернуць, як у Арменіі ці Украіне, або наогул на кавалкі разарвуць. Будзе як у 1993-1994 гадах, калі вы тут Палескую рэспубліку хацелі стварыць. Добра, што палешукі не дурныя людзі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне правільнага падбору кадраў і падтрымання выканальніцкай дысцыпліны. "Думайце ўсюды. Шалёных грошай няма і не будзе. Я да таго, што не гаварыце, што ў нас неразумныя або яшчэ нейкія людзі і ў нас не хапае кадраў. Усяго ў нас хапае", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Калі вы бачыце, што кіраўнік не цягне - не трэба яго там мучыць. Пачынайце закручваць гайкі. Вы (старшыня райвыканкама) на сваім узроўні, а кіраўнік у сваім калектыве. Але не перашкаджайце кіраўніку працаваць. Наадварот, падтрымлівайце і абараняйце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на праблему п'янства. "Дысцыпліна будзе ўзмацняцца значна. Няма дысцыпліны - няма чаго працаваць. Дысцыпліна і тэхналогія!" - падкрэсліў ён.

Як было адзначана на нарадзе прадстаўніком праваахоўных органаў, п'янства ўяўляе сабой сур'ёзную праблему, якая ўплывае і на дарожную бяспеку, прыводзіць да вытворчага траўматызму. Яшчэ адна праблема, з якой часта даводзіцца сутыкацца, - крадзяжы.

"Вось таму я і кажу: старшыні райвыканкамаў, садзіцеся разам з пракурорамі і кіраўнікамі РУУС, прымайце меры. Не расказвайце аб тым, што ў вас не хапае паўнамоцтваў. Вельмі строгія прымайце меры", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта (крадзяжы) трэба выкарчоўваць. Гэтыя несуны мала таго што крадуць. Часам горш, што яны ўздзейнічаюць негатыўна на іншых людзей, якія гэтага не робяць. Таму трэба прымаць строгія меры", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

"А па п'яніцах, рабіце, што хочаце, але міліцыя і пракурор павінны навесці парадак. Няма іншага шляху. Ну і кіраўнікі больш строга павінны падыходзіць да гэтага", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Вядома, будуць крадзяжы, п'яніцы... Але гэта не павінна быць вышэй за пэўны ўзровень і рубеж. Таму трэба строгія меры прымаць у гэтых адносінах", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Узмацняйце дысцыпліну, як тут, у Гомельскай вобласці, так і па краіне ў цэлым", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асобна акцэнтаваў увагу на важнасці канструктыўнай сумеснай работы кіраўніцтва праваахоўных органаў на месцах з выканкамамі ў вырашэнні важных для раёнаў задач. "Агульныя задачы вы павінны вырашаць разам, - сказаў ён. - Я хачу, каб вы разумелі вось гэту тонкую грань. Я не буду ламаць сістэму. Яна нармальна працуе. Начальнік РАУС, УКДБ, пракурор павінны мець пэўную ступень свабоды і выконваць свае функцыі. Але гэта не значыць, што гэта не маё і я табе не падначалены. Гэтай палітыкі не павінна быць. Гэта датычыцца ўсіх. Я аб гэтым гавару, таму што такія факты ёсць. Без міліцыі і пракурора вы дысцыпліну ў раёне не паставіце".

Яшчэ адно прынцыповае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы - гарантаваць захаванасць і правільную эксплуатацыю тэхнікі, на рамонт і закупку якой трацяцца сур'ёзныя сродкі. А гэта ў сваю чаргу ўплывае на сабекошт прадукцыі.

На нарадзе прадметна разгледжана работа прадпрыемстваў Жыткавіцкага раёна, як у сферы АПК, так і прамысловасці. Дадзены канкрэтныя даручэнні.

Абмеркаваны пытанні жыллёвага будаўніцтва, замацавання кадраў, сітуацыя з узроўнем заработнай платы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пытанні зарплат неабходна больш актыўна працаваць, каб выходзіць на ўзровень у памеры Br1 тыс.

