Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 сакавіка правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Кіраўнік дзяржавы вырашыў абмеркаваць з членамі Урада і іншымі ўдзельнікамі нарады пакет праектаў нарматыўных актаў. Паводле яго слоў, дакументы закранаюць шырокі спектр пытанняў і пранізваюць важныя сферы жыцця грамадства. "Таму да іх падпісання з'явілася неабходнасць удакладніць, ці дастаткова абгрунтаваны гэтыя прапановы? Ці патрэбны яны наогул? Ці ёсць ва ўсіх зацікаўленых узгодненасць у іх далейшай рэалізацыі? Ці ўлічаны распрацоўшчыкамі ўсе наступствы?" - спытаў Прэзідэнт.

У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні, нявырашанасць якіх людзі ў першую чаргу адчуваюць на сабе. "Гэта датычыцца гарантый правоў работнікаў на фінансава неплацежаздольных прадпрыемствах. Пытанне, што называецца з барадой. Ніякіх кампрамісаў, вядома, быць не можа, і ўся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Хачу падкрэсліць: ніякага папулізму тут няма, як некаторыя, зноў расчуліўшыся, могуць заяўляць у тэлеграм-каналах, што, маўляў, вось пярэдадзень выбараў. Я яшчэ раз хачу паўтарыць тое, што гаварыў з першага дня свайго прэзідэнцтва: уся сістэма і дзяржава ў цэлым маюць сэнс толькі тады, калі яны людзям на карысць. Усё астатняе сэнсу на мае", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе Прэзідэнт абазначыў яшчэ адну праблему, з вырашэннем якой, на яго думку, у краіне спазняюцца, і гэта стрымлівае развіццё грамадства. "Размова ідзе аб стварэнні стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў", - растлумачыў ён.

Урад, напрыклад, бачыць рашэнне ва ўкараненні дэпазітнай сістэмы абарачэння спажывецкай тары з-пад вады і напіткаў. "Калісьці я паўтарыў сваё патрабаванне да ўсіх, перш за ўсё вертыкалі выканаўчай улады: з адходамі трэба навучыцца працаваць, пачынаючы ад бою шкла, поліэтылену і іншымі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад Швейцарыю, дзе вельмі многія тавары вырабляюцца з другаснай сыравіны. "А нам што перашкаджае? Мы што ў кампактнай краіне - гэта ж не Расія - не можам сабраць адходы і перапрацаваць? Ды тое ж шкло атрымаць традыцыйным спосабам значна даражэй, а тут гатовае шкло пераплавіў і зноў атрымаў бутэльку, - заўважыў ён. - Не, мы чакаем, як з гэтай нафтай, пакуль смажаны певень, як у народзе кажуць, не дзеўбане ў пэўнае месца. Потым будзем гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей. Грошы пад нагамі - узяць не можам".

Паводле слоў Прэзідэнта, Урад прапануе толькі ў 2022 годзе зрабіць тое, што апрабавана яшчэ ў Савецкім Саюзе. "І ўсе эксперты, у тым ліку Адміністрацыя Прэзідэнта, далі станоўчае заключэнне. Дзіўна", - абурыўся Кіраўнік дзяржавы.

Не атрымлівае належнага імпульсу і тэма развіцця электратранспарту ў краіне, лічыць Аляксандр Лукашэнка. А нявызначанасць з цаной на нафту і адпаведна на паліва даказвае, што электратранспарт мае каласальны патэнцыял, адзначыў Прэзідэнт. "Гэта не проста даніна модзе або імкненне не адстаць ад перадавых краін, хоць і гэта так. Гэта надзённая неабходнасць ужо сёння", - заявіў ён.

Многія дзяржавы ўжо развіваюць гэты перспектыўны напрамак. "Краіны, такія як мы, экспартна арыентаваныя, якія не маюць пад зямлёй велізарных запасаў, даўно сарыентаваліся на электратранспарт. А нам і сам бог наканаваў. Мы заўтра-паслязаўтра ўводзім два блокі атамнай электрастанцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы можам больш вырабіць электраэнергіі. Дык чаму мы не робім сёння, з запасам па часе, крэн да электратранспарту, да большага спажывання электраэнергіі? Гэта замена вуглевадародам".



Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават на асабістым прыкладзе ўжо дэманстраваў магчымасці электрамабіля. "Не для таго, каб паказацца ў аўтамабілі ці паказаць новы аўтамабіль. Не, я падштурхоўваў вас і ўсё грамадства да таго, што на гэта трэба арыентавацца", - растлумачыў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб даручэнні Нацыянальнай акадэміі навук па стварэнні айчыннага электрамабіля.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на нарадзе неабходна яшчэ раз абмеркаваць, наколькі эфектыўныя прапанаваныя меры стымулявання выкарыстання электратранспарту. "Задача, якая вынікае з будаўніцтва атамнай электрастанцыі, - зрабіць так, каб электрычная энергія для аўтамабіляў была таннейшая за кошт бензіну і дызельнага паліва. Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ці адпавядаюць ініцыятывы, якія ўнесены, гэтай задачы?"

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець некалькі прапаноў, якія "забяспечваюць устойлівасць функцыянавання асобных сфер і законнасць у іх". Напрыклад, удасканаленне сістэмы дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам трактароў, прычэпаў, самаходных машын і абсталявання. "Мае патрабаванні да пытанняў забеспячэння бяспекі жыцця людзей, захаванасці тэхнікі вы ўсе ведаеце. Безгаспадарчае стаўленне да тэхналагічнага абсталявання, асабліва набытага з падтрымкай дзяржавы, недапушчальна. Але, галоўнае, спраўная тэхніка - залог бяспекі людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён назваў злачынствам, калі дарагую тэхніку, якая адпрацавала ў гаспадарцы два гады, кідаюць пад плот, як металалом. "З гэтым трэба змагацца. І не трэба тут рыначных нейкіх разважанняў. Там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. Трэба кантраляваць тэхнічны стан на дарогах у плане бяспекі. Не трэба ісці і глядзець на захоўванне, як ён там паставіў тэхніку, як даглядае яе: гэта яго асабістая ўласнасць, ён ведае, як з ёй абыходзіцца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Напэўна, менш за працэнт. А астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: дайце грошай, каб купіць трактар, таму што пасеяць няма чым. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і вялікія аб'ёмы экспарту. Вось і рабіце высновы, трэба гэта кантраляваць ці не".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ствараць новыя структуры з сотнямі новых чыноўнікаў, каб "ударыць па безгаспадарчасці", не трэба. "Лепш не ўносьце такія прапановы, - папярэдзіў ён. - У нас дастаткова кантралёраў на месцах, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы начальнікам міліцыі. Я ўжо не гавару пра тых, хто непасрэдна павінен гэтым займацца: кіраўнікі і спецыялісты канкрэтных гаспадарак".

Сярод дакументаў, якія вынесены на разгляд Кіраўніка дзяржавы, - праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. У ліку абмеркаваных тэм таксама змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.

Як растлумачыў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой, распрацаваны Указ аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады прадугледжвае прэміраванне кіраўніцтва і работнікаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў за дасягненне пэўных вынікаў. Дакумент, паводле яго слоў, нацэлены на разняволенне ініцыятывы на месцах.

"Думаю, гэта добрая прапанова - падтрымаць дзяржслужачых першаснага звяна, якія, як справядліва гаворыць Прэзідэнт, знаходзяцца на перадавой, ад іх работы залежыць эканамічны поспех развіцця краіны ў цэлым, - сказаў першы віцэ-прэм'ер. - Пры гэтым не прапануецца ламаць існуючую сістэму аплаты працы ў дзяржапараце. Яна сёння паспяхова функцыянуе, прадоўжыць спакойна працаваць і далей. Пытанне толькі ў тым, каб дапоўніць яе магчымасцю прастымуляваць за асобныя добрыя вынікі".