Нарада з актывам Мінскай вобласці

  • 16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 снежня правёў нараду з актывам Мінскай вобласці.

У пачатку свайго выступлення Прэзідэнт абазначыў галоўную мэту нарады - паставіць задачы, якія патрабуюць пільнай увагі. "Я не прэтэндую на вычарпальны характар гэтых задач. Акцэнт будзе зроблены на самых вострых пытаннях, якія трэба будзе вырашаць пад кіраўніцтвам новага губернатара", - удакладніў ён.

У ліку такіх пытанняў Кіраўнік дзяржавы назваў праблемы ў кадравай палітыцы рэгіёна. Нягледзячы на наяўнасць рэзерву з 209 чалавек, у вобласці застаюцца 47 вакансій на пасады кадравага рэестра аблвыканкама і райвыканкамаў. Сярод іх намеснікі старшынь райвыканкамаў - начальнікі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіруючыя работнікі камітэтаў эканомікі, па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, структурных падраздзяленняў райвыканкамаў па архітэктуры і будаўніцтве, адукацыі. "На які станоўчы вынік можна разлічваць, калі на гэтых участках адсутнічаюць кіраўнікі? І навошта вам такі рэзерв? Трыццаць вакансій кіраўнікоў у арганізацыях сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці - гэта падобна ўжо да правалу ў кадравай рабоце. Напрыклад, як можа працаваць ААТ "Вілейскі райаграсэрвіс", калі пасада дырэктара не занята з 2015 года?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, толькі за гэты год па дыскрэдытуючых падставах звольнена 12 кіраўнікоў, трое з якіх былі першымі асобамі раёнаў. Усяго за пяць мінулых гадоў 69 кіраўнікоў рознага ўзроўню скампраметавалі сябе і вызвалены ад займаемых пасад. "Я хацеў бы звярнуць увагу новага губернатара на гэтыя праблемы і патрабую вельмі сур'ёзна навесці парадак у рабоце з кадрамі! Не будзе людзей, моцных кіраўнікоў - нічога не зможам зрабіць у вобласці і вырашыць тыя задачы, якія сёння перад намі стаяць. Тым больш што эканамічнае развіццё рэгіёна залежыць непасрэдна ад якаснага складу кіруючай вертыкалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў таксама прычыны нядаўняй кадравай ратацыі. "Што датычыцца пераводу Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі на іншую работу і назначэння на чале рэгіёна Аляксандра Генрыхавіча Турчына, яшчэ раз, каб пазбегнуць усялякіх домыслаў, растлумачу прычыны такой ратацыі, - сказаў ён. - Да работы Анатоля Міхайлавіча ў мяне практычна няма вялікіх прэтэнзій. Ён праявіў сябе ўмелым, патрабавальным кіраўніком за той перыяд, які адпрацаваў. Вобласць горшай не стала. Але што радуе, намецілася тэндэнцыя да нармалізацыі сітуацыі ў самой вобласці. Аднак вырашэнне новых задач, якія стаяць перад рэгіёнам, патрабуе вялікай самааддачы, інтэнсіўнасці і энергіі. Ёсць аб'ектыўная прычына, па якой мы не можам сёння грузіць Анатоля Міхайлавіча".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што палічыў неабходным асабіста прысутнічаць пры прадстаўленні новага губернатара ў тым ліку і для таго, каб падзякаваць былому кіраўніку рэгіёна за работу. "Анатоль Міхайлавіч, я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы згадзіліся ў свой час узначаліць гэту махіну, і тую ўвагу, якую вы ўдзялялі людзям. Гэта кіраўнік чалавечны і ў той жа час патрабавальны. У яго можна многаму навучыцца і цяперашняму маладому губернатару", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Калі вы думаеце, што мы вас спісваем або адпраўляем некуды на адпачынак, вы памыляецеся, - прадоўжыў ён. - Проста работа будзе больш размераная". Плануецца, што Анатоль Ісачанка будзе выконваць абавязкі ўпаўнаважанага Прэзідэнта па Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта выключны выпадак, калі былы губернатар назначаецца на гэту пасаду ў тым жа рэгіёне. "Калі Дворнік (Уладзімір Дворнік, які раней працаваў старшынёй Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага), усе сказалі: давайце яго ўпаўнаважаным. Я сказаў "не", ён не павінен перашкаджаць працаваць новаму губернатару. А тут я зрабіў спакойна, таму што ведаю, што вы нікому перашкаджаць не будзеце, і прычына адыходу з пасады зусім іншая, - растлумачыў ён. - Я хачу, каб тыя пытанні, якія мы намецілі, былі перададзены новаму губернатару ў спакойнай дзелавой абстаноўцы, і як упаўнаважаны Прэзідэнта вы пракантралявалі выкананне і маіх даручэнняў".

