Нарада па пытаннях вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў

  • 1

Прапановы па змяненні сістэмы работы ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў вынесены на нараду ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць дзве прычыны для правядзення гэтай нарады. Першая - гэта вялікі попыт за межамі Беларусі на адпаведную прадукцыю. "Ясна, што гэта падакцызны тавар, што бюджэт ад гэтага атрымлівае велізарныя сродкі, - сказаў Прэзідэнт. - У гэтым годзе мы чакаем Br1 млрд, гэта значыць $0,5 млрд. Гэта вялікія падатковыя паступленні".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асабіста ён непрымальна ставіцца да тых, хто курыць ці злоўжывае алкаголем.

"Але, тым не менш, гэта галіна ў Беларусі развіваецца актыўна, і не толькі ў сувязі з тым попытам, які існуе на прадукцыю. Праўда, што датычыцца Беларусі, то апошнім часам, як мяне інфармуюць, у нас попыт на гэты тавар стабілізаваны і росту ніякага няма. Гэта ўжо добра", - заўважыў беларускі лідар.

Другая прычына для правядзення нарады - прапановы асобных прадстаўнікоў беларускага бізнесу аб удасканаленні вытворчасці і рэалізацыі гэтай прадукцыі. "Як сцвярджаюць самі бізнесмены, патэнцыял нашай тытунёвай галіны далёка не вычарпаны. Ёсць прапановы па змяненні сістэмы работы ў гэтай сферы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў усё большыя аб'ёмы выпуску тытунёвай прадукцыі, высокімі тэмпамі нарошчваецца і экспарт. "Да мяне нават у апошні час звярнуліся замежныя прадпрымальнікі аб тым, што нашы прадпрыемствы не хочуць прадаваць прадукыю на экспарт. Ёсць вялікія нішы, нават у Еўрапейскім саюзе. Яны нам выгадныя. Чаму мы не хочам іх запаўняць? - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я даручаў праверыць гэту інфармацыю. Сёння аб гэтым даложаць. Размова ідзе аб адной са значных крыніц папаўнення бюджэту. Таму калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прададзім мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць заняты".

Прэзідэнт падкрэсліў, што важна прыняць рашэнне, якое адпавядае інтарэсам дзяржавы. "Я так і абяцаў тым, хто ўносіў прапановы, і тым, хто заклапочаны гэтымі прапановамі, што рашэнні будуць прыняты публічна і выключна ў інтарэсах дзяржавы. Калі нехта прапануе сёння схемы, па якіх мы будзем працаваць у вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў, яны неадкладна будуць рэалізаваны. Але прынцып адзін: гэта павінна быць выгадней, чым схема, якая дзейнічае цяпер ", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць важным адказаць на пытанні, што будзе атрымана ад магчымага змянення сістэмы, што ўстаялася, у сферы вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў і як гэта паўплывае на іх канчатковую цану.

Як далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, у параўнанні з 2000 годам вытворчасць тытунёвых вырабаў у Беларусі ўзрасла больш як у 3 разы, экспарт - больш як у 16 разоў, а імпарт скараціўся больш як у 25 разоў. Унутраны рынак на сённяшні дзень больш як на 95% забяспечваецца прадукцыяй уласнай вытворчасці.