Нарада па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу

  • 1

Неабходна дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для бізнесу ў Беларусі і разняволення дзелавой ініцыятывы грамадзян. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 лютага на нарадзе з членамі рабочай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу.

"Асноўным вынікам нашай агульнай работы павінна стаць не проста карэкціроўка прававых актаў. Нам неабходна дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў Беларусі, якое будзе пацвярджацца станоўчай ацэнкай з боку суб'ектаў гаспадарання", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што членам рабочай групы, куды ўвайшлі прадстаўнікі дзяржорганаў і дзелавых колаў, неабходна выпрацаваць і ўнесці на яго разгляд канкрэтныя прапановы да канца першага квартала бягучага года.

"У апошнія гады папрокі ў адрас кантралюючых арганізацый з боку прадстаўнікоў буйных прадпрыемстваў і дробнага бізнесу гучаць усё часцей. Трэба прызнаць, гэтыя патрабаванні, заўвагі і крытыка абгрунтаваныя", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што кожны рабочы дзень у краіне праходзіць каля 450 розных праверак, частка з якіх, безумоўна, неабходная. Аднак здараецца, што з пазапланавымі візітамі кантралёры наведваюць буйныя прадпрыемствы да 50 і больш разоў у год.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рабочая група павінна рассячы гордзіеў вузел і, пажадана, паставіць кропку ў размовах аб націску дзяржавы на прадстаўнікоў бізнесу ў плане кантролю і праверак.

"Мы сталі не проста прапаведаваць, але і развіваць новую эканоміку. Мэта яе, што я абсалютна падтрымліваю і прызнаю і на што хацеў бы заўсёды рабіць упор, - гэта эканоміка павінна ў дзелавым плане разняволіць чалавека, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ён хоча і можа працаваць, зарабіць сваёй сям'і, родным, блізкім, і гэта будзе прыносіць карысць дзяржаве, у якой ён жыве, калі ласка, - маліцца трэба на такіх людзей".

Прэзідэнт заўважыў, што для многіх вядзенне ўласнага бізнесу - прывабны від дзейнасці, у тым ліку з пункту гледжання дасягнення фінансавага дабрабыту, свабоды асабістага графіка. "Прывабнае жыццё. І ўсе рынуліся ў бізнес. А ці многія з тых, хто туды кінуўся для самарэалізацыі, для таго, каб раз'язджаць на "мерседэсах", мець кучу грошай і вырашаць лёсы людзей, ці многія здольны гэта рабіць - займацца бізнесам?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заклікаў удзельнікаў рабочай групы не забываць і пра іншы бок медаля ў пытанні наяўнасці ўмоў для вядзення бізнесу, паколькі гэты род дзейнасці патрабуе ўмення разбірацца не толькі ў навуцы кіравання, але і эканоміцы, бухгалтэрыі і многіх іншых пытаннях. "З гэтага вялікага "катла" ўсплываюць толькі адзінкі (гэта і тысячы, і паўтары, але не мільёны), якія становяцца сапраўднымі магутнымі бізнесменамі. Бізнесменам становіцца той, хто дзень і ноч думае пра свой бізнес", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што часам у тых ці іншых уласных няўдачах у бізнесе людзі схільныя вінаваціць дзяржаву і сцвярджаць, што не створаны тыя ці іншыя ўмовы.

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка патрабуе перагледзець падыходы дзяржаўных органаў да выканання кантралюючых функцый і выключыць залішнія патрабаванні да бізнесу і суб'ектаў гаспадарання ў цэлым. "Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў - не трэба чапаць людзей, дайце ім магчымасць займацца справай", - сказаў ён.

Правільная арганізацыя сістэмы кантролю з'яўляецца важнейшым фактарам прыцягнення інвестараў, і сёння само жыццё патрабуе аптымізацыі колькасці правяраючых і перагляду прынцыпаў іх работы.

У істотнай рэарганізацыі, упэўнены Кіраўнік дзяржавы, мае патрэбу ведамасны кантроль, які ў асноўным займаецца праверкамі па даручэннях праваахоўных органаў.

Пры гэтым кантрольныя функцыі не павінны ажыццяўляцца камерцыйнымі арганізацыямі. Гэта прэрагатыва выключна дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэнтральным звяном ва ўсёй сістэме кантрольна-наглядных органаў з'яўляецца КДК. "Яму трэба раз і назаўсёды навесці парадак у гэтай сферы. Пракуратура павінна яму дапамагчы. Але ключавая роля павінна быць за камітэтам. Менавіта на яго абавязаны раўняцца ўсе кантралюючыя органы", - заявіў Прэзідэнт.

"Яшчэ адна вялікая і хвалюючая нас тэма - спрашчэнне патрабанняў да вядзення бізнесу. Размова ідзе аб ліцэнзаванні, але ў першую чаргу аб адміністрацыйных працэдурах, якіх у нас сёння занадта шмат - больш за дзевяцьсот, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Неабходна перагледзець увесь гэты масіў патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, якія часам наогул нерэальна выканаць".

"Давайце будзем не перашкаджаць, а дапамагаць развівацца малому бізнесу. Нельга абцяжарваць яго кучай умоўных, непатрэбных патрабаванняў, кожнае з якіх - гэта зачэпка для кантралёра і падстава пакараць прадпрыемства", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Усе тэхнічныя нарматыўныя акты павінны прымацца з выкананнем зразумелай, адкрытай працэдуры з далейшым афіцыйным апублікаваннем.

"Мінімальны набор нарматываў, які сапраўды неабходны для пачатку гаспадарчай дзейнасці і ідзе "ад жыцця", буду зацвярджаць асабіста. Суб'екты гаспадарання павінны дакладна ведаць свае абавязкі і іх аб'ём. І на гэтым кропка! Больш нічога ад іх патрабаваць не смейце!" - заявіў Прэзідэнт.

"Маё строгае патрабаванне - мы павінны вырашыць гэту праблему. І мы яе можам вырашыць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў членам рабочай групы задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы для выканання пастаўленых задач. Работа павінна мець адкрыты, публічны характар з максімальна шырокім прыцягненнем грамадскасці і бізнес-супольнасці.

"Наспелыя праблемы трэба вырашаць. І не на словах, а на справе. Чакаю плённай працы ад усіх вас. Ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў патрабую, каб яны без разварушвання ўносілі канкрэтныя прапановы", - дадаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў дзелавых колаў, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх да сумленнага і адкрытага дыялогу. "Расказвайце аб існуючых праблемах, уносьце канструктыўныя прапановы і - самае галоўнае - нічога не бойцеся", - сказаў ён.

Прэзідэнт гарантаваў, што ніякага націску з боку кантралюючых і іншых структур не будзе. "Гэта я вам абяцаю як Кіраўнік дзяржавы", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова на нарадзе Прэзідэнт звярнуў увагу, што бізнес павінен быць сацыяльна адказным. Гэта датычыцца як добрасумленнай выплаты падаткаў, недапушчальнасці ўдзелу ў карупцыйных схемах, так і ў цэлым забеспячэння дастойнага заработку для занятых у прыватным сектары эканомікі.