Прэзідэнт прызнаўся, што падбор кіраўніка Мінскай вобласці - "гэта цяжкі выпадак". "Вобласць вялікая, вызначальная сярод рэгіёнаў нашай краіны", - сказаў ён. Выбар прыпаў на кандыдатуру Аляксандра Турчына ў тым ліку і таму, што ён раней працаваў у аблвыканкаме, добра ведае людзей і праблемы рэгіёна. "Назначаючы яго сюды, я яму сказаў пра работу з кадрамі, гэта мой прынцып: кожны чалавек павінен мець шанц. Калі нават ён учора недзе дапусціў памылку, усё роўна чалавек павінен мець шанц. Калі ён гэтым шанцам не скарыстаўся, што ж, тады трэба яго пасылаць на меншую работу, на пенсію, яшчэ куды-небудзь. Але хачу, каб вы разумелі: паслабленняў ніякіх не будзе. Не таму, што я патрабую або прыйшоў новы чалавек. Проста сітуацыя так вакол краіны складваецца", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў новага губернатара як чалавека, падрыхтаванага да самастойнай кіруючай пасады. "Памылак дапускаць непажадана, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Важна, што новы губернатар - "чалавек ад зямлі", ведае і гаспадарчую, і вытворчую сферы. У яго ёсць вопыт работы на рэгіянальным, у Мінскай вобласці, і на высокім урадавым узроўні, дзе, трэба аддаць належнае, ён сябе зарэкамендаваў. На ўсіх даручаных участках праяўляў сябе ініцыятыўным і, галоўнае, дысцыплінаваным і адказным, чаго часам не хапае асобным кіраўнікам. На новай пасадзе яму не трэба будзе траціць час, каб увайсці ў курс справы. Усе праблемы Міншчыны вядомыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сярод кіраўнікоў, якія ў гады незалежнасці працавалі на пасадзе старшыні Мінаблвыканкама, былі вельмі моцныя кіраўнікі. "На гэту пасаду заўсёды назначаліся адны з лепшых. Іх ратацыя была і застаецца галоўным напрамкам дзяржаўнай кадравай палітыкі, - сказаў ён. - Мы і ў далейшым будзем прытрымлівацца такіх падыходаў, таму што кожны новы кіраўнік прыносіць у рэгіён новыя ідэі, удасканальвае з пункту гледжання свайго вопыту стыль кіравання вобласцю".

Як вядома, Прэзідэнт Беларусі па Канстытуцыі мае права назначаць у Савет Рэспублікі 8 сенатараў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў бліжэйшы час скарыстаецца гэтым правам: "Я хацеў бы бачыць Анатоля Міхайлавіча ў верхняй палаце парламента. Думаю, што заўтра мною будзе прынята рашэнне аб накіраванні яго ў Савет Рэспублікі, - сказаў Прэзідэнт. - Гэты чалавек прынясе карысць і там (яму гэта работа знаёма па Магілёўскай вобласці)".

"Адхіліць мы вас ад спраў у вобласці не можам, пакуль сам Анатоль Генрыхавіч (Турчын - новы старшыня Мінскага аблвыканкама. - Заўвага) не скажа, што ён гатовы працаваць самастойна", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў асабістае стаўленне да Мінскай вобласці як да прысталічнага, самага густанаселенага рэгіёна краіны. "Адзін з галоўных крытэрыяў, які сведчыць аб развіцці тэрыторыі, - гэта колькасць насельніцтва. У вас яна ў вобласці прырастае, і ўслед за ёй (няхай і крыху) прырастае колькасць занятых у эканоміцы. Сёння іх амаль 700 тыс. чалавек, - сказаў ён. - Такія тэндэнцыі ў корані адрозніваюцца ад тых, якія, на жаль, назіраюцца ў Беларусі. За гэта можна толькі пахваліць".

Валавы рэгіянальны прадукт Мінскай вобласці прырастае самымі высокімі ў краіне тэмпамі - 104,5%. За дзве пяцігодкі эканоміка рэгіёна вырасла амаль на 37%, у той час як рост у цэлым па рэспубліцы склаў амаль 10%. "Па сутнасці, Міншчына - адзіная вобласць, дзе выконваецца маё патрабаванне аб апераджальным (у параўнанні з сусветным) эканамічным росце, - адзначыў Прэзідэнт. - Развітая прамысловасць, чвэрць сельскагаспадарчай вытворчасці, пятая частка экспарту і інвестыцый рэспублікі - усё гэта, безумоўна, сведчыць аб высокім патэнцыяле рэгіёна".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў адсутнасць у вобласці крытычных праблем. "Але для новага старшыні аблвыканкама гэта толькі ўскладняе задачы. Мае патрабаванні вы ведаеце - спыняцца на дасягнутым недапушчальна, паколькі дагоняць, затопчуць і выкінуць на абочыну. А значыць, новаму кіраўніцтву давядзецца паказаць яшчэ большую дадатную дынаміку. Для гэтага неабходна прынцыпова вырашаць задачы, якія сёння стрымліваюць магчымасці дадатковага росту", - падкрэсліў ён.

Перш за ўсё новаму губернатару неабходна заняцца вырашэннем праблемы скарачэння колькасці арганізацый у эканоміцы (за гады іх стала на 210 менш) і сітуацыяй на рынку працы, дзе колькасць звольненых работнікаў перасягнула колькасць прынятых больш як на 8 тыс. У параўнанні з 2018 годам на 18% скарацілася колькасць працаўладкаваных на рабочыя месцы за кошт новых вытворчасцей. "Уважліва разбярыцеся ў прычынах. Гэта збег акалічнасцей або тэндэнцыя? Звярніце ўвагу і на якасны склад суб'ектаў гаспадарання, якія фарміруюць эканоміку Мінскай вобласці", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"З аднаго боку, у рэгіёне існуе высокая залежнасць ад кан'юнктуры сыравінных рынкаў, перш за ўсё калійных угнаенняў, і рынку інвестыцыйных тавараў (размова ідзе пра кар'ерныя самазвалы). А гэта ўсяго некалькі прадпрыемстваў. З іншага, амаль палова арганізацый вобласці - гэта разнастайныя прамежкавыя звёны са сфер аптовага і рознічнага гандлю, аказання паслуг складзіравання, кур'ерскай дзейнасці, - прадоўжыў ён. - Тыя, хто знаходзіцца паміж імі, і ёсць ваша, гаворачы сучаснай мовай, мэтавая група. Гэта невялікія прадпрыемствы, якія неабходна развіваць у першую чаргу. Толькі так можна знізіць залежнасць валавога рэгіянальнага прадукту вобласці і бюджэту ад вынікаў работы двух дзясяткаў валаўтваральных прадпрыемстваў".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што вобласць спынілася ў вырашэнні пытання дыверсіфікацыі крыніц росту. Колькасць малых і сярэдніх арганізацый з 2013 года застаецца на ўзроўні 20 тыс., а колькасць работнікаў скарацілася са 143 тыс. да 124 тыс. чалавек.

"Аляксандр Генрыхавіч (Турчын. - Заўвага), вы ведаеце, як працаваць з бізнесам любой формы ўласнасці. Таму патрабую актывізацыі дзелавой актыўнасці і павышэння ўкладу прадпрымальніцтва ў эканоміку рэгіёна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да губернатара. - Разгрупаваўшы новыя прадпрыемствы па ўсёй тэрыторыі, вы вырашыце праблему раўнамернасці развіцця вобласці, а не толькі, як кажуць у народзе, "залатых зямель" паміж першай і другой кальцавымі дарогамі".

Прэзідэнт паставіў задачу звярнуць увагу на асобныя раёны вобласці: Клецкі, Капыльскі, Любанскі, Уздзенскі. "За вясну-лета наступнага года іх жыхары павінны адчуць змяненні ў лепшы бок. І ў вас для гэтага ўсё ёсць", - падкрэсліў ён.

"Хачу яшчэ раз папярэдзіць: за самавольны захоп зямель, самавольнае будаўніцтва, беспарадак спагнанне будзе вельмі строгае. Перыядычна буду фарміраваць групы і правяраць, асабліва Мінскую вобласць, таму што ўсе імкнуцца сюды. Калі не ў Мінск, то ў Мінскі раён. Бачыце, у што яго ператварылі. Хоць я апошнім часам на строгі кантроль узяў усе, нават да кавалачка, землі", - сказаў беларускі лідар.

Разам з тым ён звярнуў увагу на наяўнасць мноства недабудаваных будынкаў і паставіў задачу сур'ёзна заняцца добраўпарадкаваннем, асабліва сельскіх населеных пунктаў. "У нас у гэтым плане недапрацоўваюць кіраўнікі сельскіх саветаў, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Дамаўляліся ж, што 2-3 гады - і дом павінен стаяць, павінен быць добраўпарадкаваны, а не павінен быць як бяльмо на воку. А ўнутры - калупайся хоць усё жыццё".

Аляксандр Лукашэнка рэкамендаваў новаму губернатару выкарыстоўваць вопыт работы ва Урадзе для развіцця рэгіёнаў. "Аснова іх развіцця - індустрыялізацыя і, абавязкова, лічбавізацыя. Лічбавізацыя эканомікі - галоўны сусветны трэнд. Гэта не значыць, што яна павінна быць толькі ў Мінску, ва ўрадзе. Навукаёмістасць не павысіш нават у сельскай гаспадарцы без гэтага напрамку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт прапанаваў Мінскаму аблвыканкаму сумесна з Банкам развіцця разгледзець магчымасць укаранення праектнага фінансавання розных форм сельскага прадпрымальніцтва і мясцовых ініцыятыў.

Кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што амаль на трэць знізіўся аб'ём прамых замежных інвестыцый. "А без індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і таго больш. Вы ўсе ведаеце, што бюджэтных грошай на будаўніцтва прадпрыемстваў не будзе. Гэтыя сродкі прызначаны для людзей, - звярнуў увагу беларускі лідар. - І вы лепш за мяне ведаеце, куды гэтыя сродкі накіроўваць. А ў нас ужо многія прадпрыемствы, асабліва прамысловыя, нагой дзверы адчыняюць ва Урадзе, штурмуюць: давайце грошы! А ва Урадзе, як паштальёны, Прэзідэнту перакідваюць праекты ўказаў, распараджэнняў аб выдзяленні з бюджэту грашовых сродкаў".

"Што гэта за практыка? Прадпрыемства павінна працаваць, забяспечваць расшыранае ўзнаўленне, сваіх людзей - зарплатай, падтрымліваць іх", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сур'ёзна займіцеся замежнымі інвестыцыямі! Не выпускайце з поля зроку завяршэнне значных інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца на тэрыторыі вобласці", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта датычыцца будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу, завода па выпуску спецмашын, арганізацыі вытворчасці цеплаабменнікаў, электрааўтобусаў, тралейбусаў і аўтобусаў павышанай камфортнасці, фармацэўтычных субстанцый, развіцця інжынернай інфраструктуры ў "Вялікім камені".

"Усё гэта новыя кропкі ўмацавання абласнога патэнцыялу і яго пастаноўкі на інавацыйныя рэйкі. Удзельная вага вытворчасцей пачатковых тэхналагічных перапрацовак (III - IV уклады) пакуль вельмі высокая. Доля інавацыйнай прадукцыі ў выпуску вобласці - крыху больш за 11%. Гэта ніжэй, чым у сярэднім па краіне, і ўсяго чацвёртае месца ў рэспубліцы", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб неабходнасці работы над павелічэннем узроўню заработных плат, але ва ўвязцы з прадукцыйнасцю працы. "Нягледзячы на тое, што заработная плата ўстойліва перасягае Br1 тыс., яна павінна прадаўжаць расці, асабліва ў Вілейскім, Бярэзінскім, Капыльскім, Мядзельскім, Валожынскім раёнах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у Мінскай вобласці адзначаецца той жа недахоп, што і ў іншых рэгіёнах краіны, - дыспрапорцыі ў росце заработнай платы. Пры тэмпах росту прадукцыйнасці працы прыкладна 105%, тэмпы росту заработнай платы складаюць прыкладна 109%. "Толькі ў гэтым годзе разрыў складае амаль 4 працэнтныя пункты. А з улікам мінулых гадоў - больш за 13. Думайце, як будзем устараняць гэтыя дыспрапорцыі ў самы бліжэйшы час", - падкрэсліў беларускі лідар.

