Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
14 студзеня 2020 года

Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў

Прынцыпы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застануцца нязменнымі, у цэнтры ўвагі заўсёды будуць людзі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 студзеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Як растлумачыў Прэзідэнт, на нараду вынесены некаторыя прапановы ўрада, выпрацаваныя з удзелам мясцовых органаў улады, праваахоўных структур і іншых ведамстваў.

"Прынцыпы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якую мы фарміравалі гадамі, застануцца нязменнымі. Як бы хто ні рыдаў і ні стагнаў, што некаму патрэбны перамены. Перамены патрэбны, яны ідуць і будуць ісці, таму што жыццё не спыняецца. Але калі нехта хоча перамен, якія будуць накіраваны на злом той палітыкі, якая праводзіцца, гэтага не будзе. Будуць выбары, будуць альтэрнатыўныя кандыдаты, прапануюць злом старой сістэмы і новыя перамены - народ вызначыцца. Мы будзем мэтанакіравана рэалізоўваць тыя задумы, якія ёсць. І перамены гэтыя будуць абсалютна спакойнымі, не рэвалюцыйнымі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў цэнтры ўвагі дзяржавы заўсёды будуць людзі і іх інтарэсы. "Людзі розныя. Бывае, што людзі патрабуюць таго, што дзяржава рабіць не павінна. Але мы павінны да іх прыслухоўвацца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму, якая б складаная і надзённая праблема ні была ўзнята, неабходна ацэнка таго, як яе вырашыць і як гэта паўплывае на канкрэтнага чалавека".

На нараду, у прыватнасці, вынесены праект указа аб павышэнні эфектыўнасці работы дзяржаўных прадпрыемстваў. Чакаецца, што гэтаму пасадзейнічае выключэнне з іх дзейнасці нядобрасумленных форм пасрэдніцтва. "Наконт гэтага не раз даваліся даручэнні прымаць меры, якія павінны не толькі павысіць канкурэнтаздольнасць рэальнага сектара, але і забяспечыць эфектыўнае расходаванне сродкаў", - нагадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пасрэдніцкія паслугі могуць займаць 30-50% ад сабекошту прадукцыі. "Дажыліся да таго, што вырабляемыя тавары ў Беларусі праз пасрэднікаў прадаюць беларускім жа прадпрыемствам. Гэта ненармальна", - падкрэсліў ён. Кіраўнік дзяржавы спытаў, што дасць прыняцце гэтага дакумента і ці дазволіць гэта вызваліць дадатковыя сродкі для павышэння зарплаты на прадпрыемствах?

Прэзідэнт таксама даручыў яшчэ раз вярнуцца да пытання імпартазамяшчэння - на гэты раз у плане кантролю. "Паглядзець, як адказныя асобы, якім я даручаў, займаюцца імпартазамяшчэннем", - растлумачыў ён.

Наступнае пытанне, узнятае на нарадзе, датычыцца кошту жылля, якое будуецца ў краіне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за пошнія гады ў Беларусі шмат зроблена для павелічэння аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва - у гарадах выраслі цэлыя кварталы, новыя дамы будуюцца і ў вёсцы. Аднак пры гэтым, паводле яго слоў, да канца не вырашана пытанне кошту будуемага жылля.

"Ва Урада ёсць прапановы, як аптымізаваць цэнаўтварэнне на рынку жыллёвага будаўніцтва. Ці прывядзе гэта да рэальнага зніжэння цэн? Ці бачацца якія-небудзь недахопы ў прапануемым рашэнні?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.



Прэзідэнт нагадаў аб вопыце Завода эфектыўных прамысловых канструкцый, які паказаў, што забудоўшчык можа паспяхова развівацца і пры рэнтабельнасці ў памеры 5%. "Цэны нармальныя, прадпрыемства не прапала, не стратнае. А мне тут дакладваюць, што калі мы гэтым шляхам пойдзем, будуць вымывацца нейкія фінансавыя сродкі і прадпрыемствы ў выніку прападуць. Усе вы маеце жыллё, і нядрэннае. Не забывайце, што ёсць яшчэ тыя, хто мае патрэбу ў жыллі, мы павінны ім дапамагаць. Наша дапамога перш за ўсё заключаецца ў тым, каб мы дапамаглі ім пабудаваць жыллё па даступных цэнах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка спытаў, чаму іншыя прадпрыемствы не могуць працаваць пры рэнтабельнасці 5%. "Не могуць - тады няхай чакаюць у чарзе: што застанецца, аддадзім ім. Мы аддадзім будаваць жыллё тым, хто хоча будаваць, груба кажучы, з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю, з меншымі затратамі, з больш нізкімі цэнамі. Мы не будзем адбіраць - прыватныя, дзяржаўныя. Вось цана - у яе трэба ўкласціся. У нас не багатыя людзі, каб плаціць двайную цану за жыллё і дапамагаць багачам набіваць кішэні", - адзначыў Прэзідэнт.

На асаблівым кантролі ў Прэзідэнта пытанне абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі. "Нельга дапусціць, каб нас напаткаў лёс краін-суседак, калі людзі задыхаюцца ад колькасці звалак, а глеба на дзесяцігоддзі атручана хіміяй", - заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што стан навакольнага асяроддзя - важнейшая задача, а здароўе беларусаў - бясцэннае.

Але сёння гэта не толькі пытанне экалагічнага дабрабыту, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Развітыя краіны, у якіх, як і ў нас, няма багатых запасаў прыродных выкапняў, навучыліся атрымліваць неабходныя рэсурсы фактычна са смецця", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён папрасіў далажыць, як у распрацаваным праекце ўказа рэалізаваны даручэнні па навядзенні парадку ў гэтай сферы на аснове лепшых сусветных практык і дасягненняў.

Яшчэ адно пытанне датычылася прафесійнага пенсійнага страхавання работнікаў, якія працуюць у неспрыяльных умовах. Ёсць прапанова прадаставіць гэтай катэгорыі грамадзян права атрымліваць датэрміновую пенсію. Аляксандр Лукашэнка спытаў у распрацоўшчыкаў, ці магчыма прыняцце такога рашэння, ці ёсць для гэтага абгрунтаванні і неабходныя сродкі.

На нарадзе былі таксама абмеркаваны вынікі работы беларускай эканомікі ў мінулым годзе, бягучая сітуацыя, пытанні сыравіннага забеспячэння прадпрыемстваў, падрабязна разгледжаны абазначаныя праекты нарматыўных прававых актаў. Большасць з іх атрымалі канцэптуальнае адабрэнне Прэзідэнта. З улікам праведзенага абмеркавання яны будуць у той ці іншай ступені дапрацаваны і зноў унесены Кіраўніку дзяржавы.


Тэгі:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць