Нарада па пытаннях удзелу ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 5 сакавіка нараду з кіраўніцтвам Урада і вышэйшых дзяржаўных органаў, на якой абмяркоўваўся ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі. 

Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу праводзіць розныя адкрытыя і закрытыя нарады, сустрэчы і кансультацыі па актуальных пытаннях. "Яны будуць пакладзены ў аснову некаторых заяў ад імя Прэзідэнта", - растлумачыў ён. 

Вынесеныя на абмеркаванне пытанні, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, маюць стратэгічнае значэнне для дзяржавы. "У нашы дні ні адна краіна, нават такія супердзяржавы, як Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, ды і Расія, не могуць забяспечваць сваё ўстойлівае развіццё самастойна, ізалявана адна ад адной і ад усяго свету", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Ён заўважыў, што ў свеце існуе мноства розных аб'яднанняў, якія прызначаны садзейнічаць эканамічнаму развіццю, забеспячэнню бяспекі і гарантаваць захаванне жыццёвага ўзроўню грамадзян. "У многіх з іх мы ўдзельнічаем, з іншымі - супрацоўнічаем. Але як? Наколькі гэта выгадна для беларускага народа? Ці эфектыўна мы выкарыстоўваем механізмы для адстойвання сваіх інтарэсаў?" - задаўся пытаннямі Прэзідэнт. 

Аб саюзным будаўніцтве 

Пачаў Аляксандр Лукашэнка з адносін з Расіяй, нагадаўшы, што яе кіраўніцтва прапанавала перагледзець падыходы да інтэграцыі. "Мы да гэтага гатовы. На ўзроўні ўрадаў створаны групы для падрыхтоўкі прапаноў аб далейшым развіцці аб'яднальных працэсаў у рамках двойкі. Трэба яшчэ раз сёння паглядзець, якія вынікі гэтай работы, ці ёсць яны наогул", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Нам трэба яшчэ раз прааналізаваць, дзе ёсць нявыкарыстаныя рэсурсы, якія можна задзейнічаць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Беларусь захоўвае абсалютную прыхільнасць да ідэі саюзнага будаўніцтва (я хачу, каб гэта перш за ўсё пачулі нашы прыхільнікі і апаненты ў Расійскай Федэрацыі). Пры гэтым асноўны прынцып гэтага праекта - аднолькавыя ўмовы для нашых грамадзян і суб'ектаў гаспадарання. На іншых прынцыпах саюз не магчымы, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І гэты прынцып аднолькавых умоў павінен няўхільна выконвацца. Пастулат суверэнітэту таксама застаецца для Беларусі непарушным". 

Прэзідэнт падкрэсліў, што гістарычна самае шырокае поле для ўзаемадзеяння склалася з Расіяй. Але ў выніку гэтага прысутнічае і значны набор пастаянна ўзнікаючых пытанняў, якія неабходна абмяркоўваць і вырашаць. "Самыя актуальныя праблемы знаходзяцца сёння ў эканамічнай сферы. У іншых праблем практычна не існуе", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка таксама абвергнуў некалькі фэйкаў, якія з'явіліся ў галоўных расійскіх СМІ пасля яго нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, экспертамі, беларускімі і замежнымі журналістамі. "Гэта відаць асабліва пасля "Вялікай размовы" - фэйкавыя навіны, тэндэнцыйнае выкладанне, спроба вырваць з кантэксту выказванні, перш за ўсё мае, і інтэрпрэтаваць так, як некаму хочацца ў Расійскай Федэрацыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. 

У якасці прыкладу ён прывёў разважанні аб магчымасці ўвядзення адзінай з Расіяй валюты, што было пададзена як згода Кіраўніка беларускай дзяржавы на гэты крок. "Каб пагаджацца на нешта, трэба каб табе штосьці прапанавалі. Калі табе прапанавалі адзіны рубель, тады ты можаш або пагаджацца, або адхіляць гэта. Ні мне, ні Беларусі гэтага ніхто не прапаноўваў. Я проста, адказваючы на пытанні журналістаў, разважаў, што калі такое пытанне паўстане, беларусы абсалютна не супраць адзінага рубля, - сказаў Прэзідэнт. - Але пытанне не ў гэтым. Пытанне, як будзем рэгуляваць працэсы на валютна-фінансавых рынках, што за эмісійны цэнтр. Дзе ён будзе размяшчацца, не важна. Важна, якія ён функцыі будзе выконваць. Гэта былі мае разважанні". 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, перш чым гаварыць пра адзіны рубель, неабходна рушыць наперад у вырашэнні пытанняў больш нізкага ўзроўню. "Сёння амаль 80 працэнтаў нашага гандлю з Расіяй ажыццяўляецца ў расійскіх рублях. Я нядаўна Прэзідэнту (Расіі. - Заўвага) прапанаваў: перш чым кідацца на нешта вялікае, давайце пяройдзем на 100 працэнтаў гандлю ў расійскіх рублях. Вось наша прапанова. Мы гэтага не баімся, але ніхто на гэта не ідзе. Значыць, Расія адмаўляецца ад гандлю з самым блізкім сваім партнёрам у расійскіх рублях, разлічваючы на цвёрдую валюту - на "варожыя" долары і еўра. Тады чаго разважаць пра нейкі адзіны рубель?" - сказаў беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў любым выпадку ў пытанні стварэння адзінай валюты павінен ляжаць прынцып аднолькавых умоў. 

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад фэйкавых навін: "Лукашэнка заявіў, што 98 працэнтаў беларусаў, калі паставіць пытанне на рэферэндум аб аб'яднанні (з Расіяй. - Заўвага), будуць супраць. Размова ідзе аб тым, калі паставіць пытанне аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, - 98 працэнтаў, а тое і больш прагаласуюць катэгарычна супраць. Пытанне аб аб'яднанні на рэферэндум наогул не можа быць вынесена. Таму што гэта пытанне нявызначанае: што значыць аб'яднанне (што за аб'яднанне, на якіх умовах)? Ніколі такое пытанне на рэферэндум вынесена быць не можа, паколькі яно неадназначнае ў сваім разуменні, і адказ на гэта пытанне будзе неадназначным". 

"Вось так усё пераварочваецца там у Расіі, і пачынаецца нейкі перапалох. І ў рэшце рэшт выходзяць на галоўнае, гэта іх мэта - абвінаваціць Лукашэнку, што ён тарпедуе інтэграцыйныя працэсы. Ды не, у Беларусі ніхто не тарпедуе інтэграцыйныя працэсы, і перш за ўсё Лукашэнка. Таму што гэта наша жыццё. Калі няма інтэграцыі, гэтых аб'яднанняў, у якіх мы ўдзельнічаем і супрацоўнічаем, - няма эканомікі Беларусі, таму што яна экспартна арыентаваная. Для нас інтэграцыя жыццёва неабходна", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Ён таксама прапанаваў глянуць глыбей і выказаў меркаванне, чаму Беларусі з боку Расіі пастаянна падкідваюць пытанні накшталт уключэння ў склад або нейкага незразумелага працэсу выхаду на адзіны рубель: "Таму што разумеюць, што мы гэта ў прынцыпе прыняць не можам. А калі не можам, не прымем, ну тады і не трэба. Пытанне адно - яны не хочуць гэтай інтэграцыі. І не трэба нас тут у нечым абвінавачваць". 

Аб еўразійскай інтэграцыі 

Прэзідэнт звярнуў увагу на адсутнасць прагрэсу ў развіцці еўразійскай інтэграцыі. "Многія эканамічныя пытанні з парадку дня Саюзнай дзяржавы перанесены на пляцоўку ЕАЭС. На жаль, працэс еўразійскай інтэграцыі паварочваецца назад, калі ўжо не павярнуўся. Мне дакладваюць аб бар'ерах, перашкодах і абмежаваннях для нашых суб'ектаў гаспадарання. А адсутнасць канкрэтнай работы па іх устараненні прыкрываецца нейкім лічбавым парадкам дня", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Ён падкрэсліў, што перад ЕАЭС ставіліся і іншыя важныя мэты - стварэнне агульнага рынку і аднолькавых умоў. "Можа, неабходна вярнуцца да пакетнага прынцыпу ў вырашэнні вострых пытанняў, а таксама пры ўстараненні бар'ераў і абмежаванняў? Адказ на гэта пытанне важны для будучай еўразійскай інтэграцыі", - лічыць беларускі лідар. 

Аб эканамічным складніку СНД 

Прэзідэнт адзначыў, што ключавым рынкам для Беларусі застаецца рэгіён СНД, дзе добра ведаюць айчынную прадукцыю. "Таму эканамічны складнік з'яўляецца прыярытэтам работы ўрада. Паколькі пляцоўка СНД для многіх постсавецкіх краін з'яўляецца адзіным аб'яднальным звяном, магчымасцю хоць неяк выбудаваць адносіны", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

"Сюды я дабаўлю Украіну і Грузію, з якімі ў нас вялікі маштаб і аб'ём гандлю і добрыя адносіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Аб сітуацыі ў АДКБ 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важным пытаннем міжнароднага ўзаемадзеяння для Беларусі з'яўляецца ваенна-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ. "Калі хочаце, гэта важнейшы напрамак цяпер, дзе павінны быць сканцэнтраваны нашы намаганні ў сувязі з тымі тэндэнцыямі, якія развіваюцца ў ваенна-палітычнай сферы на планеце ў цэлым. Асабліва пасля таго, як абедзве найвялікшыя ядзерныя дзяржавы выйшлі з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. З улікам сусветных тэндэнцый запатрабаванасць гэтай арганізацыі сумненняў не выклікае. Аднак цяпер узнікла нездаровая сітуацыя ў АДКБ. Вазьміце хаця б звычайнае пытанне - назначэнне Генеральнага сакратара", - заявіў Прэзідэнт. 

Аб супрацоўніцтве з ЕС 

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь паспяхова наладжвае дыялог са сваім другім буйнейшым партнёрам - Еўрасаюзам: "Растуць інвестыцыі, павялічылася дадатнае сальда ў гандлі, развіваюцца кантакты. Мінулы год стаў рэкордным і па аб'ёме супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця". 

Ён адзначыў, што напярэдадні ў час перагавораў з кіраўніцтвам ЕБРР былі дасягнуты істотныя дамоўленасці па крэдытаванні: "І не пад 9 працэнтаў. Па важнейшых напрамках: рэканструкцыі, мадэрнізацыі, будаўніцтве новых аб'ектаў у Беларусі - вада, масты, дарогі". 

Паводле слоў беларускага лідара, "Усходняе партнёрства" набывае прагматычны характар, у ім з'яўляецца больш цікавых для Беларусі праектаў. "Вось гэта супрацоўніцтва на Захадзе сёння выклікае нейкую алергію і часам істэрыку ў нашага галоўнага партнёра - Расійскай Федэрацыі, у асобных палітыкаў. Хочацца спытаць, чаго вы істэрыце? Нашу прадукцыю на рынак не пускаюць, нахлебнікамі абзываюць, выпіхваюць, ціснуць, дзе толькі можна. Нам што, схавацца пад плінтус і там сядзець? Як схаваешся: дзесяць мільёнаў чалавек і краіна, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Калі перад намі зачыняюць дзверы - адны, другія, трэція, - мы шукаем чацвёртыя. Для таго каб нармальна існавала дзяржава. І нават пры гэтым ніхто нас не можа папракнуць, што мы нібыта некуды павярнуліся. Нам нікуды не трэба паварочвацца. Мы ў такой сітуацыі, што нам трэба пастаянна круціць галавой, таму што знаходзімся ў эпіцэнтры падзей - у цэнтры Еўропы, - сказаў Прэзідэнт. - І нам трэба жыць, адказваць за 10 млн чалавек. Навошта нам шукаць шчасце за краем свету, калі б былі нармальныя эканамічныя адносіны з Расіяй, калі б мы маглі (як мы жалезабетонна дагаварыліся ў Саюзнай дзяржаве, у ЕАЭС) свабодна гандляваць, перамяшчаць тавары, маглі перамяшчацца людзі, атрымліваць паслугі, нас не зневажалі? Навошта нам шукаць нейкае шчасце невядома дзе?" 

"Але лёд у адносінах з Еўрапейскім саюзам не растаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Брусель падоўжыў дзеянне няхай сімвалічных, але ўсё ж абмежавальных мер. Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Яны ж не маюць ніякага значэння практычна, акрамя сімвалічнага. "Таргуецца" з намі нават па дробязях ЕС, ухіляецца ад размовы аб новым базавым пагадненні, да гэтага часу няма выразных юрыдычных рамак узаемадзеяння", - сказаў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ЕС у гэты ж час мае такія пагадненні з Расіяй і іншымі постсавецкімі краінамі. "Дарэчы, Расія вельмі прагрэсіўныя адносіны мае з Еўрасаюзам, Амерыкай і НАТА. І мы ж за гэта Расію не папракаем. Мы шукаем у гэтых пагадненнях сваю карысць. Мы не тарпедуем, не перашкаджаем, садзейнічаем. Думаю, гэтак жа і Расія павінна рабіць, падтрымліваючы нас. Не на словах, а на справе", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Што датычыцца ўзаемадзеяння з ЕС, бліжэйшымі задачамі Аляксандр Лукашэнка назваў падпісанне з Еўрасаюзам прыярытэтаў партнёрства і пагадненняў па рэадмісіі і спрашчэнні візавых працэдур. "Аднак еўрапейцы павінны разумець, што любыя чужыя нашаму народу ідэі і размены ва ўрон нацыянальным інтарэсам для нас абсалютна непрымальныя", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Аб адносінах з НАТА 

"Тры дзяржавы, якія мяжуюць з Беларуссю, з'яўляюцца членамі Паўночнаатлантычнага альянсу. А Украіна вельмі моцна імкнецца туды. Гэта пэўны выклік і пажыўнае асяроддзе для канфрантацыі, асабліва ва ўмовах заклікаў і планаў па ўзмацненні ваеннай прысутнасці", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Ён адзначыў, што ні Беларусі, ні яе суседзям новыя раздзяляльныя лініі не патрэбны. "Таму трэба наладжваць узаемапаважлівыя адносіны з НАТА, якія ў канчатковым выніку ўмацоўвалі б бяспеку нашай краіны. Мы з імі павінны размаўляць. Мы не павінны на іх глядзець, як на ворагаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Аб уступленні ў СГА 

"Нам трэба актыўней пераадольваць холад блокавага процістаяння пашырэннем ідэі "інтэграцыі інтэграцый". Унікальнае становішча на стыку ЕАЭС і ЕС абавязана прыносіць Беларусі карысць. У ідэале заходні і ўсходні вектары беларускай знешняй палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго", - сказаў Прэзідэнт. - Да балансу мы прыйдзем толькі тады, калі рынак ЕС для нас ператворыцца ў рэальную альтэрнатыву расійскаму не на паперы, а на справе, па канкрэтных выніках". 

Гэта, паводле яго слоў, у роўнай ступені адносіцца і да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. "Не трэба туды ўступаць дзеля таго, каб уступіць. Я не падпішу ні адзін дакумент па ўступленні Беларусі ў СГА, пакуль мне на стол не будуць пакладзены канкрэтныя перавагі ад гэтага ўступлення", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. 

"У адваротным выпадку зноў будзем праз некаторы час рыдаць і стагнаць, як па ЕАЭС", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

Выступаючы на нарадзе, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка адзначыў, што, паслядоўна праходзячы этапы інтэграцыі ад СНД да ЕАЭС, Беларусь кожны раз атрымлівала ад расійскага боку новы пернік у выглядзе абяцанняў ураўнаваць умовы ў розных сферах гаспадарання. 

"Апошні раз нам, як святло ў канцы тунэля, было абяцана ў рамках ЕАЭС стварэнне агульных рынкаў энерганосьбітаў, канчатковае вырашэнне пытання забеспячэння безбар'ернага асяроддзя доступу на агульны рынак. Што мы маем на сённяшні дзень? Напэўна, самым прамым адказам на гэта пытанне з'яўляецца сальда ўзаемнага гандлю з Расіяй. Па выніках мінулага года адмоўнае сальда гандлю таварамі наблізілася да $10 млрд", - канстатаваў ён. 

Прэзідэнт на гэта прывёў прыклад, што Амерыка ледзь не пачала вайну з Кітаем з-за вялікага адмоўнага сальда ў гандлі. "Па мінулым годзе мы ўсё роўна выйшлі на дадатнае сальда ў памеры $700 млн (у цэлым у гандлі з краінамі. - Заўвага). А за кошт чаго мы не перакрылі гэтыя $10 млрд - за кошт гандлю з Еўрапейскім саюзам перш за ўсё і ў меншай ступені краінамі далёкай дугі. Вось адказ на пытанне, чаму нам трэба супрацоўнічаць з усімі, дзе толькі можна будзе з некім гандляваць. І не трэба на нас тут крыўдзіцца і абвінавачваць у нечым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён звярнуў увагу, што Расія толькі за мінулы год ў некалькі разоў павялічыла на беларускім рынку гандаль прадукцыяй машынабудавання і па некаторых іншых пазіцыях. "Гэта значыць мы пусцілі на свой рынак рэальных канкурэнтаў, адкрылі рынак. Яны нас туды не пускаюць. Як гэта разумець? Які тут саюз?" - заўважыў беларускі лідар.