Па-ранейшаму актуальная праблема своечасовасці выплаты заработнай платы. Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, на 1 лістапада 2019 года запазычанасць была ў трох арганізацыях і складала амаль Br2,5 млн. "Мы некалі людзям, і я ад вашага імя, гаварыў, што мы будзем падцягваць сярэднюю зарплату па краіне да Br1 тыс. І мы гэта зрабілі. Але трэба цяпер паглядзець на нізкааплатныя слаі насельніцтва, якія нясуць вельмі сур'ёзную нагрузку - санітаркі, няні, медсёстры, работнікі ў дзіцячых садах... На працягу бягучага года мы пакрыху падцягвалі іх зарплату, але гэтага недастаткова".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі недзе трэба дагрузіць работнікаў, то гэта неабходна зрабіць, каб зарплата і яе рост адпавядалі ўкладзенай працы. "Трэба нагрузіць чалавека, але і заплаціць", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў пагаршэнне разліковай дысцыпліны. Амаль чвэрць даўгоў арганізацый вобласці (22 працэнты) пратэрмінавана, а ў бягучым годзе іх аб'ём вырас яшчэ на 3 працэнты. "Гэта скоўвае эканамічную актыўнасць рэгіёна, тым больш што ў фінансавай сферы, відавочна, ёсць і сістэмныя праблемы. Іх неабходна ўстараняць перш за ўсё, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паглядзім, што будзе па выніках года. Але майце на ўвазе, што ні адной аб'ектыўнай прычыны для такога негатыўнага стану спраў у фінансавай сферы няма".

Ёсць негатыўныя тэндэнцыі ў сферы знешняга гандлю, перш за ўсё паслугамі. Рост іх імпарту ў 6 разоў апярэджвае рост экспарту. У выніку сальда рэзка пагоршылася. "Яно ўжо склала мінус $56 млн і за 12 месяцаў знізілася на $100 млн. Сітуацыя недапушчальная. Для нашага рынку гэта велізарныя грошы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў таксама вырашыць пытанне вынасу з Мінска буйных прамысловых прадпрыемстваў. "Прымыканне раёнаў вобласці да сталіцы вызначае іх непарыўную сувязь з развіццём Мінска. Амаль год таму мы вызначыліся з задачамі новаму старшыні Мінскага гарвыканкама і ўсяму яго актыву. Некаторыя з даручэнняў датычацца непасрэдна і Мінскай вобласці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён акцэнтаваў увагу, што, па-першае, неабходна вырашыць пытанне вынасу з Мінска буйных прамысловых прадпрыемстваў, выкарыстоўваць іх патэнцыял для падтрымкі адстаючых раёнаў.

Па-другое, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць развіццю гарадоў-спадарожнікаў сталіцы і перш за ўсё стварэнню ўмоў для так званай маятнікавай міграцыі паміж імі і Мінскам. Для гэтага неабходны сучасныя і прадуманыя транспартныя рашэнні.

Па-трэцяе, неабходна выкарыстоўваць магчымасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія ўваходзяць у так званую Мінскую агламерацыю (Мінскі, Дзяржынскі, Уздзенскі, Лагойскі і Смалявіцкі раёны). "Ствараемыя ў іх інфраструктурныя арганізацыі маглі б аказваць сэрвісныя, транспартныя, адміністрацыйныя, спартыўна-забаўляльныя і іншыя паслугі прадпрыемствам і жыхарам сталіцы", - сказаў Прэзідэнт.

"Лічу, што ў Мінскай вобласці створаны самыя лепшыя ўмовы для развіцця. Дзейнічае спецыяльны прававы рэжым індустрыяльнага парка "Вялікі камень", развіта інфраструктура, ёсць чалавечыя рэсурсы і ўнікальнае эканоміка-геаграфічнае становішча. Неабходна толькі эфектыўна задзейнічаць кадравы патэнцыял", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў звярнуць увагу на работу са зваротамі грамадзян. "Па маім даручэнні Адміністрацыя Прэзідэнта трымае гэта пытанне на асаблівым кантролі. На жаль, да Мінскай вобласці ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі. Па колькасці і змесце зваротаў на сённяшні дзень можна сказаць, што службовыя асобы на месцах не ўсведамляюць у поўнай меры важнасць работы з насельніцтвам. Таму і грамадзяне, не знаходзячы разумення ў мясцовых органах улады, вымушаны шукаць справядлівасць і абарону, звяртацца ў вышэйстаячыя органы", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, звыш 70% пытанняў, што паступаюць з Мінскай вобласці ў адрас Кіраўніка дзяржавы, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, - гэта пытанні, якія могуць і павінны своечасова вырашацца на месцах.