Ёсць нядрэнныя перспектывы і адносна карысных выкапняў. Раён і ў цэлым Гомельская вобласць мае запасы торфу і сапрапеляў. Попыт на гэту прадукцыю, як паведаміў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, ёсць і ў Еўрасаюзе, і ў іншых рэгіёнах. Вядзецца работа па асваенні гэтых радовішчаў і далейшым прасоўванні прадукцыі.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на праблемныя моманты з даўгавой нагрузкай на прадпрыемствах, каб нават пры ўмове рэструктурызацыі тых ці іншых даўгоў забяспечвалася вяртанне пазыковых сродкаў і ў цэлым эфектыўная работа.

Узнімаліся і іншыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў недапушчальнасць фактаў браканьерства, а таксама карупцыі. "Кіраўнік павінен быць чысты, як шкло. Каб ніхто не падкапаўся. Вы павінны быць самі ідэальнымі, як знешне, так і ўнутрана. Час такі. Страцім краіну - ніхто не даруе", - сказаў ён.

Прэзідэнт закрануў і пытанне развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы, нагадаўшы аб прынятым пакеце дакументаў па лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу. Аднак з кіраўнікоў будзе строгае патрабаванне за забеспячэнне належных умоў працы і бяспекі ў цэлым.

На нарадзе былі разгледжаны і пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Петрыкаўскага раёна. Аляксандр Лукашэнка даручыў за год добраўпарадкаваць і навесці парадак у райцэнтры па аналогіі з Жыткавічамі: "Прывядзіце Петрыкаў у парадак на працягу гэтага і будучага года, каб дзесьці да лета, калі я сюды прыеду, мне вось так паказалі Петрыкаў, як сёння добраўпарадкавалі Жыткавічы. Толькі рабіце па-гаспадарску".

Падрабязна абмеркавана сітуацыя ў эканоміцы раёна, у тым ліку будаўніцтва Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбіната. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што першую чаргу прадпрыемства плануецца запусціць у снежні 2019 года, а ўжо да 2021 года ГАК павінен выйсці на праектную магутнасць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць для раёна будаўніцтва гэтага прадпрыемства, якое стане трэцім такім аб'ектам у краіне пасля Салігорска і Любані. Ён адзначыў, што камбінат павінен стаць важнай крыніцай падатковых паступленняў у мясцовы бюджэт. "Я хачу пабудаваць у Петрыкаве гэты вузел, прыўзняць у прамысловых адносінах. Калі пачне працаваць гэты камбінат, для Петрыкава і Жыткавіч гэта вялікая справа", - сказаў ён.

Прэзідэнт даў даручэнні і адносна развіцця жыллёвага будаўніцтва. "Трэба будаваць жыллё, каб быў прыток людзей і збоку. Будзе кватэра, людзі з задавальненнем сюды прыедуць жыць. Гэта трэба даручыць салігорцам - камбінату, каб яны планавалі Петрыкаў, як Салігорск. Няхай ён не будзе такі вялікі, як Салігорск, але будаваць трэба самым сучасным чынам, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба вышынных будынкаў па 11 паверхаў. Трэба спраектаваць мікрараён - прыгожы і каб ён быў увязаны з цяперашнім Петрыкавым. Будзе жыллё - людзі прыедуць".

Кіраўнік дзяржавы на нарадзе таксама цікавіўся сітуацыяй у цэнаўтварэнні, падкрэсліўшы, што ў Беларусі цяпер няма падстаў для росту цэн. "Толькі адна прычына - каб у кішэнь гандлярам больш пакласці. Не трэба гэтага дапускаць. Кантралюйце", - сказаў Прэзідэнт.

"У гэтым годзе 5-6% мы павінны па краіне мець інфляцыю. У наступным - 4-5%. Мы павінны выйсці на 3-4%. Не трэба 1,5%, як у Еўропе або ў Амерыцы. Таму што інфляцыя - гэта таксама нечая заработная плата. І мы яшчэ не настолькі сёння намацалі рыначным чынам тую цану, пры якой будзе рэнтабельнай тая ці іншая прадукцыя. Таму няхай будзе 3-4% да канца пяцігодкі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць канкурэнцыі ў гандлі, каб не было манапалізму. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў яго няма палітыкі кланавасці, усе павінны працаваць па зразумелых правілах і ў роўных умовах.