"Кожны зварот - гэта паказчык абыякавасці мясцовых органаў улады да праблем людзей. Вы ведаеце маё стаўленне да такіх фактаў і такіх кіраўнікоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт закрануў і тэму праведзеных парламенцкіх выбараў. Ён станоўча ацаніў выбраны ў краіне новы склад парламента. "Мы нядаўна правялі парламенцкія выбары. Я, знаходзячыся ў Віцебскай вобласці, падзякаваў нашым людзям і кіраўнікам участковых, акруговых камісій, якія проста бліскуча справіліся з гэтай задачай. Вы чуеце, што я часта падкрытыкоўваю Захад за ацэнку нашых выбараў. Але павінен сказаць, прагрэс і сярод іх па ацэнцы нашых выбараў уражальны", - адзначыў Прэзідэнт.

"Гэта наша краіна, і мы з вамі будзем вызначаць, як ёй быць далей. Але ні ў якім разе нельга растапыранымі пальцамі трымаць уладу. Бо будзем пажынаць плады, як у нашых суседзяў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што грамадзяне ў сваёй пераважнай большасці падтрымалі на выбарах прапанаваныя ўладай кандыдатуры. "І мы выбралі, я адчуваю, нядрэнны па складзе парламент. Не горшы, чым у былыя гады. Можа, лепшы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў адказ неабходна чуць людзей і адказваць на іх чаканні і просьбы. "Я разумею, што ёсць некаторыя штатныя скаржнікі, але іх нязначная меншасць. Многія людзі прыходзяць таму, што ім няма каму дапамагчы. І яны маюць права разлічваць на ўладу. Улада ад народа, як мы гаворым, - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Таму я вас вельмі прашу: памятайце, што сёння мы з вялікімі партфелямі, а заўтра мы будзем звычайнымі людзьмі. Каб не было вельмі балюча за гэтыя гады перад народам. І каб у нас потым палкамі не кідалі за цяперашняе стаўленне да тых людзей, якія нас паставілі на гэтыя пасады. Усіх нас - ад Прэзідэнта да дзяржаўных служачых, якія тут сядзяць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шматлікія звароты грамадзян Мінскага рэгіёна прыцягваюць асаблівую ўвагу да нявырашаных праблем у сферы адукацыі. "Мной неаднаразова давалася даручэнне навесці парадак у школах. Ва ўстановах, дзе вучацца дзеці, павінны быць створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы", - падкрэсліў беларускі лідар.

У той жа час, згодна з існуючай інфармацыяй, у шэрагу школ Мінскай вобласці ў аварыйным стане знаходзяцца цепласеткі, захламлены падвальныя памяшканні, не працуюць пажарныя апавяшчальнікі. "А гэта бяспека дзяцей! - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна звярнуць увагу на работу з сем'ямі. Прымусіць, калі на тое пайшло, сем'і адказваць за ўласнае дзіця. Мы аддалі гэта ўсё на водкуп. У савецкі час так не было. Адказнасць за выхаванне дзіцяці не толькі на настаўніку, але і на бацьках. Пакуль дарослыя высвятляюць, хто павінен ім займацца - сям'я або школа, яно прадастаўлена само сабе".

"У выніку дзяцей выхоўвае або вуліца, або інтэрнэт. А няўвага да іх вельмі дорага нам абыходзіцца (як гэта было ў Стаўбцоўскім раёне)", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, па-ранейшаму не вырашана праблема забяспечанасці месцамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па месцы жыхарства. У дзіцячых садах Мінскага раёна не хапае амаль 5 тыс. месцаў. Аднак ужо рэалізуецца праграма па будаўніцтве школ і дзіцячых садоў. "Трэба абавязкова вырашыць гэту праблему. Не трэба для дзяцей нечага шкадаваць. Гэта наша будучыня", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу і на безгаспадарчасць у дзіцячых установах у некаторых пытаннях. Напрыклад, няма рэгулятараў у сістэме ацяплення, каб пры цёплым надвор'і стварыць камфортныя ўмовы для вучняў. Кіраўнік дзяржавы даручыў паглядзець на адпаведныя праблемы ў разрэзе краіны.

Ён даручыў новаму губернатару Мінскай вобласці Аляксандру Турчыну звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя пытанні, а таксама на стан спартыўных аб'ектаў (у тым ліку баз падрыхтоўкі нацыянальных каманд) і якасць работы спартыўных школ, іх аснашчэнне сучасным інвентаром і абсталяваннем. "Што датычыцца развіцця зімовых відаў спорту, мы дамовіліся аб тым, што ўсе базы для лыжных гонак, біятлона будуць забяспечаны ратракамі і снегагенератарамі айчыннай вытворчасці", - нагадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт у гэтым плане падкрэсліў, што заняткі спортам, у тым ліку зімовымі відамі, садзейнічаюць умацаванню здароўя і развіццю фізічнай актыўнасці моладзі. Няхватку такога выхавання відаць, у прыватнасці, на этапе адбору ў армію. "Калі дзіця займаецца зімовым відам спорту, яно ніколі хварэць не будзе", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба звярнуць увагу і на крымінагенную абстаноўку ў Мінскай вобласці. Па ўзроўні злачыннасці на адзінку насельніцтва яна займае першае месца па рэспубліцы (сярэдні ўзровень злачыннасці на 10 тыс. чалавек па рэспубліцы складае 70 злачынстваў, у Мінскай вобласці - 85).

Ёсць статыстыка зніжэння колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Аднак пракуратура дакладвае, што ў шэрагу выпадкаў гэта не з'яўляецца вынікам прафілактычнай работы з сем'ямі. "Часцей за ўсё яна тлумачыцца павярхоўным вывучэннем даных і неналежным правядзеннем сацыяльных расследаванняў. Гэта значыць, інфармацыя аб праблемах у сем'ях часта ігнаруецца. Як вынік, своечасова не выяўляюцца пагрозы здароўю і жыццю дзіцяці, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Я хачу, каб вы пачулі тое, што я сказаў. Не так шмат у раёне гэтых нядобранадзейных сем'яў. Гэтыя сем'і павінны быць у вас на кантролі. І з імі размова павінна быць да двух, нават не да трох. Запатрабуйце па поўнай".

"Мы прымалі строгія рашэнні ў рабоце з нядобранадзейнымі сем'ямі. Недапушчальна аслабляць патрабаванні да іх выканання. Лёсы дзяцей - будучыня краіны. Пытанні абароны падрастаючага пакалення павінны быць на пастаянным кантролі кіраўнікоў мясцовай улады любога рангу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама акцэнтаваў увагу, што галоўным патрабаваннем да вырашэння пастаўленых задач застаецца дысцыпліна ў выкананні даручэнняў. "Выканальніцкая дысцыпліна ў мясцовых органаў улады, мякка кажучы, кульгае. У параўнанні з іншымі дзяржаўнымі органамі - адна з самых нізкіх у краіне. Не выконваецца амаль пятая частка даручэнняў", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, найгоршая выканальніцкая дысцыпліна адзначаецца ў сферы сельскай гаспадаркі. Сярод нявырашаных задач - нарыхтоўка не менш як палавіны травяных кармоў па сучасных тэхналогіях, выключэнне іх захоўвання ў буртах і траншэях, выкананне тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, завяршэнне будаўніцтва малочнатаварных ферм, навядзенне парадку на зямлі. Акрамя таго, органы пракуратуры адзначаюць шэраг праблемных момантаў у сферы жывёлагадоўлі.

Выяўляюцца парушэнні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, і асаблівую ўвагу трэба звярнуць на яго выкананне ў Мінскім раёне.

"Гэтыя пытанні, Аляксандр Генрыхавіч (новы губернатар вобласці Аляксандр Турчын. - Заўвага), павінны для вас стаць такімі ж значнымі, як і тыя, якімі вы займаліся ва Урадзе", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сталічная вобласць павінна быць лідарам у сацыяльна-эканамічным развіцці. "Мінская вобласць - важны стратэгічны рэгіён. Маё прынцыповае патрабаванне вы ведаеце - сталічная вобласць павінна быць лідарам у сацыяльна-эканамічным развіцці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ад вырашэння абазначаных вострых пытанняў залежыць не проста якасць жыцця людзей, але і ўзровень даверу народа да ўлады.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што не толькі губернатар, але і ўсе члены выканкама, актыў вобласці разумеюць ступень сваёй адказнасці. Ён павіншаваў новага губернатара з назначэннем на пасаду, пажадаў поспехаў, здароўя і ўручыў яму службовае пасведчанне.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Аляксандр Турчын ведае палітыку Прэзідэнта і за час работы на пасадзе першага віцэ-прэм'ера атрымаў добры вопыт.

"Усюды павінен быць парадак і дысцыпліна, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, павінна быць канкурэнцыя, але сумленная. Так, усе мы розныя. Таму нехта мае патрэбу ў дапамозе. Як чалавек нейкі, так і нейкія прадпрыемствы, арганізацыі. Толькі нельга дапускаць, каб яны, прызвычаіўшыся да гэтай кармушкі, пастаянна хадзілі і, як я кажу, нагой дзверы адчынялі ў выканкамах або ва Урадзе. Гэта недапушчальна. Кожны павінен варушыцца".

Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства наконт узвядзення ў рэгіёне розных аб'ектаў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім даручэнні пабудаваць каля Мінскай кальцавой аўтадарогі рынак, на якім людзі змогуць прадаваць прадукцыю, вырашчаную на сваіх прысядзібных участках. "Трэба варушыцца і зрабіць нармальны рынак за кальцавой дарогай, - сказаў ён. - Каб там свабодна вяскоўцы маглі прывезці і прадаць сваю прадукцыі. Але добрую".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, такога месца паблізу сталіцы, дзе можна прадаць і набыць экалагічна чыстую прадукцыю, вельмі чакае насельніцтва. У выпадку паспяховай рэалізацыі праекта Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распаўсюдзіць далей гэты вопыт. "Вы, можа, і яшчэ некалькі будынкаў папросіце, каб людзі маглі свабодна прадаць сваю прадукцыю", - адзначыў ён.

Напрыклад, у Маскве і Кіеве для людзей вялікая праблема трапіць са сваёй прадукцыяй на рынак, паколькі ўсё карумпавана. "Дзякуй богу, у нас гэтай праблемы няма, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Бандытаў у краіне быць не павінна".

Кіраўнік дзяржавы таксама чарговы раз нагадаў аб недапушчальнасці выкарыстання зямель сельгаспрызначэння ў іншых мэтах, у тым ліку вакол Мінска. Вырошчванне на іх сельгаскультур зручна і з пункту гледжання лагістыкі, паколькі рынак збыту - сталіца - зусім побач. "Лагістыка, танна ўсё. А мы пачынаем забудоўваць і тым самым супярэчым самі сабе".

"Вы што хочаце, як Масква - сцягнула з усёй Расіі працоўныя рэсурсы і людзей, хочаце мець такую праблему? Я - не", - падкрэсліў беларускі лідар.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці захавання ў Беларусі суверэннай незалежнай дзяржавы. "Мы стварылі першую ў гісторыі незалежную дзяржаву. Але трэба яе захаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён выказаў упэўненасць, што ў будучым будуць важныя не столькі прыродныя рэсурсы, якімі валодае тая ці іншая краіна, колькі інтэлектуальны патэнцыял, узровень адукацыі. "Нафта і газ адыходзяць. Мазгі будуць галоўнымі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама выказаўся за тое, каб да ўлады прыходзіла новае пакаленне. "Каб мы спакойна маглі, гледзячы на сваіх дзяцей, якія будуць кіраваць гэтай краінай (я не пра сваіх дзяцей гавару, мае дзеці не будуць кіраваць краінай, гэта я вам паабяцаў)... Каб нашы дзеці жылі ў гэтай краіне і радаваліся, што мы ім падарылі гэту суверэнную і незалежную краіну", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што пэўныя сілы часам спрабуюць рознымі метадамі расхістаць краіну. "Мы гэтага не павінны дазволіць. І гэтыя парламенцкія выбары паказалі, што мы гаспадары ў краіне", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.