Гаворачы ў цэлым аб ролі органаў мясцовай улады і кіраўніках прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх да прадаўжэння карпатлівай работы па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны і забеспячэння дастойных умоў для жыцця і працы грамадзян.

"Вы пачулі размову. Вы павінны разумець, што гэта не ад яго зыходзіць - губернатара - і не ад старшыні райвыканкама. Гэта палітыка. Сёння павінна быць такая палітыка. Я вам сказаў па вялікім рахунку, чаму. Каб нас не перавярнулі. Я вам сказаў у Пасланні - нам яшчэ падкінуць гэтых праблем, пагледзіце. Але я за вас менш хвалююся. У нас там, у Мінску, дай бог утрымаць сітуацыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб падзеях у Арменіі, дзе "палыхнула ўся краіна". "Я з Прэзідэнтам размаўляў. Ён мне патэлефанаваў, гаворыць: Аляксандр Рыгоравіч, празявалі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што былі і іншыя прычыны, якія прывялі да падзей у Арменіі, перш за ўсё сур'ёзныя праблемы ў эканоміцы краіны і з карупцыяй. "Чаму я асабліва губернатараў апошнім часам тузаю - калі празяваюць губернатары, ніхто не паправіць. Гэта мне потым трэба бегчы і закладваць галаву. Гэта цэнтральныя людзі ў краіне - губернатары і мэр Мінска. А ў яго камандзе ўсе вы, асабліва старшыні райвыканкамаў. Глядзіце, каб мы самі сабе не стварылі праблем", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

"Людзі павінны адчуваць і разумець, што мы стараемся для іх нешта зрабіць. Гарадок у парадак прывялі - добра. Спыняцца толькі не трэба, а ад цэнтра ісці на ўскраіну. І патрабаваць ад чалавека выніку. Іншага не дадзена, каб не страціць краіну, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І працаваць трэба так, каб у нас потым палкамі не кідалі. Таму ўлада павінна ажыццяўляць свае функцыі як належыць".

Адначасова Прэзідэнт папярэдзіў, каб перад кіраўнікамі на розных узроўнях ставіліся пасільныя задачы. "Не дапускайце галавацяпства. Хапае ў нас работы. Але не трэба ствараць самім сабе праблем. Не тузайце кіраўнікоў. Кіраўнік - гэта наш актыў. Няхай яны працуюць. Заўсёды трэба даць кіраўніку шанц. Не трэба патураць, але і перанапружваць залішне не трэба", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля завяршэння нарады Аляксандр Лукашэнка вырашыў асабіста азнаёміцца з добраўпарадкаваннем горада Жыткавічы. Ён прагуляўся па цэнтральнай частцы райцэнтра і цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Даволі працяглы час Прэзідэнт затрымаўся каля будынка сярэдняй школы, адзначыўшы вельмі добры вынік у частцы добраўпарадкавання як самога будынка, так і тэрыторыі вакол яго.

Як паведамлялася, на нарадзе ў райвыканкаме Аляксандр Лукашэнка прывёў навядзенне парадку ў Жыткавічах у якасці прыкладу для Петрыкава. Ён даручыў на працягу года выканаць аналагічныя работы і ў гэтым раённым цэнтры.

У Жыткавічах Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў райагратэхсэрвіс, дзе яму далажылі аб перспектывах развіцця прадпрыемства, стварэнні новых рабочых месц і мерах па павышэнні канкурэнтаздольнасці. Ён агледзеў вытворчыя памяшканні, дзе рамантуецца тэхніка і навясное абсталяванне. "Трэба акуратна працаваць па цане. І ў людзей павінна быць дастойная зарплата. Тады яны будуць трымацца гэтай работы. І трэба глядзець на сабекошт, асабліва зімой - ацяпленне і іншае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.